Вы тут

У Любані пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай адбылося пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі


Яго тэма — «Аб практыцы прымянення заканадаўства і рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання». Удзельнікамі пасяджэння сталі члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўніцтва абласных і Любанскага раённага выканаўчых камітэтаў, абласных, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў Любанскага раёна, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама абласных меліярацыйных і лесагаспадарчых аб’яднанняў, землеўпарадкавальных аб’яднанняў, іншых арганізацый. 


Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі меры, якія прымаюцца па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па пытаннях меліярацыі зямель, ход рэалізацыі праграмных мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Асаблівую ўвагу засяродзілі на перспектывах уцягвання ў гаспадарчы абарот зямель сельскагаспадарчага прызначэння, занятых драўняна-хмызняковай расліннасцю. Узнімаліся і пытанні прымянення заканадаўства, рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання.

Найперш удзельнікі пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі на чале з Наталляй Качанавай наведалі аб’ект «Рэканструкцыя меліяратыўнай сістэмы «Мар’інская» ў ААТ «БВА». Адказныя асобы далажылі аб стане меліярацыі ў Мінскай вобласці, на канкрэтным аб’екце, агучылі задачы, пастаўленыя на бягучы год. Старшыня Савета Рэспублікі пацікавілася, ці выконваюцца даручэнні, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы па пытанні меліярацыі. Яна звярнула ўвагу на тое, што правядзенне экспертна-кансультатыўнага савета дазволіць праверыць выкананне пастаўленых задач, выпрацаваць рашэнні, якія сёння неабходны для паляпшэння сітуацыі ў гэтай сферы. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з тэхнікай, задзейнічанай падчас меліярацыі. Наталля Качанава пагутарыла з механізатарамі, якія на ёй працуюць. 

Новы імпульс далейшай рабоце 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Наталля Качанава нагадала, што экспертна-кансультатыўны савет пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі быў створаны з мэтай разгляду найбольш актуальных пытанняў, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Пачынаючы з 2020 года, праведзена шэсць пасяджэнняў савета. Кожнае з іх было прысвечана канкрэтнай тэме. 

У лістападзе 2020 года на базе ААТ «Нафтан» і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Наваполацку абмяркоўваліся перспектывы развіцця інавацыйна-прамысловага Наваполацкага нафтахімічнага кластара. У чэрвені 2021 года пра стан, тэндэнцыі і праблемы падрыхтоўкі навуковых кадраў для ўстаноў вышэйшай адукацыі гаварылі ў Гродне, на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пытанні ўдасканалення заканадаўства, будаўнічых норм і правіл на ўсіх стадыях інвестыцыйнага цыкла для стымулявання інвестыцый у праекты высокага тэхналагічнага ўкладу ўзнімаліся ў снежні 2021 года ў Пухавіцкім раёне, на базе ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя».

Пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі на тэму «Аб актуальных праблемах развіцця фармацэўтычнай галіны Рэспублікі Беларусь» адбылося ў кастрычніку 2022 года ў сталіцы, на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Летась на пасяджэннях савета абмяркоўваліся ход выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб арганізацыі работы з адходамі (у Баранавічах) і перспектывы развіцця лёгкай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь (у Віцебску). Па выніках усіх пасяджэнняў савета яго рэкамендацыі былі накіраваны адпаведным дзяржаўным органам і іншым арганізацыям.

«Разглядваліся тыя пытанні, якія сёння неабходна вырашаць у нашай краіне для таго, каб аб’яднаць усіх датычных да той ці іншай тэмы, разгледзець, што ёсць у нашай краіне па асобна ўзятай тэматыцы, — падсумавала работу папярэдніх пасяджэнняў савета Наталля Качанава. — Тады, калі мы сустракаемся і абмяркоўваем гэтыя пытанні, мы разумеем, што гэта пэўны новы імпульс далейшай рабоце, вызначаем кірункі: што ўжо зроблена, што яшчэ можна вырашыць, і нават у плане заканадаўства, якое рэгулюе пэўную галіну або той ці іншы від дзейнасці нашай краіны».

