Вы тут

Якія праблемы ўзнікаюць падчас нарыхтоўкі кармоў


Сёння нарыхтоўка травяных кармоў першага ўкоса з’яўляецца асноўнай задачай вытворцаў сельгаспрадукцыі Гродзеншчыны. І гэта апраўдана — жывёлагадоўля павінна быць забяспечана якаснымі кармамі. Згодна з планам, уборку ў рэгіёне неабходна правесці на плошчы амаль у 270 гектараў. Скошана больш за 35 працэнтаў. Хуткімі тэмпамі вядуцца работы ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Бераставіцкім раёнах, дзе ўборка травяных кармоў першага ўкоса амаль завершана. Але не ўсюды падыходзяць да гэтага працэсу па-гаспадарску. Негатыўныя факты выявілі падчас маніторынгу спецыялісты дзяржкантроля Гродзенскай вобласці.


Фота з адкрытых крыніц

Як зазначылі ў ведамстве, кантроль за вытворчасцю травяных кармоў пачынаецца ўжо на стадыі падрыхтоўкі сельгасарганізацый да ўборкі. Тут важна ўлічваць сваечасовы рамонт корманарыхтоўчай тэхнікі, падрыхтоўку сіласна-сенажных траншэй да закладкі зялёнай масы, назапашванне неабходных аб’ёмаў кансервантаў і ўкрыўнога матэрыяла. 

Праведзеныя ў красавіку-маі кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы выявілі недастатковыя меры па падрыхтоўцы матэрыяльна-тэхнічнай базы некаторых арганізацый АПК да правядзення ўборкі траў і нарыхтоўкі высокаякасных кармоў. У шэрагу такіх фактараў адзначаўся несваечасовы рамонт корманарыхтоўчай тэхнікі, а таксама немагчымасць забраць адрамантаваную тэхніку з-за адсутнасці фінансавых сродкаў. Менавіта такая сітуацыя склалася ў некалькіх гаспадарках Іўеўскага раёна, дзе пасля рамонту не забіралі камбінаваны прэс-падборшчык і касілку. Адпаведна і работы на гэтых агрэгатах не вяліся. 

Таксама спецыялісты КДК звяртаюць увагу на праблемныя пытанні, звязаныя з несваечасовым камплектаваннем механізатарскіх кадраў. З-за гэтай праблемы не рамантаваліся корманарыхтоўчыя камбайны ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Лідскага раёна. Адсутнасць неабходных механізатараў была заўважана і ў іншых гаспадарках раёна. 

Таксама ёсць факты, калі паказчыкі гатоўнасці гаспадарак да ўборачных работ, завышаліся. У некаторых сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўскага раёна давалі аператыўную інфармацыю аб тым, што тэхніка да ўборкі падрыхтавана, хаця не ўсе касілкі былі прыдатны да працы. Некаторыя агрэгаты патрабавалі дапаўняльнага рамонта і замены дэталяў. 

Спецыялісты кантрольнага органа акрэслілі і праблему падкормак шматгадовых траў мінеральнымі ўгнаеннямі, у першую чаргу, азотнымі. Не ўсюды работы праходзяць сваечасова і ў поўным аб’ёме. У гэтым плане ўзяты на кантроль Іўеўскі раён, дзе падкормка вялася нізкімі тэмпамі, а некаторыя гаспадаркі наогул не ўносілі азотных угнаенняў у вызначаны тэрмін. 

Інфармацыя маніторынга паступіла ў абласныя і раённыя выканаўчыя органы ўлады для рэагаваннія на даныя факты. Асобныя недахопы былі ліквідаваны ў ходзе кантрольных мерапрыемстваў. КДК працягвае сачыць за ходам корманарыхтоўчай кампаніі. Працэс гэты працяглы і адказны, наперадзе яшчэ два ўкоса шматгадовых траў. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.