Вы тут

Калі топішся, то і за трэску хопішся


 

Фота з адкрытых крыніц

...Неяк трапіла на вочы цікавая лічба: Мінскае губернскае статыстычнае ўпраўленне паведамляла, што ў 1907 годзе колькасць тых, хто ўмее плаваць (з ліку жыхароў ад 10 гадоў і болей), складае прыкладна 75 працэнтаў. Цікава: а колькі сёння? У нашым раёне, мусіць, больш? А з улікам новага плавальнага басейна — і пагатоў, бо гэта ж не за аўтастанцыяй у азярыне плюхацца, не ў халодны Нёман з галавою сігаць.

Варта было ўспомніць і...

— Расказаць, як я плаваць вучыўся? — спытаў аднойчы знаёмец і пачаў здалёку. — Гэта было яшчэ да вайны. Мы з бацькамі жылі непадалёк ад тога месца, дзе Лоша ўпадае ў Нёман. Прыгажэнныя мясціны! А ўжо рыбы там!.. Лавіць не пералавіць, здавалася!

Плаваць я тады не ўмеў, але з кашамі на рыбалку хадзіў — разам са старэйшымі. Без іх лавіў «на шнура». Адзін яго канец мацаваўся на беразе, на другі чаплялася прынада. Жыўца закідвалі ў ваду, дзе звычайна гулялі шчупакі і чакалі: як толькі нейкі галодны клюне, — тут жа трэба цягнуць на бераг...

Я ў той дзень выбраў добрую мясціну: хуткае цячэнне, глыбіня, метраў сто шырыні, вясковы статак непадалёк пасецца...

Сеў, закінуў свайго «шнура», настроіўся на тое, што буду глядзець на ваду і чакаць, як раптам...

«Спінным мозгам» адчуў, што ззаду нешта дзеецца — хтосьці сапе ці што? Азірнуўся, — і, далібожа, ледзь не самлеў! За некалькі метраў ад мяне — бугай, мянушка — Футбол. Чаму бычка так празвалі, я не ведаў, а вось тое, што страшнейшай жывёліны ў свеце няма, не толькі чуў, а тады яшчэ і бачыў, бо ў мяне за спінай той Футбол дзёр капытамі зямлю, вось-вось, здавалася, пойдзе ў наступ.

Ад страху і неспадзёўкі я аслупянеў, а потым...

Мусіць, нейкі інстынкт спрацаваў: сарваўся з месца і ў ваду — з агню, што называецца, ды ў полымя, бо дна пад нагамі няма, а плаваць я не ўмею: штосілы рукамі-нагамі па вадзе малачу, а яна ж не трымае.

Мог бы (нават павінен быў!) наглытацца ды пайсці на дно, — шнур пад рукі трапіўся. Я за яго і давай падплываць, падцягвацца да берага.

Пакуль боўтаўся, бык недзе знік. Але ж «справу» сваю ён зрабіў: пасля гэтага выпадку да мяне канчаткова дайшло, што трэба вучыцца плаваць. І таму я не плюхаўся больш на мелкаводдзі, а з кавалкам дошкі заходзіў глыбей, дзе «вады да барады», каб адтуль дабірацца да берага.

Вось гэтак вучыўся і навучыўся!

Потым, помню, хваліўся, фарсіў, пра бычка мала каму расказваў, бо сястра першай пасмяялася: загадала, каб схадзіў — падзякаваў яму, а то ў салдаты б пайшоў не ўмеючы плаваць...

— Вось такія былі прыгоды, , — завяршыў свой расповед знаёмец і з сумам дадаў, што цяперашнім яго землякам яны ўжо не пагражаюць: абмялела рэчка: у іншых месцах — кату па пяту. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Віктар Сабалеўскі,

г. Узда.


Паспех — людзям на смех

...У той дзень я, напэўна ж, мог прапусціць урокі, застацца дома, дапамагчы бацькам выбраць бульбу, аднак школа для іх (для ўсіх тады!) была нечым святым! Карацей, яны сказалі, што справяцца самі, удваіх...

Вечарам я пачуў ад мамы, як гэта ў іх атрымалася, а цяпер во ўспомніў і напісаў:

Капалі бульбу Ваня з Лёдзяй —

«Працэс» тутэйшы, звыклы ён:

Збіралі клубні на гародзе

З бясконца доўгіх баразён.

Суседзі, што жылі праз хату,

Адам і Каця — досыць рук

Над ураджаем небагатым,

Таксама гнуліся ў крук

І раптам свіст адтуль, з іх боку...

«З чаго б Адам свістаць пачаў?» —

Іван прыжмурыў адно вока

І над барознамі прыўстаў.

Глядзіць: сусед «сігналізуе»:

Маўляў, сюды, браток, давай...

Ды не гародамі прастуй жа,

Па вуліцы прышкандыбай.

...Іван за плечы мех закінуў:

— Я ў склеп, я бульбачку панёс...

На паўдарозе ношу кінуў:

У іншы бок «паклікаў» нос.

Адамка выпіць быў не слабы:

Цішком Івану: «Пацягні,

А то заўважаць нашы бабы

І будзе сваркі на тры дні».

Кульнулі

І заелі спешна

(На закусь — жоўты агурок),

Пагаманіць бы, але… дзе ж там —

Каб не заспелі незнарок.

У абаіх спіна пад потам,

Але шырэйшым робяць крок,

Іван з аглядкаю, употай

Пайшоў на ўласны агарод.
...................…

...А калі трэці свіст пачуўся,

Іван, закідваючы мех,

Быў ненаўмысна «прамахнуўся»,

Бо сіл чамусьці ўжо не меў.