«Перш за ўсё — эфектыўная работа прадпрыемстваў»

Гаворачы аб тэме бягучага пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі, Наталля Качанава нагадала аб даручэннях Прэзідэнта, дадзеных у 2022 годзе. «Аляксандр Рыгоравіч на нарадзе паставіў задачы — меліяраванне зямель, выкарыстанне зямельных рэсурсаў, навядзенне парадку на зямлі, — канкрэтызавала спікер. — Гэта тэма не новая. На працягу ўсёй гісторыі нашай суверэннай Беларусі Прэзідэнт робіць акцэнт на гэтым, бо зямля для нас — гэта галоўны рэсурс. Таму ў 2022 годзе, калі ён у чарговы раз паставіў задачу, якая датычыцца меліярацыі ў нашай краіне, і вызначыў адказным тагачаснага віцэ-прэм’ера Леаніда Зайца, быў дакладна вызначаны пратакол даручэнняў, згодна з якім гэтыя работы павінны былі выконвацца. У развіццё гэтай тэмы ўрад падрыхтаваў план, праграму, якая была зацверджана Леанідам Канстанцінаваічам». 

Нягледзячы з пераходам апошняга на работу ў Савет Рэспублікі (Леанід Заяц узначальвае Пастаянную камісію па рэгіянальным развіцці і мясцовым самакіраванні), ён працягвае адказваць у краіне за меліярацыю, навядзенне парадку на зямлі. Задача — унікаць у гэтыя пытанні — пастаўлена ўсім членам Савета Рэспублікі. «Бо мы разумеем, перш за ўсё гэта эфектыўная работа прадпрыемстваў, якія займаюцца гэтымі пытаннямі, забеспячэнне тэхнікай, фінансаванне гэтых работ, укамплектаванасць кадрамі і, вядома, заканадаўчая, прававая база, якая дзейнічае ў нашай краіне, — патлумачыла Наталля Качанава. — Для нас гэтае пытанне важнае, як і для ўсіх».

«З боку дзяржавы сёння прыняты ўсе меры»

Кажучы аб важнасці правядзення пасяджэнняў экспертна-кансультатыўнага савета, Наталля Качанава адзначыла, што такі фармат работы дазваляе ўбачыць, што зроблена ў той ці іншай галіне па выкананні даручэнняў Прэзідэнта, дае разуменне, як разглядаць тыя ці іншыя пытанні на экспертных саветах, якія функцыянуюць у Савеце Рэспублікі. 

«Была пастаўлена задача — ураду сумесна з аблвыканкамамі забяспечыць у 2023 — 2025 гадах трохразовае павелічэнне ў адносінах да 2021 года аб’ёмаў рэканструкцый меліяратыўных сістэм і культур-тэхнічнай меліярацыі, — нагадала аб даручэнні кіраўніка дзяржавы Старшыня Савета Рэспублікі. — Атрымлівалася так, што па 81 тысячы гектараў трэба было штогод уводзіць у эксплуатацыю. Але па ўзгадненні з Прэзідэнтам, як мне дакладваюць, гэтыя лічбы былі павялічаны, і сёння штогод трэба ўводзіць у эксплуатацыю не менш за 110 тысяч гектараў для таго, каб выканаць даведзенае заданне. Безумоўна, для гэтага патрэбны арганізацыі, людзі, тэхніка, якая павінна быць спраўная, вырашыць пытанні рамонту тэхнікі. Мы ж яе бясконца набываць не будзем, а сродкі, якія выдаткоўваюцца на набыццё тэхнікі, значныя».

