Вы тут

Большасць стабальнікаў — у матэматыцы


У першы дзень цэнтралізаванага экзамену 636 выпускнікоў беларускіх школ з 55,5 тысячы, якія прымалі ўдзел у іспыце, атрымалі максімальна магчымую колькасць балаў — сто.


Фота: БелТА

Па словах міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, удзельнікі выпрабавання паказалі высокія вынікі. Прычым стабальнікі ёсць па ўсіх прадметах, а іх, нагадаем, школьнікі здавалі аж трынаццаць. Больш за ўсё найлепшых адзнак выпускнікі дасягнулі ў такой дысцыпліне, як матэматыка, — 248 чалавек. Але ж былі і падзенні: не адолелі экзаменацыйную работу 64 выпускнікі, у тым ліку па матэматыцы — 50 чалавек.

Паводле інфармацыі Мінадукацыі, сярэднія паказчыкі па ўсіх вучэбных прадметах перавысілі лічбу 50. Сярэдні бал па матэматыцы, напрыклад, склаў 54,8, хіміі — 63,8, гісторыі Беларусі — 64,2, грамадазнаўстве — 60,9. Ад 20 да 35 працэнтаў выпускнікоў, якія на ЦЭ атрымалі адзнакі «9» і «10», пацвердзілі свае вынікі атэстацыі па вучэбных прадметах у школе.

А цяпер пра сумнае. Па інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, у Беларусі з цэнтралізаванага экзамену былі выдалены дзевяць чалавек: тры выпускнікі за пранос мабільнага тэлефона, трое былі са шпаргалкамі і яшчэ траіх выдалілі па іншых прычынах. Па выніках першага дня цэнтралізаванага тэсціравання за парушэнні былі выдалены чатыры абітурыенты. Пры гэтым шпаргалкамі, напісанымі на руках і іншых частках цела, скарыстацца абітурыентам не ўдалося, але іх наяўнасць стала падставай для адхілення ад цэнтралізаванага іспыту. 

Таксама КДК адзначыў, што магчымасць скарыстацца забароненымі прадметамі вывучаецца і пасля завяршэння цэнтралізаванага выпрабавання праз маніторынг сеткі Інтэрнэт на прадмет размяшчэння на тых ці іншых рэсурсах фатаграфій, зробленых у аўдыторыі падчас выпрабавання.

Мы пацікавіліся, як праходзіў і з якімі вынікамі скончыўся першы дзень цэнтралізаванага іспыту ў школах. На сувязі — дырэктар ДУА «Гімназія № 5 г. Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе» Жанна Гвозд:

— Як кіраўнік установы адукацыі я вельмі задаволена вынікамі першага дня цэнтралізаванага экзамену. У нас два стабальнікі, двое вучняў здалі тэст на 99,9 бала. Вялікая колькасць выпускнікоў атрымалі за іспыты дзявяткі і дзясяткі. Прычым у большасці адзнакі, выстаўленыя вучням па выніках года, супалі з адзнакамі па ЦЭ. Настрой у вучняў быў добры, пазітыўны. Арганізацыя — на высокім узроўні. Чарговы раз пераконваюся ў правільнасці выбару такой ацэнкі ведаў. Задаволены дзеці, іх настаўнікі і бацькі — усё справядліва і празрыста. Ды і рэпетыцыйны экзамен адыграў сваю станоўчую ролю. Школьнікі ведалі, што іх чакае, былі падрыхтаваны да гэтага, і ім заставалася толькі паспяхова выканаць заданні.

Дзевяцікласнікам прыйшлося нялёгка — як і год таму, выпускнікі базавай школы трымалі чатыры экзамены: пісьмовая кантрольная, а таксама пераказы па рускай і беларускай мовах. Гісторыю Беларусі здавалі ў вуснай форме па білетах, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі. Але ў іх усё атрымалася.

6 чэрвеня ў краіне прайшло цэнтралізаванае тэсціраванне па грамадазнаўстве, хіміі, фізіцы і гісторыі Беларусі. У іспыце прынялі ўдзел больш за 28 тысяч абітурыентаў. Былі створаны ўсе ўмовы для паспяховай работы над тэстамі: падвоз, прапускны і пітны рэжымы, прысутнасць медыкаў, кантроль за мікракліматам у памяшканнях.

Хто не паспеў, той не спазніўся

Тыя выпускнікі, якія не змаглі ўзяць удзел у цэнтралізаваным іспыце ў асноўныя тэрміны, змогуць прайсці яго ў рэзервовыя дні. У бягучым годзе прадугледжаны рэзервовыя дні правядзення ЦЭ 21 і 23 чэрвеня, якія сумешчаны з рэзервовымі днямі цэнтралізаванага тэсціравання. Такім чынам, усе навучэнцы змогуць атрымаць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўстаноўленым парадку ўдзельнічаць у конкурсе для залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ёсць і іншыя тэрміны — 19 і 21 жніўня. У гэты час іспыты будуць здаваць тыя, хто раней па ўважлівых прычынах не змог на іх прысутнічаць, у тым ліку ў рэзервовыя дні. Сюды таксама ўвайшлі парушальнікі правіл паводзін у аўдыторыі.

Аб выніках ЦТ можна будзе даведацца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Свой сертыфікат абітурыент атрымае ў пункце, дзе праходзіў выпрабаванне. Прычым пад подпіс пры прад’яўленні асабістага дакумента, з якім ён праходзіў ЦТ, дакумента аб адукацыі і пропуску з адзнакай «Тэсціраванне прайшоў».

Алена ВІНАГРАДАВА

Загаловак у газеце: Узлёты, падзенні і... парушэнні

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.