Вы тут

Арцём Макараў: Велічэзная радасць — шукаць нешта рэдкае ў музыцы


Для прыхільнікаў Вялікага тэатра Беларусі прызначэнне Арцёма Макарава на пасаду галоўнага дырыжора тэатра не стала нечаканасцю. Маэстра і раней можна было бачыць за дырыжорскім пультам на оперных спектаклях — народны артыст Башкартастана і лаўрэат прэміі «Залатая маска» прыязджаў у Мінск як запрошаная зорка. Пачуўшы аб яго прыходзе ў тэатр на пачатку сезона, беларускія гледачы ажывіліся: гэта ж не жартачкі, што аркестр некалькі гадоў быў без галоўнага дырыжора. Ой, надта шмат працы... Арцём Макараў яе не баіцца, бо амаль адначасова да яго паступіла прапанова стаць галоўным дырыжорам Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац. Той варыянт, калі выбар зрабіць неверагодна цяжка. Ды і не трэба: цяпер маэстра сумяшчае працу ў Мінску і Маскве. У яго за плячыма — досвед удалага сумяшчэння гэтай пасады: у Башкірскім дзяржаўным тэатры оперы і балета і ў Дзяржаўнай оперы Анкары, пры гэтым быў яшчэ запрошаным дырыжорам Стамбульскай дзяржаўнай оперы. Досвед багаты. Спецыяліст аўтарытэтны. Таму цікавы яго погляд на наш Вялікі — нібыта збоку, але і знутры адначасова...


— Фігура галоўнага дырыжора асаблівая, таму што музыканты могуць быць прафесіяналамі, але гэтага недастаткова, каб аркестр стаў камандай…

— І да свайго прызначэння, калі я прыязджаў дырыжыраваць пастаноўкамі, не адчуваў нейкай разрозненасці. У аркестра Вялікага тэатра Беларусі добрая рэпутацыя — яна вядомая ў Расіі, — мае калегі-дырыжоры адзначалі высокі ўзровень калектыву. Гэта шмат у чым палягчае маю працу.

Безумоўна, важная каманда. Найперш, з маіх калег, дырыжораў. Тут іх не так многа, на жаль. Таму на пачатку гэтага года мы праводзілі конкурс, у выніку якога адабралі двух чалавек, жыхароў Беларусі, якія, спадзяюся, пакажуць сябе ў будучыні, бо гэта маладыя спецыялісты. Ужо знаходзячыся пры справе, яны змогуць расці прафесійна, каб стаць добрымі памочнікамі, у тым ліку для мяне як для кіраўніка.

Каманда — гэта і дырыжоры, і канцэртмайстры (кіраўнікі груп музыкантаў аркестра), якія патрэбны, каб мы ўсе адзін аднаго разумелі. А гэта датычыцца і складаў, і рэпетыцыйнага працэсу. Гэты сезон пайшоў на тое, каб прыцерціся і прывыкнуць адзін да аднаго. У мяне добры кантакт з Дзмітрыем Гарбайчуком, загадчыкам трупы аркестра тэатра. Ён вельмі прафесійны музыкант і кіраўнік. Але ў галоўнага дырыжора апроч творчых вельмі шмат адміністрацыйных абавязкаў, калі трэба вырашаць розныя задачы, у тым ліку па рабоце з выканаўцамі. Аркестр тут вялікі — каля 150 чалавек. Акрамя таго, галоўны дырыжор займаецца і вакалістамі — оперная трупа і хор (у меншай ступені) патрабуюць увагі. Балет — больш адасобленая структура, а тое, што звязана з операй і аркестрам, у падпарадкаванні галоўнага дырыжора. Таму гэты сезон і год для мяне былі складанымі: я даведваўся, унікаў, слухаў... Бо тут і оперная трупа вялікая, і рэпертуар, які мне трэба было паглядзець, каб зразумець, хто як спявае, хто як іграе, як працуюць мае калегі.

