Вы тут

Удзельнікамі фестывалю ў Гродна сталі беларусы замежжа


У мінулым фестывалі нацыянальных культур бралі ўдзел беларусы замежжа. Сёлета іх унёсак у свята стаў больш яскравым — канцэртная праграма была пашырана, дзякуючы чаму падзяліцца тым, як яны захоўваюць нацыянальную культуру ў месцах пражывання, змаглі беларусы Польшчы, Расіі і Латвіі.


Так, на беларускім падворку сваю канцэртную праграму прадставілі знакаміты народны калектыў «Арляне» з Беласточчыны і ансамбль беларускай песні «Завіруха» з Рыгі. Вялікую канцэртную праграму «Бывайце здаровы, жывіце багата!» падрыхтавалі госці з Томска, адкуль прыехалі ажно два калектывы: ансамбль беларускай песні «Медуніца» і народны вакальны ансамбль «Белая Русь».

Сваімі ўражаннямі падзялілася намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томскай вобласці» Вікторыя Пастушкова: «Мы былі на падобным фестывалі ў Мінску, а ў Гродна прыехалі ўпершыню. Вельмі прыгожы горад, яскравы фестываль, арганізацыя на вышэйшым узроўні».

Як расказала Вікторыя, на тэрыторыі Томскай вобласці, у вёсках, дзе кампактна пражываюць беларусы, яшчэ можна пачуць беларускую мову. Наогул цікавасць да нацыянальнай культуры сёння надзвычай вялікая. З кожным годам арганізацыя прырастае, прычым сюды прыходзяць нават людзі, якія маюць ну «зусім глыбокія карані». Беларусы Томска праводзяць абрадавыя святы, а таксама мерапрыемствы рознай накіраванасці: культурныя, адукацыйныя, выхаваўчыя, якія могуць быць цікавыя дзецям, падлеткам ці дарослай аўдыторыі. Адно з іх — этнапедагагічны дэсант, калі нашы суайчыннікі выязджаюць у месцы кампактнага пасялення беларусаў. У гэты час праводзяцца майстар-класы па танцах і рамёствах, канцэрты, працуе перасоўная выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Падчас адкрыцця другога фестывальнага дню на беларускім падворку за значны ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускай культуры, а таксама з нагоды 25-годдзя грамадскай арганізацыі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч уручыў беларусам Томскай вобласці канцэртны баян.

Жаночыя сакрэты і мары пра мір ад удзельнікаў фестывалю 

Падчас Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур працавала 19 нацыянальных падворкаў, дзе прадстаўнікі розных народаў знаёмілі са сваёй культурай і традыцыямі. На падворку, які аб’яднаў афганцаў, казахаў, пакістанцаў, туркменаў і ўзбекаў я пазнаёмілася з Ахмад Нахід, якая прадстаўляла Афганістан. Жанчына ўжо 30 гадоў жыве ў Мінску, і прызналася, што Беларусь для яе сапраўды другі дом, у якім утульна, камфортна і бяспечна. Яна марыць, каб і на яе радзіме стала спакойна, каб там быў мір і парадак. Тады б больш людзей змаглі даведацца пра культуру і традыцыі яе народа і павучыцца, напрыклад, гатаваць смачныя пачастункі. Яна сказала, што заўважыла, што беларусы, калі знаёмяцца са стравамі афганцаў, заўсёды іх хваляць. Гасцям фестываля яна прапаноўвала пакаштаваць хатні лаваш, хаджур, салёныя і салодкія пірожныя, бахлаву і джылібі.

Песні і танцы яе краіны прадстаўляў дзіцячы калектыў «Афганістан». Дзеці ў нацыянальных строях спявалі пра любоў да радзімы і пра тое, каб быў мір і спакой ва ўсім свеце.

