Вы тут

Слова, у якім жыве душа


Фронт, супрацьстаянне, атакі. Пра што гэта? Пра журналістыку. Кажуць, словам чалавека можна забіць. Так. Калі казаць пра эмацыянальную сферу. Словы дзейнічаюць нават на арганізм чалавека. А калі казаць пра інфармацыйную вайну — у якім эквіваленце гэта магчыма вымераць? І ці магчыма? Колькі тых Хірасім і Нагасакі загінула ў медыйным супрацьборстве? Хто падлічыць? Хаця пачакайце. Такую «арыфметыку» магчыма правесці. Асабліва калі ўзяць за пункт адліку распад СССР. На былой постсавецкай прасторы скрадзеныя пакаленні, ідэалы, спрабуюць нават адабраць у нас Перамогу. І сёння гэты працэс не спыняецца.


А цяпер страты ў лічбах і канкрэтных межах. Дзясяткі мяцяжоў і каляровых рэвалюцый, што знішчылі краіны і грамадскі ўклад. Краіны Прыбалтыкі і Украіна, якія адарвалі ад родных берагоў. І ўсё пачыналася са слова, кадра, кнігі, фільма — з інфармацыі. Сёння інфармацыя стала элементам маніпулявання і вайны. Прычым калі не ведаць, то і не заўважыш, што асобны брудны фэйк і чарговы «фільм» — не проста адзінкавыя моманты, а звязаныя павуціннем факты інфармацыйнай вайны. А калі паглядзець глыбей, то відавочна, што і Галівуд, і цэнтры псіхалагічнага ўздзеяння, і нават «Еўрабачанне» — баявыя аперацыі калектыўнага Захаду супраць шматлікіх краін свету.

Як супрацьстаяць у гэтай вайне? Ёсць разуменне, што павінны быць выпрацаваны ўласныя тэхналогіі і свая стратэгія. Мазгавы штурм, які вырашае гэтыя пытанні, — медыйны форум. Журналісты, ідэолагі, блогеры — усе, хто працуе са словам і грамадскім меркаваннем, — сабраліся ўжо чацвёрты раз, цяпер у Магілёве. На сустрэчу запрасілі Прэзідэнта. Атрымалася вельмі аб’ёмнае мерапрыемства. Мазгавы штурм, сустрэча аднадумцаў, вялікая шчырая размова.

На інфармацыйнай вайне, як і звычайнай, пастаянна мяняюцца тэхналогіі. Як ім супрацьдзейнічаць і чаго не хапае сучаснай журналістыцы? Лайфхакі і стратэгію развіцця прапанаваў Прэзідэнт. Перш за ўсё трэба зберагчы сваю медыйную незалежнасць. Толькі так можна адказаць на ўздзеянне так званай «мяккай» сілы.

То быў шчыры дыялог. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што да 2020 года не ў поўную меру ацэньваў ролю медыя. Але яшчэ да спробы дзяржперавароту здарыўся ковід. Аляксандр Лукашэнка настойваў на сваім шляху падчас пандэміі. І час паказаў правільнасць выбару. Але цяпер мала правільна дзейнічаць, трэба яшчэ папулярна растлумачыць. Бо рэчаіснасць людзі ацэньваюць праз экран гаджэта. Менавіта экран у 5-7 цаляў стаў і акном у свет, і акном Овертана для любой заморскай ідэалагемы.

З людзьмі журналісты павінны весці пастаянны дыялог. А каб слухалі і чулі, трэба прытрымлівацца праўды і паважлівых адносін. У 2020 годзе ў медыяполі ўзнікла новая тэндэнцыя — журналістыка радыкальнага слова. Але для ўсяго свой час. І цяпер замест ваяўнічасці грамадства чакае прымірэння. Беларуская дзяржава — не пра вайну, мы за мір, кансалідацыю ўнутры краіны і дыялог з іншымі дзяржавамі. Вось новыя наратывы для беларускіх медыя.

Яшчэ адна парада для рэгіянальнай прэсы — быць смялейшымі. Прэса павінна заваяваць давер і аўтарытэт у чытача. Не толькі крытыкаваць, але і прапаноўваць, тлумачыць. Весці дыялог. Апаненты нашай дзяржаўнасці свае намаганні накіравалі на рэгіёны. Маўляў, там людзям больш баліць дрэнная дарога, а не геапалітыка. Ды і сталіца, як больш актыўная, больш атрымлівае ўвагі да сябе. А правінцыя спакойная, яе і намагаюцца разгайдаць. Ды там і чыноўнікі больш павольныя, і сувязі паміж роднымі больш цесныя, і фінансаванне меншае. Так што рыхтуемся да супрацьдзеяння атакам. Прафесійным і метадычным.

Яшчэ адна асаблівасць — ваяўнічая журналістыка, якая гарантуе рэйтынгі, але да душы можа дастукацца толькі словам, у якім жыве душа. На гэта Прэзідэнт і арыентуе старажылаў ды маладых журналістаў. Бо мы краіна не авіяносцаў, а буслоў. А каб захапіць патрабавальнага чытача і гледача ва ўмовах канкурэнцыі з усюдыіснымі блогерамі, трэба сапраўды мець талент. Злы геній — кароткі шлях да поспеху, але толькі душэўная журналістыка — гэта пра спрадвечнасць. Нашы словы павінны быць не кулямі інфармацыйнай вайны, а гаючымі зёлкамі, якімі можна супакоіць развярэджаныя думкі і пачуцці. Але сітуацыя і задачы могуць змяніцца, як у 2020 годзе, за некалькі гадзін. І да гэтага трэба быць гатовымі. На вайне як на вайне.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.