Вы тут

Дарога ў дарослае жыццё. Пра абутак, у якім на яе ступаеш, і не толькі пра яго


Як ні дзіўна гэта гучыць у цяперашні час, калі, маючы смартфон, можна візуальна задакументаваць кожны свой крок, у мяне няма ніводнага фота са школьнага выпускнога. Смартфонаў тады не было як паняцця, карпаратыўныя фатографы да вясковых школ яшчэ не даязджалі. У аднакласніка Юркі, праўда, быў фотаапарат «Зеніт», і ён нават нешта спрабаваў здымаць тым памятным вечарам. Але пасля, расказваў, калі праяўляў плёнку, у цёмную кладоўку, дзе ён гэта рабіў, хтосьці зайшоў з вуліцы. Плёнка безнадзейна засвяцілася, і наш выпускны так і застаўся хіба што ў нашай жа памяці.


Фота з адкрытых крыніц

Яго матэрыяльнае сведчанне я знайшла сёлета ў нашай вясковай хаце. Дакладней, не я — нашы малыя дзяўчаткі выцягнулі з закутка ў шафе штосьці карункава-белае, крыху ўжо жаўтаватае ад часу, — шукалі «рэквізіт» для гульні ў прынцэсу. «Рэквізітам» аказалася мая выпускная сукенка, якую я тут жа (прычым з гонарам магу зазначыць: паспяхова) на сябе нацягнула...

Белая сукенка з нямецкага гіпюру, пышная, бы воблака, з бледна-ружовай акантоўкай, падобная на вялікую яблыневую кветку. Праўда, кароценькая, на далонь вышэйшая за калена — на даўжэйшую не хапіла гіпюру, які мама і так нейкім цудам дастала ў час суцэльнага дэфіцыту. Сукенка была маім гонарам, ні ў каго з дзяўчат такой не было. Большасць купіла сабе ўборы па спецыяльных картках для выпускніка, на якія было паложана адну сукенку ці касцюм і адну пару чаравікаў. Мне ў гэтым плане пашанцавала менш — аблазіўшы з той карткай усе магчымыя магазіны ў Мінску, выстаяўшы ў некаторых даўжэзныя чэргі, мы так і не купілі тое, што трэба. Ну не мела на ўвазе савецкая яшчэ лёгкая прамысловасць, што выпускніца можа быць нашмат вышэйшай, чым стандартныя 164 сантыметры, і мець нагу большую, чым тыповы 36-37. Памераўшы чарговы «швейны выраб» бледна-зялёнага колеру з ужо прывычным вердыктам: «Як падстрэленая» — і безвынікова (нават падціснуўшы пальцы) спрабуючы нацягнуць на нагу запаветны абутак, я з юнацкім максімалізмам заявіла, што ні на які выпускны не пайду. І тады мама знайшла той самы гіпюр, выклаўшы за яго амаль усю сваю настаўніцкую зарплату. А суседка-дачніца, цётка Аня, якая да пенсіі была швачкай, за два дні пашыла мне шыкоўную, падобную на воблака ці на вялізную яблыневую кветку, сукенку.

З абуткам было складаней. Адзіны прыстойны — басаножкі «на выхад», ужо добра патрапаныя на вясковых дыскатэках, — зусім не падыходзілі па колеры. І тады сястра, якая працавала на абутковай фабрыцы, пакінуўшы ад іх толькі падэшву (патрэбнага 40-га памеру), прымацавала наверх пераплеценыя паміж сабой тоненькія палоскі белай скуры — абрэзкі, якія заставаліся ў іх на фабрыцы і выкідваліся ў смецце.

Вось у такім «фірмовым прыкідзе» я і пайшла атрымліваць залаты медаль і ў дарослае жыццё. Разам са сваімі аднакласнікамі, разам з усімі сваімі равеснікамі выпуску пераломнага 1991-га — апошняга выпуску, на чыіх атэстатах і медалях быў герб БССР. Фатаграфіі з выпускных — у кагосьці ж яны захаваліся — адно з самых яскравых сведчанняў той эпохі. Дзяўчаты ў сукенках аднолькавага фасону, хлопцы ў пінжаках з кароткімі рукавамі або большых на два памеры — што «выкідвалі» ў краме, што ўдавалася бацькам адбіць у чэргах, тое і куплялі. Дадайце да гэтага надзвычай модныя тады начосы розных мадыфікацый і макіяж стылю «ламбада» ў дзяўчат... Карціна «Монстры на канікулах». Мо і добра, што тыя фатаграфіі не захаваліся...

Але не ў што хто апрануты было тады галоўнае. У нас быў шыкоўны выпускны — з шампанскім у школьнай сталоўцы, з танцамі ў вясковым клубе да світання, з уласна світаннем, якое, крыху захмялелыя, нават не ад таго шампанскага, а ад усведамлення сваёй нечаканай даросласці, сустракалі на беразе возера. Мы ішлі сапраўды ў дарослае жыццё. І літаральна адразу пасля выпускнога. Хтосьці падаваў дакументы на паступленне ў інстытут ці ўніверсітэт, хтосьці ўжо нагледзеў спецыяльнасць у ПТВ. Хлопцы — ніхто і не думаў «адмазвацца» — пайшлі ў армію, некаторыя дзяўчаты хутка павыходзілі замуж. Але ні адзін чалавек з нашага немалога па вясковых мерках (22 чалавекі) класа не застаўся сядзець на шыі ў бацькоў, «шукаючы сябе». Зрэшты, ведаючы нашых бацькоў, ні тады, ні цяпер немагчыма ўявіць, што яны б такое дазволілі. Выгадавалі, вывучылі — наперад, жыві самастойна, ты ўжо дарослы... Магчыма, гэта бясспрэчнае адчуванне даросласці і самастойнасці і дапамагло нам на самым пачатку шляху — у легендарныя ўжо «ліхія 90-я»...

Нядаўна ў абутковым магазіне назірала, як маці з дачкой выбіралі туфлі на выпускны. Дзяўчына мерала ўжо мо дзясятую пару, і ўсё ёй было не тое: то адценне, то абцас... Нарэшце спыніліся ці не на самых дарагіх. Тут у маці зазваніў тэлефон: «Як не будзе лімузіна? Мы ж унеслі перадаплату!» «Ну ўсё, лімузіна ў вас на выпускным не будзе. Нешта не тое са страхоўкай. Іншую машыну ўжо не знойдзеш», — сказала дачцэ з такім выразам, бы памёр хтосьці з родных. Дзяўчына стаяла ашаломленая, прыціскаючы да грудзей каробку з італьянскімі туфлямі, і на яе твары чыталася ўся пакута сусвету. Інфармацыю аб тым, што не будзе лімузіна, ёй яшчэ трэба было ўсвядоміць і перажыць...

Час і норавы. Занавес.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.