Вы тут

Трактар на газе, «Адыгейскі сыр» і мініяцюрная цяпліца — чым уразіў «Белагра-2024»


Падчас Беларускага аграрна-прамысловага тыдня мы шмат чаго паглядзелі, памацалі і пакаштавалі. Цяпер дзелімся ўражаннямі.


Трактар ужо на газе

Вядучы спецыяліст па рэкламе і выстаўках МТЗ Васіль Гнедчык можа расказваць пра тэхніку гадзінамі, але ёсць сярод іх асаблівыя «таварныя адзінкі». Ён лічыць, згодна з эканамічнай мэтазгоднасцю, трэба газіфікаваць не толькі легкавыя аўтамабілі, але і сельскагаспадарчую тэхніку. Васіль Гнедчык паказаў нам даволі буйны трактар, магутнасцю 210 конскіх сіл, на ім усталяваны рухавік, які працуе на звадкаваным газе. Гэта значыць, падаецца газапаветраная сумесь у цыліндр, дзе яна запальваецца з дапамогай свечкі запальвання, як у бензінавым рухавіку. Гэта дае перавагу ў набіранні хуткасці і магутнасці ходу ў адрозненне ад дызельнага рухавіка. Адзінае адрозненне гэтага трактара — прысутнасць двух балонаў са звадкаваным газам, якія разлічаны для бесперабойнай работы на працягу васьмі гадзін у палявых умовах.

Васіль Гнедчык разлічвае, што выстаўку наведаюць прадстаўнікі розных краін, у тым ліку газаздабыўных. Спецыялісты павінны зацікавіцца нашай тэматыкай, таму што наш трактар не трэба спецыяльна пераабсталёўваць, а значыць, ён выйграе па якасці і нават па цане. Ужо цяпер наш завод можа прыняць заказ на выпуск 500 адзінак такой тэхнікі ў год. Трэба дамаўляцца і ўносіць частковае фінансаванне ўжо цяпер.

Паводле старажытных рэцэптаў

Вы калі-небудзь бачылі каравай хлеба памерам у вялікі саламяны капялюш? Вось і я не бачыў да знаёмства з прадукцыяй булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». Намеснік генеральнага дырэктара гэтага прадпрыемства па камерцыйных пытаннях Нэлі Бакасава адзначыла, што свае таемныя рэцэпты яны захоўваюць за сямю пячаткамі. Яна лічыць, што старажытнаславянскія напрацоўкі самыя здаровыя і самыя смачныя. Трэба толькі пакаштаваць.

Аднак і навінкі тут таксама рабіць умеюць. Напрыклад, непасрэдна да выстаўкі ў кампаніі з’явіўся хлеб з кавалачкамі сала. Яго пакаштаваў і наеўся, таму што сытна. На аматара хлеб з журавінамі, з вінаградам, з кляновым лісцем і з вэнджанымі таматамі. Ёсць спецыфічныя вырабы з семем лёну, з морквай, са шпінатам і куркумой, нават грэчкай.

Але самы адметны хлеб — волат, які важыць больш за два кілаграмы. Ён робіцца з двух відаў цеста — жытняга і пшанічнага. Такі хлеб замешваюць выключна ўручную, каб ствараць мастацкую структуру і афарбоўку на разрэзе.

Спецыяліст па продажы інавацыйнай кампаніі «Біякам Тэхналогія» Віктар Міронаў прадстаўляе зборачны вузел сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён паказаў нам спецыяльны апырсквальнік пестыцыдамі і матэрыяламі для апрацоўкі раслін (хімічная праполка і падкормка). Машына з вялікімі коламі, якую прывезлі на выстаўку, уяўляе сабой самаходны агрэгат са штангай захопу 24 метры. Гэтая тэхніка самастойна бачыць, дзе яна ўжо апрацавала глебу, і тыя фарсункі выбарачна ўключацца не будуць. Асноўны бункер палівальнага матэрыялу месціць у сабе чатыры тысячы літраў і дадатковы бак для чыстай вады на 600 літраў.

Кабіна мае чацвёрты клас абароны, дзе ўнутр нагнятаецца паветра і маецца вугальны фільтр. Апырсквальнік вырабляецца нашай краінай па ліцэнзіі вытворцаў заходніх краін. Некаторыя элементы мы вырабляем самастойна (бак на чатыры тысячы літраў і элементы абароны кіроўца). На бягучы момант ні ў электроніку, ні ў гідраўліку мы пакуль не ўмешваемся, падкрэсліў Віктар Міронаў.

Санкцыйная палітыка гэтых краін у свой час прымусіла пахвалявацца работнікаў гэтай кампаніі. На сёння яшчэ не ўсе праблемныя пытанні вырашаны, але... Бізнесы нашых краін упэўненыя, што мы павінны супрацоўнічаць, і таму апырсквальная машына з айчыннай зборкай выпускаецца на нашай тэрыторыі.

Ад чаго залежыць смак малака?

