Вы тут

Што такое румбоксы і як іх зрабіць самому?


Ці хацелася б вам абзавесціся ўласнай спальняй у віктарыянскім стылі з мінімалістычным лофтам або сціплым пакойчыкам, абстаўленым прадметамі савецкай эпохі? Ці, можа, вы марыце пра маленькую хатку з утульным інтэр’ерам і мілымі дробязямі? Для гэтага не давядзецца рабіць рамонт і пашыраць жылплошчу — дастаткова набыць мініяцюрны інтэр’ерны канструктар — румбокс. Такое хобі ў Кацярыны Усціновіч з Віцебска.


 — Што такое «Румбокс»?

— Гэта маленькая лялечная хатка ці асобны пакой з мэбляй, аксесуарамі, дэкорам і іншымі атрыбутамі тыповага жылля. У адрозненне ад дзіцячых гульнёвых домікаў праекты для дарослых цалкам паўтараюць усе дэталі абстаноўкі: ад аздаблення столі і падлогі да карцін на сценах. Румбокс — варыяцыя масавага захаплення, якое існавала шмат стагоддзяў таму. Усё пачалося ў казачнай Баварыі, з лялечнай хаткі, падоранай герцагам Альбертам V сваёй дачцэ ў другой палове XVI ст. Гэта быў чатырохпавярховы лялечны палац з залай для танцаў, спальнымі і ваннымі пакоямі, поўным інтэр’ерам і нават посудам, выкананым з найлепшага срэбра. Дзіўнае тварэнне нямецкіх і галандскіх майстроў было не столькі дзіцячай цацкай, колькі рэдкасцю, якую абавязкова паказвалі знакамітым гасцям і вельмі шанавалі. Пік папулярнасці мініяцюр прыйшоўся на час пасля Другой сусветнай вайны, калі кампаніі пачалі масава вырабляць лялечныя домікі, і іх кошт знізіўся настолькі, што дазволіць сабе стаць уладальнікам маленькага жылля мог любы ахвотны. У наш час папулярнасць румбоксаў зноў узрастае. Румбокс спалучае шмат важных функцый, але яго асноўная мэта — развіваць творчыя здольнасці, а яшчэ — і рэлаксіраваць, паглыбляцца ў казачны свет мініяцюры. Самае галоўнае ў стварэнні румбокса — увасобіць атмасферу з дапамогай мэблі, мноства дробных дэталяў, колеру і святла. 

— З падручных матэрыялаў можна стварыць домік, які знешне і ўнутры падобны на сапраўдную хату або кватэру?

— Вярнуць чалавека ў шчаслівыя імгненні мінулага — мэта, дзеля якой усё і задумваецца. Перш чым прыступаць да стварэння румбокса, трэба ўявіць, што менавіта вы хочаце атрымаць у выніку. Для гэтага я раблю план-схему ці малюю эскіз будучага пакоя. Потым падбіраю прыдатную скрыначку, у якой і будзе размешчана мініяцюра. Калі аснова гатова, можна пераходзіць да аздаблення. Калі раблю мініяцюру на заказ, то загружаю неабходнае фота на тэлефон і падбіраю ўсе рэчы, параўноўваючы з узорамі на смартфоне. Сцены можна абклеіць шпалерамі, матэрыялам можа служыць тонкая тканіна або папера для скрапбукінгу. Звонку таксама можна абклеіць ці пафарбаваць. Каб хатка выглядала свежа і рэалістычна, дабаўляю дзверы і вокны. Для рам спатрэбяцца тонкія драўляныя рэйкі. Потым напаўняю пакойчык мэбляй і дадаю дробны дэкор: падушкі, посуд, посцілкі, фіранкі, тканіны для цюлі, дываноў, абіўкі мэблі. Трапіць тон у тон атрымліваецца не заўсёды. Магу размаляваць тканіну акрылавымі фарбамі. А яшчэ часта адразу друкую на ёй патрэбны прынт. Гэта асабліва важна для імітацыі дываноў. Ролю асвятлення з поспехам выконваюць тонкія святлодыёдныя гірлянды-драты. Тады з надыходам цемры домік будзе выглядаць загадкава і казачна. Тэхнічна можна падсвятліць любы прадмет — ёлку, начнік, камін. Я выкарыстоўваю мініяцюрную гірлянду, якая працуе ад батарэек. Толькі блок ад гірлянды неабходна схаваць так, каб заставалася сакрэтам, як усё зроблена. Дарэчы, у вырабе румбоксаў можа дапамагчы ўсё, што захоўваецца дома: кардон, рэшткі тканін, фарбы. 

— Колькі часу патрабуецца на выраб аднаго румбокса?

