Вы тут

Ігар Сергяенка правёў асабісты прыём грамадзян


Кола пытанняў, з якімі насельніцтва звяртаецца да Старшыні Палаты прадстаўнікоў, у цэлым да дэпутацкага корпуса, традыцыйна шырокае. Людзі агучваюць як асабістыя праблемы (кшталту рэалізацыі права на атрыманне зямельнага ўчастка або паляпшэнне жыллёвых умоў), так і калектыўныя. 


Фота БелТА

Менавіта з такім пытаннем да спікера Палаты прадстаўнікоў звярнуўся мінчанін Пётр Яўгенавіч. Мужчына агучыў даўнюю просьбу сваіх землякоў — жыхароў вёскі Альпень Столінскага раёна. Ëн расказаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце з ворагам змагаліся 124 уражэнцы населенага пункта, 33 з іх загінулі на фронце. Мясцовыя жыхары ажыццяўлялі і падпольную дзейнасць, за што была заплачана самая вялікая цана — сем чалавек загінулі ад рук фашыстаў. Аднак дагэтуль у вёсцы няма помніка або памятнага знака, які б увекавечваў памяць загінулых, ушаноўваў гераічны подзвіг землякоў. 

Ігар Сергяенка пацікавіўся, колькі жыхароў цяпер жыве ў вёсцы. 

«Звыш 400 чалавек», — сказаў Пётр Яўгенавіч. 

«Могілкі ёсць у вёсцы або побач з ёй?», — удакладніў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. 

Як высветлілася, ёсць, і не адны. Аднак там сярод іншых пахаваны тыя ветэраны, якія сышлі з жыцця пасля вайны. Помнік удзельнікам вайны ўстаноўлены ў суседняй вёсцы Велямічы, аднак на ім увекавечаны не ўсе прозвішчы. 

«Без памяці вёскі не будзе, — лічыць заяўнік і просіць дапамагчы ў вырашэнні гэтага пытання. — Шмат прыкладаў, у тым жа Столінскім раёне, калі аднаго чалавека застрэлілі і паставілі помнік».

Спікер адзначыў, што раздзяляе падыходы грамадзяніна, яго занепакоенасць, звязаную з увекавечаннем памяці ўраджэнцаў вёскі Альпень, якія змагаліся з ворагам у гады акупацыі. «Як гэта зрабіць, мы адпрацуем з Брэсцкім абласным саветам дэпутатаў, — канкрэтызаваў ён. — Разам з вашымі землякамі мы знойдзем варыянт вырашэння гэтага пытання. Я вас зразумеў, будзем займацца». 

Сяргея Уладзіміравіча ў Палату прадстаўнікоў прывяло пытанне, якое датычыцца як яго асабіста, так і ў цэлым бізнес-супольнасці.

Грамадзянін з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, добрасумленна плаціць падаткі і зацікаўлены ў роўнай канкурэнцыі. Ëн выказаў непакоенасць у тым, што шэраг індывідуальных прадпрымальнікаў увозяць тавары ў нашу краіну, не плоцячы падатак на дабаўленую вартасць. У сувязі з гэтым мужчына прапанаваў узмацніць падатковае заканадаўства, кантроль за яго выкананнем з боку кампетэнтных органаў. 

«Ведаю, як жыве наша краіна і чым яна дыхае, — дадаў Сяргей Уладзіміравіч. — Атрымліваецца, што індывідуальныя прадпрымальнікі працуюць у такіх умовах, калі яны не могуць спакойна прадаваць свой тавар». У той жа час, па яго словах, не ўсе добрасумленна ставяцца да свайго абавязку — плаціць падаткі. «Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь павінен удзельнічаць у фінансаванні сваёй дзяржавы, — перакананы заяўнік. — Я, прыватная асоба, таксама стаю за падтрымку дзяржавы, а таму хачу, каб у нас была роўная канкурэнцыя». 

— Тое, што вы казалі правільныя рэчы, выказалі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, свае чалавечыя адносіны да палітыкі, якая праводзіцца ў краіне, заслугоўвае павагі, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Схільны верыць, што вы і ў сваёй рабоце, прадпрымальніцкай дзейнасці, прытрымліваецеся гэтых правіл. Наколькі я вас разумею, вы прыйшлі на прыём не па асабістым, прыватным, пытанні, а прыйшлі, каб абазначыць тэму. Тут праблема ёсць. Нягледзячы на тое, што прымаюцца меры і па навядзенні парадку ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Тое, што вы казалі, самае цікавае і карыснае, улічым. 

Акрамя таго, падчас прыёму грамадзян узнімаліся судова-прававыя пытанні. Адно з іх датычылася нязгоды грамадзян з рашэннем Аршанскага райвыканкама аб вытворчым зносе Дома культуры. Згодна з праведзенай экспертызай, Дом культуры знаходзіўся ў абмежаваным працаздольным стане, патрабаваў капітальнага рамонту. Аднак на мінулым тыдні Дом культуры знеслі.

Мінчанка звярнулася да Старшыні Палаты прадстаўнікоў з пытаннем рэалізацыі права на атрыманне зямельнага ўчастка. Жанчына расказала, што жыве ў сталіцы разам з двума сынамі ў аднапакаёвай кватэры, стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска. У Лагойскім раёне грамадзянка знайшла незаняты зямельны ўчастак.

Аднак ёй адмовілі ў пастаноўцы на ўлік у Беларучскім сельскім савеце. Грамадзянка папрасіла аказаць садзейнічаць у вырашэнні сітуацыі, якая склалася. 

Грамадзяне, якія звярнуліся ў Палату прадстаўнікоў, былі ўважліва выслуханы, атрымалі кампетэнтныя адказы. У кагосьці праблема вырашыцца ў бліжэйшы час, іншыя «ўзброіліся» далейшым алгарытмам дзеянняў. Што датычыцца дэпутатаў, то вывучэнне пытанняў, з якімі ў Палату прадстаўнікоў звяртаюцца грамадзяне, служыць перадумовай для далейшай заканадаўчай работы. 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.