Вы тут

Завяршыўся афіцыйны візіт азербайджанскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь


У апошні дзень візіту адбылася сустрэча Старшыні Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі Сагібы Гафаравай і прэм’ер-міністра нашай краіны Рамана Галоўчанкі. Акрамя таго, дэлегацыя наведала Нацыянальную бібліятэку Беларусі і «Першы нацыянальны гандлёвы дом». 


Фота БелТА
 

«Важны момант для ўмацавання сяброўства» 

Як адзначыў падчас сустрэчы са спікерам парламента Азербайджана Раман Галоўчанка, апошнія месяцы па праве можна назваць месяцамі беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва. «Услед за афіцыйным візітам Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан адбылася цэлая чарада мерапрыемстваў, у тым ліку мая сустрэча з прэм’ер-міністрам краіны», — канкрэтызаваў ён.
Кіраўнік беларускага ўрада падкрэсліў, што візіт Сагібы Гафаравай вельмі важны і каштоўны, бо так званае парламенцкае вымярэнне набірае ўсё большыя абароты. «Мы бачым у вашым візіце важны момант для ўмацавання беларуска-азербайджанскага сяброўства і з вялікай цеплынёй і ветлівасцю прымаем вас у нашай краіне, — адзначыў Раман Галоўчанка. — Ваша меркаванне аб перспектывах нашай работы на найбліжэйшыя гады вельмі каштоўнае. Мы абавязаны канвертаваць нашы цёплыя і брацкія адносіны ў гандлёва-эканамічную плоскасць».

Па словах прэм’ер-міністра, пазіцыя парламента вельмі важная для грамадства, Ён падкрэсліў, што гэта правільныя сігналы для бізнесу і для афіцыйных асоб.

У сваю чаргу, Сагіба Гафарава нагадала, што знаходзіцца ў Беларусі па запрашэнні калегі, Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. «Наш дыялог учора быў вельмі канструктыўным, — паведаміла яна. — Думаю, такія зносіны абавязковыя, бо візіты нашых першых асоб, іх узаемаадносіны, а таксама планы, аб якіх вялася размова, патрабуюць парламенцкага вымярэння».

Па словах Старшыні Мілі Меджліса, пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязяў заканамернае як для Беларусі, так і Азербайджана. «Нас многае звязвае, нашы краіны не толькі захоўваюць наладжаныя гандлёва-эканамічныя адносіны, але і развіваюць іх», — удакладніла яна.

Знаёмства з культурным набыткам і айчыннымі брэндамі 

Азербайджанскую парламенцкую дэлегацыю ў Нацыянальнай бібліятэцы суправаджалі Наталля Качанава і дырэктар установы Вадзім Гігін. Госці азнаёміліся з выстаўкай кніг з фондаў бібліятэкі, прысвечаных Азербайджану і напісаных аўтарамі гэтай краіны. Вадзім Гігін правёў для членаў дэлегацыі экскурсію па Музею кнігі, падчас якой расказаў аб рэдкіх экзэмплярах, якія па праве лічацца нацыянальным культурным здабыткам. 

Сагіба Гафарава пакінула запіс у Кнізе ганаровых гасцей Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Спікеру падарылі кнігу аб героях-абаронцах Беларусі, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Азербайджана, і беларускую дзіцячую кнігу аб гэтай краіне.

«Вялікі дзякуй, гэта ўсё знойдзе годнае месца ў нашай бібліятэцы, бібліятэцы парламента, — заўважыла Старшыня Мілі Меджліса. — Ваша бібліятэка ўнікальная: па сваёй канструкцыі, па сваім змесце. Я па экспанатах убачыла, як вы захоўваеце тое, што ў вас ёсць». 

З прадукцыяй беларускіх вытворцаў азербайджанскія парламентарыі маглі азнаёміцца будучы ў «Першым нацыянальным гандлёвым доме», дзе прадстаўлены найлепшыя айчынныя брэнды. На пляцоўцы гандлёвага дома адбылася дэманстрацыя мадэляў адзення беларускіх вытворцаў, дэгустацыя харчовых навінак. 

