Вы тут

Якія задачы стаяць перад аграрыямі Міншчыны?


Сельскагаспадарчыя арганізацыі цэнтральнага рэгіёна ва ўсю рыхтуюцца да ўборачнай кампаніі. На якой стадыі гатоўнасці знаходзяцца прадпрыемствы вобласці? Якія планы на летняе жніво ў Міншчыны? Гэта і многае іншае абмеркавалі на пасяджэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.


Фота: Мінскі аблвыканкам

У мінулую пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні, пазначыў ключавыя задачы для мясцовай вертыкалі, у ліку якіх — правядзенне ўборачнай кампаніі. Традыцыйнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы да мясцовых органаў улады — пастаянна трымаць на кантролі і ў полі зроку сферу сельскай гаспадаркі, удзяляючы ёй самую пільную ўвагу. Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым сезоне прагнозы на ўраджай па многіх культурах добрыя. Цяпер стаіць задача яго захаваць і беражліва прыбраць.

«Прэзідэнт Беларусі гаварыў пра важнасць і сур’ёзнасць правядзення ўборачнай кампаніі, — акцэнтаваў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын. — Мы бачым умовы надвор’я. Не факт, што ўсё зменіцца ў лепшы бок і надвор’е будзе спрыяць. Магчыма, будуць дажджы, і нам неабходна кожны пагодны дзень быць максімальна мабілізаванымі і гатовымі да правядзення ўборачнай кампаніі, выхопліваць вельмі нядрэнны хлеб, які стаіць на палях Міншчыны. Неабходна ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны правесці азімую сяўбу. Тыя вынікі, якія мы дасягаем сёння азімымі збожжавымі і яравымі, ашаламляльна адрозніваюцца. У Мінскай вобласці планамерна ішлі да нарошчвання азімага кліну, таму 400 тысяч гектараў, якія мы плануем на наступны год, — гэта вельмі сур’ёзная лічба! Неабходна падысці да гэтага ў поўным узбраенні, прыбраць усё своечасова, без страт, заараць і правесці сяўбу, каб атрымаць годны вынік у наступным годзе».

Цяпер у сельскагаспадарчых і іншых арганізацыях, згодна з даведзеным графікам, вядуцца работы па кашэнні траў, рамонце тэхнікі, сельскагаспадарчых машын і інвентару. «Сёння ідзе масавая падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі, таму перад намі ставіцца задача ахапіць на 100 працэнтаў рамонтнымі работамі ўсе збожжаўборачныя камбайны і зернесушыльныя комплексы, што, у прынцыпе, практычна зроблена, — расказаў журналістам першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў. — Нам неабходна выйсці на поўную гатоўнасць да 8 ліпеня, але пры гэтым мы ведаем, што ўборка пачнецца раней. Таму сёння самыя новыя камбайны ўжо ў страі. Яны рыхтуюцца праз тыдзень актыўна пачаць уборачную. Сёлета ў нас 62 тысячы гектараў азімага ячменю, а гэта практычна 15 працэнтаў уборачных плошчаў. Потым ідзём на азімы рапс, затым — на асноўную ўборку. З улікам таго, што складваецца на палях, разумеем, што ўборачная кампанія будзе не з лёгкіх. Нам трэба ўбраць вялікія аб’ёмы збожжа і саломы. З апошняй прыйдзецца працаваць асабліва старанна. Нацэльваем нашы кадры на прадукцыйнасць і аператыўнасць, таму што гэта — дастатак нашай Міншчыны ў наступным годзе».

Па стане на 7 чэрвеня ў сельскагаспадарчых арганізацыях і механізаваных атрадах вобласці маецца больш за 1600 збожжаўборачных камбайнаў розных мадыфікацый, якія будуць задзейнічаны на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Гэтай колькасці камбайнаў дастаткова для ўборкі наяўных плошчаў у агратэхнічныя тэрміны. Сярэдняя нагрузка на адзін камбайн складзе 324 гектары. Акрамя таго, для работ закупяць 150 энерганасычаных трактароў. Амаль 40 ужо паступілі ў гаспадаркі. Уся збожжаўборачная тэхніка павінна быць гатовая да 25 чэрвеня.