Пачуў, што жонка папракнула:

— Навошта так памногу браць?

— Ды ў паясніцы штось кальнула,

За сёння — можа, пяты раз?

Сышло б...

Але ж данёсся лямант:

— А каб ты долечкі не знаў, —

Крычала Каця на Адама, —

— Во апівалу божа даў!

Калі нажлукціцца паспеў ты?

Зусім сумлення ўжо няма!

(Адам улукаткі, няпэўна

У хату спаць пашкандыбаў).

Зірнула на Івана Лёдзя —

Зніякавела ў той жа міг...

І ўжо на іхнім агародзе

Узняўся вэрхал — слёзы, крык.

Як не крычаць, было —

Іванка «самазабыўна» шчыраваў:

І бульбіны, і кожны... камень

Усё ў кошыкі складаў.

...Паправілі жанчыны хусткі,

Бракуе часу наракаць:

Кароў папрыганяюць хутка,

А бульбу ж трэба ўсю сабраць.

На гэтым можна ставіць кропку,

Мараль відаць без лішніх слоў:

Да часу вып’еш за дакопкі, —

Шмат назбіраеш гузакоў.

Мікалай Камароўскі,

г. Орша.


Не вучыце рыбу плаваць, альбо Так рабілі шпіёны

...Некалі наш сын працаваў следчым. Гэта справа, як вядома, «и опасна, и трудна» — вясёлага ў ёй мала, але што-нішто возьме ды ўспомніцца.

Неяк раз у яго дзяжурства ды яшчэ і пад раніцу тэлефануе спужаная загадчыца крамы, напрамілы бог просіць: «Прыязджайце!.. Абрабавалі!»

Вёска тая далёка, на дварэ зіма і не сказаць, што слабы мароз, але што тут будзеш рабіць, — аператыўная група выязджае на месца.

Каля крамы яе сустракае тая самая жанчына — сапраўды спужаная і знерваваная, уся ў слязах, што зразумець зусім няцяжка. Ну як жа — акно разбітае, значыць, у памяшканні той самы холад, што і на дварэ, а прадукты ў шкляной тары (столькі пластыку, як цяпер, у тыя часы не было яшчэ). Слоікі паразмярзаюцца, — страт не абярэшся... Трэба спяшацца.

Аператыўнікі паклікалі панятых, адамкнулі дзверы, агледзелі ўсе паліцы, выявілі, што канкрэтна ўкрадзена: дзве бутэлькі гарэлкі, блок цыгарэт, батон варанай каўбасы, бохан хлеба...

Пры гэтым у краме — адчулі — не вельмі холадна. Значыць, акно той злодзей разбіў не з вечара, а недзе пад раніцу.

Выйшлі на вуліцу — сталі прыглядацца да зямлі, да слядоў на снезе. Побач з нечымі свежымі аператыўнік заўважыў ланцужок блакітных кропель. Уголас спытаў, што б гэта значыла? «Дык дэзадарант з нашай крамы, — сказала загадчыца. — Такі пахнючы... Але ж на што вільготнае як трапіць, дык адразу і праявіцца — стане такім вось блакітненькім».

Па гэтым каляровым следзе аператыўнікі і пайшлі — балазе — недалёка, бо прывёў ён іх да хаты мясцовага валацугі.

Пастукалі ў дзверы, паклікалі, ніхто не адазваўся. Зайшлі — карціна алеем: гаспадар спіць, як пшаніцу прадаўшы (ледзь раскатурхалі ), і, што называецца, усё пры ім, тут жа, на стале, дзве бутэлькі гарэлкі (адна недапітая, другая цэлая), распачатыя блок цыгарэт, бохан хлеба і батон каўбасы (добра, што не грыз, не ламаў — акуратненька рэзаў)... Побач, на падаконні, дэзадарант... І пах яго — на ўсю хату! Нават перагару не чуваць!

Далей — нямая сцэна: госці глядзяць на злодзея, той — на іх і ніяк датумкаць не можа: адкуль тут гэтыя людзі, міліцыя? Як змаглі вылічыць, што ў краму лазіў іменна ён? І чаму так хутка?! Можа, усё гэта сніцца? Але ж «браслеты» на руках сапраўдныя!

...У іх, наручніках, справіўшы ўсе патрэбныя паперы, узломшчыка павезлі ў аддзел міліцыі і ўжо там пачулі так званае чыстасардэчнае прызнанне. Маўляў, яго, бедака (і якраз жа пад раніцу!), «сушняк дастаў», «трубы загарэліся» — самі... Пасля чаго ногі — і таксама ж самі! — панеслі да крамы, рукі самі (?) намацалі замок і з тога расстройства разбілі акно... Аднак лішняга ён нічога не браў: толькі самае неабходнае. І дэзік яшчэ — каб міліцыя не знайшла, каб сабака следу не ўзяў. Так, маўляў, усе сапраўдныя шпіёны рабілі, калі граніцу пераходзілі... Ён у кіно гэта бачыў.

...Потым быў суд. Злодзей атрымаў год турмы. За гэты час, як меркавалася, ён кампенсуе страты магазіну, а заадно не будзе бадзяцца без справы ды людзям вочы мазоліць, не пойдзе красці з пахмелля, бо за кратамі ж ніхто не налье?

П. Ланцуда,

г. Магілёў.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Ад яе ж. Чужое, але, здаецца, праўдзівае назіранне: людзі — як алоўкі. Кожны сам сабе малюе жыццё. Проста нехта ў працэсе ломіцца, нехта «тупіць» (ці тупее?), а нехта заточваецца і малюе жыццё далей... З надзеяй, што ўсё атрымаецца! Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.