Вы тут

Беларуская літаратура ў свеце


1983 год. «Хроніка літаратурнага жыцця (1966–1985)» засведчыла і такі факт: «У Гомельскім дзяржаўным універсітэце адбылася сустрэча пісьменнікаў трох суседніх абласцей — Бранскай, Чарнігаўскай і Гомельскай — у сувязі са святкаваннем 60-годдзя з дня ўтварэння СССР...» І сёння, напрыканцы першай чвэрці XXI стагоддзя, дзякуючы намаганням старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, празаіка, публіцыста Уладзіміра Гаўрыловіча, неверагодна шмат робіцца дзеля яднання ў Гомелі славянскай літаратурнай прасторы. Шырокімі за апошнія гады былі стасункі гамяльчан з расійскім паэтам Леанідам Северам (нарадзіўся 11 чэрвеня 1959 года ў Таганрогу Растоўскай вобласці, некаторы час жыў і працаваў на Гомельшчыне), які заснаваў у Растоўскай вобласці праект па збліжэнні славянскіх літаратараў «Берагі дружбы». 


25 студзеня ў СП БССР прайшоў урачысты вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння рускага празаіка А. М. Талстога (1883–1945). Вёў вечар Іван Чыгрынаў. З дакладам выступіў літаратуразнаўца Ігар Кахно. Доктар філалагічных навук Ігар Паўлавіч Кахно (1930–1988) кандыдацкую дысертацыю абараніў па даваеннай творчасці Аляксандра Твардоўскага, доктарскую — па літаратурна-крытычнай творчасці Анатоля Васільевіча Луначарскага. Друкаваўся з артыкуламі ў часопісах «Север», «Новый мир», «Вопросы литературы» і інш. 14 студзеня ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Івана Чыгрынава «Талент светлы і мудры», а ў «Полымі» сваімі развагамі пра А. Талстога падзялілася Вольга Іпатава — у артыкуле «Талент вялікі, сапраўдны рускі...». На беларускай мове яшчэ ў 1930 годзе была выдадзена кніга А. Талстога «Жаўтухін». А ў 1937-м — першая частка рамана «Пётр Першы». Перакладзены на беларускую мову і «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны» (Мінск, 1971 год). 

Сакавіцкі нумар часопіса «Советская литература» прысвечаны беларускаму прыгожаму пісьменству. Сярод аўтараў — І. Навуменка, В. Быкаў, В. Казько, І. Шамякін, Я. Брыль, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, А. Жук, І. Пташнікаў, Я. Сіпакоў, А. Кудравец, А. Дудараў, шэраг паэтаў Беларусі. У часопісе змешчаны артыкулы А. Адамовіча, М. Тычыны, В. Сёмухі. Згадка пра гэты факт чарговы раз нагадала, што з улікам акалічнасцей сённяшняга часу, з улікам разладжанасці многіх стасункаў і адсутнасці выданняў, падобных часопісу «Советская литература», варта арганізаваць праект па прадстаўленні беларускай літаратуры на англійскай, іспанскай, кітайскай і іншых мовах народаў свету. Пэўны вопыт узнаўлення падобнай практыкі ў 2012–2013 гг. з’явіўся ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі», калі былі выдадзены народныя казкі, кніга Наталлі Голубевай для падлеткаў, кніга па беларускай міфалогіі ў перакладах на англійскую мову. Шкада, што гэтыя праекты не атрымалі пашырэння. Ды і выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» завяршыла сваю работу 31 кастрычніка 2021 года. 

У маі ў Ленінградзе адбыліся Дні беларускай літаратуры. Дэлегацыю СП БССР узначальваў Іван Чыгрынаў. 

У чэрвені ў Латвіі прайшлі Дні савецкай літаратуры пад дэвізам «Наша праца — у імя шчасця і міру». Нашу рэспубліку прадстаўлялі народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, паэты Рыгор Барадулін і Анатоль Вярцінскі. 

