Вы тут

Напярэдадні Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» партызаны ажыццявілі трэці этап «рэйкавай вайны»


Безумоўна, гэта паскорыла вызваленчы працэс. Да сярэдзіны красавіка 1944 года завяршыўся першы этап вызвалення тэрыторыі Беларусі Чырвонай Арміяй. Да гэтага часу ад акупантаў было вызвалена 36 раёнаў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей, а таксама першыя абласныя цэнтры Гомель і Мазыр — практычна пятая частка БССР. Сотні тысяч нашых землякоў уладкоўвалі сваё жыццё ўжо на свабодных тэрыторыях. Аднак барацьба за мірнае жыццё працягвалася. І самы актыўны ўдзел у ёй прымалі народныя мсціўцы. Партызаны выконвалі самыя розныя задачы, пастаўленыя савецкім камандаваннем. Асаблівая ўвага ўдзялялася нанясенню рэйкавых удараў па камунікацыях і лініях сувязі ворага.

Масавую дыверсію было вырашана правесці непасрэдна перад наступленнем нашых войск, у ходзе якога Беларусь была вызвалена. У ноч з 19 на 20 чэрвеня 1944 года партызаны падарвалі больш як 40 тысяч рэек. Удар быў настолькі магутны, што многія чыгуначныя магістралі не функцыянавалі да канца аперацыі «Баграціён». Як пасля адзначаў у сваіх мемуарах маршал Жукаў, народныя мсціўцы паралізавалі варожы тыл у самы адказны момант.

Як ажыццяўлялася пастаўленая задача, сведчаць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Яшчэ не так даўно яны захоўваліся пад грыфам «абсалютна сакрэтна». Сёння дакументы адкрыты для вывучэння. Азнаёміцца з імі прапануем і чытачам «Звязды».


«Загад прыняты да выканання»

Кіраўнікі партызанскіх злучэнняў атрымалі аднатыпныя ўказанні Беларускага штаба партызанскага руху: «У ноч на 20 чэрвеня партызаны наносяць удар па чыгуначных дарогах праціўніка. Задачы давесці да брыгад, якія могуць па абстаноўцы ўдзельнічаць у аперацыі, і гэтым брыгадам узмацніць выкідку боепрыпасаў. Штабу паведамце, якія брыгады на якіх участках будуць дзейнічаць, якую колькасць узрываюць рэек. Папярэдзьце аб захаванні аперацыі, якая рыхтуецца, у таямніцы. Дадатковых указанняў не будзе. У ноч на 20 чэрвеня брыгады наносяць удары самастойна».

«Загад па „рэйкавай вайне“ прыняты да выканання. Вядзём падрыхтоўку. Для правядзення выбуху рэек не маем ні кілаграма ўзрыўчаткі. Просім узрыўчаткі», — сказана ў шыфртэлеграме № 3922 сакратара Круглянскага падпольнага райкама КП(б)Б Ф. Новікава начальніку опергрупы БШПР на 3-м Беларускім фронце А. Архангельскаму.

Устаноўкі на будучую аперацыю распаўсюджваліся маланкава. У загадзе камандзіра злучэння партызанскіх атрадаў Брэсцкай вобласці Сяргея Пранягіна канкрэтызавана, у колькі і на якіх участках чыгункі праводзіць аперацыю. Акрамя таго, было загадана праводзіць падрыхтоўку да аперацыі ў строгай канспірацыі. «Групы, якія ідуць на выкананне гэтага задання, забяспечыць медыцынскім персаналам, перавязачным матэрыялам і неабходнымі медыкаментамі. Аб выніках праведзенага масіраванага ўдару ў ноч з 19 на 20 чэрвеня данесці неадкладна», — паведамляецца ў загадзе № 0084.

На недахоп толу, патронаў для пісталетаў Токарава і гранат паскардзіўся намеснік начальніка БШПР І. Ганенка. Акрамя таго, ён папрасіў забяспечыць эвакуацыю параненых, якіх у брыгадах Балана, Базылевіча і Дзяругі было нямала.

