Вы тут

Фестываль «Вытокі» прайшоў у Пружанах


Фармат новы, а атмасфера свята і разнастайная праграма нязменныя. У Пружанах прайшоў спартыўна-культурны фестываль «Вытокі». Для Брэстчыны гэта нагода для радасці, заўжды прыемна прымаць такія буйныя падзеі, а для іншых рэгіёнаў — нагода для лёгкага суму. 


Сёлета фестываль праходзіў толькі ў адным рэгіёне. 

Праўда, сумаваць, доўга не прыйдзецца. Ужо наступным летам святочную эстафету падхопіць іншая вобласць. Але пакуль падвядзём вынікі «Вытокаў» у першым рэгіёне.

«Не сакрэт, што Пружаны — гэта культурны, гістарычны і спартыўны горад. Рашэнне правесці ў Брэсцкай вобласці, першым рэгіёне, дваццатыя, юбілейныя, „Вытокі“ невыпадковае. Наш фестываль і спартыўны, і культурны, і сямейны, дзе аб’ядналіся розныя сферы. А мы, як добрыя госці, прыехалі не з пустымі рукамі», — адзначыў Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.

Адным з падарункаў гораду ад НАК Беларусі стала сучасная скейт-пляцоўка, якую ўрачыста адкрылі 7 чэрвеня. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця лакацыя сабрала нямала аматараў скейтбордынга, таму можна не сумнявацца, што пуставаць яна не будзе. Сярод першых яе пратэсціравалі шматразовыя чэмпіёны Расіі па скейтбордынгу і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў у Токіа Аляксандр Гусеў, Ягор Кальдзікаў і Аляксандра Цімоніна, а таксама найлепшыя беларускія прадстаўнікі ролер-спорту і наймацнейшыя каманды краіны па брэйкінгу.

«Брэстчына заўсёды ўпэўнена рухалася ў спартыўным кірунку. Улічваючы вопыт нашага рэгіёна ў правядзенні фестывалю, пастараліся апраўдаць давер НАК Беларусі і ўлічылі ўсе магчымасці. Пружаны маюць добрую спартыўную базу: аквапарк, лядовы палац, прывялі ў парадак стадыён, цяпер і скейт-пляцоўка. Мы будзем і надалей працягваць падтрымліваць нашых спартсменаў», — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка.

Прынамсі не застаўся без падарункаў і сам Нацыянальны алімпійскі камітэт. Першая ў суверэннай гісторыі Беларусі алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн перадала ў музей НАК Беларусі сваю ўзнагароду — бронзавы медаль Алімпійскіх гульняў у Барселоне. «Шмат разоў наведвала НАК Беларусі, бачыла розныя прызы, кубкі, а ў маім стэндзе толькі копіі. Таму разам з дачкой вырашылі выправіць сітуацыю. Бронзавы медаль Барселоны-92 для мяне вельмі дарагі. Гэта мая першая алімпійская ўзнагарода, якую заваявала ў складзе квартэта больш вопытных сябровак па камандзе», — прызналася чэмпіёнка.

«Вытокі» ў Пружанах прыцягнулі да сябе не толькі аматараў спорту, але і чэмпіёнаў. Такой вялікай колькасці знакамітых атлетаў, чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, вядомых футбалістаў гэты горад, здаецца, не бачыў ніколі. Аляксандр і Андрэй Багдановічы, Ганна Гуськова, Максім Недасекаў, Васіліса Марзалюк, Алім Селімаў, Юлія Несцярэнка, Ірына Курачкіна, Марына Слуцкая, Аляксандр Глеб, Любоў Чаркашына зрабілі са сваімі аматарамі тысячы сэлфі і раздалі столькі ж аўтографаў. Легенды спорту сустрэліся не толькі на адкрыцці фестывалю і на спартыўных лакацыях, але і на футбольным полі. Таварыскі матч спартыўных зорак сабраў нямала гледачоў. Сапраўды, калі яшчэ ўбачыш каманды, сабраныя выключна з чэмпіёнаў.

Знакавай падзеяй стала і прэзентацыя кнігі першага алімпійскага чэмпіёна ў гісторыі беларускага спорту Сяргея Макаранкі. Пераможца Гульняў 1960 года, вясляр прадставіў свае мемуары, выдадзеныя пры дапамозе НАК Беларусі. Дарэчы, Сяргей Макаранка пачынаў свой шлях на Алімп у Брэсце, таму падзея ўдвая сімвалічная.

Адна з галоўных падзей у праграме «Вытокаў» — алімпійскі квэст. У адным месцы за некалькі гадзін дзеці да 14 гадоў маглі праверыць свае сілы ў 26 відах спорту, самых розных. А дапамагалі ім найлепшыя спартсмены і трэнеры. І весела, і карысна, бо такім чынам дзеці могуць зацікавіцца пэўным відам спорту і тут жа запісацца ў мясцовую секцыю. Прыемным дадаткам сталі каштоўныя падарункі ад арганізатараў, падрыхтаваныя для пераможцаў квэсту. Спартыўна-гістарычны квэст сабраў 15 каманд, якія прайшлі 7 розных пунктаў, звязаных з гісторыяй і культурнай спадчынай Пружан: Палац культуры, Гандлёвыя рады, сядзіба Швыкоўскіх і іншыя. Удзельнікі сумяшчалі скаканне на скакалцы з адгадваннем імёнаў алімпійскіх спартсменаў, прысяданне з разгадваннем рэбуса і стральбу з асацыяцыямі.

«Вытокі» — фестываль ва ўсіх сэнсах яркі. І за гэта адказвае адзін з галоўных арганізатараў — мастацкая галерэя «АртХаос», якая кожны раз прыдумвае для гасцей фестывалю нешта незвычайнае. Сёлета дзеці на стадыёне «Мухавец» афармлялі скейт-пляцоўкі і горкі для катання. Самыя старанныя юныя мастакі атрымалі прызы. У мастацкім інтэрактыве прынялі ўдзел больш за 200 дзяцей. Усяго фестываль у Пружанах сабраў некалькі тысяч удзельнікаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.