Вы тут

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць


Сёлета попыт на жыллё досыць актывізаваўся і больш стаў падобны на доўгатэрміновую тэндэнцыю. Па словах дырэктара агенцтва нерухомасці «БелЦГН» і ганаровага старшыні Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалая Прасталупава, кватэры ў Мінску на другасным рынку жылля падаражэлі ўжо не менш чым на 6%.


 

«Квадрат» перасягнуў мяжу ў 1600 долараў

Рынак сталічнага жылля працягвае біць рэкорды. У сакавіку колькасць заключаных здзелак куплі-продажу перавысіла адзнаку ў 1900, а ў красавіку, па абноўленых даных, іх было ўжо 1882. У папярэднім месяцы было прададзена амаль 1600 жыллёвых аб’ектаў. А, між іншым, сярэдні паказчык для гэтых месяцаў складае 1200–1300 здзелак. Звесткі за май яшчэ будуць дапаўняцца, але ўжо відавочна, што будзе вызначаны новы гістарычны рэкорд як па абсалютных лічбах, так і па працягласці анамальнага попыту.

Такі высокі попыт працягвае рухаць цэны ўверх, бо аднапакаёвая кватэра цяпер каштуе па максімуме з 2015 года. Згодна з рэальнымі продажамі, кошт квадратнага метра маленькіх кватэр перасягнуў мяжу ў 1600 долараў ($1612).

На думку нашага эксперта, штомесячны рост цэн на самыя запатрабаваныя кватэры, адносна стабільны курс долара і магчымасць крэдытавацца пад стаўку ад 14,4% гадавых (а ў тых, хто стаіць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, і зусім ёсць магчымасць узяць крэдыт у Беларусбанку пад 11,5%) падтрымлівалі такі рэкордны попыт на працягу першых пяці месяцаў года.

Найбольшую перавагу пакупнікі традыцыйна аддавалі аднапакаёвым кватэрам — іх доля на рынку Мінска склала 43% і за месяц вырасла на тры працэнтныя пункты. Менш, чым у сакавіку, куплялі двухпакаёвыя кватэры, на якія прыйшлося 33% ад усіх здзелак. Трохпакаёвыя кватэры выбіралі ў 20% выпадкаў. Кватэры ў новых гатовых дамах, уведзеных у эксплуатацыю ў 2022–2023, куплялі ў красавіку ўжо крыху часцей — у 10% выпадкаў.

Сярод раёнаў часцей за іншых выбіралі Кастрычніцкі і Цэнтральны, радзей — Савецкі і Заводскі. Менш, чым у іншыя месяцы, пакупнікі цікавіліся кватэрамі ў сучасных панэльных дамах. Часцей выбіралі старыя і тыпавыя панэльныя дамы.
Сярэдняя цана ўсіх прададзеных у Мінску кватэр па выніках красавіка паказала чарговы рост — квадратны метр падаражэў у сярэднім на 1% і склаў 1479 долараў.

Пры гэтым цэны выраслі ў асноўным толькі на самыя запатрабаваныя аднапакаёвыя кватэры — плюс 1,3%, дасягнуўшы адзнакі ў 1598 долараў. «Квадрат» двухпакаёвай кватэры падняўся нязначна і дасягнуў усяго 1410 долараў, а трохпакаёвай кватэры — 1310 долараў.
Сярэдняя цана ўсёй аднапакаёвай кватэры была роўная ў красавіку 57 100 долараў, двухпакаёвай — 63 000 долараў, а трохпакаёвай — 81 500 долараў.

У маі цэны «замерзлі»

У мінулым месяцы цэны на кватэры ў Мінску засталіся на месцы, калі глядзець звесткі па прапановах на другасным рынку на сайтах нерухомасці. У той жа час квадратны метр па рэалізаваных кватэрах (даныя ўзяты з афіцыйнага сайта Нацыянальнага кадастравага агенцтва Беларусі) стаў даражэйшы. Калі браць з разліку ў беларускіх рублях, у сталіцы кошт жылля знізіўся з 4583 рублёў да 4514 рублёў за квадратны метр.

