Вы тут

Адкрыццё новых старонак памяці


У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю са дня нараджэння лаўрэата Ленінскай прэміі, Героя Сацыялістычнай Працы, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Поруч з БДАМЛМ іх арганізатарамі выступілі рэдакцыя часопіса «Роднае слова» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Пачаткам сустрэчы навукоўцаў, архівістаў, музейшчыкаў, пісьменнікаў стала адкрыццё выстаўкі «Сам-насам з вечнасцю», якая падрыхтавана паводле матэрыялаў, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Прэзентуючы гэты праект, вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Наталля Мізон расказала пра змест дакументаў, якія характарызуюць асобу, творчы характар Васіля Быкава. Несумненна, у іх адлюстравана толькі частка жыцця пісьменніка, творчасць якога вядомая ўсяму свету. Але архівісты, грунтоўна падышоўшы да адлюстравання найболей знакавых, сутнасных момантаў у жыцці творцы, пастараліся сказаць новае слова пра класіка. І важным падаецца тое, каб пра выстаўку «Сам-насам з вечнасцю» шырэй даведаліся ўвогуле ў нашай краіне. Мо нават варта выпусціць яе каталог, які спатрэбіцца і акадэмічным, і ўніверсітэцкім літаратуразнаўцам, журналістам, усім, хто нераўнадушна ставіцца да творчасці нашага легендарнага суайчынніка…

Мадэратарам круглага стала навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» на тэму «Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі», які працягнуў «Быкаўскі дзень» у БДАМЛМ, выступіла галоўны рэдактар выдання Наталля Шапран. Яна звярнула ўвагу на тое, што часопісны альманах, прысвечаны Васілю Быкаву, «вылучаецца магістральнай тэмай памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Невыпадкова ён не толькі прымеркаваны да стагоддзя народнага пісьменніка, але і з’яўляецца часткай рэдакцыйнага праекта, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай навалы».

Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран

Пра тое, як працаваў над артыкулам «Сінтэз фатаграфічнага і тэкставага, або Некананічныя аўтапартрэты пісьменнікаў» для нумара-альманаха, расказаў вядомы літаратуразнаўца, аўтарытэтны даследчык гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус. Ён звярнуў у сваім выступленні ўвагу і на тое, што матэрыялы, якія за дзесяцігоддзі сабраны ў БДАМЛМ, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай для вывучэння гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Добрыя словы ў адрас самага блізкага і роднага для пісьменнікаў, літаратуразнацаў архіва гучалі і ў іншых выступленнях.

Цікава пра экранізацыю аповесцяў Васіля Быкава ў кінематографе расказала загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар Людміла Саянкова. У «Родным слове» яна выступіла з артыкулам «Экранізацыя як „дадаванне да сэнсаў арыгінала“: Увасабленне на кінаэкране твораў Васіля Быкава». Людміла Пятроўна згадала такіх кінарэжысёраў, як Рычард Віктараў (нагадаем, што ён болей вядомы па фільме «Масква — Касіяпея»; а з быкаўскіх твораў майстар кіно экранізаваў «Трэцюю ракету»), Барыс Сцяпанаў (яго экранізацыя «Альпійскай балады» яшчэ ў 1965 годзе стала візітнай карткай беларускага кінамастацтва, увайшла ў спіс найлепшых фільмаў пра вайну ў савецкім кінематографе), Міхаіла Пташука (сам рэжысёр так сказаў пра сваю работу: «Адзіны фільм, у якім я дакрануўся да струн сваёй душы, — гэта «Знак бяды»), Ларысу Шапіцька (яна зрабіла фільм «Узыходжанне» па аповесці «Сотнікаў»)…

Да стагоддзя пісьменніка часопіс «Роднае слова» распачаў праект «100 партрэтаў Васіля Быкава». І ў нумары-альманаху змешчаны рэпрадукцыі работ Юрыя Зайцава «Партрэт Васіля Быкава», Міхаіла Будавея «Партрэт Васіля Быкава», Леаніда Шчамялёва «Працаўнікі муз», Леаніда Дударэнкі «Беларускія пісьменнікі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і Ніл Гілевіч». Яны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Пра мастакоўскае прачытанне характару Васіля Быкава на круглым стале гаварыла вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Настасся Трафімчык (яна выступіла ў «Родным слове» з артыкулам «Мастацкае ўвасабленне вобраза Васіля Быкава: Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь»).

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч у сваім выступленні звярнуўся да тэмы кнігавыдання. У прыватнасці, нагадаў, што ў свой час у выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» (з 2012 года яно — у складзе Выдавецкага дома «Звязда») выйшла кніга «Васіль Быкаў: вядомы і невядомы», у якой разам былі аб’яднаны літаратуразнаўчая праца Валянціны Локун «Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры» і ўспаміны пісьменніка Анатоля Сульянава «Васіль Быкаў. Камбат. Пісьменнік. Сябра». Кніга багата ілюстравана фотаздымкамі з асабістага архіва Анатоля Канстанцінавіча Сульянава. А да 100-годдзя Васіля Быкава зусім нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь тыражом 28 800 экзэмпляраў пабачыў свет зборнік аповесцяў і апавяданняў Васіля Быкава «Выбраныя творы», у які ўвайшлі «Альпійская балада», «Сотнікаў», «У тумане», «Адна ноч», «Смерць чалавека». Гэта выданне кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі і падарыў у фонды БДАМЛМ.

Грунтоўным і прыкметным было выступленне даследчыка жыцця і творчасці Васіля Быкава Сяргея Шапрана, які па праве з’яўляецца не толькі аўтарам, але і энергетычным рухавіком «Быкаўскага» нумара-альманаха. У часопісе змешчаны яго артыкулы, прадстаўлены падрыхтаваныя ім ілюстрацыйныя матэрыялы, у тым ліку і не так даўно знойдзеныя малюнкі самога Васіля Уладзіміравіча…

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка вось як пракаментавала падзею: «Мы вельмі ўважлівыя да творчасці айчынных класікаў. Архіўныя зборы, звязаныя з народнымі паэтамі і народнымі пісьменнікамі Беларусі, — гэта скарбніца найкаштоўнейшых памятак па гісторыі беларускай літаратуры. І ў 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у пярэдадзень 80-годдзя Вялікай Перамогі, спадзяюся, шмат хто наведаецца да нас у архіў, каб звярнуцца да дакументальных, праўдзівых сведчанняў пра франтавыя, партызанскія лёсы беларускіх літаратараў... І памяць пра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава — таксама адзін з нашых клопатаў».

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка

Раман СЭРВАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.