Вы тут

З якімі пытаннямі звярталіся на прамую лінію да Субоціна


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін на мінулым тыдні правеў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію. Да кіраўніка вобласці звярнуліся 28 чалавек. 


Жыхарка горада Віцебска адпрацавала на ААТ «Віцебскія дываны» 32 гады, падчас выхаду на пенсію ў 2014 годзе не атрымала выхадную дапамогу, прадугледжаную калектыўным дагаворам. Прадстаўнікі прадпрыемства, якія прысутнічалі на прыёме грамадзян, адзначылі, што ў той перыяд выхадную дапамогу пры звальненні выплачвалі толькі пры адсутнасці дысцыплінарных парушэнняў за ўвесь перыяд работы, а ў заяўніцы ў 1991 годзе значыцца вымова за прагул. Цана пытання на сённяшні дзень — прыкладна 1200 рублёў. Аляксандр Субоцін, выслухаўшы ветэрана працы, папрасіў кіраўніцтва «Віцебскіх дываноў» больш дакладна вывучыць пытанне і па магчымасці дапамагчы былой работніцы, тым больш, што і парушэнне за тры дзесяцігоддзі ўжо страціла сваю сілу. «Але трэба быць уважлівымі падчас прапрацоўкі пытання і калектыўнага дагавора, каб не адкрыць скрыню Пандоры», — зазначыў ён. 

Вялікай дэлегацыяй на прыём да старшыні аблвыканкама прыйшлі прадстаўнікі таварыства ўласнікаў з дома № 8 па вуліцы Працы абласнога цэнтра. Не першы раз людзі звяртаюцца ў розныя інстанцыі, каб дом, пабудаваны чатыры гады таму, прывялі ў безаварыйны стан. Пры будаўніцтве былі дапушчаны памылкі, з некаторымі дом увялі ў эксплуатацыю, праз што цяпер пакутваюць людзі: патрабуюць умацавання фасады і балконы. Канфлікт з плоскасці тэхнічнай перайшоў у плоскасць міжасобасную паміж будаўнікамі і жыхарамі. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што ў такіх пытаннях людзі і прадстаўнікі адказнай арганізацыі павінны дзейнічаць адзіным арганізмам, і даў даручэнне ліквідаваць праблему да лістапада. 

Жыхар пасёлка Копысь Аршанскага раёна спачатку падзякаваў старшыні за дапамогу ў вырашэнні пытання за спортзалам. Мужчына адзначыў, што многія аднавяскоўцы вельмі хацелі б аднавіць мясцовую пякарню, якая была зачынена некалькі гадоў таму. Па словах заяўніка, хлеб там пяклі адмысловы, які карыстаўся попытам у насельніцтва, а зараз будынак руйнуецца. Яшчэ мужчына адзначыў, што для замацавання маладых кадраў у Копысі не хапае жылля, таму папрасіў дапамогі ў перадачы будынка былога лясніцтва ў жылы фонд. Заяўнік падкрэсліў, што патрабуе рамонту і будынак цэнтра народнай творчасці. Аляксандр Міхайлавіч адказаў, што кожны з пунктаў звароту будзе прапрацаваны, і мужчыне дадуць адказ. 

Апошнімі да губернатара звярнуліся людзі, якія набылі ўчастак пад будаўніцтва ў мікрараёне Біцялёва. На момант набыцця зямельнага ўчастка ніякай інфраструктуры ў мікрараёне не было, пакуль заяўнікі чакалі лепшага, у верасні бягучага года ўжо выходзіць тэрмін будаўніцтва і ўчастак могуць забраць. Мужчыны папрасілі кіраўніка вобласці дапамагчы падоўжыць тэрмін, бо людзі плануюць ужо заліваць фундамент і ўзводзіць сцены. Аляксандр Міхайлавіч даручыў камітэту па архітэктуры і будаўніцтве дэталёва разгледзець пытанне. 

Падводзячы вынікі асабістага прыёму грамадзян, старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што большасць праблем павінна вырашацца на месцах. «Калі кожны будзе выконваць сваю працу добра, пачынаючы ад будоўлі, рамонту і заканчваючы навядзеннем парадку, — не будзе праблем. Але ёсць і пытанні, якія патрабуюць больш уважлівага разгляду з боку вышэйшых службовых асоб. Як правіла, сюды заходзяць людзі, якія ўперліся альбо ў заканадаўчую сцяну, альбо так склаліся абставіны, што немагчыма вырашыць пытанне па-простаму. Тады даводзіцца прымаць неардынарныя рашэнні. Але каму трэба дапамагчы — мы дапамагаем», — заключыў Аляксандр Міхайлавіч.

