Вы тут

Дзіцячай паліклініцы ў Мінску споўнілася сто гадоў


Па даных Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі годам заснавання 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі з’яўляецца 1924-ы. У той час установа называлася «3-я дзіцячая кансультацыя» і была размешчана ў самым цэнтры Мінска — па вуліцы Савецкай, 10, у аднапавярховым будынку паміж цяперашнім Домам урада і плошчай Мяснікова. У штаце налічвалася 17 чалавек, сярод якіх быў усяго адзін урач.


— У 20-я гады мінулага стагоддзя педыятрыя толькі пачала развівацца, і яе станаўленне ў нашай краіне звязана з акадэмікам Васілём Ляонавым. У 20-я гады ўрачоў-педыятраў не было, такая спецыялізацыя з’явілася ў 30-я гады, калі ў медыцынскім інстытуце адкрыўся факультэт аховы мацярынства і дзяцінства, — расказвае галоўны ўрач 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Алена ДУДУК (на здымку справа).

Адным з першых загадчыкаў кансультацыі быў таварыш Спіцыён. Медыцынская ўстанова працавала ў адну змену. Тут мелася малочная кухня, дзе гатавалася і выдавалася харчаванне і прыкорм дзецям першага года жыцця. Будынак быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не захаваўся да нашага часу, на яго месцы знаходзіцца частка сучаснага дома № 8 па вуліцы Савецкай.

Далей адрасы 3-й дзіцячай кансультацыі мяняліся. З 1998 года 3-я гарадская дзіцячая паліклініка размяшчаецца па вуліцы Магілёўскай, д. 2/3.

У розныя часы медустанову ўзначальвалі галоўныя ўрачы, якія ўнеслі свой уклад у яе развіццё. Сярод іх — Фядора Спірыдонаўна Аўчыннікава, пры якой была арганізавана кругласутачная неадкладная дапамога, донарскі пункт груднога малака, якое рэалізоўвалася за аплату. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Клаўдзія Пятроўна Туняк сфарміравала шэсць педыятрычных участкаў з колькасцю дзіцячага насельніцтва 2500 чалавек, прышчэпачныя брыгады для паляпшэння сітуацыі па вакцынацыі і зніжэнні інфекцыйнай захваральнасці, наладзіла статыстычную справаздачнасць.

Пры Алене Канстанцінаўне Лапатка, якая была галоўным доктарам з 1996 да 2005 года ў 1998-м уведзены ў эксплуатацыю новы будынак паліклінікі па вуліцы Магілёўскай і закуплена сучаснае медыцынскае абсталяванне. Падчас работы Наталлі Анатольеўны Клімовіч з 2005 да 2012 года на базе паліклінікі арганізаваны Цэнтр ранняга ўмяшання. У 2012 годзе яна была абрана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пры Ганне Ігараўне Котавай на базе паліклінікі пачаў работу Гарадскі арганізацыйна-метадычны аддзел педыятрычнай службы Мінска.

З канца 2014 года паліклініку ўзначальвае Алена Барысаўна Дудук. Праводзіцца вялікая работа па мадэрнізацыі будынка, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнні якасці і культуры медыка-дыягнастычнай дапамогі дзецям.

Сёння 3-я гарадская дзіцячая клінічная паліклініка — шматпрофільная, добра абсталяваная лячэбна-прафілактычная ўстанова па арганізацыі і забеспячэнні своечасовай і кваліфікаванай медыцынскай дапамогі дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Яна размешчана ў шасціпавярховым сучасным будынку. У яе складзе 10 структурных аддзяленняў і 16 спецыялізаваных медыцынскіх кабінетаў. Паліклініка абслугоўвае больш за 18 тысяч дзяцей, і пры праектнай магутнасці ў 480 наведванняў у змену штодня прымае 540-550 маленькіх пацыентаў.

Медыцынскую дапамогу дзецям аказваюць 236 кваліфікаваных медыцынскіх работнікаў, з іх 66 урачоў і 170 медыцынскіх сясцёр.

Сёння на базе паліклінікі працуе міжраённы Цэнтр ранняга ўмяшання, іх у Мінску ўсяго дзевяць. Тут дзецям да трох гадоў комплексную дапамогу аказвае мультыдысцыплінарная брыгада спецыялістаў: урач-неўролаг, дэфектолаг, псіхолаг, інструктар-метадыст па рэабілітацыі. Акрамя таго, на базе паліклінікі працуе артадантычнае аддзяленне, якое абслугоўвае 80 тысяч юных мінчан. Міжраённы афтальмалагічны дзіцячы цэнтр аснашчаны самым сучасным абсталяваннем і праводзіць дыягностыку і кансультаванне 130 тысяч дзяцей з некалькіх раёнаў Мінска. На працягу 15 гадоў 3-я дзіцячая клінічная паліклініка адзіная ў сталіцы аказвае дапамогу дзецям з фенілкетанурыяй.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Адзін урач і малочная кухня

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.