Як звярнула ўвагу першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, вельмі прыемна, што ў маршруце Старшыні Мілі Меджліса было наведванне «Першага нацыянальнага гандлёвага дома», які з’яўляецца гонарам нашай краіны. «Пра што мы пагаварылі?

Аб тым, што трэба павялічваць нашы магчымасці і патэнцыял у нас вялікі для таго, каб прысутнічаць на рынку Азербайджана, — падзялілася яна. — Мы сёлета падпісалі пабрацімства з Баку. Таму, вядома, нашы тавары, якія выраблены ў Рэспубліцы Беларусь, у горадзе Мінску павінны прысутнічаць максімальна на рынку Азербайджана. Абмеркавалі ў тым ліку тэму інвестыцый. Азербайджанскі бізнес у гэтым зацікаўлены. Тут вельмі шмат можна развіць у частцы вялікага патэнцыялу прамысловых прадпрыемстваў. Таму абмеркавалі і гэтае пытанне ў тым ліку. І, вядома ж, ужо крыху сталі абмяркоўваць тэму жаночага бізнесу-форуму, які, спадзяюся, пройдзе ў найбліжэйшы час у Баку. Нас ужо запрасілі. Таму будзем фарміраваць нашых жанчын актыўных, паедзем паказваць і расказваць пра нашы магчымасці».

Па словах старшыні канцэрна «Беллегпрам» Таццяны Лугіной, у рамках візіту парламенцкай дэлегацыі Азербайджана хацелася максімальна паказаць магчымасці і патэнцыял нашай краіны. «Абмяркоўваліся вектары магчымага супрацоўніцтва, вядома, ёсць пэўныя дамоўленасці, — адзначыла яна. — Мы прадэманстравалі з задавальненнем нашы такія праекты, як «Першы», «Да дому», «Лён», нашы белкаапсаюзаўскія футры з норак, паказалі нашу дывановую прадукцыю.... Думаю, што ўсё ў нас атрымаецца па гандлёвай кааперацыі, па маштабаванні прадстаўлення нашай беларускай прадукцыі, асабліва ўнікальнай. Гэта нашы вырабы з лёну, хатні тэкстыль, адзенне, дзелавыя касцюмы, нават посуд, які мы сёння паказвалі». Таццяна Лугіна ўдакладніла, што ўжо ёсць пэўныя дамоўленасці па прадстаўленні гэтых тавараў на рынках Азербайджана, перш за ўсё ў Баку.

Як адзначыў у размове з журналістамі кіраўнік рабочай групы па міжпарламенцкіх сувязях «Азербайджан — Беларусь» Зіяд Самедзадэ, Рэспубліка Беларусь дынамічна і паспяхова развіваецца дзякуючы тытанічным мерапрыемствам, якія ажыццяўляюцца пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. «Вопыт Беларусі заслугоўвае самых станоўчых ацэнак, — падкрэсліў ён. — Мы падрабязна аналізавалі на працягу некалькіх гадоў дынаміку эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Вельмі рады, што ў Беларусі і Азербайджана вельмі добрыя, дынамічныя адносіны. У вас высокаразвітая прамысловасць. Мы павінны вельмі правільна і ўпэўнена выкарыстоўваць беларускі вопыт у захаванні і развіцці прамысловасці».

Кажучы аб перспектывах двухбаковага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы, азербайджанскі парламентарый звярнуў увагу і на важнасць вызначэння шляхоў далейшага развіцця міжпарламенцкіх адносін. «У нас у парламенце існуе група сяброўства, каб сувязь паміж нашымі парламентамі ўмацоўвалася і развівалася, — расказаў Зіяд Самедзадэ. — У Азербайджанскай Рэспубліцы ўсё любяць Беларусь, што Беларусь — гэта спакойная рэспубліка. Нягледзячы на санкцыі, ціск Захаду, вы ўпэўнена працягваеце курс уласнага развіцця. Азербайджан і Беларусь — стратэгічныя партнёры».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.