Вы тут

Расповед пра вайну сучаснай мовай


Прэм’ера музычнага спектакля «Трохкутнік надзеі», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылася на пляцоўцы спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Студэнтам, занятым у пастаноўцы, і іх выкладчыку, аўтару сцэнарыя — лаўрэату спецыяльнай прэміі Прэзідэнта, лаўрэату прэміі Саюзнай дзяржавы, дацэнту БДУКМ Аляксандру Вавілаву сярод іншых апладзіравалі міністр культуры і народныя артысты Беларусі.


Спектакль пачынаецца з вясёлай студэнцкай песенькі, і нішто не прадвяшчае цяжкай тэмы вайны. Сваіх аднакурснікаў Мікола запрасіў правесці канікулы ў яго вёсцы. А па дарозе прапанаваў зайсці ў разбураную царкву. Аднакурснікі рэагавалі прадказальна: ну што нам гэтыя разваліны. Мікола настойвае: там была багатая бібліятэка. Гэта таксама не ўразіла пакаленне, якое чытае кнігі ў смартфоне. Але ўсё ж студэнты пайшлі ў царкву і знайшлі салдацкі мяшок з лістамі.

У іх няма пафасу, лозунгаў. Але вось маладая жанчына піша мужу: «Не хацела казаць пра гэта, ды толькі такое хіба ўтоіш... Засохла Цыганачка... Не прынялася... А бабка Зося, памятаеш, яе хата — на краі сяла, кажа: «Прыкмета дрэнная: мужчына, які гэтую яблыньку пасадзіў, загіне. Ды толькі я не веру!»

Яшчэ адзін ліст: ад дзяўчыны Ханы, якая ўжо ведала, што смерць побач і выратавацца немагчыма. Фашысты забівалі людзей толькі за тое, што яны — яўрэі. І ўвесь гэты боль прагучаў у песні на ідыш.

Адзін з самых яркіх герояў спектакля — айцец Андрэй. Яго вакальны нумар прадэманстраваў не толькі майстэрства спевака, але і глыбокі драматызм:

Той заплача,

Хто сёння смяецца,

Хто сляпы —

Той убачыць світанне

За ўсіх тых,

Хто не ўмее маліцца,

За ўсіх тых,

Хто сумлення не мае —

На крыжы вы мяне разапніце

І душу маю Богу аддайце.

Зрэшты, ужо недастаткова пераказваць спектакль — яго трэба глядзець! Аляксандру Вавілаву ўдалося сабраць выдатную каманду. Усё было на высокім узроўні: гук, святло, відэа. У спектаклі прыняў удзел архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага. А запрашэнні на спектакль у форме лістоў-трохкутнікаў распрацавала вядомы фотамастак Ірэна Гудзіеўская. Музыку да мюзікла стварылі кампазітары Дзмітрый Пянкрат, Дзмітрый Парфёнаў і Юрый Саваш. Пры гэтым яны разам з аўтарам сцэнарыя вельмі тонка ўвялі ў спектакль папулярныя песні савецкіх кампазітараў.

Сярод публікі былі заўважаныя народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў, Леанід Захлеўны, заслужаны артыст Беларусі Алег Сямёнаў, а таксама старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч і Ларыса Глебава, удава народнага артыста СССР кампазітара Яўгена Глебава.

Пасля завяршэння спектакля яго ўдзельнікі пачулі шмат цёплых слоў. А ў кулуарах сваім уражаннем падзялілася прыма Вялікага тэатра Беларусі Анастасія Масквіна:

— Даўно ведаю і паважаю Аляксандра Дзмітрыевіча як таленавітага рэжысёра, мы ўвесь час сустракаемся з ім на ўрадавых канцэртах. Цяпер я змагла паглядзець на яго работу як бы збоку. Мне гэта было цікава яшчэ і таму, што як член Рэспубліканскай камісіі па разглядзе кандыдатур, якія вылучаюцца для атрымання грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі, галасавала за выдзяленне гранта Аляксандру Вавілаву. Такія гранты, накіраваныя на стварэнне праектаў, прысвечаных менавіта беларускай музыцы, атрымлівалі і мае калегі па тэатры. Заўсёды важна ўбачыць, у што ператварыліся грошы, якія ідуць на грант. Мне вельмі спадабаўся сцэнарый, гэта сучасны твор, задаволена і акцёрскай работай студэнтаў.

У гэтым мюзікле ўзнята вельмі актуальная тэма, а сам спектакль проста крычыць: «Ніколі больш вайна не павінна прыйсці на нашу зямлю». Менавіта праз мастацтва можна ўздзейнічаць на свядомасць людзей, асабліва маладых, якія менш, чым наша пакаленне, ведаюць пра вайну. Упэўнена, што тыя, хто быў на сцэне, ніколі не возьмуць у рукі зброю з мэтай нападу.

Міністр культуры Анатоль Маркевіч прызнаўся, што даўно знаёмы з камандай Аляксандра Дзмітрыевіча па ўдзеле студэнтаў у спецмерапрыемствах. Ён падзякаваў Аляксандру Вавілаву і яго студэнтам за цудоўны вечар і падкрэсліў, што спектакль «паглыбіў нас ва ўспаміны, перажыванні за нашу зямлю, нашу гісторыю і традыцыі, нашых людзей, хто ў неймаверна складаных і страшных умовах ваеннага ліхалецця здабываў нам Вялікую Перамогу».

Несумненна, такую высокую ацэнку работы студэнтаў і выкладчыка было прыемна чуць рэктару БДУКМ Наталлі Карчэўскай.

А я глядзела спектакль разам з вядучай балерынай Вялікага тэатра Беларусі ў 1970–1980-я гады Аленай Шпілеўскай.

— Выдатная рэжысёрская работа, — адзначыла яна. — Памятаеце, як перад спектаклем Аляксандр Вавілаў сказаў, што дзякуючы гранту Прэзідэнта ён мае магчымасць рабіць тое, аб чым гарыць сэрца. І ўвесь час адчувалася, што работа ад сэрца, ад душы. Здзіўлена, што студэнты ўсяго толькі другакурснікі. Да заканчэння ВНУ яны ўжо будуць суперпрафесіяналамі. Але і сёння кожнаму з іх магу шчыра сказаць: «Я вам веру!»

Ацэнка прафесіяналаў дарагога варта. Вельмі хацелася б, каб спектакль меў доўгае сцэнічнае жыццё не толькі ў Мінску, але і абласных і раённых цэнтрах. І, паверце, мюзікл «Трохкутнік надзеі» будзе мець поспех!

Аксана МАСТОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.