Першым на прамую тэлефонную лінію звярнуўся жыхар Віцебска, які падзякаваў кіраўніцтву вобласці і горада за тую вялікую работу, якая апошнім часам праводзіцца па паляпшэнні сацыяльнай сферы. Аляксандр Субоцін падзякаваў за высокую ацэнку працы ўлады і паставіў мэту — зрабіць Віцебшчыну лепшым рэгіёнам у Беларусі.

Пра сваю шматгадовую праблему кіраўніку во распавялі віцябчане, якія пражываюць у шматкватэрных дамах № 116, 114, 108 на праспекце Фрунзэ. Дому № 116 не больш за 28 гадоў, але ён патрабуе дбайнай праверкі: працякае пасля вялікіх ападкаў, прамярзае ў халодную пару года, знасілася пакрыццё даху, у склепе пастаянна стаіць вада, пачынае асыпацца падмурак. Аляксандр Субоцін узяў гэта пытанне на кантроль і даручыў неадкладна правесці праверку стану будынкаў спецыялістам галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама.

Жыхарка Лукомля Чашніцкага раёна папрасіла не арганізоўваць базу па перапрацоўцы і сартаванні бытавых адыходаў у аграгарадку, гэта пытанне вырашылася адразу з мясцовымі ўладамі, а вось над станам дарог, на які заяўніца таксама звярнула ўвагу, яшчэ трэба папрацаваць.

Жыхары вуліцы Праўды і Лакаматыўнай горада Віцебска распавялі, што не заўсёды ў іх кватэрах ёсць гарачая вада. У першым выпадку вада не даходзіць канкрэтна ў ванную, у другім ёсць праблемы з цеплаабменнікам. Работнікі водаканала пра гэта ведаюць, але пакуль выніку іх працы няма. У доме № 24 па вуліцы Міра цячэ іржавая вада. «Агучаныя праблемы агалілі нашы недапрацоўкі. Нямала зроблена на Віцебшчыне ў рамках выканання праграмы „Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе“, але ўсё роўна застаюцца нейкія недахопы. Пастараемся ў самыя кароткія тэрміны іх выправіць», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла.

Мужчына распавёў, што выхоўвае 10-гадовае дзіця з інваліднасцю і ў пад’ездзе іх дома па праспекце Чарняхоўскага жыццёва неабходны пандус. Раней сям’я ўжо звярталася да адпаведных службаў з гэтым пытаннем, але атрымала адказ, што уладкаванне пандуса ў дадзеным выпадку не ўяўляецца магчымым. Па даручэнні Аляксандра Субоціна спецыялісты профільных ведамстваў правядуць агляд пад’езда на бягучым тыдні.

Усяго на прамую лінію да кіраўніка Віцебшчыны звярнуліся 24 чалавекі з Віцебска, Паставаў, Полацка, Оршы, Сянно, Гарадка, Чашніцкага і Полацкага раёнаў. Пытанні тычыліся работы сферы ЖКГ, землеўладкавання, рамонта дарог, працаўладкавання. 

«Сёння патэлефанавала больш віцябчан, чым жыхароў раёнаў. Гэта звязана з тым, што гараджане больш мабільныя, а сельскія жыхары крыху сціплей, яны больш разлічваюць на сябе. Хоць праблем, дробных і буйных, хапае ў кожным рэгіёне, не так хутка атрымліваецца іх вырашыць станоўча. А ў цэлым усе пытанні, якія паступілі на лінію, вырашальныя. Мы стараемся растлумачыць грамадзянам, што не так проста вылучыць сродкі на рэканструкцыю таго ці іншага аб’екта. Усе бюджэтныя пытанні плануюцца пад канкрэтныя мэты, іх нельга проста так „перакінуць“ на іншы рамонт. Гэта досыць складаны працэс. Дзякуючы асабістым прыёмам з грамадзянамі мы бачым надзённыя праблемы і стараемся максімальна хутка іх вырашыць», — падвёў вынікі работы Аляксандр Субоцін. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.