Вы тут

І зноў сяброў збірае фестываль


Роўна за 33 дні да старту ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» арганізатары запрасілі прадстаўнікоў СМІ на маштабным прэс-тур, прысвечаны падрыхтоўцы да галоўнай культурнай падзеі краіны. Сёлета ўжо традыцыйны прэс-тур атрымаў статус міжнароднага, у якім узялі ўдзел журналісты не толькі з Беларусі, але і Расіі.


Адкрываючы прэс-канферэнцыю, прысвечаную будучаму 33-му форуму мастацтваў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў адзначыў, што Віцебск і ўся вобласць уступае ў вельмі цікавую пару, бо гэтае лета будзе насычана буйнымі і разнастайнымі мерапрыемствамі: XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, 1050-годдзе паўночнай сталіцы, Дзень незалежнасці Беларусі. «Мы чакаем вялікую колькасць гасцей, у тым ліку замежных. У падрыхтоўцы да „Славянскага базару“ задзейнічаны літаральна ўсе, пачынаючы ад будаўнічай і жыллёва-камунальнай сфер і заканчваючы гандлёвымі аб’ектамі, гасцінічным фондам. Праца кіпіць, і мы актыўна рыхтуемся да таго, каб годна прыняць гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Нам важна, каб людзям, якія прыязджаюць да нас, было камфортна, утульна, прыемна і смачна. Упэўнены, што ўсё атрымаецца, таму што мы працуем, як адна каманда», — падкрэсліў Вячаслаў Віктаравіч.

«Сёлета ХХХІІІ „Славянскі базар“ — гэта фестываль бясконцасці, а бясконцасць — гэта памяць аб 80-годдзі вызвалення Беларусі, новыя праекты, якія мы ствараем для любімага горада. У чарговы раз мы будзем пацвярджаць, што гэта той фестываль, які ў першую чаргу рэагуе на водгук нашых гледачоў. Ён крочыць разам са сваёй публікай, цалкам рознай па творчым перавагах, узроставай катэгорыі. Нам прыемна, што такая вялікая ўвага надаецца культуры, і што многія праекты ініцыююцца гледачамі», — расказаў член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі.

Больш сюрпрызаў

На галоўнай фестывальнай сцэне пройдуць дзевяць вялікіх канцэртаў. Аляксандр Зацэпін прывязе ў Віцебск мюзікл «Казка пра цара Салтана», прысвечаны 225-годдзю са дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Мюзікл плануюць паказаць на канцэрце ў рамках Дзён Саюзнай дзяржавы.

Упершыню ў «славянкі» з’явіцца фестываль-пабрацім, які быў створаны пад уражаннем ад віцебскага форуму. Гэта «Kavkaz music fest», 65 выканаўцаў будуць дэманстраваць культуру народаў Паўночнага Каўказа. 

Арганізатар фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» Уладзіслава Цвікі расказала, што сёлета фэст будзе адзначаць сваё 10-годдзе, таму артысты плануюць паўтарыць шэсце-перформанс на хадулях ад ратушы да адкрытай тэатральнай пляцоўкі на Марка-Сіці. У планах вулічных артыстаў гэтым летам паўтарыць таксама ўсе творчыя рэкорды, назбіраныя за дзесяць гадоў, у ліку якіх — 1000 вершаў аб Віцебску. Дзякуючы талентам ілюзіяністаў на Пушкінскім мосце будуць з’яўляцца лыжкі розных форм і памераў, і традыцыйна будзе ісці «дождж па раскладзе». Падлічыць час работы фестывалю «На сямі вятрах» арганізатары калісьці спрабавалі, а сёлета плануюць падлічыць работу калектыву BARABAND. Дарэчы, віцебскія барабаншчыкі выступілі ініцыятарамі правядзення самба-фестывалю, у якім ужо хочуць узяць удзел звыш 200 чалавек. Самба-фестываль адбудзецца на вуліцы Калініна, шэсць вялікіх калектываў бразільскіх барабанаў і танцораў самба запросяць жыхароў і гасцей горада на самы сапраўдны беларуска-бразільскі карнавал. 

Упершыню на «базары» пройдзе фестываль дабрыні «Рука ў руцэ» для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах. 12 ліпеня ў канцэртнай зале «Віцебск» пройдзе паказ мод, калекцыі для якога стваралі самі дзеці і педагогі, прычым у якасці мадэляў таксама выступяць дзеці з асаблівасцямі. На фестываль роўнасці і дабрыні прыедуць госці з Масквы. 

На «Славянскім базары» будуць працаваць 13 выстаў на пляцоўках музеяў Віцебска, а таксама экспазіцыі абласнога краязнаўчага музея. Адной з навінак стане ўрок гістарычнага пісьма ў КЗ «Віцебск», дзе наведвальнікаў будуць знаёміць з эпісталярным жанрам часоў Пушкіна, пісьмовымі прыладамі: гусіным пер’ем і чарнілам і нават прапануюць напісаць ліст сваёй рукой. 12 і 13 ліпеня перад пачаткам мюзікла Аляксандра Зацэпіна «Казка пра цара Салтана», кожны зможа паўдзельнічаць у інтэрактыўных гульнях часоў Аляксандра Пушкіна. Мінскі гістарычны музей прывязе ў горад на Дзвіне выставу аб жыцці і творчасці Уладзіміра Мулявіна. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на пляцоўцы краязнаўчага музея будзе рэалізаваны VR-праект-рэканструкцыя «Невядомы сцяганосец», а таксама будзе працаваць фотавыстава «Шлях да Перамогі». 

