Вы тут

Ушанаваны лепшыя прадстаўнікі прыродаахоўнай галіны


Ушанаваны лепшыя прадстаўнікі прыродаахоўнай галіны. Урачыстае мерапрыемства было прымеркавана да Дня аховы навакольнага асяроддзя и прайшло ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі «Золак».


Дасягненні любога прадпрыемства або арганізацыі грунтуюцца на дасягненнях звычайных супрацоўнікаў і работнікаў, адзначыў падчас адкрыцця мерапрыемства міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

— Многія мэты і задачы, якія былі пастаўлены перад намі, дасягнуты дзякуючы штодзённай працы супрацоўнікаў прыродаахоўнай галіны. Сёння трэба аддаць даніну павагі ім, іх заслугам, заахвоціць, падзякаваць, каб нацэліць на сур’ёзны вынік, на сур’ёзную работу, — паведаміў Сяргей Міхайлавіч.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі сістэмы Мінпрыроды, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў лесу і прыродакарыстання, былыя кіраўнікі прыродаахоўнага ведамства і намеснікі міністра, ветэраны працы і пенсіянеры прыродаахоўных органаў. Як адзначыў Сяргей Масляк, трэба сабірацца такой вялікай сям’ёй эколагаў, каб паразмаўляць з калегамі, падзяліцца леташнімі дасягненнямі і новай інфармацыяй.

Сёння ў сістэме Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуе каля 4 тыс. чалавек. У кожнай вобласці былі сфарміраваны дэлегацыі прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, што ўнеслі значны ўклад у ахову навакольнага асяроддзя і забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

— Нам ёсць чым ганарыцца — пачынаючы ад нашай мінеральна-сыравіннай базы (наша краіна ў гэтым плане самадастатковая) і заканчваючы новымі перадавымі тэхналогіямі, — акцэнтаваў Сяргей Масляк.

Падчас святочнага канцэрту былі ўручаны ганаровыя граматы лепшым спецыялістам прыродаахоўнага ведамства. Найвышэшую ўзнагароду — нагрудны знак «Ганаровы эколаг» — атрымаў начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Аляксандр Гіраеў.

Апрача таго, былі аб’яўлены падзякі міністра прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам нашай краіны, што ўнеслі значны ўклад ў ахову прыроды і рацыянальнае выкарыстанне яе рэсурсаў: Віцебскводаканалу, рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку «Азёры», Гомельскаму хімічнаму і Мозырскаму нафтапераапрацоўчаму заводам і іншым. Таксама былі ўручаны дыпломы і ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу па скарачэнні выкідаў ад механічных транспартных сродкаў за 2023 год.

Да святочнага мерапрыемства ладзілася выстава дасягненняў праектаў прыродаахоўнага ведамства. Экспанаваліся працы дзяцей і падлеткаў, створаныя да рэспубліканскага конкурсу малюнкаў на экалагічную тэматыку — дыпломы і падарункі маленькія пераможцы атрымалі падчас шанавання эколагаў, якія ўнеслі найбольш значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя. Адбылася і прэзентацыя экалагічнага пректа «Зялёныя класы беларускай сталіцы»: юныя эколагі расказалі міністру пра свае дасягненні і планы.

Александрына ПАРШЫНА

Фота Віктара ДРАЧОВА, Александрыны ПАРШЫНАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.