Вы тут

Ганна Бойка: Сакрэт поспеху — любіць тое, што робіш


Яна ўпэўнена: да кожнай пачатай справы неабходна ставіцца так, нібы яна лёсавызначальная, а кіраўнік павінен быць наперадзе ва ўсім. Што матывуе на дасягненне мэт? Пры якой умове жанчына адбудзецца як лідар? Як удаецца спраўляцца з цяжкасцямі?

Пра свае прынцыпы кіраўніка, крыніцы невычэрпнай энергіі і любові да Радзімы расказала дырэктар УА «Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі», адна з пераможцаў конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Паспяховы кіраўнік», дэлегат Усебеларускага народнага сходу ад ГА «Беларускі саюз жанчын», старшыня Савецкай раённай арганізацыі БСЖ сталіцы Ганна Бойка.


— Ганна Уладзіміраўна, з чаго пачаўся Ваш шлях у прафесію? Чаму ў свой час зрабілі менавіта такі выбар?

— У школе я марыла стаць хімікам. Бачыла сябе вядомым вучоным, які сваімі адкрыццямі прыносіць карысць людзям і славу дзяржаве. Але лёс вырашыў усё за мяне: я паступіла ў БНТУ і атрымала інжынерна-педагагічную адукацыю. А далей — выкладчык чарчэння, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні. І вось — дырэктар каледжа, чаму я невымоўна рада.

Паднімаючыся па прыступках кар’ернай лесвіцы, я адчувала, што ўва мне тояцца неверагодныя сілы і я змагу быць кіраўніком. Мусіць, мой нястомны, няўрымслівы характар, актыўная пазіцыя, жаданне зрабіць многае на карысць іншых даюць мне права на такую самаўпэўненасць.

— Якімі дасягненнямі на пасадзе дырэктара каледжа Вы асабліва ганарыцеся?

— Падстаў для гонару ў нас дастаткова. У 2020 годзе мы дабіліся капітальнага рамонту інтэрната каледжа, які скончыўся ў рэкордна кароткія тэрміны. І зараз нашы навучэнцы жывуць у светлых, па-хатняму ўтульных пакоях.

Працуючы на перспектыву, ініцыюем адкрыццё новых, запатрабаваных прафесій. Чарговая з іх — прафесія «Фларыст».

Як кіраўнік я ганаруся тым, што каледж вядзе актыўную міжнародную дзейнасць. Заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з адукацыйнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікай Казахстан.

Яшчэ адзін мой гонар — аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У каледжы створаны ўмовы для вывучэння і захавання традыцыйных народных рамёстваў — развіваем нацыянальную самасвядомасць навучэнцаў. Асаблівае трапятанне выклікае музей «На межах часу», а гэта — рэканструкцыя беларускіх народных абрадаў, стварэнне відэатэкі аўтэнтычнай культуры. Далучаем моладзь да захавання і папулярызацыі духоўнай спадчыны сваёй краіны, сваёй культуры.

Вельмі часта база каледжа становіцца дыялогавай пляцоўкай для сустрэч прадстаўнікоў улады з калектывам і навучэнцамі.

Каледж заняў ганаровае 2-е месца па выніках работы за 2023 год сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падпарадкаваных камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама. Безумоўна, гэта прызнанне нашай карпатлівай працы, стымул для далейшых перамог.

— Што дапамагае Вам як кіраўніку спраўляцца з цяжкасцямі?

— Я цвёрда ўпэўнена: кожную распачатую справу неабходна рабіць так, як быццам яна лёсавызначальная. Цяжкасці — гэта нявырашаныя задачы, галоўнае — не апускаць рукі, бо выйсце ёсць заўсёды. У цяжкія моманты мне на дапамогу прыходзяць мой цудоўны калектыў і мая сіла духу. І тады любая складаная задача вырашаецца хутка. А яшчэ, мне здаецца, кіраўнік павінен быць чалавекам дастаткова моцным і мудрым, каб звярнуцца па дапамогу і параду да вопытных калег-настаўнікаў.

