Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Выбары пастараемся правесці так, каб камар носа не падтачыў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенка. Рабочае мерапрыемства пачалося ўрачыста. Ігар Карпенка ўручыў Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Старшыні Усебеларускага народнага сходу. «Я ўжо працую як старшыня УНС, а пасведчання няма. Раптам спытаюць», — пажартаваў старшыня УНС. 


«Ад сябе асабіста хачу пажадаць вам моцнага здароўя і поспехаў у служэнні беларускаму народу», — сказаў старшыня ЦВК.

А далей — рабочыя пытанні. Прэзідэнт ацаніў асветніцкую працу ЦВК, у прыватнасці кнігі для дзецей, у якіх даступна расказваецца пра электаральныя працэсы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, і дарослым карысна іх пагартаць.

«Калі ўзяць рэтраспектыву і паглядзець з выбараў, якія прайшлі (Адзіны дзень галасавання ў лютым 2024 года.) на выбары, якія мы павінны будзем правесці (прэзідэнцкія ў 2025 годзе. — Зв.), мы знаходзімся ў электаральным цыкле. Ад адных выбараў да другіх. Час няпросты. Але пакуль палову шляху мы прайшлі даволі паспяхова», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць арганізацыйныя моманты будучых выбараў: запрашэнне міжнародных назіральнікаў, арганізацыю работы камісій і іншыя. Дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў прызначае Палата прадстаўнікоў. Адбыцца яны павінны не пазней за 20 ліпеня 2025 года. 

«Выбары пастараемся правесці так, каб камар носа не падтачыў. Нам няма ніякай неабходнасці (як гэта было ў ранейшыя гады) ціснуць, адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваць. Мы здольныя сумленна і прыстойна правесці гэтыя выбары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што нядаўна свае «выбары» праводзілі збеглыя, у якіх прынялі ўдзел ўсяго шэсць тысяч чалавек. «І нічога, яны сябе лічаць выбранымі. „Парламент“ выбралі і паехалі прасіць грошы па гарадах і вёсках. Гэта іх праблемы, што тут паралелі праводзіць... Я проста намякаю: ну калі вы ўладу абвінавачвалі ў тым, што яна непрыстойна паводзіла сябе, адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўвала, то як называецца гэта зараз у іх», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт настойвае на тым, што выбары трэба правесці так, каб не пакрыўдзіць людзей. «Гэта галоўнае. Выбары для народа, для нашай дзяржавы», — падсумаваў ён.

Ігар Карпенка далажыў, што ЦВК дэталёва праааналізаваў правядзенне адзінага дня галасавання і зрабіў работу над памылкамі. «Магу з упэўненасцю сказаць, што да маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў нам не трэба мяняць выбарчае заканадаўства. Яно ў нас адпрацавана, мы яго апрабавалі. Так, нейкія нюансы былі, але яны не столькі звязаны з нормамі, колькі з аднастайнасцю прымянення. Гэта чыста працэдурныя пытанні, якія мы адрэгулявалі. Да прэзідэнцкай кампаніі якасна зробім тую работу, якая неабходна ў адпаведнасці з заканадаўствам», — сказаў ён.

У тэму 

«Мы гатовы праводзіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію па дзеючым Выбарчым кодэксе»

Ігар Карпенка у размове з журналістамі заўважыў, што маючая адбыцца прэзідэнцкая выбарчая кампанія — частка вялікага электаральнага цыкла, які пачаўся пасля правядзення рэспубліканскага рэферэндуму і ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, а потым у шэраг заканадаўчых актаў. «Мы адпрацавалі змененае выбарчае заканадаўства ў адзіны дзень галасавання. Я далажыў Прэзідэнту, што ў прынцыпе мы гатовы праводзіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію па дзеючым Выбарчым кодэксе, карэкціроўкі ў які на сёння не патрабуюцца», — сказаў ён. 

ЦВК працягвае працу па прававой асвеце грамадзян — гэта адна з новых функцый, якая прапісана ў выбарчым кодэксе і ўскладзена на цэнтральную выбарчую камісію. «Мы працягваем працаваць з тым актывам, які патэнцыйна арганізоўвае выбары, а ў адзіны дзень галасавання іх удзельнічала каля 66 тысяч чалавек у складзе толькі ўсіх камісій, гэта я не закранаю актывістаў, агітатараў і гэтак далей. Мы ладзім шэраг семінараў з арганізатарамі выбараў, мясцовымі органамі ўлады. Плануем праехаць усе рэгіёны і разам з мясцовымі органамі ўлады паразмаўляць з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый», — распавёў страшыня ЦВК.

«Мы абмяркоўвалі пытанне пашырэння кола міжнародных назіральнікаў. Нам бачыцца, што колькасць іх можа быць большая, чым у адзіны дзень галасавання. У адзіны дзень галасавання міжнародных назіральнікаў было 294. Я думаю, што падчас прэзідэнцкіх выбараў лічба можа вырасці ў паўтара-два разы. І гэта не толькі традыцыйна назіральнікі місій СНД, ШАС. Мы прапануем пашырыць геаграфію старшыняў і прадстаўнікоў ЦВК з іншых краін, Афрыканскага кантынента, Лацінскай Амерыкі. Не выключаем назіральнікаў з краін Еўропы», — адзначыў Ігар Карпенка.

Старшыня ЦВК звярнуў увагу, што ў электаральным цыкле зараз знаходзіцца не толькі Беларусь. У 2024 і 2025 гадах выбары праходзяць і многіх іншых краінах. «Мы гэты досвед улічваем. Кансультатыўны савет пры ЦВК закліканы актуалізаваць тэму выбараў: падыходы, тэхналогіі правядзення выбараў, у тым ліку і інфармацыйных тэхналогій. Мы распрацавалі канцэпцыю лічбавізацыі выбарчага працэсу. Мы глядзім на гэта прагматычна і грунтоўна. Прэзідэнт даў дабро на тое, каб мы абмеркавалі гэтую канцэпцыю, паклалі яе на стол усім зацікаўленым і паглядзелі, якія элементы сёння прымальныя. Такім чынам мы закладваем перспектывы нашай дзейнасці на некалькі гадоў наперад», — падсумаваў Ігар Карпенка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.