У ліпені 1983 года ўпершыню выйшаў зборнік перакладной літаратуры «Братэрства». Пад адной вокладкай — творы пісьменнікаў рэспублік СССР, творы пісьменнікаў, якія прадстаўляюць нацыянальныя літаратуры Расійскай Федэрацыі. Адным з генератараў гэтай работы па яднанні перакладчыцкіх сіл выступіў Рыгор Барадулін. Такім чынам, у рэспубліцы з’явілася два перакладныя альманахі — «Далягляды» і «Братэрства». Крыху пазней да іх далучыцца і «Ветразь». У першай палове 1990-х гэтыя альманахі наказалі доўга жыць. Але з 2019 года ўзноўлена выданне «Даляглядаў». Альманахі выйшлі ў 2019, 2020, 2021 (у 2022 годзе быў пропуск), 2023 гадах. Традыцыя ўзнавілася. Укладальнікамі «Даляглядаў» цяпер выступаюць Віктар Шніп і Алесь Карлюкевіч. У альманахаў склаўся шырокі актыў перакладчыкаў. Сярод тых, хто сёння рупіцца над прадстаўленнем іншых нацыянальных літаратур на беларускай мове, — Рагнед Малахоўскі, Навум Гальпяровіч, Рыгор Ляшук, Павел Касцюкевіч, Аксана Данільчык, Яна Явіч, Валерыя Радунь, Таццяна Сівец, Іван Чарота, Святлана Быкава, Віктар Шніп, Алесь Карлюкевіч, Генадзь Аўласенка і інш. 

7 ліпеня ў Доме літаратара адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння У. У. Маякоўскага. Вёў яго Максім Танк. З дакладам выступіў Алег Лойка. Выступілі таксама Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, М. Лужанін і інш. У сёмым нумары «Полымя» былі надрукаваны артыкулы Уладзіміра Гніламёдава «Маякоўскі і беларуская паэзія», Уладзіміра Паўлава «Свае прыгадкі», Хведара Жычкі «Як жывы з жывымі» і інш. З’явіліся пу¬блікацыі пра У. Маякоўскага і яго паэзію ў «Літаратуры і мастацтве» (22 ліпеня), часопісе «Нёман». У сёмых нумарах «Полымя» і «Маладосці» былі і новыя пераклады з У. Маякоўскага — Рыгора Барадуліна. «Дружба народов» надрукавала артыкул У. Гніламёдава «Издалека сегоня виден подвиг ваш...». У Беларусі пабачыла свет даволі шмат кніг У. Маякоўскага на беларускай мове. У 1930-м у перакладзе Алеся Якімовіча — зборнік «Дзецям». Ён быў перавыдадзены ў 1950 годзе. Асобным выданнем выходзіла ў перакладзе Петруся Броўкі паэма У. Маякоўскага «Уладзімір Ільіч Ленін». Апошняя па часе беларуская кніга вялікага рускага і савецкага паэта — «Паэзія» (Мінск, 2019) — з перакладамі, якія беларускія ма¬стакі слова здзейснілі ў розныя дзесяцігоддзі. 

6–14 верасня ў Кіеве прайшоў Міжнародны з’езд славістаў. З Беларусі ў ім удзельнічала 87 (!) дэлегатаў. Сярод іх — Іван Навуменка, Алесь Адамовіч, Мікалай Бірыла і інш. 