Таксама на гэтым падворку я заспела студэнтаў з Казахстана, якія расказвалі пра нацыянальныя стравы, прадукты, якія заслугоўваюць таго, каб з’явіцца на прылаўках у беларускіх крамах (напрыклад, сокі з Казахстана). Маладыя людзі сказалі, што казахі захоўваюць сямейныя традыцыі і пра некаторыя з іх можна даведацца дзякуючы нацыянальным строям. Так па ўбранні жанчын можна меркаваць пра іх статус і узрост. Напрыклад, галаўны убор нявесты саукіле, які меў форму конуса, у вышыню мог дасягаць 40 сантыметраў. Яго ўпрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Пасля жанчына магла насіць яго на розных урачыстасцях. А вось галаўны ўбор жанчын старэйшага узросту быў падобны на цюрбан і абрамляў твар жанчыны, закрываў шыю. Такая рэч дазваляла не толькі паказаць статус жанчыны, але і дапамагала схаваць праблемы, якія праяўляліся з узростам, напрыклад, абвіслую скуру, двайны падбародак. Дзякуючы, такому хітрыку жанчыне можна было выглядаць эфектна, маладзей за свій ўзрост.

Адлет Куандык, які атрымлівае адукацыю ў БДУІР, сказаў, што за час вучобы развеяліся многія стэрэатапы пра Беларусь, яе мову і культуру і нават пра тую ж бульбу, быццам беларусы толькі яе і ядуць. І хоць стравы з яе (дранікі, бабка, зразы) сапраўды аказаліся смачнымі, ён заўважыў, што наша кухня вельмі разнастайная і смачная. Я яшчэ ён уражаны каларытам. Так, у Гродне яму спадабаліся маленькія атмасферныя еўрапейскія вулачкі, а Мінск пакарыў сваёй прыгажосцю і чысцінёй.

Фестываль уразіў прадстаўнікоў Егіпта і Дагестана

Адной з зорак Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур стаў Эльшэрбіні Салах Мохамед Эльсайед. Ён сёлета быў адзіным прадстаўніком Егіпту. Малады чалавек далучыўся да адной з традыцый фестывалю — пасадзіў дрэва на алее сяброўства ў Каложскім парку. А падчас тэатралізаванага шэсця нацыянальна-культурных аб’яднанняў, адзіны прадстаўнік Егіпта, які пакараў усіх сваёй шчырай усмешкай, зрываў авацый гасцей свята не менш, чым вялікія калектывы іншых нацыянальнасцяў. Пра яго так і казалі «Прыгажун».

Ужо падчас сустрэчы на нацыянальным падворку, які аб’яднаў прадстаўнікоў Палестыны, Егіпта, Нігерыі і Камеруна Салах Мохамед Эльсайед расказаў, што вельмі ўражаны такім цёплым прыемам: «Людзі хлопалі мне, казалі, што рады бачыць, бо часта бываюць у Егіпце, дзе ім вельмі падабаецца адпачываць. Гродна вельмі прыгожы, еўрапейскі горад, ён назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. А фестываль — гэта нешта неверагоднае, аабліва ўвечары падчас шэсця і адкрыцця, калі столькі прадстаўнікоў розных народаў, усе танцуюць. Гэта крута. Фестываль паказвае, што Беларусь — мірная краіна, што яна адкрытая для ўсіх».

Салах Мохамед Эльсайед ужо восем гадоў жыве ў Беларусі, першая адукацыя (ён вучыўся на інжэнера-нафтавіка), якую ён атрымаў у Гомелі, давала яму магчымасць знайсці працу ў розных краінах, але ён папуль хоча жыць і працаваць у Беларусі. Ён адвуччыўся ў магістратуры, а цяпер у аспірантуры вывучае матэрыялазнаўства ў машынабудаванні і працуе з замежнымі студэнтамі — з’яўляецца супрацоўнікам аддзела па выхаваўчай рабоце ГДТУ імя Сухога. 

Сфатаграфавацца з прадстаўніком Егіпта прыходзілі і прадстаўнікі з іншых нацыянальных падворкаў. Сярод іх быў і Аляксей Дзямко, які прадстаўляў на фестывалі Дагестан. «Гэта ўнікальная падзея, не ва ўсіх краінах магчыма зрабіць свята такога маштабу. Фестываль дае цудоўную магчымасць пазнаёміцца з рознымі нацыянальнасцям , нешта даведацца пра культуру, нацыянальную кухню, пасябраваць з новымі цікавымі людзьмі, магчыма, павучыцца чамусьці. І гэта ўсё можна зрабіць за адзін дзень», —заўважыў хлопец.