У маі ў Мінску было прададзена 1596 кватэр (уключаючы долі і кватэры, прададзеныя па долях). З іх рэалізавана  655 аднапакаёвых кватэр, або 41% ад усіх здзелак. 34% усіх набытых кватэр — гэта двухпакаёвыя, або 535 здзелак. На апартаменты з трыма і больш пакоямі прыйшліся тыя, што засталіся 25%, або 406 заключаных дагавораў. У маі было прададзена на 15% менш кватэр, чым у мінулым месяцы (1596 супраць 1882 — у красавіку).

Мы прааналізавалі цэны прададзеных кватэр на другасным рынку (выключаючы кватэры, прададзеныя па долях). Аказалася, што ў сярэднім у маі кошт аднаго квадратнага метра ў Мінску склаў 1497 долараў, або 4799 рублёў. У параўнанні з папярэднім месяцам адбыўся рост на 2,9%.

Калі браць цану квадратнага метра аднапакаёвых кватэр, то яна на 7,7% вышэйшая за сярэднюю і складае 1612 долараў, або 5168 рублёў. Цана квадратнага метра двухпакаёвых кватэр — 1459 долараў, або 4677 рублёў, гэта значыць, яна на 3,6% вышэйшая за сярэднюю па горадзе. Квадратны метр у трохпакаёвых кватэрах, наадварот, на 10,4% таннейшы, чым у сярэднім па горадзе, і роўны 1342 доларам, або 4302 рублі.

Для параўнання: цана квадратнага метра жылля ў Мінску ў аб’явах аб продажах кватэр на сайце нерухомасці складае блізу 1408 долараў, гэта значыць, на 6,3% ніжэй. Ёсць усе падставы для далейшага росту цэн.

Цяпер кватэры ў Мінску ацэньваюцца такім чынам: аднапакаёвыя — 57 500 долараў, двухпакаёвыя — 70 000 долараў, трохпакаёвыя — 85 500 долараў. Даражэй за ўсё ў Мінску ў маі купілі кватэру свабоднай планіроўкі плошчай 197 квадратных метраў за 357 000 долараў, ці крыху больш за 1 145 000 рублёў. Кватэра знаходзіцца на вуліцы Ратамскай у доме 2018 года пабудовы. Крыху танней была прададзена прасторная трохпакаёвая кватэра плошчай 122 квадратныя метры на праспекце Незалежнасці. Яе цана — 322 000 долараў, або 1 033 000 рублёў.

Пакупніцкая актыўнасць расце і на перыферыі

Сталічны попыт у пачатку 2024 года аказаўся рэкордным за ўсю гісторыю назірання: штомесяц заключалася максімальная для гэтых месяцаў колькасць здзелак з кватэрамі. У параўнанні з 1 кварталам мінулага года колькасць здзелак куплі-продажу павялічылася на 23%.

Пры гэтым 1 квартал прайшоў пад знакам высокага попыту не толькі ў Мінску, але і па ўсёй Беларусі — ва ўсіх абласных цэнтрах колькасць набытых кватэр павялічылася адносна мінулага года. Усталяваўшы новы рэкорд для пачатку года, найбольш попыт вырас у Гродне, дзе за студзень—сакавік было набыта амаль 1000 кватэр, што на 70% вышэй за леташні ўзровень.

У Магілёве заключылі 550 здзелак, што на 15% больш, чым за падобны перыяд мінулага года. У Віцебску і Гомелі пакупніцкая актыўнасць вырасла на 10% у абодвух выпадках, а ў Брэсце — на 8%. Больш за ўсё здзелак за 1-ы квартал гэтага года было заключана ў Гродне (амаль 1000) і Гомелі (771), а таксама ў Віцебску (амаль 650).

Сярод буйных гарадоў краіны таксама назіраўся рост попыту. Найбольш вырас попыт на кватэры ў Салігорску, дзе купілі 200 кватэр, што на 58% больш за леташні ўзровень. У Полацку купілі 170 кватэр — плюс 41%.

