Вы тут

Зоркі беларускай і расійскай эстрады павіншавалі магілёўскіх выпускнікоў


Дыскатэка аварыя, Руслан Аляхно, неверагодна папулярны ў дзяўчат рэпер з Мінска Artem Shilovets і іншыя — плошча Адзінства ў Магілёве пераўтварылася ў вялікую танцпляцоўку, дзе для сёлетніх выпускнікоў школ гарадскія ўлады арганізавалі вялікае свята. Каб яму нічога не перашкаджала, на некалькі гадзін быў нават прыпынены аўтарух па вуліцы Першамайскай. А на прыпынку грамадскага транспарту з’явілася шыльда «Зорны прыпынак». Да яго на свята выпускнікі прыехалі на ўпрыгожаных паветранымі шарамі аўтобусах. Усяго плошча сабрала больш за 1800 выпускнікоў з 44 гарадскіх школ і гімназій.


Шмат хто з рабят прадэманстраваў у сваёй вучобе высокія вынікі. Яны заваявалі 71 дыплом на 3-м і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды, 33 вучні здалі ЦТ на сто балаў, а колькасць медалістаў склала 137 чалавек. Юнакі і дзяўчаты падымаліся на сцэну, каб атрымаць з рук старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнева залатыя медалі і Падзячныя лісты. За гэтай падзеяй можна было назіраць і на вялікіх святлодыёдных экранах, бо людзей на плошчы сабралася столькі, што да сцэны нельга было падступіцца. 

— Адзначаючы поспех нашых дзяцей, з вялікай падзякай хацелася б звярнуцца да настаўнікаў, — падкрэсліў, віншуючы выпускнікоў, мэр. — Ваш уклад у кожнага выпускніка вялікі. Усё гэта стане асновай іх поспеху ў далейшым. Вы вучылі іх быць годнымі і добрасумленнымі людзьмі. Шмат ўвагі і клопату спатрэбілася ад бацькоў, якія, лічы, вучыліся са сваімі дзецьмі, дапамагаючы ім і падказваючы. Не сумняваюся, што наперадзе ў іх яшчэ будзе шмат повадаў для радасці і гонару за сваіх дзяцей.

Кранальным і прыгожым быў вальс, у якім кружылі на сваім свяце выпускнікі. І зусім нечаканым падарункам для ўчорашніх школьнікаў стаў нумар, калі на зорнай сцэне для іх спелі і станцавалі дырэктары школ. Арганізатары свята кожным нумарам праграмы падкрэслівалі, наколькі важнае месца адводзіцца моладзі ў нашай краіне. 

— Дзе б вы ні былі заўсёды годна прадстаўляйце вашу малую радзіму, наш Магілёў, — даваў наказ маладым старшыня гарвыканкама. — Сёння свет імкліва мяняецца, ставіць новыя выклікі і задачы, прымушае мабілізаваць усе рэсурсы і сілы. Гэта адкрывае для вас ўнікальныя магчымасці ствараць бяспечны сучасны свет. Нам патрэбны вашы веды і мэтанакіраванасць. Вы — будучае нашай краіны, мы ў вас верым. Гэта ваш час.

«Зорны выпускны» працягваўся да позняга вечара і завяршыўся святочным феерверкам пад выступленне групы «Дыскатэка аварыя».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота mogilevnews.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.