Вы тут

Ці лёгкія ў асваенні беспілотнікі і якія задачы яны выконваюць?


Беспілотнікі — «вочы» Узброеных Сіл. Яны стаяць у страі кожнай арміі, якая развіваецца. Іх эфектыўнасць неацэнная: разведка, кіраванне агнём, перахоп паветраных цэляў, нанясенне ўдараў па наземных і марскіх аб'ектах... У беларускай арміі — каля дзясятка найменняў разведвальных дронаў: «Бусел-10», «Суперкам-С100» (С150 і С350), «Беркут-2», «Маскіт», «Формула». Іх галоўная задача — разведка мясцовасці. Сёння мы раскажам пра найлепшых з іх.


Аэрадром Асоўцы побач з горадам Бяроза, які яшчэ не так даўно прымаў знішчальнікі МіГ-29, трансфармаваўся ва ўзлётна-пасадачную пляцоўку для ваенных дронаў. Тут размясціўся цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў. Паспрабую прымераць на сябе прафесію аператара БПЛА.

Утрымаць12,5 кілаграма

Пачынаем з інструктажу. Далей — зборка дрона. Першы на запуск — беспілотнік «Суперкам-350». Працэс нагадвае гульню «Лега». Дэталяў, праўда, значна менш. А самі дзеянні не такія ўжо і складаныя. Важна паслядоўна сабраць часткі дрона і добра замацаваць. Калі будзе нешта няправільна сабрана, то ён проста ўпадзе, як звычайны самалёт, і разаб’ецца.

«Суперкам-350» прызначаны для выканання работ па аэрафотаздымцы і відэаманіторынгу. Працягласць палёту — 4,5 гадзіны з перадачай інфармацыі на адлегласці да 100 кіламетраў. Вышыня — пяць тысяч метраў. Хуткасць — да 120 км/г. У гэтай мадэлі дзве мэтавыя нагрузкі. Адна — бачнага дыяпазону. Другая — інфрачырвонага, гэта калі камера ўлоўлівае цеплавое выпраменьванне ад усіх паверхняў.

Нарматыў па зборцы — 10 хвілін. Але можна справіцца значна хутчэй. На ваенных міжнародных гульнях беларускія аператары збіралі дроны за хвіліну пяцьдзясят секунд.

Час запускаць! Каб беспілотнік узняўся ў паветра, трэба зрабіць шэраг маніпуляцый: вызначыць напрамак ветру, нацягнуць эластычную катапульту, замацаваць яе да беспілотніка, адысці далей і... адпусціць.

Беспілотнік апынуўся ў мяне ў руках. 12,5 кілаграма трэба адцягнуць на метраў 15 назад і ўтрымаць. Запускаецца ён з гэтага ж становішча. Трэба крыху прысесці на левую нагу. Зрабіць прагін назад. Затым запускаецца рухавік. Толькі пасля гэтага можна адпускаць дрон.

Патрэбна вельмі добрая фізічная падрыхтоўка, бо ўтрымацца на такім нацяжэнні вельмі складана, — адчуваю, як гараць мышцы. Запускае беспілотнік тэхнік разліку. Сам аператар ажыццяўляе ўсю падрыхтоўку, зборку, праверку. Ён можа дапамагчы тэхніку, бо аднаму справіцца з гэтым дастаткова складана.

На старт, увага, марш! Узляцеў! Наступныя 3,5 гадзіны ён будзе выконваць баявую задачу па разведцы мясцовасці. А кантралююць яго аператары з пункта кіравання, але пра гэта крыху пазней.

Да 1,5 тысячы кіламетраў — без кіравання аператара

Наступны на ўзлёт — «Суперкам-150». Гэты беспілотнік выконвае практычна тыя ж функцыі, што і яго старэйшы брат, толькі характарыстыкі ў яго крыху іншыя. Час палёту складае дзве гадзіны. Хуткасць развівае такую ж, а вось радыус дзеяння меншы. Яго бясспрэчны плюс у кампактнасці. Акрамя аператыўных задач па маніторынгу і разведцы мясцовасці, гэтая мадэль выдатна падыдзе для высокадакладнай аэрафотаздымкі мясцовасці.

Экскурсія па вайсковай часці працягваецца. Мы на пункце кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Адсюль ажыццяўляецца арганізацыя і кантроль за палётамі. Унутры абсталяваны два працоўныя месцы для аператараў, якія і адсочваюць усе перамяшчэнні беспілотніка. Я б назвала яго кабінетам на колах. Унутры камфортна. Два месцы: аператар кіравання і аператар камеры. Адзін кіруе, другі назірае. Кіраванне нагадвае камп’ютарную гульню.

...З задання вяртаецца першы беспілотнік. Вось першы круг, пайшоў на другі і пасадка... На мой погляд, прызямліўся жорстка.

— Такое бывае з-за ўзмацнення ветру, парываў, розных метэаўмоў, але гэта ўсё ў межах нормы, — кажа аператар.
Наступны на ўзлёт — усім вядомы беспілотнік «Бусел» айчыннай вытворчасці. Яго першы палёт адбыўся ў снежні 2011 года. Выпрабаванні прайшлі паспяхова. Таму неўзабаве дрон пайшоў у серыйную вытворчасць. Хуткасць палёту — 80 км/г. Вышыня — 3000 метраў. Дрон можа праляцець у аўтаматычным рэжыме да паўтары тысячы кіламетраў без кіравання аператара. Аэрафотаздымкі захоўваюцца ў бартавой памяці. Каб іх атрымаць, неабавязкова чакаць прызямлення беспілотніка, дастаткова, каб ён вярнуўся ў зону прыёму відэасігналу.

У нашы дні ніводны ваенны канфлікт у свеце не абыходзіцца без прымянення беспілотнай авіяцыі. Магчымасці БПЛА пастаянна ўзрастаюць, а шматфункцыянальнасць стала іх адметнай рысай. Сёння акцэнт у распрацоўцы зроблены і на ўдарныя авіяцыйныя комплексы. Айчынная ваенная прамысловасць ужо ні адзін год працуе ў гэтым кірунку. Вынік ёсць! Сёлета ўдарныя беспілотнікі павінны паступіць у войскі.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.