Вы тут

Гульні БРІКС далі імпульс развіццю новай баскетбольнай дысцыпліне


Баскетбольная сям’я пашыраецца. На мінулым тыдні згодна з Загадам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь № 207 ад 07.06.2024 года ўнесены дапаўненні і змяненні ў рэестр прызнаных відаў спорту. Від спорту «Баскетбол» дапоўнены дысцыплінай «баскетбольнае дваябор’е» (фіджытал-баскетбол). Рашэнне надзвычай своечасовае і актуальнае. У праграму Гульняў БРІКС, якія зараз праходзяць у Казані, уключаны спаборніцтвы менавіта па гэтай дысцыпліне. Праведзеныя ў тым жа горадзе ў лютым Гульні Будучыні паказалі, што спалучэнне рэальнага і віртуальнага спорту будзе толькі развівацца і прыцягваць людзей. А беларускі баскетбол ад трэндаў адставаць не прывык. 


«Дзевяць гадоў таму, калі мы толькі пачыналі развіваць баскетбол 3×3 (нагадаю, што ў 2015 годзе менавіта на мінскай Палова-Арэне прайшоў першы маладзёжны чэмпіянат Еўропы па гэтай дысцыпліне), многія ставілся да яго скептычна, казалі, што гэта разавыя спаборніцтвы і нічога з гэтай дысцыпліны не будзе. Але мы бачым, які магутны рывок наперад зрабіў баскетбол 3×3, стаўшы алімпійскім відам спорту. Падобная сітуацыя і з фіджытал-баскетболам. Развіваючы яго сёння, мы глядзім у будучыню. І калі фіджытал-баскетбол стане мегапапулярным, то Беларусь будзе ў авангардзе развіцця гэтай дысцыпліны», — адзначыла Настасся Марыніна, генеральны сакратар-выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола. 

Уключэнне баскетбольнага дваяборства ў рэестр відаў спорта дазваляе развіваць гэту дысцыпліну прафесійна, пачынаючы з дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. «Развіваючы фіджытал-баскетбол, мы будзем рабіць акцэнт на студэнцкі спорт, на спартсменаў з каледжаў і ўніверсітэтаў. Гэта маладыя людзі, якія любяць рэальны баскетбол і ўпэўнена адчуваюць сябе ў віртуальнай рэальнасці. У той жа час мы пачалі селекцыю сярод вучняў 10-11 класаў, якія гуляюць у баскетбол, каб падрыхтаваць рэзерв», — адзначыла Настасся Марыніна. 

Правілы простыя. Матч па баскетбольным дваяборстве 2×2 складаецца з дзвюх частак, інтэрактыўнай і фізічнай. Два гульцы адной каманды і два іншай на працягу 7 хвілін «бруднага» часу набіраюць ачкі ў віртуальным сімулятары баскетбола. Спартсмены выбіраюць для інтэрактыўнай часткі вядомых у баскетбольным свеце асоб з іх асаблівасцямі гульні на рэальным паркеце. Па канчатку адведзенага часу хлопцы пераходзяць да фізічнай часткі супрацьстаяння. На дадзеным этапе каманды спаборнічаюць ў фармаце 2×2 на сапраўднай пляцоўцы, але зараз да двух гульцоў дадаецца яшчэ адзін, для замены. Стартуюць у фізічнай частцы матча дружыны з лікам, набраным у інтэрактыўнай частцы (на прыстаўцы). Паядынак абмяжоўваецца 7 хвілінамі, 5 з якіх «бруднага» часу, а 2 — «чыстага». Каманда, якая набрала большую колькасць ачкоў пасля заканчэння гульнявога часу, лічыцца пераможцам. Калі да канца гульнявога часу рахунак роўны, прызначаецца серыя штрафных кідкоў. Хутка, дынамічна, цікава як да геймераў, так і для аматараў рэальнай гульні. 

Адкладваць справу федэрацыя баскетбола не стала і адразу пасля афіцыйнага прызнання фіджытал-баскетбола правяла першыя спаборніцтвы. На сталічнай Палова-Арэне прайшлі першыя беларускія спаборніцтвы па гэтай дысцыпліне. Першым чэмпіёнам Беларусі па фіджытал-баскетболу стала каманда «Дзвіна» ў складзе Сяргея Вабішчэвіча, Максіма Сазонава і Сяргея Суханава. На другім мемцы «Браслаў»: Максім Каратцоў, Максім Лютыч, Ян Марынін. Трэцяе месца ў «Свіцязя», за які выступалі Ілья Мілашэўскі, Антон Зарэцкі, Даніла Каралько. 