30 верасня «Літаратура і мастацтва» друкуе артыкул Уладзіміра Сакалоўскага «Беларуская проза ў ГДР». Заўважым, што такіх рэтраспектыўных публікацый сёння на старонках літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў не хапае. І ўвогуле кандыдаты, дактары філалагічных навук — рэдкія госці са сваімі выступленнямі ў «Літаратуры і мастацтве», «Маладосці», «Нёмане». Асабліва — на тэмы міжнародных літаратурных сувязей. Як руплівага апавядальніка пра беларуска-славацкія літаратурныя сувязі можна хіба што вылучыць кандыдата філалагічных навук Міколу Труса. Менавіта дзякуючы такім асобам, як Мікола Трус, Іван Чарота, Аксана Данільчык, складваюцца партрэты нашых, беларускіх, стасункаў з літаратурамі Славакіі, Сербіі, Італіі. А так неабходна паказаць і рэтраспектыву сувязей, прачытання беларускай літаратуры ў Туркменістане, Узбекістане, Казахстане, Таджыкістане, дзе, дарэчы, пра мастацкае слова беларусаў не забыліся і сёння, у XXI стагоддзі. Напрыклад, у Казахстане з’яўляюцца не толькі пераклады з беларускай паэзіі і прозы, але і артыкулы, якія закранаюць сучасны літаратурны працэс у Беларусі, разглядаюць беларуска-казахскія літаратурныя сувязі на сённяшнім этапе. Варта згадаць хаця б толькі наступныя зборнікі навуковых публікацый: «Літаратура Казахстана ў замежных крыніцах» (Алматы, 2021) і «Замежнае ўспрыняцце літаратуры Казахстана» (Алматы, 2023). У першым з іх раскрываюцца сувязі казахскай літаратуры з літаратурамі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грузіі, Егіпта, Ізраіля, Індыі, Кітая, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, ЗША, Таджыкістана, Турцыі, Украіны, Францыі, Чэхіі. Асобна вылучаны раздзел, прысвечаны Башкартастану (Расійская Федэрацыя). Звычайна стасункам з кожнай з краін прысвечаны два-тры артыкулы. У выпадку з расійскім раздзелам, зразумела, прастора шмат шырэйшая. У зборніку «Літаратура Казахстана ў замежных крыніцах» змешчаны публікацыі Ірыны Юшковай, Яўгена Сідарава, Георгія Прахіна, Паўла Басінскага, Алы Бальшаковай, Міхаіла Папова, Анатоля Кіма, Алега Асецінскага, Святланы Салажонкінай. «Беларускі» раздзел прадстаўляе артыкулы «Родная беларуская тэма», «Немат Келімбетаў: беларускае прачытанне», «Масты ўзаемнага разумення і дружбы» (аўтар — Алесь Карлюкевіч), ««Шлях Абая» — дарога да велічы» (аўтар — Міхась Пазнякоў). У зборніку «Замежнае ўспрыняцце літаратуры Казахстана» на «беларускую тэму» — ужо трынаццаць артыкулаў. Вылучаецца сярод іх публікацыя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, перакладчыка кнігі «Стэпавы прастор» Абая, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры і мастацтва Міколы Мятліцкага (1954–2021) «Палюбіўшы паэта, палюбіш і яго народ». Паэт і перакладчык расказвае, як, з чаго пачалася яго ўвага да класіка, родапачынальніка сучаснай казахскай літаратуры: «...І тое, што я ўзяўся за пераклад лірычнай спадчыны казахскага класіка, можна сказаць, па волі выпадку, ніяк не прыніжае маю сённяшнюю любоў да творчасці вялікага паэта. У Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі (Доме дружбы) праводзіцца мноства мерапрыемстваў, у тым ліку і літаратурных, прысвечаных памяці геніяльных прадстаўнікоў культуры народаў свету. Некаторыя з гэтых мерапрыемстваў мне як члену прэзідыума Таварыства дружбы даводзіцца весці. І заўсёды хочацца ведаць пра саму асобу героя ўрачыстасці шырэй прапанаванага сцэнарнага плана. Таму, рыхтуючыся да літаратурнага мерапрыемства памяці вялікага Абая, я замовіў у Прэзідэнцкай бібліятэцы нашай краіны ўсё, што было выдадзена з яго спадчыны на рускай мове і ў Савецкім Саюзе, і ў сучаснай Расіі. Захацелася на вечары прачытаць радкі Абая на роднай беларускай мове. Для перакладу выбраў верш, які ў будучай кнізе «Стэпавы прастор» стаў заключным — дзевяностым... <...> Гэтае маё чытанне верша Абая ва ўласным перакладзе не засталося незаўважаным Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь А. Смірновым. Падзякаваўшы за сапраўдную павагу да лёсу і творчасці Абая, ён папрасіў перакласці і іншыя вершы паэта на беларускую мову...» 
11–12 кастрычніка прайшоў Пленум праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, прысвечаны пытанням развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Былі запрошаны і госці з іншых рэспублік СССР: А. Аўчарэнка (Масква), Т. Каламіец (Кіеў), А. Балтакіс (Вільнюс), А. Веян (Рыга), Б. Кежун (Ленінград). 