— Трупа амаладзілася. З аднаго боку, гэта добры знак: ёсць прыток новых сіл. Але моладзь не заўсёды і не ўсё можа спяваць…

— У трупе кожнага тэатра ёсць свае праблемы такога роду. Тут для мяне таксама крыху незвычайная сітуацыя. Напрыклад, выдатны склад моцных драматычных сапрана, у якіх маюць патрэбу многія тэатры. А тут россып: Анастасія Масквіна, Анастасія Малевіч, Марыя Галкіна, Марта Данусевіч і іншыя. Ёсць з каго выбраць. Але не хапае лірыка- і лірыка-каларатурных сапрана, якіх звычайна шмат у іншых калектывах. У Мінску даволі нядрэнная сітуацыя з тэнарамі (за выключэннем драматычных тэнараў, але з імі ва ўсіх тэатраў праблемы). Выходзім з сітуацыі, запрашаем. Крыху горш тут з лірычнымі барытонамі, што таксама дзіўна. З’явіліся нядрэнныя хлопцы з нізкімі галасамі, з якімі я займаюся. Разам з загадчыцай трупы Анастасіяй Масквіной мы імкнёмся ўводзіць маладых выканаўцаў амаль у кожны спектакль — гэта трэба для развіцця. Спадзяюся, трупа будзе папаўняцца і надалей, дзеля гэтага сёлета абвясцілі конкурс. У нас з’явіліся некалькі нядрэнных новых салістак і салістаў. Яны будуць паступова ўваходзіць у рэпертуар.

— Людзям, якія слухаюць оперу ў Мінску, здаецца, што ў афішы ў асноўным правераная оперная класіка, на якую сапраўды прыйдуць гледачы, за рэдкім выключэннем. Як ацэньваеце такі падыход да рэпертуару?

Рэпертуарная палітыка ў любым тэатры — гэта адна з найбольш складаных задач для кіраўнікоў, а тут усе творчыя людзі і, з аднаго боку, жадаюць нечага арыгінальнага. А з іншага боку, мы жывём у такі час, калі менеджмент адыгрывае вялікую ролю ў прыняцці рашэнняў: усе прапановы аналізуюцца з пункту гледжання таго, ці зможа тэатр сабраць залу. Таму пытанне няпростае. Але я ўжо ўносіў і надалей буду ўносіць прапановы з больш арыгінальным падыходам да выбару новых назваў для афішы. Калі я быў галоўным дырыжорам Башкірскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, то праз гэта прайшоў. Не адразу, але паступова стаў прапаноўваць не вельмі вядомыя назвы опер і чуў пярэчанні, што будзе складана прадаць квіткі і сабраць залу. Лічу, што не заўсёды трэба выбіраць папулярныя і камерцыйна паспяховыя назвы. Тут мусіць быць падыход прыкладна 50 на 50. Таму што неабходна развіваць гледача — натуральна, гэта трэба рабіць паступова. Зразумела, што калі мы возьмем невядомую назву, то публіка сама не пойдзе на прэм’еру. Трэба прыцягваць рэсурсы рэкламы, задзейнічаць маркетынгавыя магчымасці, каб глядач адгукнуўся. Безумоўна, пытанне не толькі ў арыгінальнасці назвы, павінна быць яшчэ добрая пастаноўка — гэта галоўнае. І тое, як праспявалі і сыгралі, таму што глядач адчувае і цэніць якасць.

Так, паступова мы выхавалі свайго гледача ва Уфе — публіка стала больш даверліва ставіцца да тэатра. Цяпер там няма праблем з наведваннем не вельмі вядомых опер. Наадварот, распытваюць: а што яшчэ цікавага можна паслухаць?.. Мне падаецца, што Мінск пакуль што ў палоне вельмі вядомых назваў. А з іншага боку, ёсць і плюсы таго, што тут вялікі рэпертуар вядомых опер, якія карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце. Тое ж можна сказаць пра балеты. Але, на мой погляд, і оперы, і балету не шкодзіла б у далейшым узбагачацца новымі назвамі. Разумею, што вялізная сцэна — гэта ў нечым плюс, а ў нечым мінус, бо асобныя праекты можна было б рабіць на малой сцэне. Але што маем. Праўда, калі паглыбіцца, напрыклад, у барочную музыку — там вялізны пласт (сотні назваў!), і можна было б знайсці твор, які падыходзіць па маштабу для такой сцэны, як у Вялікім тэатры Беларусі. Гэтак жа і ў французскай оперы, якая тут амаль не прадстаўлена. Але я ўпэўнены, што выхоўваць свайго гледача трэба, увесь час здзіўляючы і прывязваючы яго да тэатра. Акрамя таго, ёсць пэўны кантынгент гледачоў, якія любяць наведваць тэатр, — гэтым людзям таксама патрэбны адкрыцці і новыя ўражанні.

