Вы тут

Як гучыць Смаргоншчына


За апошнія дзесяцігоддзі Смаргоншчына стала асяродкам адраджэння разнастайных адгалінаванняў традыцыйнай беларускай культуры. Але асаблівае месца займае народная музыка. Адна з каштоўнасцей у скарбніцы Смаргонскіх традыцый — «Смаргонскія найгрышы». У 2021 годзе элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Музычна-інструментальная традыцыя (Смаргонскія найгрышы)» быў нададзены статус гісторыкакультурнай каштоўнасці. 


Што ж такое «Смаргонскія найгрышы»? Гэта народная музыка, пад якую танцавалі нашы дзяды і прадзеды, музыка, якая з 1990-х гадоў стала незапатрабаванай з-за разбуральных наступстваў урбанізацыі, а сёння, дзякуючы руплівай працы яе носьбітаў, адраджаецца і атрымлівае новае ды¬ханне. На тэрыторыі Смаргонскага раёна народная інструментальная музыка актыўна развівалася на пачатку ХХ стагоддзя, адчула сапраўдны росквіт у 1940–1960-х гадах і працягвала існаваць да пачатку 1990-х. Калі шматлікія і разнастайныя ансамблі народных музыкантаў яшчэ былі жывой з’явай. Свае музыкант-саліст альбо ансамбль былі амаль у кожнай вёсцы. Такога роду калектывы называліся капэлямі. На Смаргоншчыне існавала вялікае мноства такіх капэль. У раёне захавалася шмат імён выдатных народных музыкантаў. Сёння «Смаргонскія найгрышы» складаюцца з шэрагу мелодый. Частка актыўна выкарыстоўваецца, а другая пакуль захоўваецца ў форме аўдыязапісаў і знаходзіцца ў стадыі вывучэння, расшыфроўкі і асваення. 

На сёння распрацавана і зацверджана праграма захавання элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Смаргонскія найгрышы» на пяць гадоў, якая ўключае меры для яго захавання, развіцця і папулярызацыі. 

Захаванне, распаўсюджванне і папулярызацыю «Смаргонскіх найгрышаў» ажыццяўляюць у першую чаргу носьбіты і пераемнікі гэтага нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека: узорны ансамбль народнай музыкі «Гулянок» (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага»), узорны фальклорны гурт «Нальшчаначка» (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Жодзішкаўская сярэдняя школа»), гурт «Кушлянская капэла» (дзяржаўная ўстанова культуры «Смаргонскі раённы цэнтр культуры»). 
Мелодыі вясковых варыяцый Смаргоншчыны гучаць на вясельных цырымоніях, на сямейных святах, на народных і дзяржаўных святкаваннях. Напрыклад, 9 Мая і 3 Ліпеня, падчас святочных мерапрыемстваў, у гарадскім парку на адкрытай пляцоўцы мясцовыя жыхары, сярод якіх у асноўным моладзь, танцуюць пад мясцовыя найгрышы. Такая ж адкрытая пляцоўка арганізоўваецца на фестывалі «Кераміка Крэва», святкаваннях Масленіцы, Дажынак, вечарынах і конкурсах народных побытавых танцаў (музычна-танцавальная вечарына «Скокі ва ўсе бокі»; свята побытавых танцаў «Жодзішкаўскі кагарод»; фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня», «Ветразь»). Таксама не абыходзяцца без «Смаргонскіх найгрышаў» і канцэртныя праграмы раённых святаў, шматлікія рэгіянальныя, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы і фестывалі. 

Дзякуючы таму, што элемент выканальніцкага мастацтва «Смаргонскія найгрышы» атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, 18 чэрвеня 2022 года на базе музея-сядзібы Ф. Багушэвіча ў Кушлянах упершыню быў арганізаваны фестываль інструментальнай народнай музыкі. Ён праводзіцца на Смаргоншчыне адзін раз на два гады і садзейнічае вяртанню жывой прыгожай атмасферы свята, камунікацыі з музычнымі і танцавальнымі сродкамі і тым самым — аднаўленню не толькі музыкі, але і пэўнай культуры беларускага традыцыйнага адпачынку. 

Сёлета рэгіянальны фестываль інструментальнай музыкі «Іграю, як знаю, скачу, як хачу» прайшоў 2 чэрвеня ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна. Згадзіцеся, вельмі знакавае месца для музычнага фестывалю, бо менавіта ў гэтым месцы знаходзіцца сядзіба аўтара сусветна вядомага паланэза «Развітан¬не з Радзімай». Смаргоншчына заўсёды рада гасцям. І з вялікім задавальненнем не толькі дэманструе сваю багатую культурную спадчыну, але і знаёміцца з набыткамі іншых. 

Наталля ЧУДАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.