Вы тут

Ваенную прозу абмеркавалі ў навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа


У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прайшоў міжнародны круглы стол «Ваенная проза: вытокі, эвалюцыя, імёны», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Яго арганізатарамі выступілі Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт.


Як заўважыў падчас адкрыцця круглага стала дырэктар Інстытута літаратуразнаўства Іван Саверчанка, у гісторыі беларускага народа было шмат складаных выпрабаванняў, але менавіта ў гады Вялікай Айчыннай вайны ён панёс найбольшыя страты — людскія, матэрыяльныя, духоўныя: «Мы яшчэ не апомніліся, яшчэ не залячылі раны вайны, яшчэ адчуваем тую трагедыю». Такая тэма застаецца актуальнай і ў нашы дні. З часам нават адбываецца больш глыбокае, аб’ёмнае, поўнае асвятленне трагедыі, што асабліва праяўляецца ў дакументальнай прозе. Адкрываюцца старонкі, пра якія раней не прынята было расказваць. Напрыклад, становяцца вядомымі гісторыі людзей, якіх прымусова вывозілі на работы ў Германію. Працягваюцца запісы сведкаў, у Нацыянальнай акадэміі навук ствараецца «Народны летапіс».

Вытокі ваеннай прозы

Важкі ўнёсак у асвятленне і асэнсаванне вайны робіцца пісьменнікамі. У першыя дні вайны, калі многія людзі не разумелі, што адбываецца, пісьменнікі сталі ідэйнымі натхняльнікамі, заклікалі арганізоўваць партызанскія атрады, абараняць сваю зямлю, культуру, краіну, блізкіх. Многія ўступілі ў шэрагі барацьбітоў з фашызмам, сярод іх — Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў, Іван Навуменка, Алесь Адамовіч, Алесь Савіцкі, Аляксей Пысін. Тое, што пісьменнікі былі на перадавой вайны, сведчыць аб ролі літаратуры ў жыцці грамадства.

Падчас круглага стала вядучыя вучоныя Беларусі і Расіі ўздымалі розныя пытанні, звязаныя з ваеннай прозай. Адно з іх, агучанае прафесарам кафедры гісторыі рускай літаратуры філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта Ігарам Сухіх, датычылася вытокаў такой літаратуры. Усё ж якая лічба больш падыходзіць да апісання яе зараджэння: 190, 170, 95 ці 80 гадоў таму? «Калі лічыць рускую ваенную прозу ад Дзяніса Давыдава, а гэта сярэдзіна 30-х гадоў ХVІІІ стагоддзя, які апісвае вайну 1812 года, то цікава, ці паўплывала яна на іншых аўтараў? 170 — гэта адсылка да 1855 года, калі былі напісаны „Севастопальскія апавяданні“, пра якія згадвалі многія з пісьменнікаў. Лічба 95 указвае на творчасць так званага страчанага пакалення, Рэмарка, Хемінгуэя. Але ці варта гаварыць, што заходняя ваенная проза паўплывала на нашых пісьменнікаў?» Можна прасачыць, якой была эвалюцыя ваеннай прозы, характэрную для яе традыцыю трагізму, катастрафізму. Калі згадаць пра творы «Васіль Цёркін» і «У акопах Сталінграда», можна заўважыць, як у іх падавалася вайна, калі яна была часткай жыцця, калі аўтары паказвалі, што існуюць маральныя законы, гераізм большы, чым у ворага, і абавязкова будзе перамога. Тады кнігі натхнялі. Пасля з’яўляюцца творы Бондарава, Быкава. Узнікае іншы вобраз вайны, фокус перамяшчаецца на тое, што трагедыя становіцца больш універсальнай, часта атрымліваецца, што страшнейшыя тыя, хто побач. А значыць, канфлікт набывае іншы характар. Ці можна ўявіць, каб так паказваў вайну Сіманаў у 1945 годзе ці Віктар Някрасаў «У акопах Сталінграда»? Відаць, раней такая праўда, калі людзі ваявалі, была не да часу.

Цікава прасачыць, як мяняліся падыходы канкрэтных аўтараў да ваеннай тэмы. Так, Васіль Быкаў пісаў па-беларуску, пасля сам сябе перакладаў і некаторыя творы пісаў па-руску. «Ці ёсць розніца паміж Быкавым беларускім і рускамоўным?» — запытаўся Ігар Сухіх.

Яго калега, таксама прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Аляксандр Большаў, прапанаваў паразважаць, ці мог на майстроў ваеннай прозы паўплываць такі твор, як «Ціхі Дон» Міхаіла Шолахава, дзе апісваецца Грамадзянская вайна. А як рэагаваць на творы нон-фікшн? «Гэтыя жахлівыя абпальвальныя дзённікі да гэтага часу чытаць цяжка. Як быць з „Асадай чалавека“ Вольгі Фрэйдэнберг? Гэтым болем, што выплёскваецца на паперу? Як расказваць пра блакаду Ленінграда моладзі? Як дазіраваць матэрыял? 

Як наогул гаварыць з маладымі пра вайну, пра феномен ваеннага неўрозу, посттраўматычнага сіндрому? 

У Васіля Быкава ёсць аповесць „Мёртвым не баліць“, дзе лейтматыў — боль, які мучыць галоўнага героя, нават калі пасля вайны мінула 20 гадоў», — задаў тэмы для абмеркавання Аляксандр Большаў.