— Калі закранулі тэму барочнай музыкі, то вы рызыкавалі, калі ва Уфе звярнуліся да оперы Гендэля «Геракл» і зрабілі з яе сямейную гісторыю? Яна прынесла вам «Залатую маску». Але ўзровень рызыкі можа быць розны…

— Рызыка, вядома, была. Больш за тое, спачатку мы нават не ўяўлялі, якая. Я абраў назву і рэжысёра. Але рэжысёр Георгій Георгіевіч Ісаакян прапанаваў радыкальную канцэпцыю. Гэта была сучасная гісторыя, вельмі стыльная. Далёка не ўсе ў рэспубліцы прынялі менавіта візуальную канцэпцыю. Але быў сабраны добры выканальніцкі склад, пастаноўку мы вазілі ў Маскву, неаднаразова паказвалі на фестывалях. Шчыра магу прызнацца, што на гэтым спектаклі Башкірскі дзяржаўны тэатр оперы і балета не зарабіў, але гэта быў сур’ёзны іміджавы прарыў. Пра тэатр загаварылі. Таму неабходна пакідаць магчымасць для творчых пошукаў.

— Мы заўсёды сачылі за «Залатой маскай», каб разумець тэндэнцыі ў тэатры. Вы як чалавек, які разумее сітуацыю ў оперы не толькі ў Расіі, але і за яе межамі, можаце падзяліцца думкамі, куды рухаецца гэтае мастацтва?

Напэўна, я не змагу вызначыць нейкую тэндэнцыю, таму што цяпер амаль кожны тэатр сам вырашае, што і як ставіць. І запрашае пэўных спецыялістаў, часам дыктуе канцэпцыю. Вядома, тэатры зыходзяць з магчымасцяў фінансавання і нават з менталітэту сваёй публікі, яе ведаў і густаў. Зразумела, што дырэктар любога тэатра хоча, каб яго спектаклі наведвалі, незалежна ад таго, ці будзе ён намінаваны на «Залатую маску». Нават у шорт-ліст прэміі трапляюць розныя спектаклі. Калі я працаваў у журы (тры разы выпадала такая магчымасць), мы глядзелі абсалютна розныя спектаклі, часам здзіўляліся: а якія крытэрыі ацэнакі? Напрыклад, спектакль оперны, але сучасны па форме, са сродкамі выразнасці, адпаведнымі ХХ—XXІ стагоддзям, — як яго можна параўноўваць з маштабнай і абсалютна класічнай пастаноўкай таго ж Вялікага тэатра, дзе зусім іншыя магчымасці і выдаткі, у тым ліку энергетычныя? Адну пастаноўку ты глядзіш у нейкім падвальчыку, а другую — на галоўнай пляцоўцы краіны... Таму пра тэндэнцыі я б сказаў так: сёння магчыма ўсё, і яно адбываецца. Оперны жанр не тое што не памірае — ён жыве актыўным жыццём. У тым ліку і таму, што ўвесь час то там, то там з’яўляюцца назвы, якіх ніхто раней не чуў, не ставіў. Нават у Вялікім тэатры Расіі ідуць такім шляхам. Насамрэч велічэзная радасць — адшукаць нешта рэдкае ў музыцы. У мяне такое было ў кар’еры. Часам я сам знаходзіў цікавыя творы для пастаноўкі, а часам знаходзілі рэжысёры і мне прапаноўвалі матэрыял. Напрыклад, у тэатры імя Наталлі Сац так атрымалася з операй Паўля Хіндэміта «Нуш-Нушы». Гэта быў для мяне неверагодны выбух эмоцый: вядомы кампазітар, аказваецца, у яго і ў оперы ёсць што іграць. Акрамя таго, галоўны рэжысёр гэтага тэатра Георгій Ісаакян вядомы тым, што ў яго не можа быць нецікава і трывіяльна, ён знаходзіць такія назвы, якія ў Расіі не ставіліся, у тым ліку айчынных кампазітараў, якія на нейкім этапе былі забытыя. Таму тэатр імя Наталлі Сац для мяне — добры прыклад, як можна спалучаць класіку і некласіку, папулярнае і непапулярнае. І тое, і тое могуць зразумець і прыняць гледачы. Часам трэба быць крыху смялейшымі.