«Мы ў нейкім сэнсе ўвайшлі ў гісторыю як пераможцы першых беларускіх спаборніцтваў па баскетбольным дваяборстве, таму засталіся, безумоўна, прыемныя эмоцыі. Турнір добры, хіба што складана было ў фінале, але неяк вытрымалі і атрымалі перамогу — вельмі задаволены вынікам. У баскетбол я гуляю ўсё жыццё, няпроста было пераключыцца менавіта на прыстаўку і сумясціць гэтыя дзве дысцыпліны ў трэніровачным працэсе», — падзяліўся сваімі ўражаннямі з прэс-службай БФБ капітан каманды «Дзвіна» Сяргей Вабішчэвіч. У складзе кожнай каманды, акрамя прафесійных баскетбалістаў выступалі і прафесійныя кіберспартсмены. Але трэніроўкі для ўсіх аднолькавыя: у падвойным аб’ёме. Спартсмены трэніруюць як інтэрактыўную, так і фізічную часткі аднолькава сур’ёзна. 

Сяргей Вабішэвіч.

Па выніках спаборніцтваў Палова-Фіджытал была сфарміравана баскетбольная каманда на Гульні БРІКС. Краіну на спаборніцтвах прадставяць Сяргей Вабішчэвіч, Максім Сазонаў, Сяргей Суханаў, Максім Лютыч. Трэнер — Кірыл Валодзькін. «Насамрэч, было цяжка сфарміраваць каманду на Гульні БРІКС, бо раней нашы нацыянальныя зборныя не ўдзельнічалі ў падобных спаборніцтвах. Таму складана было вызначыцца з тактыкай, вырашыць, на што рабіць акцэнт: на інтэрактыўную ці на фізічную частку. Але, я не сумняваюся, што нашы хлопцы не разгубяцца», — адзначыла Настасся Марыніна. А губляцца баскетбалістам сапраўды не варта, задачы перад імі стаяць максімальныя. «За вамі — Радзіма, сцяг, родныя, блізкія, заўзятары — простыя беларусы, якія будуць сачыць за вашымі матчамі. Таму асабліва важна годна прадставіць Беларусь — трэба прывезці медалі, як бы складана ні было», — адзначыў Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Беларускай федэрацыі баскетболу на сустрэчы з камандай напярэдадні Гульняў БРІКС. 

Турнір па баскетбольным дваяборстве (фіджытал-баскетбол) пройдзе ў Казані з 15 па 18 чэрвеня 2024 года. Каманда Беларусі размясцілася ў пуле «Б», дзе сапернікамі нашых хлопцаў на стадыі групавога этапа стануць зборныя каманды ААЭ, Калумбіі, Туркменістана і Кубы. Усяго ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па баскетбольным дваяборстве бяруць 11 краін: Беларусь, Расія, Узбекістан, Туркменістан, Арменія, Абхазія, Сербія, Калумбія, Куба, ААЭ, Бразілія. 

«Пачынаць новы кірунак заўсёды адказна і хвалююча. Пакуль цяжка зразумець, наколькі баскетбольнае дваяборства будзе цікава беларускай аўдыторыі, наколькі зацікавяцца ім самі гульцы. Але на прыкладзе Гульняў БРІКС мы бачым, што гэтая дысцыпліна выходзіць на міжнародны ўзровень. Ужо вырашана, што Гульні будучыні зноў пройдуць у 2025 годзе. Таму наша задача падрыхтаваць каманды, здольныя дастойна прадстаўляць краіну, што мы і робім і будзем рабіць», — рэзюмавала Настасся Марыніна. 

Нават без новага накірунку беларускі баскетбол у гэтым сезоне здзіўляў. У мужчынскім чэмпіянаце Беларусі каманда «Мінск» у 16-ы раз стала чэмпіёнам. Але баскетбалісты Гродна-93 змагаліся да апошняга. Трафей жаночага чэмпіяната таксама дастаўся «Мінску». Сталічныя баскетбалісткі абыгралі «Гарызонт», які да гэтага тры гады запар нікому не аддаваў перамогу. «У гэтым сезоне ўсе гульцы адзначаюць, што вырас узровень нацыянальнага чэмпіянату. Клуб „Мінск“ прыклаў намаганні ў развіцці жаночай каманды, якая раней была слабым месцам клубам. Да, у гэтым сезоне „Мінск“ быў не надта паспяховы ў Лізе ВТБ, але ў нацыянальным чэмпіянаце двойчы стаў пераможцам», — заўважыла Настасся Марыніна. У наступным сезоне каманда «Мінск» у Лізе ВТБ выступаць не будзе. Але гэта дарослая каманда. Маладзёжная каманда «Мінск» зможа выступаць у чэмпіянаце Адзінай маладзёжнай лігі.

А тым часам у Мінску стартуе ноав сезон адкрытага чэмпіната Беларусі па баскетболе 3×3 і Нацыянальнай лігі. Трафеі чэмпіянату Беларусі будуць разыграны ў катэгорыях «Эліта. Жанчыны» і «Эліта. Мужчыны». Нацыянальная ліга Рэспублікі Беларусь «Палава» адбудзецца ў катэгорыях «Агульная» (мужчыны і змешаныя каманды), «Агульная. Жанчыны», «U-13», «U-13 дзяўчыны», «U-15», «U-15 дзяўчыны» і «U-18», «Мабільны баскетбол». Арганізатары абяцаюць яркую баскетбольную барацьбу. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БФБ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.