Вы тут

«І сонечна душы каля душы...»


Яе мара стаць настаўніцай збылася. Паэтычны дар дазволіў душы шырока распрастаць крылы. А потым адбылася шчаслівая сустрэча, якая перадвызначыла лёс — літаратурны і жаночы. 


Ці складана напісаць дыядэму — 3375 санетаў? З чаго пачынаецца зорны палёт натхнення? Як жылося двум таленавітым творцам у «суладным і сугучным саюзе»? Пра гэта і пра каханне ўзнёслае, неўміручае, што застаецца з тым, хто любіць, і пасля сыходу другога ў іншы свет, — у гутарцы з пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023», лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі пісьменніцай Соф’яй Шах

Наша даведка

Нарадзілася Соф’я Шах у вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна ў 1947 годзе. Юнацтва прайшло ў гарадскім пасёлку Азарычы. Пасля заканчэння факультэта пачатковых класаў Мазырскага педінстытута працавала настаўніцай у Нараўлянскім раёне. Потым было навучанне ў Мінскім педінстытуце імя Горкага, пераезд у Светлагорск і праца лагапедам у школе-інтэрнаце. Менавіта ў той час Соф’я Шах стала ўсур’ёз займацца літаратурнай творчасцю. Аўтар больш за 20 кніг для дарослых і дзяцей, у тым ліку двух навучальных дапаможнікаў у вершаванай форме. «Пісьменнік года Гомельшчыны — 2022». У 2023 годзе Соф’і Шах прысуджана Нацыянальная літаратурная прэмія ў намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі». Адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Духоўнасць і культура». 

«Вянок санетаў абраў мяне сам»

— Соф’я Мікалаеўна, ці помніце час і абставіны, калі да Вас упершыню завітала муза?

— Вучылася я тады ў сёмым класе. Чымсьці ўзрушыў маю душу настаўнік фізкультуры, гэтае ўзрушэнне ператварылася ў вершаваныя радкі, якія былі, вядома ж, няўклюднымі, бедна рыфмаванымі, нікому не паказанымі. Але яны былі першымі — і таму засталіся памятнымі. 

— У 2023 годзе Вы ўзнагароджаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй за «Дыядэмную споведзь». У санетнай дыядэме 3375 санетаў злучаюцца ў вянок вянкоў вянкоў санетаў. Чым абумоўлены выбар такой складанай формы для твора?

— Справа ў тым, што я наўмысна яе не выбірала. Мне здаецца, што калісьці вянок санетаў сам абраў мяне. Такое ўражанне, што гэты жанр упадабаў сутнасць маёй душы, і я адгукнулася на яго. Супала вянковая меладычнасць-спеўнасць з душэўнымі памкненнямі. Гэта мяне зачаравала настолькі, што стала з цягам часу цесна ў простых вянках санетаў, і я паспрабавала пашырыць іх межы да вянка вянкоў. Атрымалася. 

Але вось дзіва: і пятнаццаць вянкоў санетаў, якія складаюць вянок вянкоў, або карону, таксама з часам сталі мне цеснаватымі. Яны не маглі задаволіць натхнёную жыццём душу. Каб вымавіць, акрылена адпусціць на волю ўсё, што хацелася, патрабавалася больш значная форма. І я паспрабавала ўкласці сваю ненатольную памкнёнасць у тое, чаго не было дасюль у славянскай літаратуры — у вянок вянкоў вянкоў санетаў: у дыядэму. Зараз мне і самой здаецца неймаверным, што я за няпоўныя два гады здолела гэта зрабіць. 

— Марына Цвятаева казала: «Што я раблю на свеце? Слухаю сваю душу». Спавядальнасць, шчырасць пачуццяў — адна з асаблівасцей Вашай лірыкі. На Вашу думку, чым паэзія адрозніваецца ад зарыфмаваных радкоў?

