Вы тут

Падрабязнасці афіцыйнага візіту азербайджанскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь


Праграма візіту напоўнена не толькі дзелавымі сустрэчамі і перагаворамі, за якімі — падпісаныя дакументы аб далейшым супрацоўніцтве. Парламентарыі з Азербайджана знаёмяцца і з культурным жыццём Беларусі, яе вытворчым патэнцыялам і адукацыйнымі магчымасцямі.


Фота БелТА

Абмеркаванне двухбаковага парадку дня пачалося адразу пасля прыбыцця дэлегацыі на чале са Старшынёй Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі Сагібой Гафаравай у Нацыянальны аэрапорт Мінск. Сустракаючы сваю калегу, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што афіцыйны візіт азербайджанскай дэлегацыі праходзіць пасля тых цудоўных сустрэч, якія прайшлі на ўзроўні прэзідэнтаў дзвюх краін. Яна падкрэсліла, што візіт заканадаўцаў з Азербайджана з’яўляецца знакавай падзеяй як у цэлым для ўсёй краіны, так і для парламентарыяў.

«Мы павінны аб’ядноўвацца»

Абавязковы пункт праграмы афіцыйнага візіту азербайджанскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь — ускладанне вянка да манумента Перамогі. Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, аб тых, хто ўласным жыццём заплаціў за мірнае сёння, уласціва і нашым сябрам з Азербайджана. Больш за 640 тысяч ураджэнцаў гэтай краіны змагаліся з ворагам на фронце, амаль палова з іх гераічна загінула ў баях. Звыш 130 грамадзян Азербайджана былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 14 чалавек — за вызваленне Беларусі.

Азербайджанскія парламентарыі наведалі вядучую ВНУ нашай краіны. У вузкім складзе адбылася сустрэча Наталлі Качанавай і Сагібы Гафаравай з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэем Каралём. Затым Старшыня Мілі Меджліса Азербайджана выступіла перад прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ, студэнтамі. Аднак найперш высокую госцю чакаў сюрпрыз — Сагібе Гафаравай прысвоілі званне ганаровага прафесара БДУ.

Як пасля падзеліцца спікер азербайджанскага парламента, якая, дарэчы, з’яўляецца доктарам філалагічных навук з 40-гадовым выкладчыцкім стажам, для яе вялікі гонар быць удастоенай гэтага звання. Сагіба Гафарава падкрэсліла, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па праве лічыцца найлепшай ВНУ Беларусі, з’яўляецца яе навуковым і культурным цэнтрам. «Глыбока ўдзячная кіраўніцтву, вучонаму савету і ўсяму навуковаму калектыву ўніверсітэта на чале з рэктарам і ўспрымаю гэтае высокае званне не толькі як даніну павагі да маіх заслуг, але і перш за ўсё як праяву павагі да народа Азербайджана», — адзначыла спікер.

Сваю калегу павіншавала Старшыня Савета Рэспублікі. Наталля Качанава падкрэсліла, што Сагіба Гафарава шмат гадоў адпрацавала ў сістэме вышэйшай адукацыі і столькі зрабіла для таго, каб супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, паміж моладдзю нашых краін было такім інтэнсіўным, плённым. Каб наша моладзь, у цэлым нашы народы любілі адзін аднаго, каб мы жылі такімі добрымі братамі, якімі сёння з’яўляемся. «У нас цеснае і плённае супрацоўніцтва па лініі нашых прэзідэнтаў, урада, рэалізоўваюцца ўсе праграмы, якія былі падпісаны раней, — канстатавала спікер Савета Рэспублікі. — І мы вельмі рады і ганарымся тым, што сёння вы ў нас у краіне, бо гэта надасць новы імпульс у супрацоўніцтве парламентарыяў нашых краін».

Наталля Качанава выказала ўдзячнасць азербайджанскім калегам за падтрымку Беларусі на міжнародных пляцоўках, у міжнародных арганізацыях. «Сёння мы павінны аб’ядноўвацца, — акцэнтавала ўвагу спікер. — Аб’ядноўвацца павінны краіны з міралюбівай палітыкай, дзе ключавым з’яўляецца суверэнітэт, незалежнасць, неўмяшанне ва ўнутраныя справы краін. Мір і згода — тое, што аб’яд-
ноўвае нашы краіны ў імкненні да таго, каб не было больш трагедый, якія перажываў азербайджанскі народ, якія перажыў наш беларускі народ».

«Высокі ўзровень дыялогу і ўзаемаразумення»

Выступаючы перад прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Белдзяржуніверсітэта, Старшыня Мілі Меджліса расказала пра асаблівасці дзяржаўнай палітыкі Азербайджана, асноўныя дасягненні краіны за апошнія гады, асаблівую ўвагу засяродзіла на ўзаемадзеянні паміж Беларуссю і Азербайджанам, у прыватнасці, па лініі парламенцкай дзейнасці.