1984 год. У Рэспубліканскім доме работнікаў мастацтваў праведзены вечар, прысвечаны творчасці Ганны Ахматавай. З кампазіцыяй паводле твораў славутай рускай паэтэсы выступіла актрыса тэатра імя Янкі Купалы Ніна Піскарова. Ганна Андрэеўна Ахматава (1889–1966), яе творчасць, несумненна, заўсёды былі ў полі зроку беларускага чытача і беларускіх перакладчыкаў. Асобны зборнік яе вершаў пабачыў свет у 2020 годзе ў перакладах Г. Ліхтаровіча. А раней былі публікацыі ў альманахах «Далягляды» і «Братэрства», у калектыўным зборніку «Прызнанне: вершы паэтаў Ленінграда», які выйшаў у «Мастацкай літаратуры» ў серыі «Паэзія народаў СССР». Да пераўвасаблення паэзіі Ганны Ахматавай на беларускую мову звярталіся Валянцін Рабкевіч, Раіса Баравікова, Васіль Зуёнак і інш. 
У лютым адбылося пасяджэнне Беларускага рэспубліканскага камітэта па сувязях з пісьменнікамі Азіі і Афрыкі. Ішла размова аб прапагандзе твораў пісьменнікаў афрыканскіх і азіяцкіх краін. Калі пракладваць мост да сённяшніх дзён, то нельга не сказаць, што сувязі з краінамі гэтых кантынентаў зусім не развіва¬юцца. Няблага выбудаваны беларускакітайскія літаратурныя сувязі. У Саюза пісьменнікаў Беларусі наладжана сувязь з міжнародным аддзелам Асацыяцыі пісьменнікаў Кітая. У выдавецтва «Мастацкая літаратура», Выдавецкага дома «Звязда», грамадска-палітычнага краіназнаўчага і культуралагічнага часопіса «Беларусь» (выходзіць на англійскай, кітайскай і беларускай мовах) існуюць трывалыя адносіны з прафесарам Нанькайскага ўніверсітэта (Цзянцзінь, КНР) Гу Юем, прафесарам Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Хань Сяае, намеснікам дырэктара Інстытута Еўропы Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Сюй Чуаньхуа, якія актыўна займаюцца перакладам мастацкіх твораў беларускай паэзіі і прозы, беларускай дзіцячай літаратуры. Ёсць узаемасувязі з перакладчыкамі, пісьменнікамі В’етнама, Манголіі, Бангладэш, Пакістана, постсавецкіх краін Азіі. Часам узнікаюць тыя ці іншыя зносіны і з пісьменнікамі іншых краін — напрыклад, Японіі, Ірана, Егіпта. І ўсё ж сістэмная праграма, сістэмная арганізацыя міжнародных сувязей з краінамі Афрыкі і Азіі адсутнічае. 

У Маскве адбыўся двухдзённы пленум Савета па мастацкім перакладзе СП СССР (па выніках 1983 г.). Беларусь прадстаўляў Язэп Семяжон. Хацелася б прывесці цытату з аднаго яго выступлення: «Я поўнасцю падзяляю думку тэарэтыкаў перакладазнаўства, што кожная эпо¬ха мае права мець і, як правіла, мае свае пераклады шырокавядомых твораў сусветнай літаратуры. Тут істотную ролю адыгрывае не столькі ўзровень паэтычнага майстэрства перакладчыкаў, колькі перастаноўка імі акцэнтаў у самім творы, які пераствараецца. А гэта праясняе і дыктуе час, аб’ектыўнасць ацэнак гістарычных падзей, што знайшлі сваё адлюстраванне ў перакладаным творы. Немалаважную ролю адыгрывае і такі фактар, як сучасны стан узаемаадносін паміж народамі мовы арыгінала і мовы перакладу. Карацей кажучы, шмат ёсць акалічнасцей, і ўсе яны ўплываюць на перакладчыка і на яго заказчыка — выдавецтва або рэдакцыю перыядычнага выдання: што перакладаць і адкуль — з Ханоя ці з Варшавы...».

1 красавіка — 175 гадоў з дня нараджэння М. В. Гогаля. У Доме літаратара адбыўся вечар, які вёў Іван Чыгрынаў. Нагадаем, што яшчэ ў 1929 годзе ў Вільні выйшаў «Тарас Бульба» Мікалая Гогаля ў перакладзе на беларускую мову. У Савецкай Беларусі «Тараса Бульбу» па-беларуску выдалі ў перакладзе Алеся Бачылы і Макара Паслядовіча. 

У маі Беларусь наведала група мангольскіх пісьменнікаў. Сярод іх — Лачын, Бадра, Даржаа і Міэгомба. Літаратары наведалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, пабывалі ў розных памятных мясцінах беларускай сталіцы. 

У чэрвені ў Беларусі гасцяваў кубінскі празаік Эдуарда Эрас Леон. Адбылася сустрэча ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Тэма размовы — стан і развіццё літаратуры на Кубе і ў Беларусі. 

Выдавецтва «Юнацтва» наведаў венгерскі пісьменік Іштван Пятровац. У Сафіі адбыўся III з’езд Саюза балгарскіх перакладчыкаў, удзел у якім прыняў паэт і перакладчык Васіль Зуёнак. 

23 жніўня «Звязда» надрукавала артыкул Льва Мірачыцкага «Яднае сэрцы сяброў», прысвечаны беларуска-румынскім літаратурным сувязям. 

