Вы тут

Дэпутаты і кіраўніцтва «Белкаапсаюза» абмеркавалі далейшую стратэгію развіцця прадпрыемства


Тое, што сітуацыя там складаная, не сакрэт: у лютым прайшла вялікая нарада з удзелам Прэзідэнта, у красавіку пытанне разглядалася ўрадам. Сустрэча старшыні праўлення «Белкаапсаюза» Інесы Караткевіч, якая ўзначальвае структуру з лютага, з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў стала працягам сістэмнай работы па ўдасканаленні дзейнасці шматгаліновага прадпрыемства. Бо прычын для занепакоенасці застаецца, на жаль, нямала: амаль усе галіны прадпрыемства, за выключэннем нарыхтоўкі і вытворчай сферы, стабільнага прыбытку не прыносяць.


Фота: БелТА

Як справы?

Пасяджэнне пачалося з традыцыйнага агляду стану спраў у прадпрыемстве. Старшыня праўлення акрэсліла асноўныя кірункі дзейнасці спажыўкааперацыі, адначасова тлумачачы нюансы дзейнасці розных галін. Так, «Белкаапсаюз» — прадпрыемства шматгаліновае, мае велізарны патэнцыял і перспектывы. Таму і галоўнай задачай дзейнасці яго старшыня назвала максімальнае выкарыстанне ўсіх рэзерваў і выхад на бясстратную работу.

Яна адзначыла, што задача нялёгкая: ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі не толькі з боку айчынных гандлёвых сетак, але і замежных, вырашыць яе даволі складана. Цяпер канкурэнцыя ў гандлі ўвогуле вельмі вялікая, нават буйны рытэйл і найбольш важкія гульцы гэтага рынку не паказваюць звышпрыбыткаў, а зніжэнне фінансавых вынікаў у гандлі ўжо можна разглядаць як тэндэнцыю.

Тым не менш кіраўнік «Белкаапсаюза» ўпэўнена, што выканаць пастаўленыя Прэзідэнтам задачы прадпрыемству па сілах. Па яе словах, сёння мабілізаваны практычна ўсе рэзервы і першыя вынікі ўжо ёсць — чысты прыбытак за сакавік—красавік гэтага года склаў 4,6 млн рублёў (у мінулым годзе за гэты перыяд — больш чым 9 млн рублёў страт). Колькасць стратных арганізацый у структуры спажыўкааперацыі за гэты ж перыяд скарацілася з 47 да 25. Рост нарыхтоўчага абароту склаў 12,2%, вытворчасці прамысловай прадукцыі — 10,7%. Па рознічным тавараабароце тэмп росту — 100,5%, тавараабарот грамадскага харчавання — 102,4%. У красавіку аб’ёмы экспарту ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года павялічыліся ў 1,5 раза. Прыбыткова працуюць 77% арганізацый «Белкаапсаюза». Стабільныя вынікі паказваюць Брэсцкі, Гродзенскі і Магілёўскі рэгіёны. Расце і заработная плата — сярэдняя па прадпрыемстве вырасла на 14,7%, а непасрэдна прадаўцоў — на 21%. Няма і запазычанасцяў па яе выплатах. Назіраецца таксама рост аб’ёмаў вытворчасці практычна па ўсіх галінах: ад нарыхтовак да рознічнага гандлю.

Але ж у цэлым сістэма пакуль застаецца стратнай, хоць і значна знізіліся сумы страт — у 4,7 раза.

Якія праблемы?

Сярод асноўных праблем, якія перашкаджаюць нармальнай рабоце, Інеса Караткевіч назвала стратнасць прадпрыемстваў і разбалансаванасць разлікова-плацежнай дысцыпліны. Адмоўны ўплыў на фінансавае становішча аказвае гандлёвая сфера, якая стратная ажно з 2014 года. З аднаго боку, гэта валастваральная галіна (70% ад усёй дзейнасці), а з другога — страты, кампенсаваць якія за кошт унутраных крыніц пакуль няма магчымасці. Асноўны артыкул страт — транспартныя расходы. А кампенсаваць іх, напрыклад, уключэннем у цану тавараў нельга. Па той простай прычыне, што іх кошт стане значна большым за аналагічныя ў гарадскіх крамах. Ніхто не будзе спрачацца — такі падыход непрымальны: і горад, і вёска павінны атрымліваць аднолькавыя тавары як па кошце, так і па якасці і па асартыменце.

