Вы тут

У суботу ў Гродне ўрачыста стартаваў Фестываль нацыянальных культур


Калонны нацыянальных дыяспар тэатралізаваным шэсцем прайшлі па пешай вуліцы горада на Савецкую плошчу, дзе ўстаноўлена галоўная сцэна фестываля. Афіцыйная частка пачалася з прывітальнага ліста Прэзідэнта Беларусі. Пасланне агучыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Тэма сям’і, якая гучыць лейтматывам фестываля, прысутнічала і падчас адкрыцця свята. Так, на сцэне адбыўся вясельны абрад, у ходзе якого прадстаўнікі нацыянальных дыяспар адорвалі маладых беларусаў сваімі падарункамі — прадметамі, якія прысутнічаюць на вяселлі ў розных культурах: упрыгожваннямі, галаўнымі ўборамі, прадметамі побыту, пачастункамі.


«Гэта яскравая падзея стала неад’емнай часткай культурнага жыцця нашай дзяржавы, — гаворыцца ў прывітальным лісце Прэзідэнта, які быў зачытаны на ўрачыстым адкрыцці фестываля. — Дзякуючы такому знакаваму міжнароднаму праекту, мы маем унікальную магчымасць назіраць за суквеццем талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, якія пражываюць у міры і згодзе на беларускай зямлі». 

Гродзенцы любяць фестываль. У гэты дзень у горад прыязджае і нямала гасцей. Асаблівы інтарэс прадстаўляе яскравае тэатралізаванае шэсце. Калонны ўсіх дыяспар-удзельнікаў праходзяць па вуліцы, паабапал якой іх вітаюць шматлікія гродзенцы. Прыходзяць сюды цэлымі сем’ямі, чуваць словы «прывітанне», «салам алейкум», «шалом», «лабас вакарас»... Удзячныя гараджане не хаваюць сваіх эмоцый, падтрымліваюць удзельнікаў шэсця.

Трэба сказаць, што крыху сапсаваў настрой праліўны дождж, але ён толькі ненадоўга затрымаў рух, неба праяснілася і калонны рушылі па сваім маршруце.

Больш за 850 удзельнікаў 36 нацыянальнасцяў аб’ядналіся ў адзіную дружную сям’ю, каб прадэманстраваць сваю разнастайнасць і разам з тым згоду і мір на беларускай зямлі. Упершыню ўдзельнікамі фестываля сталі бураты, егіпцяне, манголы і камерунцы. У складзе калонны — музычныя калектывы этнічных аб’яднанняў і культурных калектываў. Па словах арганізатараў, сёлета фестываль прымае самую вялікую колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю, якая бярэ пачатак з 1996 года. 

Гучаць песні, грымяць барабаны, выконваецца яскравая лезгінка, кружацца карагоды — усё гэта не пакідае раўнадушнымі прысутных, яны падбадзёрваюць калонну, віншуюць яе ўдзельнікаў са святам. Бадай, тысячы гараджан і турыстаў з усіх куткоў Беларусі прыехалі сюды, каб апынуцца ў эпіцэнтры гэтых незабыўных падзей. Пад гукі апладысментаў дыяспары ў сваіх нацыянальных касцюмах прыбываюць да галоўнай сцэны фестываля.

Фестываль нацыянальных культур увайшоў у жыццё Гродзенскага рэгіёна атмасферай дружбы і адзінства, заявіў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. «Гэта каларытнае мерапрыемства адсылае да нашых вытокаў, традыцыі і культуры, дэманструе, што людзі розных нацыянальнасцяў могуць жыць у міры і згодзе. Разам працаваць і разам адпачываць. Мы ўсе розныя, і ў гэтым наша багацце», — падкрэсліў губернатар. Па яго словах, у Гродне і рэгіёне пражываюць больш за 90 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Ніхто ні з кім не канфліктуе, усе разам імкнуцца стварыць дабрабыт у агульным доме — Беларусі. 

Думкамі аб фестывалі падзяліўся намеснік прадстаўніка Кангрэса азербайджанскіх суполак Алег Бадалаў. 

—Тым, хто прыдумаў такі фестываль, я б помнік устанавіў. Гэта шыкоўная ідэя. Мы два гады яго чакаем, не можам дачакацца. Можа і Алімпіяду не так чакаюць, як мы гэты гродзенскі фестываль. Мы ўдзячныя, што можам паказаць свае нацыянальныя традыцыі, сваю культуру, што мы адначасова хлопцы з Азербайджана і дзеці Беларусі. Гэта дружба народаў важная заўсёды. Лічым, што Беларусь — самая талерантная краіна, — выказаў сваю ўпэўненасць Алег Багдалаў. 

У суботу галоўнымі кропкамі прыцягнення для наведвальнікаў фестываля стануць нацыянальныя падворкі, дзе прадстаўнікі этнічных дыяспар пакажуць свае абрады, кухню, музычную праграму. Сёлета арганізавана 19 падворкаў, якія размясціліся ў дворыках і на плошчах гістарычнага цэнтра горада.

Сёння адбудзецца афіцыйнае закрыццё фестваля з уручэннем каштоўных падарункаў — крыштальнай вазы з сімвалам фестываля — рознакаляровай кветкай.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.