Вы тут

Пабывалі на «выстаўцы інавацыйных дасягненняў» і расказваем, што ўразіла


Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБА-2024» чатыры дні працаваў у Мінску.​ Сёлета ён праходзіць трыццаты раз. У культурна-спартыўным комплексе «Мінск-Арэна» больш за 260 кампаній з 15 краін свету прадэманстравалі свае інавацыйныя праекты прафесіяналам сферы высокіх тэхналогій і проста ўсім ахвотным зазірнуць у будучыню.


Непасрэдна каля ўвахода наведвальнікаў сустракае інтэрактыўны музей «ТІБА», экспанаты якога звязаны з гісторыяй ІКТ-індустрыі: ад тэлеграфа да нейрасеткі. Сярод экспанатаў — і адзін з першых савецкіх тэлефонаў, і банкаўскі тэрмінал, які калісьці прадстаўлялі на «ТІБА» як інавацыйны праект. А гісторыю галіны ў асобах намаляваў і агучыў штучны інтэлект.

— Музей — сумесны праект арганізатараў «ТІБА» і кампаніі «Фарба», — расказвае Максім, супрацоўнік галерэі FARBA. — Да кожнага з вынаходстваў з дапамогай штучнага інтэлекту мы намалявалі партрэты іх аўтараў — навукоўцаў, якія і стварылі ўсю гэтую гісторыю: ад тэлеграфа і першых тэлефонаў да камп’ютараў. Дзякуючы нейрасеткам мы падарылі ім голас, і з дапамогай QR-кода кожны наведвальнік можа паслухаць, як Сэмюэл Морзэ або Аляксандр Бэл расказваюць пра свае вынаходкі.

У завяршэнні экспазіцыі можна ўбачыць, як нейрасетка змяняе вас на экране ў рэжыме рэальнага часу пад тыя ці іншыя зададзеныя параметры, а таксама паглядзець імерсіўны фільм «Штучны інтэлект — мастак ці машына?» (калі вы, як і я, былі не ў курсе, то ведайце: імерсіўнасць — гэта спосаб успрымання, што стварае эфект паглыблення ў штучна створанае асяроддзе).

Разумны горад

РУП «Белтэлекам» сёлета выступіў генеральным партнёрам «ТІБА» — прадставіў найбуйнейшую ў сваёй гісторыі экспазіцыю. Прадпрыемства працуе над маштабнай лічбавай экасістэмай, якая адкрывае свет новых магчымасцей кожнаму, дапамагаючы ствараць устойлівую гарадскую прастору і паляпшаць якасць жыцця, расказалі ў кампаніі. Сутнасць праекта ў тым, што сучасныя тэхналогіі інтэгруюцца ў гарадскую прастору. На «ТІБА-2024» «Белтэлекам» прэзентуе ідэю высокатэхналагічнага горада, дзе ёсць зоны адпачынку, зарадныя станцыі, «разумныя» офісы і кватэры. «Разумны горад» — агульнасусветная тэндэнцыя развіцця сучасных населеных пунктаў: канцэпцыя інтэграцыі інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій і так званага інтэрнэту рэчаў для арганізацыі гарадскога асяроддзя.

— «Разумны горад» дазваляе жыхарам узаемадзейнічаць з усёй гарадской інфраструктурай, — тлумачыць спецыяліст РУП «Белтэлекам» Віялета Скрыпко. — Прадстаўлена яна, у прыватнасці, дадаткам «Мой горад», што акумулюе ў сабе самыя запатрабаваныя сферы таго ці іншага рэгіёна. Інфармацыя згрупавана па зразумелых тэматычных раздзелах. Дастаткова спампаваць дадатак на свой смартфон, зарэгістравацца, і ўвесь горад і нават раён — у вас на далоні.

Мабільны дадатак «Мой Горад» дазваляе гараджанам атрымаць просты і хуткі доступ да дзяржаўных і прыватных арганізацый, дзякуючы чаму ўзаемадзеянне з горадам становіцца лёгкім і зручным.

— Пачыналі лічбавізацыю мы з невялікіх гарадоў з насельніцтвам да 20 тысяч.

Сёння дадатак працуе ў 56 гарадах, — распавяла суразмоўніца. — Гэта адзін з элементаў «Разумнага горада». Акрамя таго, сюды ўваходзяць і інфраструктурныя рашэнні, такія як «Разумныя прыпынкі» (першым імі будзе абсталяваны горад Жодзіна), а таксама «Разумны офіс» і «Разумны дом». «Белтэлекам» будуе адзіную сістэму горада, як мы яе бачым — глабальную сістэму, якая дазваляе чалавеку закрыць усе яго патрэбы.