За 2014–2023 гады сума назапашаных страт склала звыш 200 млн рублёў. Лічба велізарная, але на тое ёсць і аб’ектыўныя прычыны. Статыстыка сведчыць, што стратнасць у спажыўкааперацыі найбольшая сярод усіх гандлёвых арганізацый краіны. А чаму так? Адказ просты: менавіта на «Белкаапсаюзе» ляжыць абавязак абслугоўвання вясковага насельніцтва — 60% гандлёвых плошчаў «Белкаапсаюза» размешчаны ў сельскай мясцовасці. Відавочная дыспрапорцыя, якая да таго ж не карэлюецца размеркаваннем пакупнікоў, зазначыла Інеса Караткевіч. Сапраўды так. Па апошніх даных у гарадах пражывае больш за 78% насельніцтва Беларусі. Зразумела, што нават разліковая колькасць пакупнікоў у спажыўкааперацыі заведама меншая, чым у іншых гандлёвых арганізацый. Больш за тое, «Белкаапсаюз» захоўвае стацыянарныя крамы ў вёсках з колькасцю жыхароў менш за 200 чалавек, якіх на сёння больш за адну тысячу і якія абслугоўваюць каля 123 тысяч чалавек. А кожная такая крама разлікова дае 1,4 тысячы страт у месяц…

Вядома, гаворкі аб спыненні гандлёвага абслугоўвання маланаселеных вёсак не ідзе, але прыйшоў час яго змяніць і перайсці на аўтакрамы. Кіраўнік дзяржавы, па словах Інесы Караткевіч, прапанову падтрымаў. І ў гэтым выпадку значна ўзрастае роля дэпутатаў усіх узроўняў. Яны бліжэй за ўсіх да людзей, і менавіта яны павінны дапамагчы ў растлумачальнай рабоце. Да іх прыслухаюцца, яны знойдуць правільныя словы, упэўнена старшыня «Белкаапсаюза». Так, меры непапулярныя, але ў дадзеным выпадку, у дадзены момант абсалютна апраўданыя. Дарэчы, аўталаўкі таксама не прыбытковая сфера дзейнасці, яе адносяць да планава-стратнай, але ж расходаў на яе ўсё ж менш.

Працягваючы тэму ўзаемадзеяння з уладнымі структурамі, Інеса Караткевіч выказала надзею на больш высокі ўзровень узаемаразумення ва ўмовах сур’ёзнай фінансавай нагрузкі на спажыўкааперацыю. Яна адзначыла, што арганізацыі структуры «Белкаапсаюза» адчуваюць гэтую падтрымку, але ў ёй няма сістэмнасці, няма выпрацаваных адзіных падыходаў да арганізацыі гандлёвага абслугоўвання ў рэгіёнах. Як прыклад — узгадненне маршрутаў аўтакрам, якое адбываецца па заяўным прынцыпе. Часам бывае, што ў вёску, дзе працуе крама спажыўкааперацыі, прыязджае яшчэ і аўтакрама ад іншых гандлёвых сетак. Ці не абсурд?

Больш за тое, не рэдкасць і такая з’ява, калі індывідуальныя прадпрымальнікі, напрыклад, абслугоўваюць насельніцтва толькі ў цёплы сезон, а з надыходам халадоў тэхніка пачынае «ламацца» і людзі застаюцца без крамы. Дарэчы, і буйныя рытэйлеры, калі «заходзілі» ў раёны, таксама дэкларавалі, што будуць гандляваць і ў вёсках. Аднак на справе ўсё, так бы мовіць, не зусім так. Рэгулярна калясяць па раёнах толькі аўтакрамы спажыўкааперацыі. Логіка камерцыйных структур зразумелая: выгада найперш. Але як з імі канкурыраваць тым, для каго сацыяльная адказнасць не пусты гук? Кааператыўны гандаль адносіцца менавіта да апошніх. На сустрэчы з дэпутатамі Інеса Караткевіч так прама сказала: «Аўтакрамы — гэта не бізнес, а сацыяльная адказнасць». Сапраўды, у любую пагоду, на любую адлегласць, няважна, колькі там пакупнікоў будзе (і ці будуць яны ўвогуле), — аўталаўка едзе. Між іншым, за мінулы год аўтакрамы «Белкаапсаюза» праехалі больш як 14 млн кіламетраў. Гэта 36 разоў да Месяца і назад. Таму, калі глядзець на праблему з улікам вышэйзгаданых акалічнасцяў, ідэя стварэння ў рэгіёнах фондаў для пакрыцця транспартных расходаў спажыўкааперацыі не выглядае дрэннай. 

