Вы тут

Вада з калодзежа класіка. На Капыльшчыне адсвяткавалі «Цімкавіцкія вытокі»


«Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма». Гэтыя словы класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага сталі дэвізам свята «Цімкавіцкія вытокі», якое адбылося ў трэці раз на Капыльшчыне, у вёсцы Цімкавічы. Маленькі Коля Раманоўскі, будучы пісьменнік, скончыў тут двухкласную вучэльню, працаваў у аддзеле народнай асветы, настаўнічаў. Сёння тут дзейнічае музей класіка, ля калодзежа, адкуль бралі ваду вяскоўцы, у тым ліку сям’я Раманоўскіх, усталяваны памятны знак з цытатай з «Вераснёвай ночы» Кузьмы Чорнага: «Каля студні з дзеравянага вядра, пазелянелага і слізкага, капала вада на запыленую буйную крапіву ў пясок. За парканам спелі яблыкі і арабіны, пад парканам раскашэльвалася мята і бабіна лета».


Яблыкам яшчэ не час, і пазелянелага драўлянага вядра няма, але вада засталася такой жа чыстай і смачнай: госці, што прыехалі на свята, маглі ў гэтым пераканацца. І краявіды Цімкавіч засталіся гожымі і вартымі натхнення. Людміла Ніжэвіч, загадчык Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, правяла для гасцей экскурсію па памятных месцах. Гісторыя вёскі пачынаецца з 1499 года — на камяні з гэтай датай таксама словы славутага земляка-пісьменніка... Які ў сваю чаргу натхніў на творчасць удзельнікаў конкурса «Родныя мае мясціны», лаўрэаты якога былі ўзнагароджаныя на галоўнай сцэне літаратурна-музычнага свята «Цімкавіцкія вытокі». А работы даслалі на конкурс больш за сто чалавек. Юныя таленты, якія спрабуюць сябе і ў выяўленчым мастацтве, і ў літаратуры, атрымалі дыпломы і падарункі ад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы, музей і СПБ разам з Капыльскім райвыканкамам з’яўляюцца арганізатарамі свята. З малюнкамі пераможцаў можна было пазнаёміцца тут жа, на экспазіцыі пад адкрытым небам. 

Свята пачалося, аднак, не з падзей на вялікай сцэне, а з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка загінулым воінам-пагранічнікам — у Цімкавічах размяшчаўся 17-ты чырвонасцяжны пагранічны атрад, чые воіны гераічна праявілі сябе ў час Вялікай Айчыннай вайны. У мясцовай царкве адбыўся малебен, а каля цэнтральнай плошчы — пасадка туй да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік нагадаў, што «Цімкавіцкія вытокі» адбываюцца напярэдадні трох дат, важных для кожнага беларуса: дня народзінаў Кузьмы Чорнага, дня памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа, а таксама напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі. 

—Кузьма Чорны вельмі шмат пісаў пра рысы чалавека, яго характар, расказваў нам пра тыя глыбокія і таямнічыя завулкі душы, якімі валодае кожны з нас. Расказваў, як трэба любіць, падтрымліваць, паважаць адзін аднаго. І гэтыя высокія якасці чалавечай душы знаходзілі ўвасабленне ў героях яго раманаў і апавяданняў. 

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос таксама згадаў пра творчасць класіка:

—Перад тым, як сюды ехаць, я перачытаў «Вераснёвыя сны» Кузьмы Чорнгага, і адчуў асалоду ад сакавітай літаратурнай беларускай мовы. А яшчэ адчуў асалоду, калі працаваў у складзе журы раённага творчага конкурса і пабачыў, што ў Кузьмы Чорнага ёсць паслядоўнікі. 

Намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп распавёў, што падчас працы над зборнікам «За цябе, Беларусь!», у якой храналогія змагання беларускага народа ў час вайны пададзеная не толькі ў дакументах, але і ў мастацкіх творах, выкарыстаў вельмі шмат напісанага Кузьмой Чорным, які з першых дзён вайны верыў у перамогу. Таксама Віктар Анатольевіч згадаў, што Капыльшчына славіцца сваімі талентамі: калі да Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у Капылі, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтавалі кнігу «Капыльшчына літаратурная», убачылі, што на Капыльшчыне нарадзілася каля шасці дзясяткаў літаратараў і літаратуразнаўцаў. 

Праграму у Цімкавічах падрыхтавалі на любы густ. Можна было наведаць музей Кузьмы Чорнага. А там акрамя цікавай экскурсіі пакаштаваць гарбаты «Каля самавара Кузьмы Чорнага». Працавалі майстар-класы «Сакрэты каліграфіі», «Традыцыйная беларуская лялька», «Сувенірны магніт», «Кніжная закладка». Для маленькіх гасцей — гульні «Азбука гарадоў» і «Нізка беларускіх казак». У адной з музейных залаў прайшла «Літаратурная гасцёўня», дзе выступілі запрошаныя пісьменнікі. Працавалі тэматычныя пляцоўкі ўстаноў адукацыі і грамадскіх аб’яднанняў, літаратурныя выставы і фотазоны, выставы дзіцячых малюнкаў, выставы-продажы майстроў народнай творчасці... Нельга было прайсці міма стэнда Капыльскага раённага краязнаўчага музея, а таксама экспанатаў з кутка баявой славы Капыльскай сярэдняй школы № 2, якая носіць імя Цішкі Гартнага, яшчэ аднаго славутага ўраджэнца Капыльшчыны — там можна было ўбачыць сапраўдныя рэчы ваеннага часу і яскравей уявіць побыт савецкіх салдат Вялікай Айчыннай. Асобны стэнд з ганаровай вартай быў прысвечаны Герою Савецкага Саюза Мікалаю Рамашка, чыім імем названая вуліца ў Капылі. Беларускі саюз жанчын падрыхтаваў экспазіцыю «Жаночы твар Перамогі». Ахвотна фоткаліся ўсе перад зробленымі з зерня, семачак, крупаў, арэхаў, сушаных ягад рэпрадукцый карцін Алены Кіш і Казіміра Малевіча — нечаканы крэатыў! Зразумела, шмат стэндаў распавядала пра Кузьму Чорнага. Ну а на завяршэнне прыемны сюрпрыз — канцэртная праграма Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь вакальнай групы «Чысты голас».

—На свяце «Цімкавіцкія вытокі» было сапраўднае Свята. Светлае, беларускае, прыгожае. І вельмі шмат моладзі. І кожны прысутны мог выбраць для сябе занятак, які яму найбольш па душы, — лічыць Віктар Шніп. — Упэўнены, што свята павінна працягвацца і пашырацца. 

Пра будучыню «Цімкавіцкіх вытокаў» гаварылі шмат — паколькі свята сцвердзілася, варта яго пашырыць. А Капыльшчына гатовая гасцінна прымаць новых гасцей.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.