Вы тут

Міхась Пазнякоў. «Ліст з мінулага»


Міхась Пазнякоў — вядомы ў нашай краіне і за яе межамі пісьменнік, перакладчык, мовазнаўца. Лаўрэат мноства літаратурных прэмій. Стварыў «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы», з’яўляецца адным з аўтараў беларуска-рускага і руска-беларускага арфаграфічных слоўнікаў.

Ёсць у біяграфіі Міхася Пазнякова такі факт: некалькі гадоў ён працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР пад непасрэдным кіраўніцтвам класіка і выдатнага даследчыка мовы Кандрата Крапівы. Магчыма, пачуццё слова ў будучага аўтара дзясяткаў паэтычных і празаічных кніг Міхася Пазнякова шліфавалася менавіта тады. Прынамсі, у апавяданні, якое літаратар прапанаваў на конкурс «Звязды», звяртае на сябе ўвагу мова — мілагучная і выкшталцоная, якая надзвычай гарманічна перадае пачуцці героя твора, адвечны канфлікт паміж каханнем і абавязкам.

Алена Брава


Фота: pixabay.com

Адкуль, калі і як гэты ліст апынуўся ў шуфлядцы майго стала? Не, яго тут раней не было, гэта дакладна... Я ўглядваўся ў вельмі знаёмы мне прыгожы жаночы почырк... Такі не падробіш. Ліст адрасаваны менавіта мне. У канцы трэцяй старонкі ён падпісаны адной вялікай літарай «В». Крыху ніжэй было пазначана: «чэрвень 1993». Сэрца страпянулася. Я зніякавеў. Думкі міжволі сягнулі ў той далёкі час…

Дваццаць восем гадоў я не ведаў пра існаванне гэтага ліста... Хто мог хаваць і праз такі вялікі адрэзак часу падкінуць яго мне?.. Ну, вядома, толькі жонка, хто ж яшчэ? Госці? Не, гэта выключана. Мабыць, вырашыла скінуць грэх з душы, зразумеўшы, што гэты ліст ужо нічога не зменіць, не апячэ, не пакарае мяне — столькі вады ўцякло, усё змянілася ў маім жыцці…

Я адклаў канверт, разгарнуў пасланне з мінулага — тры старонкі са школьнага сшытка. У самым пачатку ўверсе выдзялялася, гіпнатызавала, хвалявала маё імя «Максіму К.»

Раптам у дзверы майго пакоя пастукалі.

— Можна адарваць цябе на хвілінку, — ціхім, выбачальным голасам запытала жонка. — Прабач, але дзве тэлеграмы прынеслі, ды і тэлефон хатні не змаўкае. Віншуюць цябе то з французскай, то з італьянскай прэміяй, то з выхадам юбілейнай кнігі…

— Прабач, — адгукнуўся я, — адключыў свой мабільны, каб не заміналі працаваць.

— Я разумею, — спакойна адрэагавала гаспадыня.

— Можа, адключы хатні тэлефон або папрацуй сакратаркай, дзякуй усім ад майго імя, кажы, што выйшаў з кватэры.

— Добра, скажы, а прэміі табе выплацілі ў еўра ці ў рублях?

— Цябе гэта вельмі турбуе? — падняў я кплівыя вочы на жонку.

— Ну, што ты, — сумелася тая, — сяброўкі мае ўсё цікавяцца. А я не ведаю, што ім казаць.

— Кажы, што ў еўра і ніяк злічыць не можаш, — усміхнуўся я.

— Зноў ты мяне не так зразумеў, — нібыта абурылася гаспадыня, не давяраючы мне, што з Парыжа і Рыма даслалі толькі дыпломы, ды і тое — па электроннай пошце.

Кабета паклала тэлеграмы на канапу і прычыніла дзверы.

Глыбокі роздум апанаваў мяне: што такое наша чалавечае жыццё? Што рухае намі? Вечныя пошукі высокага, шчырага, сапраўднага? А ці можа яно ў нашым такім недасканалым свеце быць не хвілінным, не кароткім, не выпадковым, а працяглым, несканчоным? Ці можам мы, людзі, знаходзіць сваё шчасце, зберагаць яго, быць па-сапраўднаму шчаслівымі?..

За плячыма ў мяне немалая, цікавая жыццёвая дарога, багатая на сустрэчы, здабыткі, дасягненні, узнагароды. Выраслі дзеці, падрастаюць унукі. Нібыта ўсё ёсць, ды нечага вартаснага няма... А калі і было, то мімаходзь, урыўкамі, часова…

Я падышоў да акна, і перад вачыма ўсплыў той далёкі 1993 год, успомнілася яна — аўтар незвычайнага ліста, шчырай кранальнай споведзі. Юная, прыгожая, незвычайная... Чаму так шчымліва на душы? Я зноў перачытваю ліст В. — слова ў слова:

