Вы тут

Што пачытаць у чэрвеньскім нумары «Алесі»?


«За моцным лідарам хочацца ісці»

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайна імя М. А. Кедышка, адна з пераможцаў конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Паспяховы кіраўнік», дэлегат Усебеларускага народнага сходу Ганна Бойка ўпэўнена: да кожнай пачатай справы трэба ставіцца так, нібыта яна лёсавызначальная, а кіраўнік абавязаны быць наперадзе ва ўсім. Што матывуе на дасягненне мэтаў? Пры якіх умовах жанчына адбудзецца як лідар? Пра свае прынцыпы кіраўніка, крыніцы невычэрпнай энергіі і вялікую любоў да Радзімы Ганна Уладзіміраўна расказала ў інтэрв’ю «Алесі».

— За моцным лідарам хочацца ісці, — упэўнена Ганна Бойка. — А мацней за ўсё прыцягвае вера ў сваю справу, сапраўдная любоў да таго, чым займаешся.

Жыццё, якое стала подзвігам

У чэрвеньскім нумары «Алеся» працягвае праект «Іх імёнамі названыя». Серыя публікацый расказвае пра гераічных жанчын, чые подзвігі сталі яркімі старонкамі ў гісторыі барацьбы савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адна з гэтых гераінь — Ліза Чайкіна. На сталічнай вуліцы, якая носіць яе імя, узвышаецца помнік у гонар мужнай удзельніцы партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Лізавета Іванаўна Чайкіна пражыла кароткае, але яркае жыццё, поўнае адвагі і самаахвярнасці, і была пасмяротна ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза. Яе імя стала сімвалам барацьбы супраць фашызму для многіх пакаленняў, а сама гераіня — прыкладам нязломнай волі і мужнасці.

Быць першай скрыпкай

Як гэта — быць першай скрыпкай у калектыве? Чаму важна вучыць музыцы дзяцей, а дарослым — часцей бываць у канцэртных залах? Як удаецца заставацца ў выдатнай фізічнай форме? З чаго, акрамя музыкі, складаецца шчасце? Пра свой шлях да прафесійных вышынь расказвае першая скрыпка Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Юлія Стэфановіч. 

— Упэўнена, што хаця б час ад часу музыку варта слухаць у канцэртных залах — жывое выкананне надзелена асаблівай энергіяй, там вастрэй адчуваеш тую таямніцу, тое невытлумачальнае, што ёсць у гуках, — лічыць Юлія Стэфановіч. 

Зорны палёт натхнення 

Яе мара стаць настаўніцай збылася. Паэтычны дар дазволіў душы шырока распрастаць крылы. А потым адбылася шчаслівая сустрэча, якая перадвызначыла лёс — літаратурны і жаночы. Ці складана напісаць дыядэму — 3375 санетаў? З чаго пачынаецца зорны палёт натхнення? Як жылося двум таленавітым творцам у «суладным і сугучным саюзе»? Пра гэта і пра каханне ўзнёслае, неўміручае, што застаецца з тым, хто любіць, і пасля сыходу другога ў іншы свет, — у гутарцы з пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023», лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі пісьменніцай Соф’яй Шах. 

Ведаць, каб жыць

Сярод пухлін жаночай рэпрадукцыйнай сістэмы лідзіруе рак малочнай залозы. Іншыя сустракаюцца радзей, але не менш небяспечныя. Як іх своечасова дыягнаставаць? Ці ўплываюць на ўзнікненне раку нашы харчовыя звычкі? Ці магчыма захаваць рэпрадукцыйную сістэму пры анкалогіі? Якія метады сёння прымяняюцца для лячэння, у чым Беларусь апярэдзіла краіны СНД і нават многія еўрапейскія? 

Нашу новую рубрыку, прысвечаную здароўю, распачынае гутарка з намеснікам дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктарам медыцынскіх навук, дацэнтам Сяргеем Маўрычавым. 

Свой стыль у адзенні і сакрэты траў

«Алеся» працягвае расказваць пра гастранамічныя падарожжы, якія можна здзейсніць, наведаўшы розныя ўстановы грамадскага харчавання Беларусі. Гэтым разам у цэнтры ўвагі — кухня сонечнага Узбекістана. Інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка расказвае пра раслінныя алеі і пра тую карысць, якую гэтыя прадукты могуць прынесці. А дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда дае парады, як нашай сучасніцы вызначыць свой стыль у адзенні. З чэрвеньскага нумара «Алесі» вы таксама даведаецеся пра трэнды абутку на лета — 2024, пра сакрэты траў, якія кожны з нас можа знайсці на лузе або на ўласным падворку, і пра многае іншае. 

Заставайцеся з «Алесяй» — з намі цікава! 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.