«Аперацыя ў ноч на дваццатага чэрвеня набывае вялікае значэнне ў далейшай барацьбе з нямецкімі захопнікамі, — сведчыць Ганенка ў наступнай шыфртэлеграме, адрасаванай камандзірам партызанскіх фарміраванняў. — Не чакаючы дадатковых указанняў, у ноч на 20 чэрвеня ўсімі сіламі і сродкамі, прыцягваючы няўзброены рэзерв, нанасіце ўдары па масавым разбурэнні чыгуначнага палатна, падрыве рэек. Для бамбёжкі эшалонаў праціўніка мініруйце месцы іх збору і даносьце вынікі бомбавых нападзенняў нашай авіяцыі. Даносьце колькасць узарваных рэек, кіламетры разбуранага палатна».

«Разбіта чыгуначная будка, узяты трафеі»

На наступны дзень у Беларускі штаб партызанскага руху адна за адной пачалі паступаць справаздачы. Партызанскія камандзіры дзяліліся вынікамі аперацыі, поспехамі праведзеных дыверсій.

«У ноч на 20 участку Смалявічы — Калодзішчы заданне брыгада выканала: падарвана 1303 рэйкі, узарвана 15 тэлефонных слупоў. Свае страты: забіта — 7, паранена — 27. Ахова чыгуначнага вакзала аказала ўпартае супраціўленне з пераадоленнем мінных палёў», — сказана ў шыфртэлеграме камандзіра партызанскай брыгады «Разгром» Мінскай вобласці І. Лакціёнава першаму сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку.

Аб выніках нанясення ўдару партызанскай брыгадай імя П. Панамарэнкі па чыгунцы паведаміў выконваючы абавязкі камандзіра партызанскага злучэння Баранавіцкай вобласці: «Выконваючы ваша заданне брыгадай вашага імя, у ноч на 20 чэрвеня паміж станцыяй Негарэлае і раз’ездам Камалова ўзарвана 480 рэек. Падчас бою за авалоданне дарогай падышоў эшалон з жывой сілай і тэхнікай. У выніку бою немцы разбегліся. Авалодаўшы эшалонам, брыгада падарвала: танкаў — тры, танкетак — дзве, бронемашыну — адну, аўтамашын — тры, пражэктарных установак — 6, зенітных гармат — тры і, па недакладных даных, 4 самаходныя гарматы. Падпалілі чатыры таварныя і адзін класны вагон, у выніку згарэла 40 вагонаў і платформ, у якіх знаходзіліся танкавыя і авіяцыйныя маторы, замаскіраваныя саломай».

Партызанскае злучэнне Пінскай вобласці імя В. Каржа ў ноч на 20 чэрвеня 1944 года падарвала 4700 рэек, народныя мсціўцы 300-й партызанскай брыгады імя К. Варашылава Мінскай вобласці — 923 рэйкі, а таксама сяміметровы чыгуначны мост. «На ўчастку Заракоўцы — Савічы разгромлена чыгуначная станцыя Дзегцяныя, — гаворыцца ў шыфртэлеграме. — Будынак станцыі спалены, стрэлкі і палатно ўзарваны, станцыйнае абсталяванне знішчана. На станцыі спалена 14 таварных вагонаў з харчаваннем і ваеннымі грузамі, дзесяць класных вагонаў, у тым ліку вагон-рэстаран і адзін паравозны тэндар. Разбіта адна чыгуначная будка. Узяты трафеі: два станковыя кулямёты, адзін ручны кулямёт, 27 вінтовак, два пісталеты, два гранатамёты, 15 тысяч шматлікіх патронаў, 30 штук ручных гранат і іншая ваенная маёмасць. Пры гэтым забіта звыш 50 чалавек чыгуначнай аховы, у тым ліку начальнік станцыі Дзегцяныя. Нашы страты: адзін чалавек паранены. Намі зрасходавана сем тысяч розных патронаў».

