Вы тут

Пасля дажджу. Пра сведчанні прагрэсу і перавагі вясковага адпачынку


Учора, нарэшце, у нашай вёсцы прайшоў добры дождж. Да гэтага два тыдні ўсе атмасферныя франты, навальніцы і ліўні з градам, пра якія кожны дзень заўзята расказвалі сіноптыкі, абыходзілі яе бокам. Нібы зачараваная тэрыторыя якая — кожны дзень зусім недалёка хадзілі хмары, пагрозліва буркаталі, бліскалі маланкай. І сунуліся на Мінск, выліваючы на горад і наваколле тоны непатрэбнай ужо там вады. У нас жа неба толькі, бы здзекуючыся, пырскала некалькімі кроплямі на засмяглую і сухую ўжо зямлю, а потым зноў расплывалася ў сонечнай яркай усмешцы. Канешне, атрымаць у майскім водпуску літаральна летняе надвор’е без ніводнага дня непагадзі — аб гэтым можна толькі марыць. Але ж праўду кажуць: калі мара спраўджваецца — заўсёды нечага не хапае.


Фота pexels.com

Дык вось, у гэтым летнім раі, калі на ўсёй доўгай вясковай вуліцы ў буднія дні яшчэ ціха-ціха, калі ўсё квітнее і пахне, калі салаўі ў вербалозах свішчуць і цёхкаюць так, што заснуць з адчыненым акном немагчыма, не хапала, асабліва апошні тыдзень, менавіта дажджу. Таму што, не ведаю як вы, а я жыву з цвёрдым перакананнем: усё, што пасаджана, пасеяна, укінута вясной у зямлю, павінна вырасці. Гэткі вось вясковы (ці, можа, ужо дачны?) перфекцыянізм.

Пэўна, усё-ткі дачны. Нешта я не памятаю, каб мама ці бабуля гаравалі асабліва, што нешта на градах не ўзышло ці па нейкай прычыне прапала. Па-філасофску канстатавалі факт і проста, калі магчыма было, адсаджвалі ці адсейвалі страчанае. Перажывалі яны моцна толькі аднойчы, калі на пачатку чэрвеня ўдарылі замаразкі, ды такія, што вялікая ўжо бульба спрэс пачарнела. Гэта чорнае поле сярод зялёнай летняй раскошы і бабуля, якая плача, на яго гледзячы, — адно з самых моцных уражанняў далёкага ўжо дзяцінства. Сёлета прыкладна так глядзела са слязьмі на вачах суседка-дачніца на свае вінаград і абрыкос. Падманутыя раннім красавіцкім цяплом, гэтыя паўднёвыя расліны не вытрымалі пасля красавіцкіх жа замаразкаў. Абрыкос, які стаяў у вэлюме кветак, увогуле загінуў, нават усе галінкі ўжо сухія, вінаград пускае ад зямлі кволыя новыя парасткі, але сёлета дакладна ўраджаю з яго не будзе. Прыземленая ілюстрацыя прагрэсу і змяненняў клімату: бабуля гаравала, што змерзла бульба, а ўнучка праз сорак гадоў бядуе, што прапаў абрыкос, якога бабуля не тое што дрэва не бачыла, можа, і плода ніколі ў жыцці не каштавала...

Зрэшты, раней прападала штосьці ў гаспадынь на градах нашмат радзей — хіба што з-за марозу, граду або насенне няякаснае траплялася. Цяпер жа вырасціць агуркі — праблема яшчэ тая. З пасеянага калі ўзыдзе трэць — гэта лічыцца ўдачай. Пачынаеш калупацца ў зямлі, шукаць тое непрарослае насенне — а яго няма! Тое ж і з кабачкамі, і з гарбузамі. А насенне ж якаснае, селекцыйнае, у спецыялізаванай краме купленае. Што за трасца робіцца?