Літаратура, якая дапамагала выжыць

Загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Ганна Кісліцына падзялілася на гэты конт сваім вопытам, калі яна абмяркоўвала з моладдзю «Блакадную кнігу» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна. «Мы гаварылі пра філасофію выжывання. Было пытанне, чаму Ленінград выстаяў і дзякуючы чаму трымаліся людзі. Адказ можна ўбачыць у прадмове, якую напісаў Адамовіч. Ён доўга шукаў адказ на пытанне, хто застаўся жывым. Я пазначыла ўрокі, якія можна вынесці з „Блакаднай кнігі“. Адзін з пунктаў — гэта жывы голас Вольгі Бергольц. Выжылі тыя, хто слухаў яе перадачы па радыё, яны адчувалі сваю сувязь са светам, дзе нехта яшчэ займаецца культурай, літаратурай, піша вершы, і самі пачыналі пісаць. Так, гэта была і школа падтрымкі і нават догляду за сабой. Хто заставаўся чалавекам, дбаў пра гігіену і клапаціўся пра іншых, выжыў. Існуюць рэчы, паказаныя ў ваеннай прозе, перш за ўсё ў „Блакаднай кнізе“, якія актуальныя ў любы час, цікавыя сучаснаму маладому чалавеку. Сёння моладзь жыве ва ўмовах, калі войны ідуць паўсюль, а не толькі на старонках кніг. Яны цудоўна гэта ведаюць і разумеюць, што, магчыма, заўтра ім спатрэбяцца гэтыя парады падтрымкі, сяброўства, смеласці, руху (хто рухаўся, той выжыў). Трэба іх прымушаць задумвацца пра тое, што яны могуць застацца ў любы момант без вады, ежы, магчыма, гэта будзе звязана не з войнамі, а напрыклад, з экалагічнымі катастрофамі».

Галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Яўген Гарадніцкі ўпэўнены, што найбольшы ўклад у асэнсаванне ваеннай тэмы ўнесла літаратура ХХ стагоддзя. І найперш аўтары, якія прайшлі праз выпрабаванні, адчулі ўсе жахі Вялікай Айчыннай.

А ўжо новыя пакаленні (а тэма вайны прыцягвае і сучасных аўтараў) шукаюць свае падыходы. Некалькі гадоў прафесар кафедры беларускай і рускай філалогіі Віцебскага дзяржуніверсітэта Алена Крыклівец займаецца вывучэннем ваеннай прозы, напісанай на працягу апошняга дзесяцігоддзя тымі, хто не ваяваў. Да гэтай тэмы звяртаюцца людзі, якія бачылі вайну ў дзяцінстве, у выдавецтве «Чатыры чвэрці» нават выходзіла цэлая серыя «Дзеці вайны». Як правіла, іх творы ствараюцца на аснове асабістых перажыванняў. Сучасныя аўтары працягваюць традыцыі маштабнай прозы (як у Сіманава «Жывыя і мёртвыя», Астаф’ева «Праклятыя і забітыя»). Тут можна згадаць раманы Уладзіміра Гніламёдава «Вайна», Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў», дзе дакументальная аснова злучаецца з культурнымі імплікацыямі. 

Усё ж багаты культурны пласт, які аддзяляе сучаснага аўтара, нават таго, хто перажыў вайну ў дзіцячым узросце, ад ваенных падзей, адчуваецца. Зусім іншая проза аўтараў, якія не былі сведкамі ваенных падзей... Магчыма, гэта часавая аддаленасць ад падзей вайны, адсутнасць пякучага асабістага болю, дае магчымасць аўтарам свабоднага творчага пошуку, якога не магло быць па натуральных прычынах у людзей, якія перажылі вайну. Тут Алена Крыклівец вылучыла твор «Дэман супраць Люфтвафе» Анатоля Мацвіенкі, які пабачыў свет у выдавецтве «Звязда», і аповесць Алега Сяшко «Снуть вошлебная», якая пабачыла свет у гомельскім выдавецтве «Барк». «Гэтыя творы дэманструюць перспектыўны вектар развіцця сучаснай ваеннай прозы. На мой погляд, гэта той шлях, які дазволіць развівавацца ваеннай літаратуры, захоўваць гістарычную памяць і на зразумелай мове даносіць яе да маладых людзей», — заўважыла Алена Крыклівец.

Кожнае пакаленне ставіць свае праблемы. «Вайна беларусамі перажыта ў жорсткім трагедыйным варыянце, яна ўкаранёна ў чалавечую структуру. Нам важна глядзець, ці правільна мы паставілі пытанні ў вызначэнні вайны і ці знайшлі на іх адказы. Сёння важна гаварыць не толькі пра боль вайны, але і яе бессэнсоўнасць, шукаць, ці магчыма яе выкараніць», — заўважыў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Ігар Шаладонаў.

Аўтары ваеннай прозы ў Беларусі — народныя пісьменнікі, лаўрэаты розных конкурсаў, іх ведаюць у грамадстве і вывучаюць у школах і ВНУ.

«Ваенная проза ў беларускай літаратуры — гэта своеасаблівы нацыянальны эпас», — заўважыў старшы навуковы супрацоўнік аддзела даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Мікалай Трус. Пра тое, як яна запатрабавана, сведчаць розныя конкурсы, у тым ліку напісанне эсэ па матывах класічных твораў, якія даюць магчымасці як для асэнсавання творчасці пісьменнікаў, так і развіцця ўласных творчых задаткаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Мы яшчэ не залячылі раны...

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.