Вы тут

«Хочацца быць карыснай людзям»


Галіна Бяляева — заслужаны настаўнік і выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Да работы ў парламенце працавала ў Магілёўскай сярэдняй школе № 34 настаўнікам гісторыі і намеснікам дырэктара. А яшчэ была дэпутатам Магілёўскага гарсавета 27-га і 28-га скліканняў. Цяпер Галіна Бяляева член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах. Сёння яна дзеліцца з чытачамі «Звязды» ўражаннямі ад работы ў парламенце і ў сваёй Магілёўска-Кастрычніцкай акрузе № 86.


«Законы пішам разам з выбаршчыкамі»

Выклікае здзіўленне імпэт і энергія, з якімі працуе народная абранніца адразу па некалькіх кірунках. І кнігі піша, і герояў Вялікай Айчыннай вайны з пошукавым клубам «Віккру» адшуквае, і кандыдацкую рыхтуе, і з жыхарамі дрэвы саджае... Адбылася яна і як маці. У яе два дарослыя сыны, якія заўсёды падтрымліваюць яе і дапамагаюць у грамадскіх справах. На пытанне «Што падштурхнула ісці ў парламент?» адказвае:

— Я зразумела: усё, што зроблена, добра, але ж трэба далей расці. Назапасіла вялікі вопыт як настаўніца і грамадскі дзеяч і адчуваю ў сабе патэнцыял, які, спадзяюся, змагу рэалізаваць на новай пасадзе. Камісію абрала па міжнародных справах, таму што сэрца баліць за тое, што адбываецца вакол Беларусі. Калі наведвала іншыя краіны, бачыла, як людзі ставяцца да нас, ведаю, што ўсе яны, як і мы, жадаюць міру: выхоўваць дзяцей, будаваць дамы, дарогі, збіраць хлеб. Мне вельмі важна пасадзейнічаць таму, каб на зямлі стала менш гарачых пунктаў. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што зямля вялікая. Насамрэч яна вельмі маленькая і крохкая. І калі нешта дрэннае адбываецца ў іншай краіне, мы гэта адчуваем.

— З чаго складаецца працоўны дзень дэпутата Галіны Бяляевай?

— Ён пачынаецца з прагляду інфармацыйных каналаў, іх аналізу. Шмат новай інфармацыі атрымліваю на семінарах, дзе вучымся працаваць з заканадаўчай ініцыятывай. Наогул, вельмі цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам замежных спраў, удасканальваем навыкі работы з інфармацыйна-пошукавай сістэмай «Эталон», унікаем у нюансы фарміравання бюджэту, вывучаем усе законапраекты, якія паступаюць у парламент ад розных камісій.

Камісіі ў парламенце працуюць як асобна, так і сумесна. Усе законапраекты, якія разглядаюцца, агучваем людзям. Работа над кожным вельмі доўгая, займае каля двух гадоў. Законы ствараюцца для людзей, таму трэба пачуць і прааналізаваць іх меркаванні і пажаданні. На жаль, не ўсе разумеюць, якія функцыі выконваюць дэпутаты розных узроўняў. Калі прыязджаю ў акругу, запрашаю на сустрэчы з насельніцтвам дэпутатаў гарсавета і аблсавета.

«Галоўнае, каб быў дыялог»

Галіна Бяляева лічыць, што на сустрэчах павінна быць жывая размова, каб чалавек падзяліўся, чым ён жыве, што яго турбуе. У мінулым месяцы, калі дэпутат працавала ў сваёй акрузе, галоўнай тэмай гутарак быў Усебеларускі народны сход. Людзі пыталіся пра Ваенную дактрыну дзяржавы, пра Канцэпцыю нацыянальнай бяспецы. Вельмі важна захаваць мір, і кожны турбуецца пра гэта. Шмат гучыць асабістых пытанняў ад грамадзян і на сустрэчах у працоўных калектывах і падчас прыёму грамадзян. Парламентарый прызнаецца, што за два месяцы сваёй работы ў прадстаўнічым і заканадаўчым органе краіны яна толькі адну суботу правяла ў Мінску, ва ўсе астатнія — выязджала ў Магілёў па просьбе выбаршчыкаў.

— Жыхары дома па Пушкінскім праспекце звярнуліся да мяне з ініцыятывай добраўпарадкаваць дворык, — расказвае дэпутат. — Я не стала чакаць свайго афіцыйнага выезду ў акругу, вырашыла дзейнічаць адразу. Тым больш што жыхары былі настроены паўдзельнічаць у справе, і гэта вельмі мне спадабалася. Некаторыя думаюць, што дастаткова даць заданне дэпутату і чакаць, калі ён усё зробіць. А тут быў іншы выпадак. Я прапанавала вырашаць праблему пакрокава, пачаць з азелянення дворыка. Спонсары закупілі ў Мінску туі, а я дамовілася з ЖЭУ наконт месца, дзе можна саджаць дрэўцы, і папярэдзіла сваіх актывістаў. Маўляў, еду, збірайце жыхароў на суботнік. Адразу з маршруткі накіравалася да іх і вельмі парадавалася: людзі ўжо сабраліся і былі гатовы працаваць. Мы так захапіліся, што, калі былі пасаджаны туі, некаторыя жанчыны пайшлі саджаць кветкі на клумбах. Цяпер збіраемся паставіць у двары абсталяванне для дзяцей. Паралельна думаем, як замяніць тратуарную плітку і бардзюры. Звязалася з некаторымі прадстаўнікамі бізнесу, якія арандуюць памяшканні ў гэтым доме. Яны станоўча ставяцца да нашых планаў, абяцаюць дапамагаць. Жыхары зрабілі мне экскурсію па пад’ездах. Звярнула ўвагу, што ў іх жыве вельмі цікавы мастак — спадабалася, як ён аформіў лесвічныя пляцоўкі. Не сумняваюся, што яго талент нам яшчэ спатрэбіцца.