Аднак не ўсюды было так гладка. У шыфртэлеграме, адрасаванай Панамарэнку, выконваючы абавязкі камандзіра партызанскай брыгады «Граза» Віцебскай вобласці А. Варашэнь дакладваў, што выканаць загад не ўдалося. Ён патлумачыў, што прайсці да чыгуначнай дарогі адна брыгада была не ў сілах, бо магістраль Масква — Мінск ахоўвалася і патрулявалася браневікамі. Акрамя таго, па абодва бакі магістралі знаходзіліся нямецкія часці, моцна ахоўвалася чыгунка, асаблівую пагрозу партызанам уяўлялі дыверсійныя групы.

«Ачысціць святую беларускую зямлю ад фашысцкай нечысці»

Праведзеныя на акупаванай тэрыторыі Беларусі дыверсіі па падрыве чыгункі некаторы час падрабязна аналізаваліся. Вось што пісалі аб выніках «рэйкавай вайны» камандзір партызанскай брыгады імя Дзяржынскага, яе камісар і начальнік штаба: «Камандна-палітычны састаў правільна зразумеў адказнасць задачы, якая перад імі стаіць, здолеў скалаціць вакол сябе і абаперціся на камуністаў, камсамольцаў і баявы актыў атрадаў. Камандаванне атрадаў правільна арганізавала маючую адбыцца аперацыю, адначасова давёўшы яе да свядомасці кожнага байца, і падняла адказнасць партызан перад Радзімай аб выкананні баявога загаду. За два дні да пачатку аперацыі ў атрадах былі праведзены паказальныя заняткі з асабовым складам па правіле абыходжання з мінамі і падрыве рэек. Загадзя былі падрыхтаваны месцы для дзеяння атрадаў і праведзена разведка дадзенай мясцовасці».

Як падкрэсліў у сваім паведамленні вышэйстаячаму кіраўніцтву камісар партызанскай брыгады імя Дзяржынскага Я. Ляхаў, усе як адзін адказалі дружным голасам, рашучасцю і гатоўнасцю выканаць баявы абавязак перад Радзімай. Па яго словах, баявы і маральны дух асабовага складу брыгады быў на высокім узроўні. «Нягледзячы на вялікі шлях (больш 80 км туды і назад) і пры дрэнным абутку, камандзіры і байцы, вярнуўшыся з баявога задання, адчувалі сябе цудоўна, — гаворыцца ў справаздачы. — Безумоўна, была невялікая фізічная стомленасць, і значная колькасць байцоў і камандзіраў нацерлі ногі, але гэта не адбілася на аслабленні баявога і маральнага духу. Ныцікаў няма».

Ён піша, што кожны партызан і партызанка яшчэ мацней зарадзіліся на бесперапынны ўдар па тылах ворага і праз любыя цяжкасці дасягаюць яшчэ большых поспехаў у барацьбе з акупантамі. Пры гэтым паспяховае выкананне народнымі мсціўцамі баявой задачы забяспечыла настрой мясцоваму насельніцтву, узняла ў іх вачах аўтарытэт партызан.

«У „рэйкавай вайне“ ўдзельнічала ўся маса партызан, пачынаючы ад БШПР і заканчваючы кухарам, конюхам, шаўцом, — пісаў камісар партызанскай брыгады „Разгром“ Мінскай вобласці Лакціёнаў. — Гэта асабліва было важна, бо гераічная Чырвоная Армія рыхтавалася да вырашальнага штурму — ачысціць святую беларускую зямлю ад фашысцкай нечысці...»

Высокую ацэнку праведзенай аперацыі па масавым падрыве рэек даў першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка. Ён падкрэсліў, што аперацыя садзейнічала паспяховаму наступленню савецкіх войск, якія вызваляюць беларускую зямлю, дэзарганізавала варожыя перавозкі жывой сілы і тэхнікі. За паспяховае выкананне баявой задачы кіруючаму і радавому саставу была аб’яўлена падзяка. Тых, хто праявіў асаблівую мужнасць і адвагу, чакалі ўзнагароды.

Нягледзячы на тое, што загад аб масавым падрыве чыгункі ворага датычыўся адной ночы, партызаны працягвалі здзяйсняць дыверсіі і пасля, ажно да канчатковага вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вераніка КАНЮТА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.