Дагестан сёння актыўна развівае турызм, вясной ён прадстаўляў свой турыстычны патэнцыял у Мінску на Міжнароднай выставе-кірмашу «Адпачынак». Беларусам, якія выбіраюць гэты рэгіён для адпачынку, Аляксей Дзямко, параіў паглядець горы, пабываць у адным з самых старажытных гарадоў — Дзербенце, дзе багата адметных месцаў і шмат помнікаў архітэктуры.

Прывітанне з падворка грэкаў

Насычаную праграму да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур падрыхтавалі грэкі, на іх падворку гучалі балады, бытавыя і эпічныя спевы. Вядома, ж грэкі ўражвалі і антуражам, людзі, якія наведвалі іх стэнд, казалі, што адчуванне было, быццам патрапілі ў старажытную Грэцыю і сутыкнуліся з героямі міфаў.

Мне давялося пазнаёміцца з беларускімі грэкамі, якія сёння пражываюць ў Кобрыне і Мінску. Прадстаўнікі аб’яднання «Пелапанэс» расказалі, што пастараліся зрабіць акцэнт на народныя грэчаскія танцы. На падворку выступілі два ансамблі: падтрымаць калектыў з Беларусі і паказаць грэчаскую культуру прыехалі іх калегі з Масквы. 

Елізавета Сейспінава расказала, што прымае ўдзел у фестывалі з 2014 года, заўсёды з задавальненнем на яго прыязджае. Фестываль дорыць шмат сяброў, як з прадстаўнікоў іншых народаў, так і з грэкаў, якія жывуць у Беларусі ў розных гарадах і раней не былі знаёмыя адзін з адным.

Дзяўчына кожнае лета ездзіць адпачываць у Грэцыю. Яна, жыхарка Беларусі, заўважыла, што ў нашай краіне ёй падабаецца тое, што тут вельмі чыста і нават трава заўсёды падкошана. У Грэцыі, дзе вельмі суха, ніхто такім не займаецца, асабліва ж абурылі дзяўчыну частыя выпадкі вандалізму, калі хуліганы распісваюць балончыкам будынкі, нават старажытную архітэктуру.

Грэкі на сваім падворку сустракалі багатым пачастункам. Тут была халва, крэветкі, далма (галубцы ў вінаградных лістах), суўлакі (маленькія шашлычкі), крэветкі. запеканкі. Ну і як жа без алівак і сыру!

У гэтым годзе адна з ключавых тэм фестывалю нацыянальных культур — сям’я. Натуральна, я папрасіла расказаць пра незвачайныя вясельныя традыцыі грэкаў. Мне распавялі пра адну з іх. На шчасце маладых грэкі б’юць гіпсавыя талеркі. За адно вяселле могуць разбіць больш 150. На іх пасля танцуюць танец п’янага грэка, калі адзін з мужчын прыкідваецца нецвярозым. Ен выпівае «стопку» без дапамогі рук і разбівае яе.

Гродна наведалі госці з пародненага кітайскага горада

На фестываль нацыянальных культур у Гродна прыехала дэлегацыя з горада Луннань правінцыі Ганьсу. Яе ўдзельнікі ўпершыню ў Беларусі, хаця многія жыхары гэтай Кітайскай правінцыі ўжо добра знаёмыя з нашай краінай, бо Луннань і Гродна — пародненыя гарады. Госці выказалі пажаданні, каб сувязі паміж беларускім і кітайскім горадам развіваліся, каб краіны адчувалі падтрымку адна адной. Яны падзяліліся, што фестываль ім падарыў шмат яскравых уражанняў, тут столькі для іх новага і цікавага. Гродна гасцей уразіў сваёй прыгажосцю, архітэктурай, навакольным асяроддзем, зелянінай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.