Вы тут

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?


Сёлета ХХІІІ Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне пройдзе чарговы раз 14 і 15 чэрвеня. Гасцей і ўдзельнікаў маштабнага свята чакае насычаная праграма: запланавана правядзенне звыш 60 разнапланавых мерапрыемстваў для рознаўзроставай аўдыторыі. Знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны. На сустрэчы з журналістамі арганізатары і ўдзельнікі свята расказалі пра яго акцэнты і адметнасці.


Фота: БелТА

— Зберажэнне, развіццё і папулярызацыя нацыянальнай культуры, роднай мовы, літаратуры сёння з’яўляюцца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўстаноў культуры краіны. Культурная супольнасць рэалізоўвае шэраг мерапрыемстваў у рамках Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства, — адзначыла кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Алена Талпека. — Сярод фестывальных мерапрыемстваў краіны менавіта Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі — тое мерапрыемства, якое ў поўнай меры адпавядае асноўным кірункам канцэпцыі і адлюстроўвае магчымасці нацыянальнай культуры, яе ўнікальныя асаблівасці і дасягненні ў прафесійным мастацтве і аматарскай творчасці. Гэты ўнікальны фестываль ужо звыш 20 гадоў аб’ядноўвае майстэрства вядомых артыстаў, паэтаў, кампазітараў і талент прадстаўнікоў маладога пакалення.

Арганізатары фестывалю — Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Белтэлерадыёкампанія, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга — правялі маштабную падрыхтоўчую работу да фестывалю. Новаўвядзеннем сёлетняга культурнага форуму з’яўляецца пачатак яго мерапрыемстваў з 11 чэрвеня. Праходзяць прэзентацыі і сустрэчы з паэтамі ў працоўных калектывах раёна, канцэртныя праграмы. У перыяд з 11 да 13 чэрвеня на асноўных пляцоўках — гэта і цэнтральная плошча Маладзечна, і Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча, Палац культуры, Музычны каледж імя Агінскага, пляцоўка каля кінатэатра «Радзіма» — арганізаваны канцэртныя праграмы творчых калектываў Мінскай вобласці, спектаклі, прэзентацыі кніг, пленэры і майстар-класы. Шэраг цікавых мерапрыемстваў рыхтуе таксама Саюз пісьменнікаў Беларусі. Як распавяла першы намеснік старшыні арганізацыі Алена Стэльмах, на фестывалі сёлета можна будзе знайсці святочны настрой і ў кампаніі беларускіх паэтаў:

— У складзе нашай дэлегацыі будуць мэтры, класікі сучаснай беларускай паэзіі — Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Мазго. Сёлета мы робім асаблівы акцэнт на творчую моладзь. Нам вельмі хочацца, каб гучалі маладыя галасы, каб маладыя людзі бачылі запатрабаванасць жывога мастацкага слова.

Алена Стэльмах расказала, што ў першай частцы паэтычнага канцэрта «Пад сцягам Перамогі» можна будзе пачуць творы маладых аўтараў пра Вялікую Айчынную вайну, а ў другой частцы выступяць пераможцы конкурсу імя Міколы Мятліцкага. Акрамя гэтага, варта завітаць на сустрэчу з беларускімі літаратарамі ў паэтычным аўтобусе…

Традыцыйна на сцэне Амфітэатра Маладзечна 14 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ХХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Жыхары і госці горада ўбачаць гала-канцэрт «Мелодыі сэрца» ад рэжысёра Ніны Осіпавай. Ён пройдзе ў суправаджэнні аркестра імя Фінберга. Канцэпцыя канцэрта прадугледжвае так званае падарожжа па фестывалі праз выкананне найлепшых яго песень, якія сталі беларускімі шлягерамі. Неад’емнай часткай творчага форуму з’яўляецца і Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Творчае спаборніцтва не толькі папулярызуе творчасць сучасных беларускіх паэтаў, кампазітараў, але і дае магчымасць выявіць новыя імёны маладых талентаў у галіне эстраднага выканання. Заключны рэспубліканскі этап конкурсу — ІІ і ІІІ туры — пройдзе 15 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна. Удзел возьме 21 канкурсант з усіх абласцей і горада Мінска. Напярэдадні 14 чэрвеня ў 17.00 у Палацы культуры адбудзецца знаёмства з канкурсантамі ў інтэрактыўнай форме, а таксама яны выцягнуць свае парадкавыя нумары для выступленняў. Пераможца традыцыйна стане ўладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна «Хрустальная гітара». Узнагароджанне лаўрэатаў адбудзецца напярэдадні гала-канцэрта закрыцця 15 чэрвеня на сцэне амфітэатра.

Канцэрт закрыцця фестывалю «Разам пра каханне», які рыхтуе Міёра Гвоздзева, у сваёй канцэпцыі прадугледжвае дуэтнае выкананне знаёмых і любімых песень беларускімі артыстамі і творчай моладдзю. Акрамя асноўных мерапрыемстваў, фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам свята вялікую колькасць мерапрыемстваў на сцэнічных і канцэртных пляцоўках горада і раёна.

Так, у дзіцячым парку сваіх наведвальнікаў будуць чакаць літаратурна-музычныя праграмы, куды завітаць можна ўсёй сям’ёй. Другі год гасцей фестывалю будзе чакаць кіно пад адкрытым небам. Сёлета прыхільнікі беларускага кіно змогуць паглядзець кінастужку «Ліст чакання» Аляксандра Яфрэмава. Вечарам пасля канцэрта закрыцця для моладзі будзе арганізавана дыскатэка ў суправаджэнні кавер-бэнда «Cosa nostra».

— Кожны год Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі мае свае асаблівасці. І сёлета мы не маглі ў яго мерапрыемствах і іх змесце абысці дзве галоўныя тэмы — Год якасці і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — зазначыла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька. — Таму наша задача як арганізатараў палягала ў тым, каб гледачы розных узростаў знайшлі сабе лакацыі па душы. Для гэтага рыхтуюцца літаратурныя і музычныя мерапрыемствы, будуць як выступленні прафесійных артыстаў, так і аматарскіх калектываў і нашых маладых выканаўцаў.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Мелодыі сэрца — у Маладзечне

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.