А чаму і не? Калі рытэйлер не жадае абслугоўваць вёску, то хай кампенсуе расходы тым, хто гэта робіць. Тым больш што абяцалі…

А для спажыўкааперацыі гэта стала б глытком свежага паветра. Не «вымываліся» б абаротныя сродкі, можна было б своечасова разлічвацца з пастаўшчыкамі і ўкладваць грошы ў мадэрнізацыю. Але ж пакуль гэтага няма. Ускладняе выхад з няпростай сітуацыі і тое, што пастаўшчыкі не згаджаюцца даваць тавар пад рэалізацыю, а толькі па перадаплаце. Інеса Караткевіч заўважыла, што выдатна разумее перасцярогі вытворцаў і пастаўшчыкоў, — апошнім часам плацежная рэпутацыя «Белкаапсаюза» вымушае жадаць лепшага. І ўсё ж, як кажуць у народзе, зусім не варта з-за аднаго дрэннага ўчынку забываць усё добрае, што было. Да таго ж, адмаўляючы ў пастаўках спажыўкааперацыі, вытворцы губляюць пакупнікоў у рэгіёнах і незаўважна, без відавочнай канкурэнцыі, ужо пачынаюць прайграваць замежным вытворцам аналагічных тавараў, якія прасоўваюць іх праз электронны гандаль. Пры гэтым доля айчынных тавараў у крамах «Белкаапсаюза» даходзіць да 90%. Так, некаторыя ківаюць на тое, што доля кааператыўнага гандлю не такая ўжо вялікая ў структуры рознічнага абароту краіны — усяго 12%. Яны, можа, і маюць рацыю. Але маюць рацыю і тыя, хто ўпэўнены: вялікія страты пачынаюцца з дробных. Тым больш што аб’ёмы адгрузкі «Белкаапсаюзу» некаторых айчынных тавараў даходзяць да 20% ад агульнай колькасці. А гэта ўжо адчувальна.

Нельга скідваць з рахункаў і той факт, што група сацыяльна значных тавараў у большасці прадстаўлена менавіта ў магазінах «Белакаапсаюза». Што гэта азначае? Толькі тое, што па высокаліквідныя тавары пакупнік ідзе да прыватніка, чые гандлёвыя пункты часам адчыняюцца «дзверы ў дзверы» з кааператыўнымі, а па танныя сацыяльныя — у райспажыўтаварыства. Ці гэта роўныя канкурэнтныя ўмовы? Відавочна, не.

Трэба адзначыць і тое, што «Белкаапсаюз» падыходзіць да вырашэння праблемы з запазычанасцямі адказна і сістэмна, імкнецца паступова скарачаць іх. Але акрамя фінансавых фактараў існуюць яшчэ і тэхнічныя, а таксама шэраг аб’ектыўных, звязаных з гістарычным развіццём спажыўкааперацыі.

Якое выйсце?

Як адзначыла Інеса Караткевіч, у прадпрыемстве распрацавана праграма рэфармавання спажывецкай кааперацыі на 2024–2025 гады. Яна прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў літаральна па ўсіх напрамках дзейнасці «Белкаапсаюза»: ад рэфармавання арганізацыйнай структуры прадпрыемства да ўдасканалення бізнес-працэсаў.

Так, прадугледжана змяненне фармату абслугоўвання вёсак з насельніцтвам меней за 200 чалавек і аптымізацыя 585 стацыянарных крам за кошт пашырэння зоны дзейнасці і павелічэння колькасці маршрутаў і набыцця дадатковых аўтакрам. У рознічнай сетцы плануецца ўвод новых гандлёвых аб’ектаў і аднаўленне работы раней зачыненых. Зменіцца і дастаўка тавараў: цяпер ухіл будзе на цэнтралізаваныя пастаўкі прадукцыі непасрэдна ў гандлёвыя аб’екты, што дазволіць скарыстаць складскую гаспадарку, а таксама дагружаць аўтакрамы без заезду на склады. Пашырыцца асартымент і загрузка аўталавак — да 60% ад узроўню стацыянарных крам. Прычым, як і раней, прыярытэт будзе аддавацца айчынным таварам.