— Не так даўно каледж прыняў удзел у дабрачынным марафоне «З добрым сэрцам у кожны дом». Дапамагаць тым, хто мае патрэбу, — важна для Вас?

— Так. Для мяне дабрачыннасць, безумоўна, важная. Нашы навучэнцы бралі ўдзел у гэтым марафоне дабра, і я ўпэўнена: традыцыя будзе працягвацца. Сучасным падлеткам, на жаль, часта не хапае праявы чалавечнасці, дабрыні, клопату аб навакольных. Разумеючы гэта, мы свядома прыцягваем навучэнцаў у розныя праекты міласэрнасці, вучым быць добрымі і спагадлівымі. Іх удзел у дабрачынных акцыях, валанцёрскай рабоце, сацыяльных праектах дае магчымасць фарміраваць чалавека гуманнага, творчага, талерантнага. Здольнага захаваць і развіць у сабе маральныя каштоўнасці сям’і, грамадства, чалавецтва. Гэта падмурак, на якім будуецца работа педагога.

Хацелася б адзначыць і штогадовы ўдзел нашага валанцёрскага атрада «Дарогаю дабра» ў акцыі «Нашы дзеці». Хто хоць раз удзельнічаў у такіх акцыях і бачыў вочы дзяцей, якія набылі неверагодна значную для іх дапамогу, той адчуў ні з чым не параўнальную радасць.

— Вы сталі пераможцай у намінацыі «Паспяховы кіраўнік» конкурсу «Жанчына года — 2023». Якія эмоцыі зведалі ў момант узнагароджання?

— Гэта стала нечаканай і нават ашаламляльнай навіной. Мяне перапаўнялі эйфарыя, пераможная радасць, гонар, адчуванне ўзлёту! Але гэта не толькі мая перамога. Кіраўнік без калектыву бяссільны. Зладжаная праца, пастаяннае самаўдасканаленне — толькі некаторыя фактары поспеху. А яшчэ важна любіць сваю работу і калектыў. Важна сустрэць на жыццёвым шляху людзей, якія дапамогуць расці духоўна і прафесійна. Лёс падарыў мне сустрэчу менавіта з такімі прафесіяналамі.

У грамадстве прынята лічыць, што жанчына павінна сумяшчаць у сабе некалькі роляў: на працы — добрасумленны і адказны спецыяліст, дома — гаспадыня і апора для блізкіх. Мне здаецца, пры жаданні можна атрымаць поспех у абедзвюх гэтых сферах. Галоўнае, каб былі разуменне і падтрымка ў сям’і. Калі ёсць моцны тыл — усё можна пераадолець. Сям’я — гэта таксама работа, толькі сумесная. Скажу праўду: здолееш усё арганізаваць дома, арганізуеш і на працы.

Галоўны сакрэт, як атрымаць поспех і ў сям’і, і ў кар’еры, — любіць тое, чым займаешся, і выконваць усё добрасумленна.

— Каб рухацца наперад, неабходна згуртаваная каманда. Як выбудоўваеце камфортныя адносіны ў калектыве?

— Я абсалютна ўпэўнена: кіраўнік, якім бы прафесіяналам ён ні быў, не здолее сам, без падтрымкі калектыву, дабіцца высокіх паказчыкаў. У мяне ёсць каманда, якая заўсёды гатова дапамагчы, падтрымаць і ўвасобіць у жыццё любую ініцыятыву. Гэта людзі, гатовыя шмат і прадукцыйна працаваць для атрымання выніку. Ад нашага паразумення і ўзгодненасці залежыць якасная работа каледжа.

На сваёй пасадзе імкнуся садзейнічаць раскрыццю творчага патэнцыялу кожнага члена калектыву. Заўсёды памятаю словы акадэміка Пятра Капіцы: «Кіраваць — значыць не перашкаджаць добрым людзям працаваць». Гэта маё крэда як прафесіянала і лідара, які ідзе ў нагу з часам. І яшчэ, на маю думку, дырэктар абавязаны быць заўсёды наперадзе: ва ўсіх мерапрыемствах як унутры каледжа, так і за яго межамі.