— Гэта датычыцца оперы ці балета таксама?

— На мой погляд, у Мінску сітуацыя прыкладна аднолькавая датычна і оперы, і балета. Нават наадварот: у оперы ёсць некалькі спектакляў, якія адпавядаюць сучасным тэндэнцыям, ці, умоўна кажучы, вызначэнню «сучасная пастаноўка», як «Самсон і Даліла», «Багема», яшчэ пару назваў. Мне б хацелася, каб і ў балеце з’яўляліся сучасныя спектаклі, якія больш адпавядаюць новым тэндэнцыям. З’явіўся спектакль «Ілюзіі кахання» — гледачы бачаць, што харэаграфія можа быць рознай. Вядома, заўсёды будзе класіка: «Лебядзінае возера» і іншыя любімыя спектаклі. І справа не ў тым, каб гэтыя балеты ставіць на сучасны манер. Трэба прапаноўваць тое, што здзівіла б гледача сёння, і гэта тычыцца не толькі антуражу,але і самой харэаграфіі, якая павінна адлюстроўваць стан гэтага віду мастацтва ў ХХІ стагоддзі. Сёння ва ўсіх буйных тэатрах імкнуцца трымаць суадносіны класікі і сучаснай харэаграфіі прыкладна 80 працэнтаў на 20. 

Гэта вельмі моцна развівае і трупу. Таму што ёсць артысты, па прыродзе і па падрыхтоўцы арыентаваныя на такі рэпертуар, яны ў ім выглядалі б выйгрышна. Роўна як і ёсць тыя, каму больш падыходзіць класіка — яны будуць танцаваць прынцаў і прынцэс.

— Як галоўны дырыжор вы можаце ўплываць на фарміраванне рэпертуару. Ужо абмяркоўвалі ідэі пастановак, якія былі б новыя для Беларусі?

— Планы вярстаюцца загадзя. Пакуль што ўсё, што адбываецца на сцэне Вялікага тэатра ў Мінску ў гэтым сезоне і часткова будзе адбывацца ў наступным, планавалася да майго прыходу. Далейшае пакажа жыццё, бо пытанні рэпертуару вырашае не толькі галоўны дырыжор. Наколькі я ведаю, у некаторых тэатрах апошняе слова за творчым кіраўніком, а ў некаторых — за генеральным дырэктарам. У Мінску ўкаранілася сістэма мастацкага савету, калі рашэнні прымаюцца супольна. Спадзяюся, што мае ідэі і прапановы пачуюць і разгледзяць. З калегамі ў мяне добры кантакт. Мы ўсе прыкладна аднаго пакалення: галоўны рэжысёр Ганна Маторная, галоўны балетмайстар Ігар Колб і я. 

У працоўным парадку вырашаем пытанні, што ўзнікаюць. Натуральна, і з генеральным дырэктарам тэатра Кацярынай Мікалаеўнай Дулавай, якая нас усіх сабрала, мы таксама ў пастаяннай сувязі і на адной хвалі.

— У Беларусі перыядычна ўзнікаюць пытанні аб папаўненні рэпертуару нацыянальнымі творамі. Ці ўдалося вам пазнаёміцца з музыкай беларускіх кампазітараў — мінулых гадоў або сучаснай?

