Вы тут

У фестывалі «Балетнае лета» ўдзельнічалі артысты з шасці краін


Дзевяць спектакляў і Гала-канцэрт на закрыццё — праграма фестывалю звычайна прыцягвае як спектаклямі беларускага балета, так і выступленнямі замежных гасцей, сярод якіх сёлета два калектывы з Санкт-Пецярбурга: Акадэмія балета Барыса Эйфмана і дзяржаўны акадэмічны тэатр балета імя Леаніда Якабсона. Акрамя таго асобныя запрошаныя артысты бралі ўдзел у нашых спектаклях. Арганізатары адзначылі, што сёлета квіткі на ўсе фестывальныя вечары набывалі ў 20 краінах. 


Спрацавала тое, што «Балетнае лета» ў Вялікім ужо пазнавальныя з’ява, ці прысвячэнне майстрам (Пеціпа, Якбсону, Эйфману, Елізар’еву) выклікала цікавасць? У поспеху такіх праектаў маюць значэнне шмат розных фактараў. У тым ліку і спалучэнне класікі з наватарствам — ці мастацтвам, якое калісьці было такім, а цяпер ужо яго можна лічыць класікай нядаўняга часу. Напрыклад, харэаграфію Леаніда Якабсона. Сёлета тэатр, які носіць яго імя, прывёз у Мінск творы легендарнага савецкага харэографа і сучасныя балеты Вячаслава Самадурава «598 тактаў» «Гарэзныя прыпеўкі». Паколькі гэты тэатр у Мінску бывае не надта часта з гастролямі, то яго пастаноўкі для кагосьці маглі стаць адкрыццём гэтым летам. 

— Мы прывезлі абсалютна фестывальныя спектаклі. гэта наш эксклюзіў. І ад ультра-сучаснага харэографа мінулага стагоддзя (Леаніда Якабсона) мы пераходзім да сучаснага харэографа, які стварае сёння (Вячаслава Самадурава). Творы Леаніда Якабсона — гэта ўжо класіка, якая ўвайшла ў гісторыю сусветнага балета. Мы яго спектаклі ўвесь час аднаўляем, працуем над імі. Ажыўшыя скульптуры Радэна — мініяцюры, якія ён паставіў шмат гадоў таму. «Бліскучы дывертысмент» толькі аднавілі, выконваць яго двайное задавальненне, таму што балет вельмі складаны тэхнічна... Харэаграфія Леаніда Якабсона вельмі эмацыйная, насычаная. Але мы ідзём тым шляхам, які заклаў заснавальнік тэатра: і цяпер працягваем наватарскі падыход, эксперыментальны, сучасны. Заўсёды цікава працаваць над новым. Калі я працаваў у Марыінскім тэатры, мяне заўсёды цікавіла новае, я быў у першых шэрагах, каб толькі паўдзельнічаць, хто б да нас не прыязджаў ставіць, — адзначыў мастацкі кіраўнік — дырэктар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета імя Леаніда Якабсона, заслужаны артыст Расіі Андрыян Фадзееў і пракаментаваў балетную сучасную рэчаіснасць: — Зараз мы не можам ківаць на Захад і запрашаць замежных харэографаў, хоць гэта заўсёды было традыцыяй рускага тэатра — запрашаць замежнікаў, прадстаўнікоў іншых школ. Мы зараз існуём у крыху закрытай прасторы. Гэта, я лічу, нядрэнна, таму што калі мы азіраемся ў гісторыю, у часы Савецкага Саюза, — то было закрытае грамадства, але пры гэтым ўзнікла плеяда геніяльных рэжысёраў, балетмайстраў, артыстаў: Таўстаногаў, Уладзіміраў, Любімаў. Эфрас, Грыгаровіч, Якабсон, Эймфан, Захараў... --- усіх не пералічыць. Сёння трэба шукаць плюсы. Няхай для нас шклянка будзе напалову поўная, а не напалову пустая. Мне здаецца, зараз менавіта той час, калі трэба ўкладваць у сваё пакаленне, падтрымліваць ВНУ, якія выхоўваюць акцёраў, рэжысёраў, балетных артыстаў. У гэты час (калі так атрымалася і немагчыма кудысьці паехаць ці запрасіць сюды) трэба рабіць стаўку на сваіх і расціць сваіх. 

Свае — паняцце складанае цяпер. Таму што прэм’ер тэатра імя Леаніда Якабсона Дзяніс Клімук — зорка, якая вырасла ў Беларусі, і шмат хто з гледачоў памятае яго ў балетах, што ішлі ў Мінску — і радасна за артыста, што запатрабаваны, і шкада, што цяпер тут рэдкі госць. Але і галоўны харэограф Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб быў зоркай Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, а цяпер вярнуўся на радзіму працаваць. І ў спектакль «Ілюзіі Кахання» запрасіў цяперашнюю зорку «Марыінкі» Аксану Скорык, якая пагадзілася адмыслова вывучыць партыю Дзяўчыны дзеля выхаду ў гэтай пастаноўцы. Адна з артыстак, якая прызначана на гэтую ролю ў Вялікім тэатры Беларусі — Людміла Хітрова — магла назіраць за паказам збоку. Але ў яе было шмат іншай працы ў «Балетным леце», бо рыхтавалася да Гала-канцэрта зорак: разам з Канстанцінам Белахвосцікам яны выканалі тры кампазіцыі, дзве з іх былі прэм’ернымі, у тым ліку нумар, пастаўлены адмыслова для гэтага вечара і для гэтай пары Ігарам Колбам. 

— Для артысткі балета я працую ўжо шмат гадоў, — адзначыла заслужаная артыстка Беларусі Людміла Хітрова. — З аднаго боку спакойней танцаваць тое, што ты выконваў шмат разоў, але ўсё роўна кожны раз пры выхадзе на сцэну адчуваеш хваляванне. А з другога боку вельмі цікава спрабаваць сябе ў тым нумары, які ты ніколі раней не выконваў... 

І нягледзячы на тое, што «Балетнае лета» завяршылася, разняволіцца нашы артысты пакуль не могуць: наперадзе ў беларускага Вялікага яшчэ адна, пакуль не выкананая вялікая харэаграфічная праца — «Папялушка» Сяргея Пракоф’ева, прэм’ера якой адбудзецца напачатку ліпеня. Даволі напружанае завяршэнне сезона атрымалася... 

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.