Таксама прыкметны рост попыту ў Барысаве, дзе была праведзена купля 261 кватэры (плюс 32%) і ўстаноўлены новы рэкорд для пачатку года. Аднак ёсць гарады, дзе попыт, наадварот, знізіўся. Гэта Ліда (мінус 6%), Пінск (мінус 2%) і Мазыр (мінус 0,6%).

У выніку сумарны попыт у рэгіёнах у першым квартале 2024 года не ўсталяваў новага рэкорду — за тры месяцы было заключана каля 5600 здзелак, што саступае ўзроўню 2019–2021 года, калі аб’ём набытых кватэр складаў каля 6300–8400 адзінак.

Найбольшым попытам у жыхароў краіны карысталіся двухпакаёвыя кватэры — з імі ў сярэднім заключылі 43% усіх здзелак. Максімальная доля «двушак» была ў Лідзе, Гродне і Баранавічах — тут амаль кожная другая прададзеная кватэра была двухпакаёвай.

Аднапакаёвыя кватэры набывалі звычайна ў 29% выпадкаў. Найбольш нізкай іх доля ў агульным попыце была ў Гродне — толькі 18%. А найбольш высокай — у Мазыры і Віцебску, дзе такія кватэры купілі ў 36% і 35% ад усіх здзелак.

Трохпакаёвыя кватэры ў сярэднім займалі 24% усіх здзелак. Найменшая доля шматпакаёвых кватэр была ў Полацку і Віцебску (17% і 19% адпаведна). У Гродне і Пінску, наадварот, менавіта трохпакаёвая была амаль кожная трэцяя з усіх прададзеных кватэр.

Варта адзначыць, што асноўная маса прададзеных кватэр у буйных гарадах рэгіёна размяшчалася ў дамах 1971–1990 гадоў пабудовы, крыху радзей выбіралі кватэры ў дамах яшчэ больш старых — ад 1950 да 1971 года пабудовы. Кватэры ў новых дамах (пабудаваных пасля 2010 года) традыцыйна часцей фігуравалі ў здзелках у Гродне — 56% ад усіх здзелак. У Брэсце гэты паказчык роўны 28%.

З-за высокага попыту, які назіраецца з мінулага года, у Мінску сярэдні кошт прададзеных кватэр з мая 2023 да мая 2024 года вырас на 11%. А з пачатку года — на 6%.

Рост цэн закрануў і рэгіёны. Ва ўсіх абласных цэнтрах сярэдняя цана квадратнага метра, згодна са здзелкамі куплі-продажу, вырасла. Істотней за ўсё ў Віцебску, дзе адносны рост у 1,5 раза большы, чым у Мінску, — плюс 9%. Таксама рост назіраецца і ў Гомелі, дзе за квартал «квадрат» падаражэў у сярэднім на 7%. У Магілёве, Гомелі і Гродне рост цэн склаў 4%, 2% і 1% адпаведна.

За год сярэднія цэны квадратнага метра выраслі ва ўсіх абласных цэнтрах: у Брэсце — на 11%, у Магілёве і Гомелі — на 8% у абодвух выпадках, у Віцебску — на 6%, у Гродне — на 0,3%.

Сярод буйных гарадоў максімальны рост сярэдніх цэн квадратнага метра ў заключаных здзелках адзначаўся ў Оршы і Барысаве (плюс 18% і плюс 13% да мінулага квартала), крыху меншы (плюс 6%) — у Маладзечне і Наваполацку. Адмоўнай дынаміка была ў трох гарадах: Лідзе (мінус 4,4%), Мазыры (мінус 3%) і Бабруйску (мінус 2%).

За год сярэднія цэны квадратнага метра выраслі амаль ва ўсіх буйных гарадах: мацней за ўсё ў Оршы — плюс 10%, у Пінску, Барысаве і Маладзечне — плюс 8%. Выключэннем сталі Ліда і Полацк, дзе квадрат стаў таннейшы на 3% і 1% адпаведна.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.