Вы тут

Не проста кветкі...


Аляксандра Сцяпанаўна Харытонава днямі адзначыць сваё 90-годдзе. За доўгае жыццё хапіла і трывог, і нягод: давялося перажыць і вайну, і цяжкі пасляваенны перыяд. Сёння пенсіянерка радуецца жыццю, робіць яго прыгажэйшым не толькі для сябе, але і для суседзяў — вырошчвае кветкі на клумбе каля пад’езда. Пра свой кветнік бабуля клапоціцца сама, аднак з-за праблем са здароўем спускацца і падымацца з трэцяга паверха ды і яшчэ з поўнымі вёдрамі вады становіцца вельмі цяжка. Але тут не засталося ўбаку мясцовае самакіраванне: калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 Кастрычніцкага раёна сталіцы падключыўся да вырашэння праблемы.


«Аляксандра Сцяпанаўна жыве на трэцім паверсе чатырохпавярховага дома. Натуральна, ліфта ў доме няма. Яна вырошчвае кветкі, і ў засушлівае надвор’е, нягледзячы на свой зусім немалады ўзрост, цягае вёдрамі ваду, каб іх паліць, — распавяла сакратар калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 Яўгенія Аляксеева. — Калі мы даведаліся аб гэтым, адразу ж звярнуліся ў «Зелянбуд» Кастрычніцкага раёна з просьбай паліваць тыя кветкі. На жаль, з-за пэўных складанасцяў у графіку яны гэта рабіць не могуць. Тады быў разгледжаны варыянт, каб паставіць бочку з вадой. Але ЖКГ раёна знайшла самае добрае рашэнне — вывесці з падвальнага памяшкання кранік з вадой. На гэтым тыдні работы павінны быць завершаны. І Аляксандра Сцяпанаўна сама без цяжкасцяў зможа набіраць ваду і паліваць сваіх гадаванцаў».

Мы не змаглі прайсці міма цудоўных кветнікаў. Якраз у гэты час выйшла Аляксандра Сцяпанаўна. Жанчына была рада бачыць, што яе кветнікамі цікавяцца людзі. Тады ў нас і завязалася шчырая размова.

«Нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, настройваю сябе аптымістычна. Хоць і хаджу з кійком, працоўную дзейнасць не спыняю. Таму што калі лёг, то тады і ўсё... Я шмат чаго перажыла ў гэтым жыцці, аднак Бог паслаў мне сілу — і сёння я вырошчваю кветкі», — гаворыць бабуля.

Калі пачалася вайна, Аляксандры Сцяпанаўне было сем гадоў. «Мы жылі ў вёсцы Зеляніца Кіраўскага раёна, у нас не было ні радыё, ні тэлефонаў. Вайна пачалася, а мы нават не ведалі... Потым ужо атрымалі весткі з Кіраўска...» Вёску Зеляніцу фашысты палілі некалькі разоў. Здаралася, разам з тымі, хто не паспеў схавацца. Так загінуў дзядуля нашай гераіні. «Мы, дзеці, вырашылі ўцякаць у дрымучы лес. Вельмі прасілі дзядулю сысці з намі, а ён так проста і шчыра кажа: «Дзеткі, а што я ім дрэннага зрабіў? За што яны мяне будуць забіваць?..» Калі атака скончылася, наш падворак спалілі дашчэнту. Пасля мы прыйшлі на дворышча, ад дзядулі засталіся толькі чэрап і ногі... Калі немцы прыйшлі наступны раз, некаторыя старыя таксама адмовіліся бегчы. Тады ў хляве немцы спалілі дзевяць чалавек. Памятаю яшчэ выпадак: мы бачылі, як немцы вядуць сям’ю яўрэяў з дзецьмі. Жанчына сказала нам: «Сёння нас, а заўтра вас». Гэтыя словы я запомніла на ўсё жыццё», — са слязамі ўспамінае Аляксандра Сцяпанаўна.

Да вайны яе дзядзька працаваў у Мінску. «Ён прыехаў у вёску ў адпачынак. І тут вайна. Тата пайшоў на фронт, а дзядзька ў ліку першых пайшоў у партызаны... і загінуў. Ён быў паранены ў жывот, пасля бою, калі сталі падбіраць параненых, выявілі, што ўся дзядзькава галава была рассечаная шомпаламі ад аўтамата», — распавядае жанчына.

Па словах Аляксандры Харытонавай, вайна — гэта ўвесь час у голадзе, у холадзе, у лесе. Некалькі разоў яна была на валасок ад смерці. «Мы хаваліся ад немцаў у лесе. Каля яго будавалі чыгунку. Мы выйшлі да чыгункі, там нас заўважылі і пачалі страляць. Калі ўцякала, трапіла ў дрыгву. Мяне ледзь выцягнулі адтуль. А потым што апрануць? А няма чаго. Даводзілася хадзіць у тым, што было», — распавядае яна.

Аляксандра Сцяпанаўна была і вязнем фашысцкага канцлагера. «Спачатку мы былі ў Кіраўску, потым нас з маці і цёткай перавялі ў лес каля Бабруйска. Там у дарослых бралі кроў... Выжыць дапамагала надзея і вера, што немцаў прагоняць з нашай зямлі...»

«Калі вайна скончылася і мы вярнуліся дадому, там нічога не было. Пачыналі жыць нанова, будаваць дамы, сеяць агароды. Мой тата вярнуўся з фронту. Вялікую перамогу сустракалі са слязамі на вачах. Людзі крычалі ў гучнагаварыцелі: «Ура! Перамога!» На жаль, шмат мужчын з фронту не вярнулася. Усе абдымалі адзін аднаго, плакалі. Нам казалі: «Не гаруйце, фашызм знішчаны». Але, на жаль, вёскі нашай ужо не было», — успамінае бабуля.

Да вайны Аляксандра Харытонава паспела скончыць першы клас. Пасля вайны зразумела, што забылася нават літары. Па словах жанчыны, яе не ведалі, у які клас адправіць вучыцца: у першы ці ў другі. Дзяўчынка хадзіла да школы адна праз лес, а гэта — амаль восем кіламетраў...

Але яна вывучылася, скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут. Пасля заканчэння яе адправілі працаваць у Баравіцкую сярэднюю школу. Там прапрацавала 48 гадоў. Прыйшла ў школу маладым настаўнікам рускай мовы і літаратуры. 32 гады працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. З гэтай пасады і пайшла на пенсію. Яна выдатнік народнай асветы, педагог вышэйшай катэгорыі.

«У мяне рана памёр муж. Працаваў у аўтабазе інжынерам. Павёз жанчын на ўборку буракоў. Ён выйшаў з машыны, прайшоў 10 метраў, упаў і памёр. Засталася адна гадаваць траіх дзяцей...»

«Калі засталася адна, было вельмі цяжка, — гаворыць Аляксандра Сцяпанаўна. — Аднак я здолела вырасціць добрых дзяцей. Цяпер вырошчваю кветкі каля пад’езда. Знаходжу ў гэтым задавальненне. Я задаволеная жыццём, атрымліваю добрую пенсію, надбаўкі. На жыццё хапае. Знаходжу падтрымку ў сваёй сям’і. У мяне шэсць унукаў і дзевяць праўнукаў! Калі казаць пра жыццё, пра нашу краіну, то я вельмі шчаслівая, што жыву ў Беларусі. Я радуюся, калі кажуць, як у Беларусі добра, чыста, прыгожа. А яшчэ тут клапоцяцца пра людзей. І гэта правільна, бо колькі наш народ ужо нагараваўся...»

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.