Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прадставілі выстаўку ў рамках фестывалю «Арт-Мінск»


На мінулым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі ў рамках фестывалю мастацтва «Арт-Мінск». Задзейнічаны дзве галерэі галоўнай кніжніцы — «Лабірынт» і «Панарама», прадстаўлена каля 100 работ у традыцыйных і сучасных стылях і творчых манерах. 


Ужо сёмы год Нацыянальная бібліятэка ўдзельнічае ў «Арт-Мінску». Як заўсёды, работы для выстаўкі ў яе сценах адбіраліся ў адпаведнасці з асаблівасцямі выставачнай прасторы. Тут не знойдзецца нічога эпатажнага, вычварнага ці мудрагелістага, што складае вялікую частку асноўнага праекта, — для бібліятэкі выбіраюць вытанчаную графіку, спакойны жывапіс, пазбаўленыя невыразных эксперыментаў творы дэкаратыўнага мастацтва. Збольшага гэта пейзажы, партрэты, нацюрморты і абстракцыі. 

Міхаіл Шыкаў «Юдзіф», 2024 г.

На фестывалі «Арт-Мінск» у Нацыянальнай бібліятэцы дэманструюцца работы каля 50 прадстаўнікоў розных пакаленняў. Гэта як вядомыя аўтары, так і пачаткоўцы — выпускнікі спецыялізаваных мастацкіх устаноў. Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч падчас адкрыцця выстаўкі нагадала, што яна рэспубліканскага значэння: 

— Калі мы пройдзем па экспазіцыі, то, вядома, пазнаем шмат мінскіх мастакоў, вядомых графікаў ці жывапісцаў, але тут выстаўляюцца творцы з рэгіёнаў. Выдатна, што яны ўдзельнічаюць. Для нас было надзвычай важна паказаць тут тых мастакоў, чые работы не ўвайшлі ў экспазіцыю Палаца мастацтва, таму гэта не паўтарэнне, а працяг «Арт-Мінска», які дазволіць фестывалю жыць на месяц-паўтара даўжэй. Таксама цудоўная атмасфера бібліятэкі прымушае ўглядацца ў дэталі. Калі Палац мастацтва дае велізарную шырыню, знакавасць, велічыню, то тут мы глядзім на дробязі ў графіцы, бачым выдатныя нацюрморты і зусім нечаканыя фантазійныя алюзіі. Гэтая выстаўка прымушае нас разважаць. Напэўна, менавіта гэтым «Арт-Мінск», які мы арганізоўваем у бібліятэцы, адрозніваецца ад «Арт-Мінска» ў вялікім Палацы мастацтва. 

Тэматыка выстаўкі таксама адпаведная пляцоўцы, з ухілам у вечныя вобразы і матывы сусветнай літаратуры і не толькі. Напрыклад, дэманструецца некалькі твораў, у якіх асэнсоўваюцца біблейскія сюжэты. Сярод такіх — красамоўнае палатно «Хлеб і рыба» (2022) Аляксандра Чарніцкага, які заўсёды працуе над выразнымі сімвалічнымі работамі і ў сваёй творчасці, можна сказаць, адстойвае хрысціянскія каштоўнасці. Рэлігійнай сімволікай прасякнута таксама палатно «Ціхая мелодыя нябёсаў» (2024) Галіны Івановай, якая разважае пра мяжу паміж зямным і нябесным. Міхаіл Шыкаў прадставіў карціну «Юдзіф» (2024) — прысвячэнне персанажу старазапаветнай «Кнігі Юдзіф», яўрэйскай удаве, якая выратавала родны горад ад нашэсця асірыйцаў. Вобраз гэты быў надзвычай папулярны на працягу многіх стагоддзяў і, мусіць, не пакідае абыякавымі і сучасных беларускіх мастакоў, якія працягваюць звяр¬тацца да гісторыі, напоўненай не толькі гераізмам — ёй уласціва і эратычная канатацыя. 

Вольга Ціханкова «Курыца», 2021 г.