У мінулым годзе фестываль наведалі каля шасці тысяч акрэдытаваных артыстаў і ўдзельнікаў, сёлета арганізатары чакаюць не менш. Другі год запар руку дапамогі ў сферы лагістыкі «Славянскаму базару» працягвае Расійская чыгунка, запускаючы цягнікі, з дапамогай якіх госці могуць прыехаць у Віцебск раніцай, наведаць упадабаны канцэрт і ноччу адправіцца дадому. Гэта значна здымае загружанасць з сістэмы размяшчэння. І такі варыянт, па назіраннях мінулага года, прыхільнікам «славянкі» падабаецца, таму паспяшайце набыць свой квіток. 

У абноўленым выглядзе 

Пасля канферэнцыі прадстаўнікоў СМІ Беларусі і Расіі запрасілі ў прэс-тур па знакамітых мясцінах «славянкі», каб журналісты натхніліся фестывальным настроем і змаглі перадаць яго чытачам. 

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі выставачную залу «Духаўскі круглік», дзе не толькі ў дакументах, але і ў фотаздымках адлюстраваны яркія моманты 33-х фестывальных летаў. Дарэчы, пасля нядаўняй рэканструкцыі верхняга паверха тут, на вышыні птушынага палёту, з’явілася панарама з аўтографамі вядомых гасцей форуму мастацтваў. 

Наведалі і Алею лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення», дзе кожны год закладваецца новая зорка артыста, удастоенага прэміі. Чыя запаліцца сёлета — вялікі сакрэт, які будзе раскрыты толькі ў ліпені. 

Летні амфітэатр таксама закранулі перамены, набыла новы выгляд унутраная закулісная прастора. Удзельнікі прэс-тура змаглі зазірнуць у грымёркі артыстаў і нават паглядзець на шасцітысячную залу са знакамітай аркі амфітэатра. Вялікія будаўнічыя работы зараз вядуцца і ў культурна-спартыўным комплексе амфітэатра.

Наступным пунктам фестывальнага маршрута стала канцэртная зала «Віцебск», якая амаль поўнасцю за некалькі гадоў рамонту змяніла свой знешні і ўнутраны выгляд. На прылеглай тэрыторыі з’явіўся сучасны ўтульны сквер, дзе размясцілася фотавыстава вядучага фотакарэспандэнта БелТА Аляксандра Хітрова, які больш за тры дзесяцігоддзі прафесійна адлюстроўвае самыя яркія моманты «славянкі». У прыватнасці выстава ў скверы, якая складаецца з 33 работ, прысвечана 25-годдзю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. 

Тут, у скверы, з журналістамі сустрэўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён расказаў, што перад «Славянскім базарам» і пасля на віцебскай зямлі пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў. «Адно з самых буйных — гэта XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які абяцае быць дастаткова ёмістым, вялікім. Вельмі шмат дэлегацый заявіла аб удзеле. Акрамя гэтага, шмат канцэртаў, юбілейных мерапрыемстваў будзе праходзіць напярэдадні „Славянскага базару“. І канцэртная зала „Віцебск“ набыла ўжо іншае, новае сучаснае гучанне. Мы пастараемся здзівіць нашых гасцей і сяброў, хто традыцыйна прыязджае на фестываль у Віцебск», — адзначыў кіраўнік вобласці. 

Той, хто бываў на фестывалі ў канцэртнай зале яшчэ некалькі гадоў таму, цяпер не пазнае гэты творчы і культурны цэнтр Віцебшчыны. У мінулым годзе будаўнікі поўнасцю замянілі фасады, абсталявалі тры ліфты, а ў бягучым годзе рамонт закрануў унутраную прастору. І хоць некаторыя з элементаў залы — мармур і ракушачнік на сценах усё ж такі імкнуліся захаваць, — інтэр’ер змяніўся поўнасцю, стала больш святла, шкла і сучасных рашэнняў. Дарэчы, адной з фішак адкрытай залы стаў каляровы паркет с беларускім арнаментам. Пад напольным пакрыццём у фае цяпер праходзяць кіламетры светладыёдных стужак, канцэртная зала абсталявана найноўшымі сістэмамі пажаратушэння і відэаназірання, створана безбар’ернае асяроддзе, з’явілася дадатковая лесвіца і аўтамабільная стаянка. Асноўнае месца работы журналістаў на «базары» — міжнародны прэс-цэнтр — стаў ультрасучасным і камфортным. За два гады на рэканструкцыю КЗ «Віцебск» было накіравана каля 40 мільёнаў рублёў, гатоўнасць аб’екта на сённяшні дзень — 95 працэнтаў.

Спадзяюся, паважаны чытач, ты таксама зарадзіўся фестывальным настроем. Тады да сустрэчы ў горадзе на Дзвіне!

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.