Усе мы апрыёры ведаем: каб карова давала шмат малака, яе трэба добра карміць. Але гэта не ўсё. Камфорт жывёл напрамую ўплывае на іх прадукцыйнасць. Айчынныя навукоўцы даказалі, што ў правільна ўладкаваным стойле каровы адпачываюць 12 гадзін у суткі, а ў нязручным — не больш за сем. А кожная дадатковая гадзіна ляжання каровы (на поўны страўнік) — гэта яшчэ 1 літр малака. Значыць, розніца паміж добрым і дрэнным станам ложка для каровы — ад 3 да 5 літраў малака за суткі.

На думку намесніка дырэктара па сельскай гаспадарцы прадпрыемства «Экапрадшына» канцэрна «Брэстмясамалпрам» Іосіфа Палхоўскага, лежакі для каровы ўжо вырабляюцца імі ў выглядзе матрацаў з прапіленавай тканіны, а ў якасці напаўняльнікаў выкарыстоўваецца гумавая крошка з элементамі тэкстыльнага корду. Характэрна, што гумавая крошка паступае на прадпрыемства з усёй краіны ў якасці гумы аўтамабільных шын, якія неабходна ўтылізаваць.

Ужо праверана на практыцы, што па сваіх параметрах матрацы імітуюць пашу і па шчыльнасці адпавядаюць прыроднаму грунту. А ў камфортным ляжачым становішчы праз вымя праходзіць на 50% больш крыві, чым у стаячым, што павялічвае якасць і колькасць малака.

Па перадавой тэхналогіі, матрацы ўкладваюцца на бетонныя пакрыцці з невялікім ухілам і хаваюцца пластом поліпрапіленавай тканіны, тэрмін службы якой больш за 10 гадоў. Агульная таўшчыня подсцілу складае да 15 сантыметраў. Іосіф Палхоўскі заўважае, што спецыяльная тэкстура паверхні верхняга матэрыялу забяспечвае адсутнасць слізгацення каровы. Дзякуючы мяккай паверхні жывёлы пры пасадцы не пашкоджваюць калені і суставы. У выніку памяншаецца траўматызм, а каровы паводзяць сябе спакойна. Яны лепш адчуваюць сябе ў стойле, памяншаецца стрэс, што станоўча адбіваецца на ўдоі малака.

На думку спецыяліста, у свой час падобныя матрацы закупляліся ў заходніх краінах, але вельмі дорага. Цяпер удалося правесці імпартазамяшчэнне, калі выраб аднаго месца для жывёлы ацэньваецца ў 370–390 рублёў або ў некалькі разоў танней, чым у імпартных вытворцаў.

Легендарны сыр з Адыгеі

Шэф-повар ад Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Уладзімір Жылін прапаноўваў усім гасцям выстаўкі прадэгуставаць прадукты, якія прынялі ўдзел у цэнтральным конкурсе «Смакі Расіі». Сярод найлепшых прадуктаў гэтага конкурсу нам далі пакаштаваць белеўскую пастэль, адыгейскі сыр, стаўрапольскія яблыкі і башкірскі мёд. Крыху пазней абяцалі дагестанскую бараніну і валгаградскае сметанковае масла.

Выбіраючы прадукты з рэгіёнаў, Уладзімір Жылін адзначыў менавіта адыгейскі сыр, які стаў нацыянальнай стравай чаркескай кухні, што вырабляецца толькі з каровінага малака.

Брэндам «Адыгейскі сыр» ён стаў у 1980 годзе, калі пачалася масавая прамысловая вытворчасць. Эксперт заўважыў, што сапраўдны адыгейскі сыр пахне свежым малаком і палявымі кветкамі, адносіцца да дыетычных прадуктаў харчавання і валодае высокай харчовай каштоўнасцю. Акрамя таго, менавіта «Адыгейскі сыр» пастаўляўся на летнія Алімпійскія гульні 1980 года, а цяпер ён упрыгожвае экспазіцыю беларускай выстаўкі, падкрэсліў спецыяліст з Расіі.

Памідоры «чэры» спеюць на вачах

Аграхімік унітарнага прадпрыемства «Рудакова» Святлана Волкава прыехала на выстаўку з Віцебскай вобласці. Яна прывезлі на экспазіцыю мініяцюрную цяпліцу, каб паказаць, як у вытворчых умовах можна вырошчваць агароднінныя культуры, у тым ліку таматы і агуркі. Тэхналогія вырошчвання на мінеральнай ваце, куды паступае раствор пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваецца кропельны паліў і падкормка. Кожны метр такой цяпліцы за сезон дае да 50 кілаграмаў маленькіх і смачных таматаў.

Іх пачынаюць вырошчваць з першых дзён студзеня і завяршаюць апошняй дэкадай лістапада. Першыя чырвоныя плады тут атрымліваюць ужо ў канцы сакавіка, але... Апошнім часам пачалі эксперыментаваць са спецыяльнай падсветкай. Калі эксперымент пакажа станоўчыя вынікі, пяройдуць на вырошчванне гародніны і зялёных культур ужо на працягу года.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Дзівосы «Белагра-2024»

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.