— Ёсць выдатныя спектаклі, якія ідуць на сцэне тэатра, няхай іх няшмат, але яны вельмі якасна пастаўленыя і цікавыя па музыцы, напрыклад «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана — невыпадкова спектакль паказвалі за межамі Беларусі. Балет «Анастасія», яшчэ некалькі пастановак, безумоўна, значныя. Я з імі пазнаёміўся ўжо тут і зразумеў, што беларуская кампазітарская школа вельмі моцная, прынамсі, была такой (пакуль не ведаю цяперашняга стану). Чаму так упэўнена кажу? Таму што ў чэрвені ў нас плануецца прэм’ера канцэрта-спектакля «Патэтычны дзённік памяці», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад фашызму. Ён складзены з урыўкаў твораў беларускіх кампазітараў на ваенную тэматыку. Я быў здзіўлены, што імёнаў так многа, як і твораў на ваенную тэму. Зразумела, што для Беларусі яна балючая, што і адлюстравала мастацтва. Вельмі шкада, што гэтая музыка доўгі час не гучала. А зараз мы ўспомнім шмат творцаў і прадставім яркія музычныя ўрыўкі на тэму вайны. Адкрыццё беларускай музыкі для мяне адбылося, я рэальна ўражаны і магу сказаць: вам ёсць чым ганарыцца. Спадзяюся, што змагу больш глыбока пазнаёміцца з творамі беларускіх кампазітараў на іншыя тэмы.

Лічу, што тэатр мусіць звяртацца да нацыянальнага мастацтва. У Башкірыі, напрыклад, гучаць творы башкірскіх кампазітараў — у балеце і ў оперы, на канцэртнай пляцоўцы філармоніі. Так, у Расіі гучыць музыка рускіх кампазітараў. Кірунак нацыянальнай музыкі павінен развівацца ў Беларусі.

— Вялікі тэатр Беларусі імкнецца прыцягваць гледачоў рознымі праектамі, некаторыя ўжо сталі традыцыйнымі, як «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», а нейкія сталі гісторыяй. Ці трэба развіваць гэты кірунак?

— Памятаю класны праект — Мінскі оперны конкурс. Гэта была яркая падзея ў музычным жыцці, яе ведалі, пра яе гаварылі, а я прыязджаў у якасці гледача. Магу толькі спадзявацца, што гэты конкурс некалі адродзіцца. Але ёсць фестывалі, якія праходзяць штогод: «Балетнае лета», Мінскі міжнародны оперны форум. Добра, што сюды прывозяць свае пастаноўкі тэатры розных рэспублік — сёння складана прыехаць вялізнаму калектыву з дэкарацыямі. А на наступны сезон ёсць планы наконт гастроляў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Я заклікаю больш уважліва сачыць за афішай тэатра і падзеямі, якія ён рыхтуе для гледачоў. Ёсць асаблівасць у мінскай публікі: квіткі раскупляюцца доўга, а часам знікаюць у апошні момант — і гэта для мяне таксама дзіўна. Таму што цэны прымальныя. І праекты вельмі цікавыя. Напрыклад у Нясвіжы. Сёлета каля сцен палаца тэатр пакажа новы спектакль «Іаланта». Рыхтуем і гала-канцэрт. Тое, што ў Беларусі ёсць такое дзіўнае месца, дзе на вольным паветры можна слухаць класічную музыку ў гістарычнай атмасферы, звяртае нас да еўрапейскіх традыцый у добрым сэнсе. Гэта цудоўная магчымасць цікава і з карысцю правесці час з блізкімі.

— Хтосьці з вашых блізкіх прыязджаў да вас у Мінск? Можа, падарожнічалі па Беларусі?

— У мінулым годзе да мяне на спектакль (я яшчэ не быў галоўным дырыжорам) прыязджала мама. Яна таксама захапілася Мінскам. Хоча яшчэ прыехаць сюды, таму што не ўсё паспела паглядзець: не толькі сталіца прыцягвае, але і наваколле, замкі, іншыя гарады Беларусі. Я, на жаль, вельмі загружаны, літаральна жыву ў тэатры, калі прыязджаю сюды. Паколькі першапачаткова атрымаў згоду ў двух тэатрах на сумяшчэнне, імкнуся аднолькава адказна падыходзіць да працы і там, і тут. Акрамя таго, запрашаюць і жадаюць бачыць у іншых тэатрах. Не скажу, што гэта проста, нават па энергетычных выдатках даволі цяжка, частыя пераезды. У мяне выдаўся складаны сезон. Але пакуль што мне вельмі цікава: розныя людзі, розныя калектывы. Гэта каласальны досвед і магчымасць творчага росту.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.