Па словах спікера, на цяперашні час у краіне існуе 2 млн. 810 тысяч гектараў меліяраваных зямель, што складае 37% ад усёй плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў. «У мэтах выканання даручэння неабходна ўвесці ў эксплуатацыю 412 тысяч гектараў меліяраваных зямель, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Фактычна за тры гады было ўведзена ў эксплуатацыю 195 тысяч гектараў зямель, а за два гады, 2024 і 2025, трэба ўвесці 277 тысяч гектараў. Заданне вельмі напружанае. Таму работы, вядома, чакаюцца сур’ёзныя».

Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што ў краіне функцыянуе 132 меліяратыўныя арганізацыі. Па яе словах, для гэтых арганізацый выдзелены сродкі. Для правядзення работ у 2024 годзе прадугледжана 528 мільёнаў рублёў. «З боку дзяржавы сёння прыняты ўсе меры для таго, каб пастаўленыя задачы былі выкананы», — падкрэсліла спікер. 

Наталля Качанава дадала, што павінен быць жорсткі кантроль за станам асушаных земляў — там, дзе правялі меліярацыю. «Мы павінны кожны метр сваёй зямлі шанаваць, — арыентавала спікер. — А потым, гэта праца, гэта грошы. Мы выдзяляем грошы з бюджэту, а маглі б іх накіраваць на іншыя мэты. Таму найжорсткі кантроль і адказнасць!»

«Трэба жыць па-гаспадарску»

Нагадала спікер і аб даручэнні кіраўніка дзяржавы, якое датычыцца нарыхтоўкі траў у поймах. Як высветлілася, не ўсімі яно выконваецца. «Мы не павінны так адносіцца да сваёй зямлі, да даручэнняў Прэзідэнта, бо яны дакладна і правільна вывераны, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Калі так сказаў Прэзідэнт — трэба рабіць, бо гэта дасць свой вынік». 

Асаблівую ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі засяродзіла на пытанні ўкамплектаванасці галіны спецыялістамі. «Кадры — гэта асноватворнае ў гэтай рабоце», — пакрэсліла спікер. Акрамя таго, па яе меркаванні, у галіне меліярацыі важна ўдзяляць увагу дысцыпліне і парадку. 

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун расказаў аб практыцы прымянення заканадаўства і рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання. Падчас дакладаў іншых службовых асоб прагучалі пытанні перспектыў уцягвання ў гаспадарчы абарот зямель сельскагаспадарчага прызначэння, занятых драўніна-куставой расліннасцю, недахопаў у меліяратыўным комплексе і шляхоў павышэння яго эфектыўнасці. Асаблівая ўвага — рэалізацыі праграмных мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння ў 2023 годзе і на перыяд да 2030 года, а таксама мерам, якія прымаюцца па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па пытаннях меліярацыі. 

«Трэба жыць па-гаспадарску, — рэзюмуючы, падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Так, як кожны ў сябе ў доме робіць. Трэба так і ў краіне. Яна ў нас адна. Іншай не будзе. І мы павінны зрабіць усё для таго, каб дзесьці асушыць, а дзесьці і паліваць». 

Па словах Наталлі Качанавай, на савеце былі агучаны тыя пытанні, якія неабходна вырашаць па выкананні задач і даручэнняў, пастаўленых кіраўніком краіны па ўцягненні ў абарот зямель сельгаспрызначэння, што дагэтуль былі непрыдатныя, а пасля правядзення меліяратыўных работ выкарыстоўваюцца. «Акцэнт — на эфектыўнасці рашэння тых задач, якія перад намі стаяць, — арыентавала яна. — Трэба рабіць так, каб гэта сапраўды давала свой вынік. Тыя задачы, якія пастаўлены, вядома, павінны быць выкананы. Для гэтага ўсё ёсць. Сродкі ёсць, арганізацыі ёсць, вертыкаль выбудавана. Таму трэба сёння ўсім закасаць рукавы, як кажа Прэзідэнт нашай краіны, і адказна працаваць кожнаму на сваім месцы». 

Старшыня Савета Рэспублікі пажадала поспехаў у выкананні пастаўленых задач і даручэнняў. Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу «Савецкім актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Любанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.