«Чорт яго ведае, што з намі часам творыцца, сама сабе не патлумачу, сама здзіўляюся... Чаго ж мне не хапала? Бесклапотнае, забяспечанае жыццё, добры сын, клапатлівы муж — тысячы жанчын аб гэтым толькі мараць. А-а, вось чаго — галавакружэння. Надта ўжо спакойна я жыла з мужам, за яго плячыма. Побач з ім у мяне ніколі не кружылася галава, ніколі моцна не білася сэрца, не прылівала задушліва да твару кроў. Вось чаму я так і не змагла прымусіць сябе пакахаць яго, хоць — бачыць Бог! — ён заслугоўвае кахання. Не я прыдумала: чалавек не можа ўладарыць сваімі пачуццямі. Я паважала і шанавала яго як мужа, як бацьку, як добрага сябра. Аказваецца, гэтага замала, каб адчуваць сябе шчаслівай. Напэўна, мне вельмі хацелася хоць аднойчы адчуць, як ірвецца з-пад ног у чорную бездань зямля, як салодкі хмель дурманіць галаву, як за спінай вырастаюць, трымцяць — не бяда, што папяровыя, — крылы...»

Мае вочы затуманіла тонкая вільготная плёнка, сэрца забілася, бы птах у клетцы. Яна так кахала мяне!.. Я быў такі шчаслівы! І, аслеплены каханнем сваім, не разумеў гэтага! Не цаніў як мае быць, не абярог нашага такога сапраўднага, святлістага кахання!.. А што я мог зрабіць у той няпросты час?! Я — жанаты, яна — замужняя! Муж — багаты прадпрымальнік! Я — бедны паэт у развальны, абыякавы да літаратуры час!.. Але, але ж як мы не збераглі галоўнага, самага вартаснага, самага каштоўнага ў чалавечым жыцці?! Кахання, якое ўздымала нас пад аблокі, не выпускала са свайго салодкага, магутнага палону?! Не, не палон гэта быў, а штосьці незямное, незвычайна ўзаемнае, невытлумачальна прыгожае. Мы кахалі адно аднаго... Шчыра, радасна, моцна... І мы пакутавалі нашым каханнем, не ў стане змяніць жыццёвыя абставіны... Значыць, яно не можа быць вечным, працяглым, пастаянным? І што яно такое ўвогуле? Таямніца! Неспасцігальная! Можа, і добра, што яно такое? Кахання не купіш, не атрымаеш у падарунак... Яно, непадуладнае грэшнаму чалавеку, сыходзіць з Неба і знікае па яго волі?..

Я зноў паглыбіўся ў чытанне ліста В., адрасаванага мне з далёкага 1993 года:

«Бог ёсць каханне» — дзе і ў каго я гэта вычытала? Не памятаю. Але гэта, відаць, адзіная рэлігія, адзінае бажаство, якому варта маліцца.

Ты — першы мужчына, якога я пакахала. Чаму цябе? Не ведаю. Магчыма, таму, што ўгадала ў табе адзінокую, непрыкаяную душу, якой гэтак жа пуста і холадна жывецца на свеце, як і мне? Муж — моцны, цэльны чалавек, ён цвёрда стаіць на зямлі, яму не страшныя ніякія буры, а ты — чалавек ранімы, які балюча адчувае няўмольную імклівасць часу і неажыццявімасць жаданняў. Ты шукаў не каханку, не ўцеху на гадзіну, а жывую душу, сябра, перад якім можна паспавядацца ў цяжкі час і які зразумее цябе і моўчкі падзеліць твой боль. І я чакала такога сябра, усё жыццё чакала. Магчыма, адзінота падштурхнула нас адно да другога, была першай прыступкай нашага кахання? Пэўна, што так яно і было. Нездарма ж нашы адносіны з самага пачатку былі свабодныя ад нясцерпных пакут цела, нездарма мы не хавалі іх ад чужых вачэй — мы былі вышэйшыя за ўсякія забабоны. Нават грубым дакрананнем мы баяліся зняважыць, апошліць дзівоснае пачуццё, якое нараджалася ў нашых душах...»

І сапраўды, мы маглі гадзінамі сядзець насупраць, вочы ў вочы, і размаўляць, дзяліцца ўражаннямі, радавацца прачытанаму ці ўбачанаму. Мы былі невымоўна шчаслівыя бачыць адно другога, дыхаць адным паветрам, свяціцца ўзаемнай радасцю, не дакранаючыся нават да рук. У нас былі агульныя погляды на жыццё, на свет, на дабро і зло. Нас яднала ўсё: ад зямлі да неба. Як звонка, сонечна, радасна смяялася яна, калі я жартаваў, чытаў паэтычныя экспромты, заўважаў у самым простым незвычайнае. Памятаю, ранняй бясснежнай зімой прагульваліся вечарам па праспекце Пераможцаў. Тратуар ажно зырчэў і звінеў ад снежнай крупкі. Я пажартаваў: колькі брыльянтаў высыпала неба нам пад ногі, але мы не будзем збіраць іх. Яна доўга, цёпла, залівіста смяялася, нібы я выдаў такі перл, якога ўвесь свет яшчэ не чуў. Гэта радавалася яе адчуванне і разуменне мяне, маёй чалавечай сутнасці, якая так імпанавала ёй, у якой яна пачувала сябе шчаслівай і вольнай.

