Вы тут

Як Віцебск адзначыць 1050-годдзе


Віцебск адзначыць свой дзень нараджэння шэрагам святочных мерапрыемстваў. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі, прысвечанай святкаванню 1050-годдзя горада і 80-й гадавіне яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у медыяцэнтры паведаміў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, перадае БелТА.


Фота з адкрытых крыніц

«Асаблівасцю мерапрыемства будзе тое, што практычна ў даты дня нараджэння Віцебска ў нас пройдзе XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэта значыць, што ў горадзе будзе шмат людзей, гасцей і актыўнасцей для ўсіх, хто прыедзе ў наш горад. Вядома, мы ўдзяляем сур’ёзную ўвагу менавіта 80-годдзю вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму шэраг мерапрыемстваў пройдзе 26 чэрвеня, непасрэдна ў дзень вызвалення», — акрэсліў канцэпцыю свята Віктар Глушын.

Жыхароў горада ў 11.00 запросяць на плошчу Перамогі ўшанаваць памяць людзей, якія вызвалялі горад цаной свайго жыцця, сказаць дзякуй ветэранам. У гэты ж дзень у 21.00 на плошчы Перамогі адбудзецца канцэрт, назва якога ідэнтычна надпісу над адным з жылых дамоў на плошчы — «Подзвіг савецкага народа несмяротны».

«Двухгадзінны канцэрт падрыхтаваны калектывамі Віцебска, але абавязкова з запрашэннем дадаткова іншых калектываў. Гэта і вялікія хоры — Волжскі хор з Расійскай Федэрацыі, наш беларускі хор Цітовіча (Народны хор імя Г.І. Цітовіча. — Заўвага БелТА)», — анансаваў Віктар Глушын, працягваючы пералічваць калектывы і выканаўцаў.

Ён адзначыў, што гэта будзе прыгожае масавае мерапрыемства — як паклон і даніна памяці вызваліцелям горада. Пасля канцэрта неба над Віцебскам размалюе святочны салют.

У гэты ж дзень плануецца даць афіцыйны старт рабоце плоскасных фантанаў на плошчы Перамогі. Час абяцаюць паведаміць дадаткова.

«Акрамя таго, свае падарункі рыхтуюць розныя арганізацыі. Я б хацеў анансаваць, што ў гэты дзень у 14.30 адбудзецца гашэнне канверта і маркі, якія спецыяльна для юбілею Віцебска падрыхтавала наша „Белпошта“. Паралельна наша цэнтральная бібліятэчная сістэма прэзентуе электронны інфармацыйны рэсурс „У камені, у бронзе, у жывой памяці“. Гэта тое, што пройдзе 26-га», — удакладніў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама.

Насычаным будзе і 29 чэрвеня, калі ў абласны цэнтр прыедуць госці з гарадоў-пабрацімаў. З іх удзелам, а таксама кіраўніцтва горада і вобласці запланаваны шэраг мерапрыемстваў. У 13.00 намечана ўскладанне кветак да бюста П. М. Машэрава. Затым усіх запросяць на воднае шоу. Найбольш зручна за ім будзе назіраць з пляцоўкі каля Благавешчанскай царквы. Святочны канцэрт адбудзецца а 19-й гадзіне ў Летнім амфітэатры, дзе выступяць артысты беларускай эстрады і не толькі. У тых, хто не зможа патрапіць на гэтае шоў, будзе магчымасць наведаць канцэрт на плошчы Перамогі з 21.00 да 23.00. Завершыцца ён святочным салютам.

Віцебск акунецца ў атмасферу ўрачыстасці 26, 29 і 30 чэрвеня.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.