Адказ выпадкова пачула ў нейкай перадачы гады тры назад. Навуковец расказваў, што адбываецца так з-за таго, што гаспадары (асабліва дачнікі) перасталі выкарыстоўваць для ўгнаення натуральную арганіку. Замест яе насычаюць зямлю мінеральнымі ўгнаеннямі. І калі раней уся жыўнасць, што жыве ў верхнім пласце глебы (лічынкі хрушча, мядзведкі, іншыя стварэнні) наядалася гноем, дык цяпер азот, фосфар і калій у сваім хімічным увасабленні ім зусім не даспадобы. А есці хочацца. І яны кідаюцца на іншую арганіку — насенне. Асабліва на буйное і сакавітае — семечкі агуркоў, кабачкоў, гарбузоў... Зноў выдатная ілюстрацыя прагрэсу, бо нават у вяскоўцаў цяпер рэдка ў хляве хтосьці раве ды рохкае, — адкуль таму гною ўзяцца? Пра дачнікаў тут і гаварыць не даводзіцца. Таму насенне цяпер вырошчваю на расаду ў тарфяных гаршчэчках (сёлета яшчэ прыстасавала кардонныя касеты ад яек — таксама нядрэнна). Праўда, высадзіўшы яе ў такім посудзе на граду, трэба пастаянна паліваць, каб зямля некаторы час была вільготная. А дажджу ўсё не было, давялося цягаць палівачкі. Затое паскудныя мядзведкі засталіся галодныя.

У такіх вось клопатах і хваляваннях больш за два тыдні і мінулі. Што ж гэта за адпачынак, спытаеце? Яшчэ які! Па-першае, нішто так не дапамагае адключыцца ад гарадскіх турбот і думак, як праца на зямлі. Па-другое, менавіта ў водпуску ад гэтай працы на зямлі можна атрымаць сапраўднае задавальненне, нават асалоду. Бо гэта ж не два няшчасныя выхадныя, калі трэба зрабіць усё і яшчэ столькі ж, калі адно робіш, а пяць трымаеш у галаве, калі ўсё роўна нічога не паспяваеш, а потым некалькі дзён з ложка не ўстаеш, а скочваешся, бо ўсё баліць. А тут у цябе цэлыя два тыдні! Крыху пакапаешся ў двары, адпачнеш, пасядзіш на лавачцы, гледзячы на кветкі, вып’еш кавы, зноў пакапаешся, калі захочаш, а калі не — пакінеш на заўтра. Праз некалькі дзён з задавальненнем назіраеш, як здаровай сілай наліваюцца рукі, скура пакрываецца лёгкім роўным загарам... Па-трэцяе, хто сказаў, што толькі з зямельна-агародных клопатаў майскі водпуск і складаецца? Гэта яшчэ і дзівосныя ўражанні: кожны дзень назіраць, як прагна наваколле, што акрыяла пасля зімы, спяшаецца ўвабраць у сябе цяпло і зажыць напоўніцу. Калі кожны дзень распускаюцца новыя кветкі, калі на старым ясені за агародамі з’яўляюцца спачатку бледна-зялёныя свечкі-пупышкі, а аднойчы раніцай яны проста на вачах выбухаюць сакавітымі мяцёцкамі лісцяў, калі птушыная какафонія ў садзе будзіць разам з першымі промнямі сонца. Калі назіраеш, як з кожным днём падрастаюць бусляняты на нізкім гняздзе, як яны цягнуць да бацькоў доўгія ўжо тонкія шыйкі і яшчэ караткаватыя чорныя дзюбкі. Калі можна пасядзець надвячоркам на вуліцы і паслухаць цішыню, якой так не хапае ў шалёным рытме вялікага горада.

Калі адчуваеш сябе, як нідзе больш, сваім, часткай гэтага — самага трывалага ў тваім жыцці. Калі верыш, што гэта будзе заўсёды, як і дождж, які абавязкова, калі прыйдзе час, шчодра напоіць зямлю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.