Іншымі словамі, лічбавыя тэхналогіі ўкараняюцца ў жыццё горада з мэтай паляпшэння ўмоў існавання яго жыхароў, удасканалення інфраструктуры, мадэрнізацыі дзяржаўных паслуг, пашырэння магчымасцяў кожнага чалавека, забеспячэння экалагічнай устойлівасці і паскарэння эканамічнага развіцця. А «разумны офіс» і «разумны дом», у сваю чаргу, вырашаць за вас мноства руцінных задач — іх сістэма выконвае ў аўтаматычным рэжыме або па камандзе.

Знаёміў наведвальнікаў з паслугамі «Белтэлекам» робат, які ўмее танцаваць, можа вас сфатаграфаваць і заўсёды гатовы падтрымаць любую размову. А ідэю «Разумнага горада» ілюстраваў робат-сабака — чароўная і амаль жывая істота. Робат-сабака быў улюбёнцам дзяцей, і гэта не дзіўна, бо лічбавы гадаванец бегае за вамі, выконвае ўсе каманды, падае лапу і віляе хвастом.

Робаты і стацалёвы «Гарызонт»

Наогул, на «ТІБА-2024» прасочвалася відавочнае захапленне робатамі: іх было шмат, яны былі розныя, але ўсе былі пацешнымі ды мілымі і радавалі наведвальнікаў ад малых да вялікіх. Напрыклад, усеагульную ўвагу нязменна прыцягваў робат-павук — ён, дарэчы, быў непаслухмяным, збягаў ад «гаспадароў» і чапляўся да наведвальнікаў.

— Мы распрацоўваем мноства робатаў: гэта і колавы робат, і робат-сабака, і гусенічны, і яны ўсе працуюць у сістэме, — распавёў студэнт-першакурснік БНТУ, што злавіў «павука», які ўцёк. — Пакуль што робат-павук толькі для забавы, але мы плануем паставіць на яго абсталяванне, каб ён быў робатам-рамонтнікам. І ў цэлым, у далейшым нашы робаты змогуць працаваць на прадпрыемствах Беларусі. Але пакуль што мы — першы курс, так што ў нас яшчэ толькі доследныя ўзоры. Спадзяёмся, будзем развівацца. Ад падобных, здавалася б, непрактычных распрацовак ёсць вялікая практычная карысць. Каб зрабіць такога робата, трэба мець добрыя веды ў праграмаванні, канструяванні, электроніцы. Каманда БНТУ ўдзельнічае ў спаборніцтвах «Бітва робатаў». У гэтым годзе заняла 8-е месца сярод 64 каманд з усяго свету ў адборы і цяпер рыхтуецца непасрэдна да чэмпіянату.

А тэму хатняй утульнасці ў футурыстычным фармаце працягнуў стэнд холдынга HORІZONT, які прадставіў як інтэр’ерныя празрыстыя тэлевізары для іміджавых функцый, так і сучасныя рашэнні для дома.

— Празрысты тэлевізар выкарыстоўваецца як дэталь сучаснага інтэр’ера — для прэзентацый або інсталяцый, — тлумачыць намеснік кіраўніка дэпартамента прасоўвання і продажу холдынга «Гарызонт» Аляксандр Янкоўскі. — Гэта варыянт хутчэй для офіса. А для дома мы прадставілі тэлевізар са стацалёвай дыяганаллю, самай вялікай на сённяшні дзень. Тэлевізарам можна кіраваць з дапамогай галасавых памочнікаў, а алгарытмы штучнага інтэлекту паляпшаюць якасць выявы. Тэлевізары выконваюцца як ва ўжо звыклым выглядзе (іх можна паставіць ці павесіць на сцяну), так і з саўндбарамі — сучаснымі гукавымі панэлямі.

Прадставіў «Гарызонт» і беларускі ноўтбук: новыя мадэлі H-book і H-book PRO адрозніваюцца палепшанымі тэхнічнымі магчымасцямі і сучасным дызайнам, растлумачыў суразмоўца. Яны ўжо ёсць у продажы.

Інавацыі для аграрыяў і ўрачоў

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіла сёлета на «ТІБА» больш за 60 інавацыйных распрацовак. У тым ліку ў сферы электратранспарту. Гэта электрасамакаты, электравеласіпеды і скутары.

— Ёсць таксама электраквадрацыклы, — дадае начальнік навукова-даследчага аддзела ААТ «Прыборабудаўнічы завод Аптрон» НАН Беларусі Ігар Хроль. — Плануецца, што хутка такія квадрацыклы будуць запушчаны ў вытворчасць. Іх можна выкарыстоўваць для розных мэт — ад сельскагаспадарчай сферы да патрулявання граніцы.