— Як удаецца знаходзіць час для актыўнай грамадскай работы ў Беларускім саюзе жанчын?

— Тайм-менеджмент, правільнае планаванне свайго працоўнага часу і часу калектыву — гэта дзелавы навык, які я асвоіла. Расстаўляю прыярытэты, штодня вызначаю, якія задачы выканаць неадкладна, якія адкласці на потым, а якія дэлегаваць ці адмяніць. А яшчэ практыку «правіла адной хвіліны», вырашаючы ў першую чаргу тыя задачы, выкананне якіх патрабуе мінімум часу. Зноў жа, у мяне ёсць добрая каманда, якая ведае сваю работу, якая шануе свой і мой час, таму я і паспяваю на працягу дня зрабіць вельмі шмат.

— Мінская гарадская арганізацыя БСЖ выбрала Вас у ліку іншых сваіх членаў дэлегатам на Усебеларускі народны сход. Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад удзелу.

— Для мяне гэта вельмі вялікі гонар, вялікая адказнасць і каласальны вопыт. Як член ГА «Беларускі саюз жанчын», як жанчына і маці, не магу заставацца абыякавай да будучыні сваёй краіны. Для мяне важна быць адданай сваёй Радзіме не на словах, а на справе.

Ганаруся тым, што я дэлегат Усебеларускага народнага сходу і брала ўдзел у зацвярджэнні стратэгічна важных дакументаў, накіраваных на абарону суверэнітэту беларускай дзяржавы. Хочацца падкрэсліць, што гэта былі пытанні, рэалізацыя якіх важная для кожнага беларуса. Я цалкам згодна са словамі нашага Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі, які сказаў: «Разам, талакой можна пераадолець любыя перашкоды, знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі. Сход — апора і для народа, і для ўлады. Важна, каб непасрэдна людзі прымалі рашэнні, на якія потым будуць абапірацца і дзяржаўныя органы».

— Якія парады можаце даць маладым жанчынам-лідарам?

— Ёсць шэраг прафесій, дзе лідарскія якасці — аснова паспяховай работы. Жанчыны могуць дасягаць немалых вяршыняў сваімі намаганнямі. Пры гэтым яны сутыкаюцца з тым самым выбарам, што і мужчыны. Трэба дакладна ўсведамляць, у чым твае моцныя бакі і як ты можаш іх выкарыстоўваць.

На мой погляд, жанчына-лідар павінна быць гнуткай не толькі ў зносінах, але і ў прыняцці рашэнняў. У складаныя часы быць з камандай, не саромецца звяртацца па дапамогу і падтрымку, умець слухаць і чуць. Яна не адбудзецца як кіраўнік, калі не навучыцца выбудоўваць камунікацыю ўнутры калектыву і фарміраваць давер да яе людзей. Не прымушаць іх, а матываваць.

— З насычанымі працоўнымі буднямі і грамадскай дзейнасцю вельмі цяжка знайсці час для адпачынку. Вам гэта ўдаецца?

— Вольнага часу практычна не застаецца. Але я мама, жонка. Сям’я для мяне важная і каштоўная, таму імкнуся праводзіць дастаткова шмат часу з роднымі і любімымі, атрымліваючы ўзамен маральнае задавальненне і душэўную цеплыню. Я жанчына, таму мне неабходна ўдзяляць час і сабе. Пасля напружаных працоўных будняў патрэбная эмацыянальная разрадка, якую я атрымліваю, займаючыся ў студыі танцаў.

— Падзяліцеся сакрэтамі сваёй невычэрпнай энергіі. Каго ці што Вы можаце назваць сваім галоўным матыватарам?