— Менавіта тым, што паэзію дыктуе душа, ёю кіруе шчыра і нават аголена, глыбока асабіста, без аглядкі на чыёсьці меркаванне. Даць ёй песеннае выйсце — патрэба жыццёва неабходная. А бываюць зарыфмаваныя радкі, у якіх такой асабістасці-асабовасці няма. Верш можа быць, можа і не быць, таму што неабавязковы, і чалавека за ім не бачна. У Ізяслава Катлярова ёсць такія радкі: «Поэты пишут для итога, не поэты — пишут просто так». 

— Для Вас напісанне вершаў — карпатлівая праца ці зорны палёт?

— І адно, і другое. Калі ўладарыць натхненне, то карпатлівасць не заўважаецца, хаця абавязкова прысутнічае. Але верх бярэ палёт акрыленага духу, і ўжо не творца кіруе неабходнасцю выказваць тое, што ў душы, а сам гэты імпэт нясе калі не да зорнасці, то абавязкова ў звабліва-прызыўную далеч. Усё залежыць ад палкасці натхнення, ад стымулу, што загадаў спеўна сумяшчаць карпатлівась з палётам. 

«Вы — чалавек мой, Вы — мой вышні лад» 

— Што Вас звычайна натхняе, Соф’я Мікалаеўна?

— Не буду арыгінальнай: родны край, у якім ёсць мае Азарычы і мой Светлагорск, родная прырода, асабліва восеньскай парой, родная дачушка з унучкай, памяць аб маме. Але існасным арыенцірам, асновай натхнення, паветрам для яго існавання ад пачатку быў, ёсць і будзе мой муж — Ізяслаў Катляроў. 

— Часам творчыя жанчыны скардзяцца, што зямны сямейны быт перашкаджае распрастаць на ўсю шыр паэтычныя крылы. Шматгадовы саюз двух паэтаў — Соф’і Шах і Ізяслава Катлярова сведчыць пра зваротнае. На вялікі жаль, з мінулага года Ваш палёт — з адным крылом... Як жылося двум таленавітым людзям разам?

— У 2023-м нашаму саюзу споўнілася 40 гадоў. Быў, вядома ж, і быт з яго клопатамі, але дзесьці на другім плане. На першым суладна і сугучна — узаемадухоўнае, узаемароднаснае. Усё, чаго я дасягнула ў творчасці, — толькі дзякуючы прысутнасці ў маім жыцці пасланага Богам чалавека, з якім і ўзніклі крылы на дваіх, пераросшы ў невымоўна-непаўторную ўзаемазалежнасць. Празаічныя словы ў гэтым выпадку бедныя, невыразныя. Таму скажу вершам: 

Дзень добры Вам і сёння, і заўсёды,

мой сябра, мой ад Бога муж і брат.

Вы — чалавек мой, Вы — мой вышні лад,

увасабленне Божае шчадроты.

Чаргуюцца усходы і заходы, — 

то новы градапад, то лістапад,

а наш сумесны лёс — найдзіўны факт:

як год адзін, пражытыя ўсе годы.

І страшна — я прызнацца мушу тут:

чамусьці час наш з Вамі надта спешны.

А можа, так і выглядае цуд?

І сонечна душы каля душы,

і наш агульны шлях такі бязмежны,

бы вызначыць забыў Бог рубяжы.

— Гісторыя Вашага знаёмства з Ізяславам Катляровым сапраўды выглядае наканаваннем. Ён параіў Вам пісаць па-беларуску…

 

— Так, амаль паўжыцця падсвядома мы ішлі адно да аднаго праз шматлікія выпрабаванні. Нашы лёсы няўхільна збліжалі шляхі, каб у цудоўным месяцы лютым 1983 года, у адзін з чароўных казачным снегападам дзён я, сабраўшы, як мне здавался, самае лепшае з маіх рускамоўных вершаў, пастукалася ў кабінет Ізяслава Катлярова, намесніка галоўнага рэдактара раённай газеты «Светлагорскiя навiны». Ён адабраў некалькі вершаў, тое-сёе запытаўся, і я выйшла, памятаю, з кабінета ў нейкім замяшанні-узрушэнні, у невытлумачальнай разгубленасці душы. А ў адзін з маіх прыходаў з рускамоўнымі вершамі ён ці то паўсур’ёна, ці то паўжартам запытаўся: «А Вы не хочаце быць у беларускіх паэтаў класікам? Мову ведаеце? Вось і паспрабуйце...» Слова «класік» прайшло міма маёй свядомасці, а вось на параду пісаць на роднай мове душа адгукнулася. Ізяслаў Рыгоравіч ухваліў маю першую спробу, сказаўшы, што верш натуральна задыхаў. 