Цікавую распрацоўку для сельскай гаспадаркі прадставіла кампанія «Тэхналогіі земляробства» сумесна з Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. Гэта штучны інтэлект, што валодае ведамі ў сферы аграрнай навукі.

— Ён трымае ў памяці падручнікі і розныя навуковыя крыніцы інфармацыі, — расказвае адзін з распрацоўшчыкаў, інжынер-праграміст ТАА «Тэхналогіі земляробства» Андрэй Камісараў. — Праграмным забеспячэннем можна карыстацца з тэлефона: з поля, з кабіны камбайна. Дадатак на базе штучнага інтэлекту «Лічбавы аграном» — гэта свайго роду памочнік і дарадца.

Пакуль што развіццё «Лічбавага агранома» — на ўзроўні студэнта сельскагаспадарчай акадэміі, тлумачыць Андрэй. Але студэнта-выдатніка, і гэта нядрэнны вынік. Бо «аграном» яшчэ вельмі малады.

— У далейшым яго ўзровень будзе падымацца, — кажа суразмоўца. — Мы працуем над гэтым.

Медыцынская сфера ў гэтым годзе — у зоне асаблівай увагі. Так, адна з апошніх распрацовак НАН — прыстаўка для інваліднай каляскі, якая дазваляе выключыць ручное прывядзенне яе ў рух. Цяпер распрацоўка праходзіць сертыфікацыю і атрымлівае адабрэнне артапедаў, расказаў Ігар Хроль.

А яшчэ наведвальнікі «ТІБА-2024» змаглі ўбачыць інавацыйнае «начынне» «Разумнай аперацыйнай».

— Сёння беларускія хірургі маюць двухмерныя даныя, атрыманыя ад КТ і МРТ, — распавядае начальнік канструктарскага аддзела кампаніі ТДА «ТахатАксі» Антон Паўлаў. — Гэтыя даныя сістэма пераўтворыць у трохмерную прастору, якую можна назіраць у акулярах дапоўненай рэальнасці. І гэта дазваляе больш дэталёва і дакладна планаваць хірургічнае ўмяшанне.

Планаванне аперацыі займае да 90% часу хірурга, тлумачыць спецыяліст. Калі складаная аперацыя доўжыцца шэсць гадзін, значыць, у дзевяць разоў больш часу было выдаткавана на планаванне. А яшчэ стараннае і дэталёвае планаванне забяспечвае поспех аперацыі. Менавіта таму такая інавацыя важная.

— Да таго ж яна дазваляе паказаць маладым хірургам тыя ці іншыя нюансы і складаныя моманты не падчас аперацыі, а ў фармаце вучобы, — дадае Антон Паўлаў.

Новыя тэхналогіі вучобы

У цэлым, у полі зроку распрацоўшчыкаў — сучасныя тэхналогіі як эфектыўны сродак навучання (дарэчы, сёлета на «ТІБА» прадстаўлена 28 праектаў універсітэтаў і тэхнапаркаў сістэмы Мінадукацыі). Спецыяльна для старшакласнікаў і студэнтаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт распрацаваў трэнажор віртуальнай рэальнасці «Ствары атам». «Будаваць» атам можна ў рэжыме рэальнага часу, з гукавымі эфектамі і ацэньваючы наступствы ўздзеяння тых ці іншых хімічных элементаў на экалогію.

Больш за 20 інавацыйных распрацовак прадставіў на «ТІБА-2024» БДУ. Сярод высокатэхналагічных прадуктаў вядучай ВНУ краіны значнае месца аддадзена менавіта адукацыйнай сферы. У ліку навацый ВНУ — вучэбна-даследчы комплекс для вывучэння прынцыпаў пазіцыянавання сістэм з сонечнымі панэлямі, мадуляцыяй і лазернай перадачай сігналаў. З дапамогай комплексу студэнты атрымліваюць магчымасць больш дэталёва вывучыць асновы оптыкі, лазернай фізікі, праграмавання і радыёэлектронікі. А для школьнікаў і абітурыентаў універсітэт распрацаваў камп’ютарныя праграмы па навучанні алгарытмічнаму мысленню ў фізіцы і матэматыцы «eFM». На хвалі ўсеагульнага захаплення робатамі студэнты БДУ прадставілі робат-маніпулятар з электронным кіраваннем «Шах&Мат». А цэнтр робататэхнікі галоўнай ВНУ краіны стварыў навучальны робататэхнічны канструктар «RoboCake».

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Зазірнуць у будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.