Вы тут

Музычная казка: Пушкін, Чмель з Вавёркай, рускія танцы ды ўзоры «пад хахламу»


З майго дзяцінства: гэта была казка, якую не варта было чытаць перад сном, бо надта закручаны сюжэт абуджаў пытанні: як жа можна было абгаварыць сястру?.. Дзе справядлівасць у гэтым свеце, калі бацька не ведае сына?.. Няўжо толькі цуд можа прымірыць і паяднаць людзей, падзеленых жыццём?.. Ну як пасля такога заснуць? А вось днём уяўленне падкідвала вобразы, у якія можна было нават гуляць, ператварыўшыся ў цудоўную царэўну з дапамогай матчыных фіранак...


І вось гэтыя вобразы — на сцэне, у прыгожых касцюмах, а Царэўна нават з крыламі, сапраўды як у лебедзя... Опера «Казка пра Цара Салтана» Мікалая Рымскага-Корсакава (паводле сюжэта Пушкіна) дала падставу для стварэння музычнага спектакля для дзяцей, які прадставілі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Пастаноўка для дзяцей і іх бацькоў. Таму опера (сур’ёзны твор для дарослых) перажыла рэдакцыю і ператварылася ў пастаноўку з пазнакай «6+». Цяпер гэта музычны спектакль, дзе, акрамя опернай асновы, ёсць элементы балета і драмы.

Драма як пралог спектакля звяртае да вобраза самога Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, юбілей якога адзначаецца сёлета: дзеці могуць пачаць знаёмства з паэтам такім чынам. А іх бацькі і іншыя дарослыя, што прывядуць малых у тэатр у гэты момант, будуць думаць: як ён мог апынуцца ў оперы? Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Наталля Бараноўская (гэта яе другая работа ў тэатры) вырашыла ажывіць дзею: паэт стварае, а яго нянька Арына Радзівонаўна, жонка, яе сёстры ды іншыя дамачадцы гатовы па яго волі ўвасобіць усе прыдуманыя вобразы ў хатнім тэатры: так пачынаецца ўласна опера. Ці тыя музычныя эпізоды з твора Рымскага-Корсакава, якія працуюць на тое, каб зразумела распавесці самую гісторыю Цара Салтана, яго жонкі Мілістрысы, якіх разлучылі злосныя сёстры і баба Бабарыха, князя Гвідона і Царэўны-Лебедзі: дзесьці праз спевы галоўных герояў, дзесьці праз танцы, асобныя вобразы ды настрой перадаць праз мастацкае афармленне — у рускім народным стылі (у ход пайшлі нават узоры «пад хахламу», што мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава перадала з дапамогай сучасных тэхналогій). Фальклорны матыў, у прынцыпе, зразумелы: сам кампазітар Рымскі-Корсакаў удзяляў яму вялікую ўвагу і выкарыстоўваў у творах народны мелас (нездарма ён лічыцца стваральнікам рускай кампазітарскай школы), вельмі любіў паданні ды казкі як аснову для опер. Іншая справа, што ў варыянце, які ўвасобілі ў Вялікім тэатры Беларусі, пастановачнай групе давялося моцна папрацаваць са зместам вялікай і працяглай оперы для дарослых, зрабіўшы рэдакцыю для дзяцей — каб яны без дадатковых тлумачэнняў і размоў падчас прагляду маглі зразумець, што адбываецца на сцэне. Вялікую працу з гэтай нагоды зрабіў малады дырыжор-пастаноўшчык спектакля Віталь Грышчанка — гэта яго дэбют у тэатры. Для пачатку вельмі смелы: ён скараціў твор... самога класіка музыкі Рымскага-Корсакава. Такім чынам, усяго за гадзіну дзеці павінны атрымаць уяўленне і пра оперу, і пра балет — над усімі харэаграфічнымі нумарамі (над змаганнем Лебедзя і Каршуна, яркім «палётам Чмяля», гарэзлівай Вавёркі, якая выскоквае з аркестравай ямы прама ў залу, і народнымі танцамі працавала малады балетмайстар Настасся Голешава). Усё разам дазваляе зразумець сутнасць сюжэта казкі і характары герояў: што не праспявалі, тое паказалі ці вобразна абазначылі. Нягледзячы на атрыманую сцісласць спектакля, салісты — выканаўцы галоўных партый — могуць паказаць свае вакальныя магчымасці. У спектаклі занятыя як малады артыстычны актыў, так і зоркі тэатра, як, напрыклад, народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна — хто можа ўявіць яе ў вобразе Бабарыхі?..

Трэба разумець, што гэты варыянт зроблены хутчэй для знаёмства з сур’ёзнай музыкай з малых гадоў: такім чынам тэатр можа выхоўваць сабе будучага гледача — прыхільніка оперы і балета. Ды нават зацікавіць дарослых: мо захочацца паглядзець паўнавартасныя спектаклі — дык яны ёсць…

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.