Пасяўная плошча збожжавых і зернебабовых культур пад ураджай 2024 года складае 510 тысяч гектараў, у тым ліку азімыя збожжавыя культуры захаваліся на плошчы 348,3 тысячы гектараў, плошча яравых збожжавых і зернебабовых культур з улікам плошчы перасеву загінулых азімых культур складае 161,7 тысячы гектараў.

На Міншчыне пасеялі 8,6 тысячы гектараў лёну-даўгунцу, 38 тысяч гектараў цукровых буракоў, 7,2 тысячы гектараў грэчкі і 296 тысяч гектараў кукурузы. Сельскагаспадарчыя арганізацыі пасадзілі больш за 5 тысяч гектараў бульбы, гародніны — 0,6 тысячы гектараў. Для захавання ўраджаю ў рэгіёнах праводзяць хімічную праполку і фунгіцыдную апрацоўку пасеваў.

«Чакаем лепшы ўраджай, чым летась. Гатоўнасць па тэхніцы будзе яшчэ павялічвацца. Мы пакуль толькі ў самым пачатку нялёгкага шляху. 1700 камбайнаў абавязкова павінны быць у страі. Плануем таксама адправіць у раёны дадаткова 45 новых камбайнаў. Безумоўна, яны дапамогуць нам уклініцца ва ўборку азімага ячменю. Новыя камбайны паступяць практычна ва ўсе раёны вобласці: іх атрымаюць тыя гаспадаркі, якія адчуваюць найбольшую патрэбу ў абнаўленні», — дапоўніў першы намеснік старшыні.

Пасяўная плошча азімых збожжавых на збожжа і зялёны корм пад ураджай 2025 года запланавана на плошчы 400 тысяч гектараў. Праектам рашэння Мінскага абласнога выканаўчага камітэта прадугледжаны меры, накіраваныя на забеспячэнне ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, а таксама сяўбы азімых культур ураджаю 2025 года ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

«Згодна з даручэннем Прэзідэнта, просім раённыя выканаўчыя камітэты прыняць тэрміновыя рашэнні ў накіраванні кадраў на ўборачную кампанію. У цэлым, пытанні кадраў у нас прапрацаваны, таму што людзі працуюць з года ў год. Акрамя таго, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт таксама заўсёды ідзе нам насустрач і адпраўляе пэўную колькасць кадраў на ўборку», — зазначыў Васіль Сысоеў.

Паводле яго слоў, ужо нарыхтавана больш за сем цэнтнераў кармавых адзінак. «Мы плюсуем да мінулага года амаль дзве кармавыя адзінкі. Калі браць у фізічным танажы, то амаль 500 тысяч тон сенажу пайшлі ў плюс да ўзроўню мінулага года. Мы маем намер гэтую лічбу захоўваць. Пачынаецца другі ўкос, ён таксама радуе, таму мы разлічваем, што ў гэтым годзе атрымаем добрыя вынікі. Укос сенажу ў сваю чаргу паўплывае на вытворчасць малака і, самае галоўнае, на яго захаванасць», — падкрэсліў суразмоўца.

Яшчэ адна важная культура — рапс. Яго будуць прыбіраць амаль 900 камбайнаў. А пасляўборачнай дапрацоўкай збожжа зоймецца больш за 470 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў.

На Міншчыне вядзецца актыўная работа па будаўніцтве новых жывёлагадоўчых комплексаў. «Сёлета, згодна з Указам Прэзідэнта № 442, уводзіцца дзесяць жывёлагадоўчых комплексаў. Плануем, што яны будуць уведзены да новага года. Яшчэ 20 комплексаў — у працэсе будаўніцтва. Гэтую лічбу мы не маем намер зніжаць. Робім зачын і на наступны год. У цэлым, нам неабходна за найбліжэйшыя пяць гадоў пабудаваць каля 80 новых сучасных малочнатаварных комплексаў», — падсумаваў першы намеснік.

Акрамя пытанняў уборачнай кампаніі, на нарадзе Мінскага абласнога выканаўчага камітэта першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў прадставіў новага памочніка Прэзідэнта па Мінскай вобласці Аляксандра Кохана.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.