— Ніякага сакрэту няма. У мяне вялізнае жаданне быць патрэбнай краіне, калектыву, людзям. Мой матыватар — мой характар. Я заўсёды стараюся ставіць перад сабой новыя задачы, бо як кіраўнік знаходжуся ў пастаянным пошуку. Жаданне тварыць і ствараць, развівацца самой і развіваць каледж, які стаў маім другім домам, — гэта наймацнейшая матывацыя.

— Ёсць нешта, чаму хацелі б навучыцца?

— Пах бабуліных пірагоў, маміны варэнікі — такія ўспаміны дораць кожнаму з нас цеплыню і ўтульнасць. Я люблю і ўмею смачна гатаваць, гэтаму мяне навучылі родныя. Але пячы пірагі з дражджавога цеста па бабуліным старадаўнім рэцэпце я так і не навучылася. Таму мая мара — «пасябраваць» з дражджавым тэстам, каб перадаць дачцэ старадаўнія сямейныя рэцэпты, бо ў іх — жывая сувязь пакаленняў.

— Якія задачы ставіце перад сабой у 2024 годзе?

— Наш свет мяняецца вельмі хутка. Ёсць выдатныя словы: «Калі вы змяняеце свет, вы працуеце над важнымі рэчамі». Я таксама ў нейкай меры змяняю свет, займаючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, і гэта дае мне адчуванне правільнасці зробленага некалі прафесійнага выбару. Будучыня за тымі лідарамі, хто па-ранейшаму будзе натхняць і весці за сабой іншых.

Мне хочацца думаць, што я буду адпавядаць тым патрабаванням, якія, магчыма, прад’явяць да кіраўнікоў будучыні. Хочацца спадзявацца, што як дэлегат УНС я змагу прынесці вялікую карысць свайму народу і дзяржаве.

Калі казаць аб планах кіраўніка, то мне хацелася б адкрыць у каледжы аддзяленне для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мы здольныя даць такім дзецям неабходныя прафесійныя навыкі і аказаць ім дапамогу ў сацыялізацыі.

А ў цэлым, наперадзе нас чакае грандыёзная падзея — 100-годдзе каледжа, якое хацелася б адзначыць ярка, з размахам і з добрым задзелам на наступныя 100 гадоў.

Прынцыпы кіраўніка ад Ганны Бойка

1. Быць часткай калектыву.

Вялікі рускі палкаводзец Аляксандр Сувораў быў добрым камандзірам, таму што выдатна разумеў быт радавых салдат і клапаціўся пра іх. Калі кіраўнік не разумее цяжкасцяў свайго калектыву і не ведае, чым ён жыве, то і не зможа адэкватна ацэньваць яго працу і ставіць пасільныя для яго задачы.

2. Натхняць.

За моцным лідарам хочацца ісці. А мацней за ўсё падкупляе вера ў сваю справу, сапраўдная любоў да таго, чым ты займаешся. Калі калектыў працуе не проста дзеля матэрыяльных выгод, а дзеля значнай мэты, узнікае іншая матывацыя і іншая якасць. На мой погляд, ядро такога калектыву — заўсёды яго кіраўнік.

3. Трымаць сваё слова.

Гэта важна для кожнага, але чым больш высокую пасаду займаеш, тым больш важна выконваць свае абяцанні. Ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі самае каштоўнае і далікатнае — давер. Неабходна быць максімальна сумленнай перад сабой і перад калектывам, які табе давярае.

4. Спакойна ставіцца да памылак.

Памыляцца — гэта нармальна. Я лічу, што кіраўнік мусіць спакойна ўспрымаць памылкі сваіх падначаленых і прапрацоўваць іх разам з імі.

5. Дапамога іншым — неад’емная частка дзейнасці кіраўніка, чаго б гэта дапамога ні датычылася: працоўных момантаў або асабістых пытанняў.

6. Тактоўна накіроўваць і падказваць.

Але, калі неабходна, быць жорсткай і патрабавальнай. Інтуітыўна адчуваць усё, што адбываецца вакол.

Лізавета МАЛЬЧУК

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.