— Ад некалькіх дзён да двух тыдняў. Працую па шмат гадзін, але заўсёды з задавальненнем. Магу правесці за работай 8, а то і ўсе 12 гадзін. Не заўважаю часу, бо заўсёды ёсць змена дзейнасці. Напрыклад, спачатку ляплю з палімернай гліны, праз гадзіну ўжо працую над макетамі мэблі, яшчэ праз гадзіну праводжу ў румбокс асвятленне. Я часта сама прыдумваю тэхналогіі стварэння боксаў, заўсёды стараюся даць заказчыку больш, чым ён замовіў. Лічу, што праца скончана, толькі калі яна выклікае моцны душэўны водгук. Звычайны маштаб румбокса — 1×12 см. Самая вялікая мая работа — 35×20 см, вітрына. Самая маленькая скрыначка — 9×2 см. Што тычыцца дробных элементаў, у такіх маленькіх боксах праца больш складаная. Мэбля робіцца з кардону рознай шчыльнасці, а посуд ляплю з палімернай гліны. Працую з матэрыялам спецыяльнымі стэкамі, маса цвярдзее сама, без духоўкі. Існуюць румбокс-скрынка; румбокс-чамаданчык; румбокс вітрына для дэманстрацыі калекцыйных цацак; румбокс-рамка пад шклом; румбокс нестандартнай формы (у акварыуме, кубку, корпусе тэлевізара). 

У цэлым няма строгіх правілаў стварэння румбокса — усё абмяжоўваецца толькі фантазіяй аўтара. Я пачынала з лялечнага доміка для сваёй дачкі. З 2022 года займаюся мініяцюрай па фота, выконвала заказ актрысы тэатра для пастаноўкі спектакля — інтэр’ер на тэму савецкі Новы год у кватэры. 

— Якая тэма часцей прысутнічае ў вашых работах?

— Вясковая хатка — тая, ў якой чалавек правёў сваё дзяцінства. Я загадзя дакладна і вельмі падрабязна высвятляю, што было асабліва дорага чалавеку ў яго дзяцінстве. Мабыць, кніга з казкамі, лялька, мішка — адна дэталь можа ўзяць на сябе велізарную функцыю, падарыўшы эмоцыі. Таксама часта бывае, што да мяне звяртаюцца людзі перад продажам свайго старога жылля, каб па дакладнай копіі інтэр’ера, з пэўнай мэбляй, я захавала гэты ўспамін у іх сэрцах. Заказы прыходзяць часам ад самых нечаканых людзей ці арганізацый. Пару гадоў таму да мяне звярнуліся прадзюсары серыяла «Чароўны ўчастак». Незвычайныя шкляныя вітрыны я адправіла ў Маскву па пошце, а ў адказ атрымала фота з прэзентацыі серыяла. Я была шчаслівая! 

— Якую параду дадзіце навічкам, якія спрабуюць свае сілы ў гэтым кірунку?

— Важна выбраць менавіта такі від румбокса, які будзе падабацца. Для таго, каб кожны этап стварэння прыносіў задавальненне. Ну, і развівацца далей: мабыць, купіць анлайн-урокі ў іншых майстроў, наведваць майстар-класы, чытаць неабходную літаратуру. 

— Дзе чэрпаеце натхненне?

— Я вельмі люблю родныя краявіды, часта падчас адпачынку ўсёй сям’ёй наведваем Бярэзінскі біясферны запаведнік, Белавежскую пушчу, з цікавасцю назіраем за птушкамі і жывёламі. Таму вельмі часта ў сваіх работах увасабляю родную прыроду. Таксама мне падабаюцца работы іншых майстроў, напрыклад, карціны мастакоў, проста дамы, хаткі, людзі, фільмы. Бывае, бачу сямейную пару, якая прайшла разам праз усё жыццё, ці еду міма вясковай хаткі з прыгожымі кветкамі, клумбамі, прадуманым дызайнам і думаю: цудоўна гэта ўсё было б узнавіць. 

— Можаце без фота зрабіць румбокс?

— Так, раней было не прынята фатаграфаваць дамы, інтэр’еры. Звычайна фатаграфавалі людзей насупраць дома, астатняе чалавек апісвае сам або малюе. І ўжо пасля я падбіраю падобнае фота ў інтэрнэце, аднаўляю па дэталях. У сваёй рабоце паказваю расказаную мне гісторыю: якое было акно, які від з яго, як бабуля пякла бліны, як яны выглядалі... Самае галоўнае — перадаю эмоцыі і атмасферу. Менавіта тады чалавек будзе адчуваць, што гэта яго дом, цяпло, радасць. Хачу зрабіць да канца года персанальную выстаўку сваіх румбоксаў, бо на сёння ўсе свае работы я прадала. Таксама хочацца займацца правядзеннем майстар-класаў, набраць сваю аўдыторыю. 

Марына НЕМІРОВІЧ

Фота з архіва Кацярыны УСЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.