Вы тут

Самы галоўны дзённік


Многае ў нашым жыцці адбываецца не проста так. Патрэбныя пытанні і адказы на іх Сусвет падказвае своечасова. Вось днямі вярталіся з сям’ёй з вандроўкі, і сын спытаў у мяне: «Мама, каго ты любіш больш — мяне, сябе ці тату?» — «Вядома, сябе», — адказала я і абняла Сымона, які, відавочна, чакаў пачуць іншы адказ... Бо «ўменне любіць іншых людзей і клапаціцца пра іх знаходзіцца ў прамой залежнасці ад умення любіць сябе і клапаціцца пра сябе». Гэты адказ на сынава пытанне я атрымала нейкім чароўным чынам літаральна праз некалькі дзён — праз паштоўку, якую падарыла мне пасля сеансу масажу былая аднагрупніца.

Самая галоўная задача жанчыны, пераканана знаёмая псіхолаг і шматдзетная маці Марына Мыслівец, — нястомна клапаціцца аб сваім шчасці, штодня рабіць сябе напоўненай і радаснай. Не варта чакаць гэтага ад мужчын, ад дзяцей, ад сяброў і знаёмых. Гэта выключна наша жаночая адказнасць. Кожны дзень трэба прыдумваць штосьці новае для свайго шчасця, рабіць для сябе маленькія і вялікія радасці, укладваць у сябе грошы і час! Так, быць шчаслівай — гэта праца, і часам яна бывае вельмі нялёгкай. Здараецца, мы паглыбляемся ў сум, і нам хочацца, каб хтосьці прыйшоў і зрабіў нас шчаслівымі. Але менавіта гэта думка вельмі часта становіцца праблемай. Тут якраз да месца згадалася прытча «Урок матылька». Пра тое, як чалавек заўважыў, што ў кокане з’явілася маленькая шчылінка. Ён, як зачараваны, стаяў і назіраў, як скрозь яе спрабуе вылезці матылёк. У нейкі момант мужчына вырашыў зрабіць «добрую справу» і дапамагчы малечы. Узяў ножык і разрэзаў кокан. І матылёк імгненна вылез са свайго часовага доміка. Але яго цельца было настолькі слабым, што празрыстыя крылцы амаль зусім не рухаліся. У выніку ўсё сваё астатняе жыццё бедны матылёк правёў на зямлі. Паляцець ён так і не змог... Сама прырода прымушае вусеня з цяжкасцю пакідаць кокан, каб потым ператварыцца ў матылька і, загартаваўшыся, свабодна лётаць. Так і нам, людзям, цяжкасці часам проста неабходныя. Пераадольваючы іх, мы становімся шчаслівымі. І ў нас вырастаюць крылы.

«Менавіта тыя жанчыны, якія ўмеюць быць шчаслівымі без чыёйсьці дапамогі, могуць пабудаваць шчаслівыя адносіны, дасягнуць вялікіх вышынь у любых пачынаннях, вырасціць здаровых дзяцей, бо іх шчасце забяспечвае энергіяй усю сям’ю. Шчаслівая жанчына — крыніца шчасця многіх людзей», — лічыць псіхолаг Юлія Судакова.

Але каб навучыцца быць шчаслівай, спачатку трэба палюбіць сябе. Марына Таргакава ў кнізе «Шлях жанчыны» ўмоўна падзяляе любоў да сябе на тры часткі. «Калі я сябе ў большай ступені асацыірую з целам, то „палюбіць сябе“ — гэта схадзіць на масаж, касметыку сабе купіць, ну, укладку зрабіць. Гэта адзін варыянт і гэта нармальна. Калі я лічу, што „я“ — гэта мой розум, настрой, пачуцці, перажыванні, то „палюбіць сябе“ — знаходзіць нейкія вельмі цікавыя ідэі, гармонію... 

А палюбіць сябе як душу — гэта значыць заняць сябе служэннем Богу, прысвячаць час малітве, Свяшчэнным Пісанням, зносінам з духоўнымі людзьмі... Калі нейкая адна частка правісае, жанчына, як правіла, будзе адчуваць унутры незадаволенасць. Таму, каб цалкам раскрыць свой жаночы патэнцыял, трэба навучыцца любіць сябе на ўсіх узроўнях, усю-ўсю-ўсю сваю сутнасць, і ў цэнтры гэтай сутнасці — душа».

А яшчэ для поўнага шчасця, мне здаецца, вельмі важна культываваць у сабе пачуццё ўдзячнасці. Днямі сяброўка падвезла мяне на машыне ў цэнтр горада. І ўсю дарогу яна ўслых наракала на іншых кіроўцаў, якія позна паказалі паварот, не так прыпаркаваліся... І я злавіла сябе на думцы, што, абураючыся, больш шчаслівай Верачка не становіцца…

У кнізе Алены Трыандафілавай, выкладчыцы псіхалогіі, жонкі праваслаўнага святара, «Тайна благодарения» ёсць адна гісторыя пра жанчыну, якая зайздросціла сваёй сяброўцы. Маўляў, у яе багаты муж, дыхтоўны дом, рэгулярныя паездкі на мора. Яна злавалася на свайго сужэнца, які не стаў бізнесменам, на сваё, як ёй падавалася, нецікавае жыццё. Калі ж, нарэшце, усвядоміла, што зайздрасць разбурае яе — пачала дзякаваць Богу за тое, ШТО ён даў яе сяброўцы... Паступова прыйшло новае разуменне: яна згадала грахі свайго юнацтва і пачала дзякаваць Богу за ўсе яго міласці, у тым ліку і да сябе.

...Некалькі гадоў таму я па прыкладзе сяброўкі пачала кожны вечар, кладучыся спаць, пракручваць у памяці дзень: па крупінках збірала радасныя моманты, якія ў ім здараліся, і ў думках дзякавала за іх Богу. А нядаўна па парадзе любімай блогеркі Вольгі завяла дзённік удзячнасці: запісваю туды вялікія і маленькія цуды кожнага дня, каб зафіксаваць іх больш трывала і мець магчымасць у складаныя моманты перачытаць. І, ведаеце, кожны раз, калі перачытваю, шчыра і з удзячнасцю здзіўляюся: «Божа, якая я ўсё ж шчаслівая!»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.