— Спадчына вядомага творцы — дзясяткі кніг. Ведаю, што цяпер Вы працуеце над успамінамі пра мужа. Ці будзе ў іх раскрыты сакрэт суладдзя — творчага і сямейнага? 

— Так, Ізяслаў Катляроў — аўтар больш 40 кніг паэзіі і прозы, прытым высокадухоўнай, глыбока філасофскай па змесце. Галоўным для яго было не «стихосложение, а стихослужение». Абставіны прымусілі мяне ўзяцца за кнігу пра вядомага ў нашай краіне і за яе межамі чалавека, якая мяркуецца выйсці ў адным з дзяржаўных выдавецтваў. У ёй не толькі мае ўспаміны. Ён і свае паспеў мне надыктаваць — пра гады дзіцячыя і юнача-студэнцкія. 15 раздзелаў рознай тэматыкі з мноствам фотаздымкаў. Кніга-альбом, па сутнасці. Але хіба такое насычанае падзеямі, набыткамі, ідэямі жыццё літаратара і журналіста, мастацтвазнаўцы і перакладчыка, грамадскага дзеяча магчыма адлюстраваць у адной кнізе?.. А сакрэт суладдзя сямейнага і творчага лепей, як праз паэзію, і не выкажаш, што я і зрабіла ў мностве сваіх вершаў. 

— Насамрэч Ваш саюз стаў той шчаслівай невыпадковасцю, якая не толькі падарыла гармонію дваім, але і ўзбагаціла літаратуру... 

— Пра шчасце гаварыць у цяперашнім часе не магу, а ў мінулым — не хачу. Усё вельмі дакладна растлумачаць радкі Ізяслава Рыгоравіча: 

А счастье, наверно, одно:

быть счастьем кому-то другому.

І вось гэтыя, прарочыя, якія наўпрост датычацца мяне:

Только счастье всё же будет живо

до тех пор, покуда сам я жив...

«У Светлагорску — шчыра-шчодрыя людзі»

— Ізяслаў Катляроў доўгі час узначальваў карцінную галерэю ў Светлагорску, Вы — аўтар жывапісных палотнаў. Чаму ў Вас, аддадзенай стыхіі слова, з’явілася жаданне маляваць? 

— Зноў адкажу радкамі з верша: 

... Ды аказалася, што слоў — замала,

каб тое выказаць, што лёсам стала,

самою стала сутнасцю ў жыцці.

І мусіла душа, і загадала,

каб фарбамі я пець паспрабавала

у яшчэ большым самазабыцці. 

— Ці ёсць у Вас улюбёныя месцы ў Светлагорску? Куды прыходзіце, каб «падзарадзіцца» жыццядайнай энергіяй?

— Горад наш адметны менавіта сваёй зелянінай — паркамі, скверамі, натуральнымі ляснымі куточкамі. Нават за акном маёй кватэры — астравок сасновага лесу. Да таго ж Светлагорск размешчаны каля славутай хуткаплыннай Бярэзіны, дзе ёсць прыгожая набярэжная... А галоўнае, у ім жывуць шчыра-шчодрыя на чуласць, на сардэчнасць людзі. Усё гэта і спрыяе душэўнаму стану, вяртае неабходную раўнавагу.

— Якія Вашы пажаданні чытачкам «Алесі», Соф’я Мікалаеўна? 

— Узаемаладу са сваёй душой, непарыўнай сувязі са сваім сумленнем, нязгаснай веры ў дабрыню. І бачыць, адчуваць у кожным дні жыцця патаемную прыгажосць. Гэта спрыяе прыгажосці самога чалавека ва ўсіх адносінах.

Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва Соф’і ШАХ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.