Вы тут

Выбіраем хатняе адзенне


Вядома, многія з нас не напружваюцца пры выбары таго, што насіць дома. Але ад падыходу «Мяне ніхто не бачыць. Якая розніца, як выглядаю?» варта адмовіцца. Хатняе адзенне, як і любое іншае, фарміруе вобраз. Так, ён разлічаны «на ўнутранае карыстанне», у першую чаргу павінен адпавядаць нашым уласным чаканням. Але падабацца самім сабе — гэта ж так важна!

Рэкамендацыі, як фарміраваць хатні гардэроб, на што звярнуць увагу пры выбары рэчаў, дае дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда.


Фота з адкрытых крыніц

Паслабіцца ці мабілізавацца

Сучаснай жанчыне нельга недаацэньваць значэнне хатняга адзення. Бо дома многія сёння і адпачываюць, і гатуюць, і маюць зносіны са сваімі роднымі, і ўсё часцей — працуюць. Наколькі камфортна мы сябе адчуваем у кожнай з гэтых сітуацый, наколькі эфектыўна выконваем шматлікія абавязкі і расслабляемся, — усё гэта ў некаторай ступені залежыць і ад таго, у што мы апранутыя. Адны рэчы дапамагаюць настроіцца на работу за камп’ютарам, іншыя — на рэлакс, трэція — на генеральную ўборку, чацвёртыя на тое, каб пагуляць з дзецьмі ці ўнукамі. Пры складанні хатняга гардэроба лепш выбраць такія рэчы, якія дазволяць, камбінуючы іх, мяняць вобраз, а пры неабходнасці хутка сабрацца і выйсці з дома па справах або прыняць нечаканых гасцей.

Пры рабоце ў родных сценах рэкамендавала б выбраць камфортнае адзенне, якое спрыяе засяроджанасці на прафесійных абавязках. Піжамны касцюм дрэнна настройвае на дзелавы лад. А вось штаны і кашуля — добры варыянт, ён дапаможа сабрацца, і нават без праблем паўдзельнічаць у незапланаваным загадзя анлайн-выхадзе на публіку. Калі вы чакаеце кагосьці з візітам (нават з ліку сваякоў, добрых знаёмых, калег), паспрабуйце зрабіць свой аўтфіт дастаткова прэзентабельным. У прынцыпе не рэкамендавала б даношваць дома старыя рэчы. Гэта напэўна не найлепшым чынам адаб’ецца на вашым настроі і самаадчуванні.

Колер: усе адценні нейтральнага

Пры выбары хатняга адзення лепш аддаваць перавагу аднатоннай вопратцы нейтральных адценняў. Залішне яркія колеры, складаныя прынты «бударажаць» нервовую сістэму і ніяк не спрыяюць гармоніі, спакою, канцэнтрацыі.

Тканіна: галоўнае — камфорт

Пры выбары хатняга адзення ў прыярытэце адназначна рэчы з натуральных тканін: бавоўны, лёну, шоўку. Не варта турбавацца з прычыны таго, што матэрыял мнецца ці дрэнна мадэлюе постаць. У гэтым выпадку важней зручнасць і камфорт.

Прымаць дома старонніх лепш у адзенні з касцюмных, а не трыкатажных тканін. Дома таксама лепш адмовіцца ад рэчаў, прызначаных для спартыўных заняткаў, калі, канечне, вы ў пэўны момант не робіце зарадку ці трэніроўку. Як правіла, яны выкананы з матэрыялаў, якія стымулююць потавыдзяленне, з высокім утрыманнем сінтэтыкі. Пры рэгулярным выкарыстанні яны могуць выклікаць раздражненне скуры.

Выбар ёсць

Добрым варыянтам для дома лічу ільняныя свабодныя штаны — як доўгія, так і скарочаныя. Актуальныя цяпер і шорты — з лёну, бавоўны, аблегчанай джынсавай тканіны. Прыхільнікі жаноцкасці могуць аддаць перавагу спадніцам, віскознай або льняной сукенцы зручнай даўжыні.

Усё больш папулярным становіцца кімано. Яго можна насіць як самастойнае адзенне і як дадатковае верхняе адзенне, а таксама камбінуючы са штанамі або легінсамі.

Нічога не маю супраць футболак. Але для дзелавых анлайн-сустрэч лепш замяніць іх кашуляй свабоднага крою.

Халаты

Піжамы і начныя кашулі — адзенне для начнога адпачынку. Як толькі мы іх здымаем, можна звярнуцца да халата. Не згодная з меркаваннем, быццам сучасным жанчынам трэба адмовіцца ад яго, паколькі ён ператварае нас у «цётак». Халат выдатна падыходзіць для ранішніх рытуалаў, пакуль мы прыводзім сябе ў парадак. Але потым, для актыўнага жыцця, нават калі мы застаемся дома, трэба пераапрануцца. Лазневы халат апранаюць выключна пасля ванны, душа, сауны, лазні, калі трэба як след высахнуць, астыць.

Хатні абутак

Галоўны крытэрый пры яго выбары — усё той жа — камфорт.

Тапкі — самы распаўсюджаны і па-ранейшаму актуальны від хатняга абутку. Але ў іх ёсць альтэрнатыва. Напрыклад — шлёпанцы (в’етнамкі), а таксама біркенштокі, ці, напрыклад, льняныя туфлі.

Аксесуары

Для кагосьці яны — відавочная празмернасць пры стварэнні хатняга вобразу. Але ёсць жанчыны, якія не ўяўляюць сябе без іх. Камусьці, магчыма, хочацца з іх дапамогай нешта змяніць у звыклым аўтфіце, паэксперыментаваць. Бо нават заколкі для валасоў ці павязаная на галаву хустка здольныя дадаць у наш вонкавы выгляд нешта новае.

Выбар аксесуараў для дома — справа вельмі індывідуальная, тут складана даваць агульныя парады. Нагадаю толькі, што буйныя дарагія ўпрыгожванні не гармануюць з льнянымі штанамі і баваўнянай футболкай. Лепш да хатняга гардэроба выбіраць больш сціплыя.

Фартухі

Яны актуальныя для жанчын, якія любяць гатаваць і шмат часу бавяць на кухні. Назначэнне фартуха — не даць адзенню выпацкацца, абараніць яе ад плям. Рэкамендавала б аддаць перавагу аднатонным вырабам або з максімальна нейтральным прынтам, каб яны арганічна глядзеліся з любымі хатнімі рэчамі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.