Адна з мэт у грамадскім харчаванні — арганізацыя дзейнасці аб’ектаў брэндавага фармату. Зразумела, што працягнуцца рамонты і рэканструкцыя аб’ектаў, адкрыццё новых, у тым ліку і сезонных. Пры ўмовах комплекснай аўтаматызацыі працэсаў вытворчасці і рэалізацыі, набыцця сучаснага, энергазберагальнага, тэхналагічнага абсталявання гэтыя захады павінны даць плён.

Што да закупак сыравіны і экспартных паставак, то тут таксама акрэслена сур’ёзнае поле дзейнасці. Будуць перагледжаны арганізацыя работы прыёманарыхтоўчых пунктаў і методыка рэгулявання закупачных цэн. Плануецца таксама набыццё спецтэхнікі, тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя жывёлабойных пунктаў. У экспартнай дзейнасці — пашырэнне прысутнасці прадпрыемстваў спажыўкааперацыі на рынках краін — удзельніц ЕАЭС.

Прамысловая галіна ў структуры «Белкаапсаюза» сёння мае найлепшыя паказчыкі, аднак і яе чакае рэфармаванне: набыццё спецыялізаванага транспарту, у тым ліку хлебавозаў, мадэрнізацыя мясаперапрацоўчага комплексу, аптымізацыя сабекошту вытворчасці, пашырэнне рынкаў збыту за кошт пазасістэмных паставак.

Таксама ва ўрадзе разглядаецца праект указа Прэзідэнта, які дазволіць спажыўкааперацыі выйсці са складанай сітуацыі. Дакументам прадугледжана магчымасць набыцця ў 2024–2026 гадах 260 аўтакрам у лізінг. Аплата будзе за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў на раўнадолевай аснове, а выплаты ўзнагароды лізінгадаўцам — за кошт арганізацый спажыўкааперацыі — лізінгаатрымальнікаў. Гэта, безумоўна, вельмі значная дапамога прадпрыемству, як і дадатковае крэдытаванне для разлікаў з беларускімі вытворцамі за спажывецкія і прамысловыя тавары.

У праект указа закладзена таксама кампенсацыя расходаў па дастаўцы тавараў у сельскую мясцовасць — штогадовае пакрыццё іх за кошт мясцовых бюджэтаў у памеры поўнага кошту ГЗМ на аўталаўкі і дастаўку тавараў у стацыянарныя вясковыя магазіны. Немалаважнай будзе і навацыя, якая дазволіць праводзіць аўтаматызацыю з выкарыстаннем сродкаў мясцовых інавацыйных фондаў. Гэта ж датычыцца і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы: мясцовыя выканаўчыя органы ўлады змогуць накіроўваць сродкі абласных бюджэтаў на рамонт, будаўніцтва і рэканструкцыю гандлёвых і прамысловых аб’ектаў спажыўкааперацыі.

У якасці высновы можна адзначыць, што мерапрыемствы, прадугледжаныя праектам указа, акрамя фінансавага, маюць і другі бок. Яны паказваюць, што дзейнасць спажыўкааперацыі ў нашай краіне — справа дзяржаўная, і дзяржава не пакіне прадпрыемства сам-насам з праблемамі. Таму што менавіта ад работы «Белкаапсаюза» залежыць якасць жыцця вёскі. А страціўшы вёску — страцім краіну, сказаў у свой час Прэзідэнт.

У заканчэнні сустрэчы Інеса Караткевіч адказала на пытанні дэпутатаў, якія закраналі амаль усю сферу дзейнасці прадпрыемства: ад асартыменту аўтакрам да гатоўнасці «Белкаапсаюза» забяспечыць мабілізацыйныя мерапрыемствы.

Даслоўна

Алена Лапцева, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве:

«Неабходнасць сустрэчы выклікана тым, што абноўлены склад дэпутацкага корпуса і трэба выпрацаваць напрамкі сумеснай работы з сістэмай „Белкаапсаюза“. Безумоўна, яна будзе накіравана на ўдасканаленне якасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, найперш вясковага. Таксама сумесныя дзеянні будуць спрыяць павышэнню эфектыўнасці гаспадарання сістэмы спажывецкай кааперацыі ў цэлым.

Дэпутацкі корпус гатовы сёння дапамагчы прадпрыемству, падставіць плячо, разабрацца ва ўсіх пытаннях. Мы гатовы да сумеснай работы. Адзначу, што дэпутатамі мінулага склікання напрацаваны добры вопыт узаемадзеяння з гандлёвай сферай і мы працягнем гэтую работу».

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.