А калі я трапіў у бальніцу і пасля аперацыі ляжаў некалькі дзён з забінтаванымі вачыма, яна прыходзіла і карміла мяне з лыжачкі. Ад яе кранальнай пяшчоты я плакаў, радуючыся, што за бінтамі В. не бачыць маіх па-дзіцячаму шчаслівых слёз. Мужчыны ў палаце зайздросцілі мне і ўздыхалі, заўважаючы: «Які шчасліўчык!..»

Аднаго разу, калі мы позна заседзеліся ў яе дома і нечакана прыехаў з камандзіроўкі муж, яна ніколькі не разгубілася. Пазнаёміла нас, не адправіла мяне сярод ночы дамоў. І мы з ім пазней віталіся пры сустрэчах, нават часам ён адвозіў мяне на сваёй машыне дахаты…

Неўзабаве яны паехалі ў працяглую замежную камандзіроўку…

Некалькі разоў яна патэлефанавала мне з-за мяжы. Аднаго разу, прыехаўшы ў Мінск да маці, папрасіла аб сустрэчы. Мы больш за гадзіну гулялі па горадзе, часам дакараючы адно другога за страчанае. Яшчэ некалькі разоў яна набірала мой нумар тэлефона, маўчала і клала слухаўку. Я адчуваў яе дыханне і разумеў, што ў яе на душы. Яна баялася вяртання да страчанага намі…

Мне раптам стала вельмі балюча і горка... Калі ў той даўні час я зразумеў, што пакахаў яе ўсім сэрцам, то прызнаўся жонцы і пайшоў з дому. Я быў сумленны перад імі. Зняў кватэру. О, якія шчаслівыя мы былі ў тыя дні і ночы, калі яна магла быць са мной! Калі мы цалкам належалі адно аднаму. Тады ўвесь свет нібы знікаў або станавіўся намі. Але аднаго разу, калі яна не намервалася завітаць на нашу кватэру, я загасцяваў у роднай сястры, дзе і заначаваў. А яна, засамоціўшыся, вырашыла позна ўвечары абрадаваць мяне сваім неспадзяваным з’яўленнем. Яна чакала мяне, запаліўшы свечку і выглядваючы ў акно, ды так і не дачакалася. О, як жа балюча ёй было ў тую ноч!.. Як вусцішна і самотна. Мяне і цяпер працінае наскрозь той яе цягучы боль. Пра што яна думала? Якія маланкі пачуццяў абпальвалі яе ўражлівую душу! Мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было, і яна не ведала, дзе я і што са мною. Даруй мне, В., бадай, гэтую адзіную, але жахлівую недарэчнасць у нашых адносінах…

На вуліцы за акном раптам зашумеў парывісты вецер, а затым шугануў вялікі, заліўны дождж. Памятаю, і нас з ёю аднойчы за горадам застаў такі ж напорысты, шчыльны дождж. Схавацца на адкрытым месцы немагчыма. А нам было прыемна і радасна! Мы смяяліся, шчаслівыя і ўзнёслыя, нібы дождж змываў назаўсёды ўсе нашы сумоты і перашкоды. Танчылі, лавілі струмені ў прыгаршчы і дарылі адно другому. Нашы вочы і сэрцы былі перапоўнены сонцам кахання, сілай даверу, музыкай еднасці, песняю шчасця!..

Я зноў скіраваў свой позірк да ліста ад В., шкадуючы, што ён такі кароткі. Яна ж закончыла яго такімі словамі:

«Твая душа — гэта жывая крыніца, чыстая, светлая, якая прабіваецца на свет праз вечныя пласты зямлі. Вось чаму ў мяне так закружылася галава...»

— Табе зноў тэлефануюць, каб павіншаваць, — зноў пастукала ў мой пакой жонка.

— Скажы, калі ласка, што я выйшаў. Дзякуй усім ад майго імя.

Я хутка апрануўся і выйшаў з кватэры.

— Ты куды? Дождж на вуліцы, — занепакоілася жонка. — Хоць парасон вазьмі!

— Не трэба, — мякка адказаў я. — Хіба можа штосьці быць лепшым за дождж? Хачу паслухаць яго на вуліцы. — І націснуў кнопку ліфта.

Я паспяшаўся ў метро, не задумваючыся, куды паеду і чаму. Па дарозе прыгадаў, што, гуляючы ў той даўні час каля Свіслачы, мы з В. выбралі памятнае дрэва побач з мостам — магутную таполю. І далі слова: калі нешта разлучыць нас, то будзем прыходзіць да яго. Я выйшаў на станцыі «Кастрычніцкая» і пакрочыў да ракі. Дождж не сунімаўся, але ён быў цёплы і не надта густы. Я крочыў без парасона, ловячы светлыя казытлівыя струмені ў далоні і абмываючы імі гарачы твар. Напэўна, я здзіўляў рэдкіх прахожых, але не звяртаў на іх ніякай увагі. І кіраваў да таполі, да сапраўднага, але мімалётнага і незваротнага шчасця.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.