Сагіба Гафарава адзначыла, што ўзаемаадносіны паміж дзвюма краінамі маюць шырокую нарматыўна-прававую базу і развіваюцца ва ўсіх сферах. «Несумненна, важную ролю ў фарміраванні і развіцці двухбаковых адносін адыгрываюць шчырыя, дружалюбныя адносіны, высокі ўзровень дыялогу і ўзаемаразумення паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў, — падкрэсліла яна. — Дзяржаўны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан надаў новы імпульс развіццю адносін паміж нашымі краінамі».

Вельмі плённае супрацоўніцтва як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках міжпарламенцкіх арганізацый, па яе словах, наладжана і паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Азербайджана. «Узаемныя візіты спікераў парламентаў, функцыянаванне груп дружбы даюць важны імпульс далейшаму развіццю, — удакладніла Старшыня Мілі Меджліса. — Парламентарыі дзвюх краін не толькі падтрымліваюць палітычны дыялог, але і ўсяляк садзейнічаюць паглыбленню адносін у гандлёва-эканамічнай, культурнай, навуковай, адукацыйнай і іншых галінах. Упэўнена, што дадзены візіт зробіць свой унёсак у развіццё адносін не толькі паміж парламентамі, але і паміж краінамі. Гэты візіт з’яўляецца працягам інтэнсіўнага палітычнага дыялогу, які накіраваны на яшчэ большае развіццё адносін паміж нашымі дружалюбнымі народамі».

«Падмурак, на якім грунтуецца сяброўства»

На наступны дзень візіту ў Савеце Рэспублікі парламенцкую дэлегацыю з Азербайджана, якая накіравалася сюды адразу пасля Палаца Незалежнасці, сустракалі спікеры абедзвюх палат парламента. Наталля Качанава азнаёміла гасцей з фотавыстаўкай, прысвечанай беларуска-азербайджанскаму супрацоўніцтву.

Падчас перагавораў Старшыня Савета Рэспублікі выказала ўпэўненасць, што тыя дамоўленасці, якія будуць прыняты па выніках візіту азербайджанскіх парламентарыяў у Беларусь, нададуць новы імпульс двухбаковым адносінам. «Для Беларусі Азербайджан — родная, блізкая краіна, — падкрэсліла спікер. — Гэта не проста партнёр. Нашы народы — сябры і браты. Так гаворыць наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, і мы разумеем, што такія асаблівыя адносіны паміж нашымі краінамі і народамі — гэта заслуга нашых прэзідэнтаў».

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам развіваецца абсалютна па ўсіх кірунках. «У гандлёва-эканамічным плане, гуманітарнай сферы, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Для нас, вядома, вельмі важнае міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Паміж парламентарыямі нашых краін выбудавана канструктыўнае ўзаемадзеянне. Парламентарыі — гэта людзі, якіх выбірае народ, гэта прадстаўнікі народа, і ад таго, як будзем супрацоўнічаць мы, у многім залежыць будучае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і народамі».

Па словах Наталлі Качанавай, адносіны Беларусі і Азербайджана не проста даверлівыя і адкрытыя, а братэрскія. «Унутраная палітыка Беларусі і Азербайджана — гэта перш за ўсё дабрабыт і камфортнае жыццё свайго народа ў міры і згодзе, суверэнітэт і незалежнасць сваёй краіны і права на самавызначэнне, — падкрэсліла яна. — У знешняй палітыцы гэта перш за ўсё мір і згода, тое, што сёння вызначае стратэгічныя задачы нашых прэзідэнтаў і нашых краін. Таму мы абсалютна падобныя ў тых пытаннях, якія сёння вызначаюць развіццё нашых краін».

Спікер звярнула ўвагу на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, аднак, па яе словах, яшчэ ёсць перспектывы для росту. Наталля Качанава адзначыла, што Беларусь падключыцца да аднаўленчых работ на разбураных тэрыторыях Азербайджана. «Мы гатовы дапамагаць і аказаць любое садзейнічанне ў гэтых пытаннях», — канстатавала яна. Кажучы аб супрацоўніцтве ў заканадаўчай дзейнасці, Старшыня Савета Рэспублікі заявіла аб гатоўнасці стварыць міжпарламенцкую камісію на больш высокім узроўні, а таксама прапанавала правесці беларуска-азербайджанскі форум рэгіёнаў.

У цяперашняй сітуацыі Наталля Качанава лічыць важным захоўваць гістарычную памяць. Мноства праектаў скіравана на тое, каб беларусы і іншыя народы памяталі аб тых падзеях. Адзін з іх — патрыятычны праект «Цягнік Памяці», у якім сёлета прымуць удзел і навучэнцы з Азербайджана. «Захаванне гістарычнай памяці і праўды — гэта той падмурак, на якім грунтуецца наша сяброўства», — рэзюмавала Наталля Качанава.