У верасні на Магілёўшчыне прайшла Дэкада балгарскай кнігі. Пісьменнікі з Балгарыі К. Атанасаў і П. Праданаў сустрэліся з пісьменнікамі і журналістамі Магілёва. Урачыстае адкрыццё дэкады адбылося ў абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна. З дакладам выступіў літаратуразнаўца Валерый Атрашкевіч. 

У кастрычніку Беларусь наведаў сербскі паэт, перакладчык беларускай літаратуры Момчыла Джэркавіч. У Саюзе пісьменнікаў у гутарцы з калегам з Бялграда прынялі ўдзел М. Танк, Н. Гілевіч, Б. Сачанка, І. Чыгрынаў, Л. Гаўрылкін, А. Гардзіцкі. 

У лістападзе ў СП БССР адбылася гутарка з дэлегацыяй са Шры-Ланкі, у склад якой уваходзіў і пісьменнік Э. Саратчандра. У снежні СП БССР наведаў грэчаскі пісьменік Н. Марангас. 

1985 год. На адным з будынкаў Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (былы Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй) усталявана мемарыяльная дошка ў знак памяці Максіма Багдановіча, а адна з вуліц Яраслаўля перайменавана ў вуліцу Максіма Багдановіча. З рознымі адрасамі Расійскай Федэрацыі звязаны імёны многіх пісьменнікаў Беларусі. І сёння, калі на такім высокім узроўні развіваюцца інтэграцыйныя палітычныя і гуманітарныя, культурныя стасункі з Расіяй, варта, відаць, нагадаць хаця б пра некаторыя факты, якія маглі б стаць падставай для ўшанавання памяці беларускіх пісьменнікаў у Расіі... У шпіталях Растова, Есентукоў лячыўся ў Вялікую Айчынную вайну народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. А з лістапада 1942 года ён выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педінстытуце, які размяшчаўся ў час вайны ў Бугуруслане. У 1871 годзе судовым следчым працаваў у Гразавецкім павеце Валагодскай губерні класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. У 1937–1941 гг. у Мурамскім раёне Уладзімірскай вобласці настаўнічаў Язэп Пушча. Пасля вайны ізноў вярнуўся ў Мурамскі раён. І такіх прыкладаў з беларускімі літаратурнымі адрасамі ў Расіі, якія патрабуюць знакавай мемарыялізацыі, можна называць даволі шмат. 

У красавіку Мінск наведаў славенскі літаратуразнавец Машэй Родэ. СП БССР наведаў перакладчык беларускай літаратуры на балгарскую мову Іван Дайчынаў. 

У першай палове мая ў Мінск прыехаў югаслаўскі паэт і перакладчык, дырэктар выдавецтва «Новая кніга» Момчыла Джэркавіч. 

24 мая ў Доме літаратара адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Шолахава. Выступілі Іван Чыгрынаў, Анатоль Сульянаў, Іван Новікаў, Аляксей Карпюк, Генрых Далідовіч. Яшчэ ў 1935 годзе асобным выданнем у Мінску пабачыла свет «Паднятая цаліна» М. Шолахава ў перакладзе на беларускую мову. У 1936 годзе выйшаў «Ціхі Дон» у перакладзе Уладзіміра Хадыкі. У 1975 годзе кнігай выйшлі раздзелы з рамана «Яны змагаліся за Радзіму» ў перакладзе Максіма Лужаніна. 

У чэрвені Мінск наведаў алжырскі пісьменнік Амар Азрадж. 26–28 чэрвеня ў СП БССР адбылася сустрэча савецкіх і балгарскіх перакладчыкаў. Размова ішла на тэму «Мастацкая і дакументальная літаратура пра Вялікую Айчынную вайну і праблемы перакладу». 
18–20 верасня ў рэспубліцы прайшлі Дні літаратуры Ленінграда. Мінск наведалі Д. Хранкоў, А. Цыкуноў, В. Максімаў, В. Ціхановіч. У час правядзення дзён у рэспубліканскіх перыядычных выданнях друкаваліся творы ленінградскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову. 

У кастрычніку адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння рускага паэта Сяргея Ясеніна. Кніга «Выбранае» Сяргея Ясеніна пабачыла свет у Мінску ў 1976 годзе. І сёння беларускія перакладчыкі даволі часта звяртаюцца да спадчыны вялікага рускага паэта. 

5–10 снежня ў рэспубліцы прайшлі Дні культуры Сацыялістычнай Рэспублікі Славеніі ў Беларусі. А перад гэтым, 28 лістапада, у Доме дружбы адбылося ўрачыстае адкрыццё Дэкады кніг. Адкрыў яе літаратуразнаўца, перакладчык Іван Чарота. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.