Вы тут

Чым адрозніваецца барбер ад цырульніка?


У свеце існуе мноства прафесій на любы густ. Галоўная задача кожнага чалавека — знайсці тую, якая не толькі будзе прыносіць добры прыбытак, але і задавальненне. Пра тое, з якімі тонкасцямі ў рабоце сутыкаецца магілёўскі барбер Мікіта Грудзінаў, даведаўся карэспандэнт «ЧЗ. Чырвонай змены».


Барбер з’яўляецца свайго роду ўзорам стылю, экспертам, які добра арыентуецца ў сучасных модных прычосках. Назваўшы такога майстра цырульнікам, можна яго нават абразіць.

— Барбераў і цырульнікаў аб’ядноўвае тое, што яны займаюцца адной і той жа добрай справай — стрыгуць людзей. Адзінае адрозненне паміж барбершопамі і іншымі падобнымі месцамі — канцэнтрацыя першых пераважна на мужчынскіх стрыжках і галенні, а таксама ў асаблівай атмасферы. Аднак апошнім часам сфера відазмяняецца, нярэдка і жанчын можна ўбачыць у шэрагу кліентаў нашай установы, і гэта не проста так: барберы сталі рабіць жаночыя стрыжкі лепш, чым у салонах прыгажосці.

У барбершопе стрыжка абыходзіцца ў разы даражэй, чым у любой іншай цырульні, — гэта звязана з наяўнасцю прафесійнага абсталявання ў кожнага спецыяліста. Наўрад ці падобныя рэчы вы сустрэнеце ў звычайных салонах прыгажосці. У дадатак да гэтага барбершопы могуць пахваліцца сапраўды прыязнай мужчынскай атмасферай.

— Тут можна пажартаваць, пасмяяцца, абмеркаваць з майстрам асабістыя праблемы. Калі кліенту трапіцца добры барбер, ён з ім абавязкова пра нешта пагаворыць. У барбершопах усё зроблена таксама для таго, каб кліент адпачыў. У кошт стрыжкі ўключаны выдатная музыка, кубачак кавы, любімыя гульні на PlayStatіon і добры настрой.

У барбершопах працуюць, як правіла, маладыя хлопцы, якія гараць гэтай справай, пастаянна развіваюцца ў абранай прафесіі. Часцяком яны сюды прыходзяць адразу пасля школы, хоць ёсць і тыя, хто мае вышэйшую адукацыю, не звязаную з барберынгам.

— У прафесію я прыйшоў абсалютна выпадкова. Заканчваючы школу, ніяк не мог вызначыцца, чым займацца далей. Хацелася рабіць штосьці, што абуджала б сапраўдны інтарэс. Аднойчы разам з сябрам схадзіў на стрыжку да барбера. Мне спадабалася, як ён стрыжэ, як абыходзіцца з нажніцамі і машынкай. Таксама быў уражаны яго ўменнем узаемадзейнічаць з кліентам. Тады зразумеў, што вось яна — прафесія, дзе я буду атрымліваць сапраўднае задавальненне. І гэтая думка не пакідала.

Што датычыцца адукацыі, неабавязкова заканчваць каледж — дастаткова прайсці курсы, якія доўжацца ўсяго некалькі месяцаў. Існуюць заняткі як бюджэтныя, так і дарагія. Бонусам да паспяховай здачы экзамену многія барбершопы працаўладкоўваюць сваіх студэнтаў у свае ўстановы.

— Веды ў гэтай прафесіі могуць быць не падмацаваны дыпломам, таму што існуюць выдатныя майстры-самавукі. На курсах навучэнец атрымлівае падмурак, на якім далей можа расці як майстар. Дарэчы, з гэтым наборам навыкаў можна працаваць у любой краіне свету. Навучанне на курсах — працэс не з лёгкіх. Усюды ёсць свае цяжкасці, галоўнае — іх пераадолець. Цяпер я стрыгу, атрымліваю асалоду ад гэтага, а кліенты, у сваю чаргу, атрымліваюць радасць ад выніку маёй працы.

Пасля заканчэння курсаў юнага спецыяліста чакае наступны, не менш важны, крок — падабраць неабходны інвентар для стрыжкі. Велізарная колькасць спецыяльных інструментаў — на паліцах крам або маркетплэйсаў, аднак барберу-пачаткоўцу дастаткова ўсяго некалькіх прыбораў.

— Каб пачаць стрыгчы, на першы час досыць машынкі, нажніц і расчоскі. З гэтым базавым наборам ужо можна зрабіць практычна любую стрыжку. Далей, калі малады чалавек расце як майстар, падбірае пад сябе дадатковыя прылады, — лічыць суразмоўца.

Па словах Мікіты, барберы — гэта вялікая сям’я, у якой усе адзін аднаго падтрымліваюць, дзеляцца парадамі ў галіне барберынгу і не толькі.

— Мы, у адрозненне ад цырульнікаў, не ўспрымаем калег канкурэнтамі. Кожны з нас займаецца адной агульнай добрай справай. У некаторых выпадках, дзякуючы нашаму ўзаемадзеянню з іншымі барберамі, пераймаем досвед адзін аднаго і ўдасканальваем свае навыкі.

Паколькі барберынг — работа з людзьмі, ёсць фактары, якія зусім не імпануюць майстрам:

— Больш за ўсё барберам непрыемныя спазненні і адмены запісаў за некалькі хвілін да стрыжкі. Адна справа, калі кліент загадзя папярэдзіць і своечасова адменіць запіс. І ў выпадку разавага спазнення майстар нічога не скажа, аднак калі чалавек будзе спазняцца пастаянна, пра яго зробяць адпаведныя высновы. Лічу, таксама перад візітам у барбершоп варта прыняць душ або банальна памыць галаву. Мне здаецца, усе людзі хочуць, каб да іх ставіліся паважліва, барбер — не выключэнне.

Яўгеній КСЯНДЗОЎ

Загаловак у газеце: Мастацтва барберынгу

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.