Прысутнічае на выстаўцы і некалькі казачных сюжэтаў: работы Аляксандры Галенкі з серыі «Казкі на ноч» «Казка 1. Аб багіні цемры» (2024), Алы Шкарадзёнак «Падарожжа» (2017), Наталлі Наўроцкай «Шашачны свет» (2024), Юліі Кляцковай «Прагулка» (2023)... Дарэчы, казкі ў выяўленчым мастацтве не такі ўжо папулярны жанр. У ім працуюць пераважна тыя, хто здольны захаваць грань паміж рэальнасцю і фантазіяй. Адступленне тут дзеля таго, каб засведчыць, што не ва ўсіх з пералічаных аўтараў гэта атрымліваецца. Напрыклад, у першым выпадку эфект казачнасці дасягаецца выключна з дапамогай работы з рознымі матэрыяламі. Увогуле ж, кампазіцыя і змест работы ідуць не на карысць задуме, хоць, магчыма, канцэптуальныя пошукі аўтара і мелі на ўвазе спрошчанасць і своеасаблівае ўтрыраванне. Асаблівае месца ў гэтым рэчышчы займаюць тыя творы, дзе казка і цуд — не прадмет адлюстравання, а толькі матыў. Яркі прыклад — акварэлі Уладзіслава Квартальнага «Прыцемкі», «Прыляталі» і «Прыляталі 2» (усе 2023 года), у якіх мастак немудрагелістымі сродкамі прыўносіць элементы цуду ў відавочна шэрую рэальнасць, да таго ж працуе не на прымітыўным кантрасце, а на паўтонах. 

 Ала Шкарадзёнак «Падарожжа», 2017 г.

Значнае месца ў экспазіцыі займае пейзаж. Між іншым, сучасны пейзаж часта адрозніваецца ад традыцыйнага, што выклікана пошукам мастакамі новых форм і змяненнем іх светапоглядаў. Сёння жывапісец ці графік не імкнецца адлюстраваць прыроду такой, якая яна ёсць.

Ксенія Кузьмічова-Каменская «Red», 2024 г.

Яго мэта — перадаць сваё стаўленне да той ці іншай тэмы. Дапамагаюць яму колер, кантраст, шматслойнасць... Сапраўды, сучасны пейзаж можа валодаць звыклымі выразнымі абрысамі, а можа станавіцца зусім беспрадметны. На выстаўцы «Арт-Мінск» адлюстраваны абодва кірункі. Недзе мастакі паранейшаму адлюстроўваюць прыроду і звязаныя з яе станам уласныя пачуцці, а іншым часам толькі па назве можна зразумець, што перад гледачом паўстае краявід, але ад гэтага іх роздумы аб навакольным свеце не становяцца меней глыбокімі ці другараднымі. Прычым гэтым разам свае работы прадставілі пераважна не самыя вядомыя аўтары, якія працуюць сёння ў гэтым жанры: Наталля Хвасевіч, Ксенія Кузьмічова-Каменская, Таццяна Піскун, Таццяна Леановіч, Кацярына Паўленка, Алена Санько, Святлана Наздрын-Плотніцкая, Вольга Сечка, Валерый Уладзіміраў, Ая Барабашава, Вольга Данілюк... Многія работы здольны выклікаць шчырае замілаванне і ціхі роздум, але асаблівае ўражанне ў гэтай частцы выстаўкі робіць жывапіс Аляксандра Касцючэнкі: яго сельскія пейзажы будуюцца вакол тэмы яднання чалавека з прыродай, любові да родных мясцін і простага вясковага ўкладу жыцця.

 Кацярына Паўленка «Любімы Слуцк», 2023 г.

Прывабліваюць і кампазіцыйныя рашэнні, і колеравая палітра, і святло, якое не столькі перадае, колькі стварае Аляксандр Касцючэнка. 

P. S. Экспазіцыя «Арт-Мінска» ў галерэі «Лабірынт» будзе даступная для прагляду да 7 ліпеня. Дата заканчэння выстаўкі ў галерэі «Панарама» — 25 жніўня. 

 Аляксандр Касцючэнка «Крык зязюлі», 2023 г.

Між тым на мінулым тыдні «АртМінск» завяршыў сваю работу на асноўнай пляцоўцы — у Палацы мастацтва. Сёння ж у 18.00 у галерэі «Арт-Беларусь» адкрываецца выстаўка пераможцаў «Postscriptum. Арт-Мінск». Арганізатары паведамляюць, што на ёй можна ўбачыць творы Аляксандра Даманава, Аляксандра Некрашэвіча, Алесі Скарабагатай, Фёдара Шурмялёва, Вадзіма Качана, Аляксандра Шаппо ды іншых вядомых аўтараў — улюбёнцаў публікі. Усяго прадставяць работы 35 мастакоў, за якіх наведвальнікі фэсту галасавалі найбольш актыўна ў намінацыях, згодна з якімі былі ўзнагароджаны аўтары: жывапіс, графіка, скульптура, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, артаб’ект, інсталяцыя і фатаграфія. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.