У суботу, 1 чэрвеня, Галіна Бяляева таксама была ў Магілёве. Разам з работнікамі завода «МаАЗ імя С. Кірава» наведвала сем’і з анкахворымі дзецьмі.

— Міжнародны дзень абароны дзяцей і пачатак лета — гэта вялікае дзіцячае свята, — кажа дэпутат. — А якое свята без сямейнага застолля і ласункаў? Магчымасці сямей, дзе растуць хворыя дзеці, абмежаваныя, а нагоды для радасці ім неабходны нават больш, чым іншым. Таму патэлефанавала ідэолагу завода Святлане Котавай, і яна адразу ж падключыла да добрай справы актывістаў. Купілі тарты, паветраныя шарыкі і перадалі ўсё гэта васьмі сем’ям з дабрачыннай арганізацыі «Магілёўскі дзіцячы хоспіс». Сям’і са Старога Пашкава, дзе выхоўваецца сямёра дзяцей, старэйшаму з якіх 19 гадоў, а малодшаму паўтара, падарылі два тарты. Завіталі да мамы, якая ў адзіночку выхоўвае дачку, хворую на СМА. Гэту неверагодна моцную духам жанчыну я заўважыла падчас адной з сустрэч. Яна тады хутка пакінула нас, а людзі патлумачылі, што яна ніколі надоўга не пакідае сваю дачку. Мы ёй перадалі торт, каб яна магла запрасіць на чай тых, хто дапамагае ў яе цяжкай справе. Яшчэ наведалі шматдзетную сям’ю ў Магілёве, дзе з 11 дзяцей васьмёра — прыёмныя. Астатнім дзецям перадалі тарты, калі яны разам з бацькамі вярталіся з прагулкі на рачным цеплаходзе. Яе арганізавала яшчэ адна група валанцёраў.

Бацькі хворых дзяцей і іх дзеці — асаблівыя, яны ведаюць цану жыцця і міру. Я сама пошукавік і стварыла дзіцячую групу, куды ўваходзяць 20 чалавек: пачынаючы з 7 класа, заканчваючы выпускнікамі ВНУ, маімі былымі вучнямі. І вось цяпер, калі мы зайшлі з тортам у шматдзетную сям’ю, адзін хлопчык папрасіў узяць яго на раскопкі. Абавязкова вазьму. Вось дачакаюся адпачынку — і мы адправімся дапамагаць «віккруўцам». Нашаму маленькаму атраду, дарэчы, ужо чатыры гады.

Невыпадковая сустрэча

У акрузе дэпутата Галіны Бяляевай пражывае 63 тысячы чалавек. Якая гэта адказнасць, яна зразумела яшчэ падчас збору галасоў за сваю кандыдатуру. Акрамя таго, што вылучалася па лініі працоўных калектываў і партыі, кандыдатка вырашыла самастойна збіраць галасы. Прызнаецца, што асабіста вешала на пад’ездах дамоў, ад Рабочага пасёлка да Малой Бароўкі, аб’явы са сваёй праграмай. Адначасова адзначала, дзе дрэнная дарога, дзе двор недагледжаны, дзе, наадварот, прыгожы. Мэта — абысці пешшу ўсю сваю акругу і адзначыць моцныя і слабыя месцы. Гадзінамі стаяла ў пікетах, знаёмілася з людзьмі.

— Аднойчы, калі збіралі галасы каля Лядовага палаца, падышоў мужчына, і мы разгаварыліся, — расказвае дэпутат. — Калі ён працягнуў свой пашпарт, каб аддаць за мяне свой голас, я прачытала яго імя і прозвішча — Аляксандр Васільевіч Прасольны. Прозвішча вядомае для Магілёва, бо ў XІX стагоддзі тут жылі фатографы Андрэй і Рыгор Прасольныя. Гэта іх фота сталі ілюстрацыямі знакамітага трохтомнага «Вопыту апісання Магілёўскай губерні» яе дарэвалюцыйнага губернатара Аляксандра Дэмбавецкага. Суразмоўца пацвердзіў, што Андрэй Прасольны — яго прадзед. І я расказала, як мы са школьнікамі пісалі даследчую работу па Магілёўскім некропалі і наведвалі грамадзянскія могілкі. На Успенскіх могілках захавалася надмагілле Прасольных, мы з вучнямі яго нават даглядалі. Аляксандр Васільевіч вельмі здзівіўся. Сказаў, што на Петрапаўлаўскіх могілках пахавана яго прабабка — жонка Андрэя Прасольнага, а вось пра магілу прадзеда яму ніхто не расказваў. Праз нейкі час ён паведаміў, што, калі прыбіралі магілу прадзеда, знайшлі там прысыпаныя зямлёй пліты, і прыслаў іх фота. Мы ж са школьнікамі іх не заўважылі. Мне стала цікава, і я прапанавала свайму новаму знаёмаму скласці радавод. Атрымалася знайсці інфармацыю па дзевяці каленах. У нашчадка не было нават фота прадзеда. Я знайшла яго ў адным з музеяў, дзе захоўваюцца фота, зробленыя братамі Прасольнымі. Аказваецца, яны выкарыстоўвалі свае выявы ў пячатках. Гэта стала вялікім адкрыццём для іх нашчадка. Наогул, мая дэпутацкая дзейнасць шчыльна пераплятаецца з прафесійнай. Гісторыя — маё прызванне, а жаданне дапамагаць людзям — у крыві. І мне вельмі ўсцешна, што атрымліваецца спалучаць сучаснае і мінулае. Гістарычная памяць шмат чаму вучыць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.