Вы тут

Каля тысячы беларусаў здалі кроў у Сусветны дзень донара


У Сусветны дзень донара акцыя па бязвыплатным донарстве прайшла побач з будынкам Міністэрства аховы здароўя ў Мінску. Каля сотні чалавек паўдзельнічалі ў ёй на гэтай пляцоўцы. Сярод іх — кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і спорту, грамадскіх аб’яднанняў.


Штодзень у медыцынскіх стацыянарах краіны праходзіць да тысячы пераліванняў крыві. А донарамі штогод становяцца 100 тысяч чалавек. Каля 40 арганізацый службы крыві ва ўсіх рэгіёнах кожны дзень нарыхтоўваюць кроў. Дзякуючы гэтаму многіх людзей удаецца пазбавіць ад цяжкіх захворванняў і нават выратаваць жыцці.

Пляцоўка, дзе арганізавалі спецыяльны мабільны пункт, — гэта станцыя на колах, абсталяваная камфортнымі крэсламі, апаратурай для забору крыві, халадзільнікамі для яе захоўвання. Тут працуе выязная брыгада спецыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Патэнцыяльныя донары праходзяць абследаванне, пасля чаго атрымліваюць допуск да данацыі. Адным з першых далучыўся да акцыі намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў.

— Тое, што дзень донара прыпадае на адзін тыдзень з Днём медыцынскага работніка, сведчыць пра важнасць донарства. Многія медыцынскія работнікі ўдзельнічаюць у здачы крыві. Служба крыві ў нашай краіне развіваецца з моманту станаўлення аховы здароўя. Донарская кроў выкарыстоўвалася падчас войнаў, іншых катаклізмаў для вялікай колькасці пацыентаў, і актуальнасць гэтага не страчана сёння. Цяпер найбольшая колькасць крыві расходуецца на людзей, якія маюць патрэбу ў экстранным аказанні медыцынскай дапамогі, — расказаў намеснік міністра.

Аляксандр Старавойтаў адзначыў, што ў нашай краіне за год нарыхтоўваецца амаль 300 тысяч тон кампанентаў крыві. З яе вырабляюцца прэпараты, неабходныя для пералівання. Кожны дзень 500–1000 пацыентам пераліваюцца кампаненты крыві. Штогод у Беларусі павялічваецца колькасць донараў. Паводле рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, донарства павінна быць бязвыплатным.

— У Міжнародны дзень донара мы разам з сістэмай аховы здароўя папулярызуем донарства. Яно вельмі важнае, асабліва бязвыплатнае. Менавіта бязвыплатнасць, гуманнасць мы ўкладваем у паняцце донарства. Штогод у гэты дзень каля тысячы чалавек у краіне ахвотна прыходзяць, каб бясплатна здаць кроў, — адзначыў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый Шаўцоў.

Да акцыі таксама далучыліся першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый Баскаў, старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран, дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка, прадстаўнікі партыі «Белая Русь» і іншыя.

Алена КРАВЕЦ

Фота прэс-службы Міністэрства аховы здароўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.