«Мы глядзім на гэты няпросты свет аднолькава»

Па словах Сагібы Гафаравай, адным з прыярытэтных кірункаў знешняй палітыкі Азербайджана з’яўляецца развіццё адносін з краінамі СНД і ў першую чаргу з Беларуссю. «І тыя адносіны, якія сёння развіваюцца паміж нашымі дзяржавамі, і, самае галоўнае, адносіны паміж лідарамі нашых краін даюць нам імпульс, каб мы развівалі нашы адносіны на парламенцкім узроўні», — удакладніла яна.

Кажучы аб эканамічным супрацоўніцтве, кіраўнік азербайджанскага парламента заўважыла, што паміж краінамі падпісана 149 дакументаў, якія ахопліваюць узаемадзеянне ў розных сферах. Нядаўнія візіты ўрадавых дэлегацый Азербайджана ў Беларусь таксама паслужаць умацаванню двухбаковых адносін. «Мы з вамі працуем не толькі на двухбаковай аснове, мы разам працуем і ў рамках іншых міжнародных арганізацый, — дадала спікер. — Тое, што мы адзін аднаго заўсёды падтрымліваем, сведчыць аб агульнасці поглядаў, аб тым, што мы глядзім на гэты няпросты свет аднолькава».

Сагіба Гафарава агучыла сустрэчную прапанову — устанавіць шчыльнае ўзаемадзеянне паміж камітэтамі Мілі Меджліса і пастаяннымі камісіямі Савета Рэспублікі. «Мы будзем думаць аб супрацоўніцтве паміж нашымі камітэтамі па ахове здароўя, у вас ёсць вельмі моцная медыцына, — канкрэтызавала спікер. — Беларуская медыцынская школа заўсёды займала асаблівае месца ў медыцыне на прасторы СНД. Тым больш што ў гэтым плане ёсць пэўныя задумкі».

Рэзюмуючы, Старшыня Мілі Меджліса падкрэсліла, што дэлегацыя з Азербайджана знаходзіцца ў Беларусі не проста як члены парламента, а перш за ўсё як вялікія сябры Беларусі. Пры тым яна заўважыла, што гэты візіт з’яўляецца і свайго роду адпачынкам: спікер патлумачыла, што сустрэча з блізкімі людзьмі заўсёды з’яўляецца асалодай для душы.

«Планка ўзнята вельмі высока»

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка назваў сустрэчу з азербайджанскімі калегамі сустрэчай сяброў, якая праходзіць на роўных і шчыра. «І самае важнае, што тэмп развіццю адносін, узровень адносін задаюць, вядома, нашы прэзідэнты, — падкрэсліў ён. — Нягледзячы на тое, што летась мы адзначылі 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін, карані гэтых адносін і гэтага ўзаемаразумення, узаемавыручкі ідуць у глыбіню гісторыі, нашага савецкага мінулага. Мы ўсе адтуль, з той эпохі, прыўносім тое самае лепшае, самае добрае і адраджаем пэўныя традыцыі: ці то гэта наша ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, ці то гэта гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва або пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва. У нас ёсць, вядома, маса рэзерваў».

Спікер падкрэсліў, што сустрэча азербайджанскіх і беларускіх парламентарыяў з’яўляецца далейшым крокам да развіцця міжпарламенцкага ўзаемадзеяння на шматлікіх пляцоўках. «І на двухбаковым трэку, і ў рамках МПА СНД, іншых арганізацый — там, дзе мы падтрымліваем адзін аднаго, — канкрэтызаваў ён. — І мы з асаблівым трапятаннем і захапленнем ставімся да вашай работы ў парламенцкім вымярэнні, у Руху недалучэння. Гэта ваша ініцыятыва, і яна заслугоўвае глыбокай павагі і прыняцця на ўзбраенне ўсяго найлепшага, што назапашана за перыяд гэтай работы».

Кажучы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, Ігар Сергяенка канстатаваў, што планка ўзнята вельмі высока. «І ў гэты год тэмп найвышэйшы, — дадаў ён. — Але тая задача, якую паставілі прэзідэнты, — да 2030 года выйсці на ўзровень тавараабароту ў памеры 1 мільярд долараў — у многім абавязвае, у першую чаргу нашых прамыслоўцаў, сельгасвытворцаў. І найважнейшае тут — знайсці нішу для дэпутацкага корпуса, шляхам удзелу ў рабоце тых ці іншых прадпрыемстваў прасоўваць і развіваць далей ініцыятывы. І не проста развіваць, а выходзіць на новыя кааперацыйныя ланцужкі з перспектывай выхаду гандлю на іншыя рынкі шляхам развіцця сумесных вытворчасцяў». 

Пасля сустрэчы ў Савеце Рэспублікі парламенцкая дэлегацыя з Азербайджана наведала ААТ «Гарызонт», дзе азнаёмілася з вытворчасцю. 

Сёння афіцыйны візіт азербайджанскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь завяршаецца. Аднак на парадку дня — яшчэ сустрэча з прэм’ер-міністрам нашай краіны, наведванне дэлегацыяй гандлёвага цэнтра «Першы нацыянальны гандлёвы дом».

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Партнёрства, накіраванае на развіццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.